wd wp Пошук:

Дамініканцы ў Беларусі

Дамініканцы ў Беларусі ― манахі жабрацкага каталіцкага ордэна братоў-прапаведнікаў, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі з XIII стагоддзя.

Першыя дамініканцы на беларускіх землях

Айцец-дамініканец

У польскіх землях дамініканцы з’явіліся з Балонні ў 1222 годзе па запрашэнні кракаўскага біскупа Іва Адрованжа. Сярод іх быў і сваяк біскупа Яцак Адрованж, абвешчаны ў 1594 годзе святым каталіцкай царквы. Біскуп перадаў дамініканцам касцёл Св. Троіцы, з якога потым вырас манастыр[1]. У 1524 годзе Мікалай Гусоўскі напісаў паэму «Жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта» (1525), — да дня ўшанавання Яцака Адрованжа[2].

Пранікнавенне ордэна на ўсход пачалося з Кіева. Пры князі Уладзіміры ў Кіеве адкрыўся касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і дзейнічала створаная ў 1233 годзе Яцакам Адрованжам дамініканская місія для заходніх купцоў-католікаў, якія пражывалі ў Кіеве ці прыезджалі туды для гандлю[3][4]. Першым, вядомым дакументальна дамініканцам, які з’явіўся на беларускіх землях, быў манах Віт (Vitus), вучань Яцака Адрованжа (св. Гіяцынта), тагачаснага кіраўніка ордэна дамініканцаў ў Польшчы. Гісторык віленскай дыяцэзыі святар Ян Курчэўскі піша пра дзейнасць Віта: «Па слядах святога Яцэка прыходзіць ў Літву ягоны вучань, блаславёны Віт, паляк, каралеўскі прэлат, і як сапраўдны дамініканец стварае касцёл і літоўска-рускае біскупства ў Любчы, ― мястэчку, якое належыла баярыну Міндоўга Андрэю Кіяну»[5]. Дамініканскі манастыр ў Любчы заснаваны ў 1250 годзе.

У 1251 годзе дамініканскі правінцыял[заўв. 1][6] на прускіх землях, які пазней стаў біскупам хелмскім, Гайдэнрык (Heidenreich von Culm / Chełmno) атрымаў наказ ад папы Інакенція IV каранаваць Міндоўга і знайсці кандыдатуру ў біскупы для літоўскага княства. Выбар паў на Віта, і ў 1253 годзе ён быў рукапаложаны ў «episcopus Lubozanus» (біскупа Любчанскага) і «episcopus Lithoviensis» (біскупа Літовіі)[7]. Але Віт не стаў першым літоўскім біскупам, паколькі Тэўтонскі ордэн вылучыў свайго кандыдата, і Міндоўг пагадзіўся з гэтай кандыдатурай. Замест Віта першым легітымным біскупам княства стаў у 1252 годзе прэсвітар ордэна мечаносцаў немец Крысціян (Christian von Preußen)[8]. Менавіта з дамініканцамі звязваецца афіцыйнае прыняцце Літвой хрысціянства.

Каранацыя Міндоўга з жонкай адбылася летам 1253 года. Мяркуецца, што гэта адбылося ў Наваградку, Вільні або Анікштах[9][10]. Кароны ўсклаў біскуп Гайдэнрык ў прысутнасці магістра Лівонскага ордэна Андрэаса фон Вельвена, лівонскага архібіскупа Альберта Зуэрбера, прадстаўнікоў каталіцкіх ордэнаў і літоўскага баярства[11][12][13].

Каранацыя Міндоўга. Гравюра з кнігі Леанарда Ходзькі «Палёнія», 1824

У далейшым місіянерская дзейнасць дамініканцаў працягвалася, з канца XIII стагоддзя яны нават служылі пры велікакняжацкім двары і ў Канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, удзельнічалі ў стварэнні Віленскага каталіцкага біскупства. Цэнтрам дамініканцаў у Вялікім Княстве Літоўскім стаў касцёл Святога Духа у Вільні (1501)[14].

Дамініканскія манастыры

Рэшткі касцёла дамініканскага кляштара ў Смальянах

Пасля Берасцейскай уніі колькасць манастыроў павялічваецца, яны ўваходзяць у Польскую правінцыю, затым у 1647 годзе створана Літоўская правінцыя, якая займала тэрыторыі сучаснай Літвы, паўночнай і заходняй Беларусі. У першай палове XVII стагоддзя заснавана 10 дамініканскіх манастыроў, у другой палове ― 25, у XVIII стагоддзі ― 6, у XIX ― 1. Манастыры паўднёвай, усходняй і цэнтральнай Беларусі уваходзілі ў склад Рускай правінцыі. У кожнай правінцыі ў 1766 годзе налічвалася каля 600 манахаў, у Наваградку знаходзіўся манастыр сясцёр-дамініканак. Правінцыі ўзначальвалі правінцыялы, манастыры ― прыёры[15][16]. У манастырах збіраліся бібліятэкі, напрыклад, у Гародні налічвалася больш за 15 тысяч тамоў, у мінскім кляштары Св. Тамаша Аквінскага — крыху менш[17]. Пры наваградскім і гарадзенскім манастырах працавалі друкарні, якія выдавалі кнігі і паштоўкі[18].

Сярод заснавальнікаў былі прадстаўнікі багатай шляхты і духавенства. Гэта Сапегі, Радзівілы, Пацы, Сангушкі, Слушкі. Напрыклад, Крыштаф Слушка заснаваў ў 1605 годзе касцёл св. Тамаша Аквінскага і кляштар ў Мінску, Аляксандр Слушка ― манастыры ў Рэчыцы і Слупках, Станіслаў Радзівіл ― манастыр ў Клецку (1683), віленскі ваявода Крыштаф Хадкевіч ― у Наваградку (1624), стараста ашмянскі Адам Саковіч ― у Зембіне, графіня Марыя Строццы ― у Пінску (1667), падстолі смаленскі Базыль Баканоўскі ― манастыр ў Нясвіжы (1672), віленскі канонік Ф. Гарскі ―касцёл Маці Божай ў Полацку (1672), Жыгімонт Адам Слушка ― касцёл у Чашніках (каля 1674), ― каля 1816 года Вінсэнтам Лейндорфам там выкананы алтарныя карціны; харунжы надворны Канстанцін Пац ― у Княжыцах (1681), князь Павел Караль Сангушка ― у Кублічах (1748) і г. д. Больш за ўсё дамініканскіх манастыроў будавалася ў 1660―1680 гг[19][20][21]. Касцёл дамініканцаў ў Гародне быў закладзены на падставе прывілея Жыгімонта III ў 1632 годзе, а ў 1633 годзе ўжо пабудаваны на фундацыю Фрыдэрыка і Хрысціны Сапегаў. Пасля маёмасць гарадзенскіх дамініканцаў займала цэлы гарадскі квартал[22]. У Наваградку захаваўся Міхайлаўскі касцёл, пабудаваны ў 1624 годзе як дамініканскі. Каля яго ў манастыры працавала школа дамініканцаў, дзе вучыўся будучы паэт Адам Міцкевіч. З’явіліся фундатарамі манастыра ў Коўне (1631 і 1641 гг.) Д. Наркевіч, Ю. Белазор і Ю. Варлоўскі.

Адкрываліся дамініканскія манастыры і на Валыні, якая ўваходзіла ў Вялікае Княства Літоўскае. Так, у трэцяй чвэрці XIV стагоддзя заснаваны Луцкі манастыр, да сярэдзіны XVIII стагоддзя ён налічваў больш за 50 манахаў. Гэта быў самы багаты манастыр у ВКЛ. Падчас з’езду еўрапейскіх манархаў у Луцку дамініканцы былі сярод гаспадароў, што сустракалі высокіх гасцей[заўв. 2][23][24]. У 1497 годзе кароль Аляксандр Ягелончык даў сродкі на будаўніцтва дамініканскага манастыра Св. Тройцы ў горадзе Уладзіміры-Валынскім, які таксама ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае. Манастыр меў права трымаць карчму, варыць і прадаваць мёд, піва і віно. З дакументаў вядома, што манастыр меў званіцу з пяццю званамі, 22 вокнамі, 12 люстрамі[25][заўв. 3]

Храмавая архітэктура

Першыя дамініканскія манастыры ў Беларусі звычайна адносяць да гатычнай храмавай архітэктуры[26]. Зыходзячы з дойлідства цысцэріанцаў, спачатку ствараліся будынкі спрошчанай планіроўкі без вежаў, з выходзіўшай алтарнай часткай без апсіды. Выкарыстовалася цэгла. Вышыня храма не перавышала 11,4 метра. Характэрным для дамініканскіх манастыроў быў фрыз у верхняй частцы сцяны з перакрыжаванымі арачкамі і керамічным дэкорам. Перакрывалася скляпеннямі толькі алтарная частка, асноўная частка царквы была пакрыта драўлянымі кроквамі. Ва ўсходняй сцяне алтарнай часткі было тры вокны з хрысціянскай сімволікай. З сярэдзіны XVIII стагоддзя ўзнікае так званае «віленскае барока», у стылі якога быў пабудаваны манастыр дамініканцаў у Вільні (1700―1767), які адрозніваецца вытанчанасцю прапорцый, пластычнасцю фасадаў, шмат’ярусныя вежамі на фасадзе і фігурнымі франтонамі. Касцёл і сам манастыр будаваліся асобна, але злучаліся калідорам, ― характэрная пабудова гэтага часу ― дамініканскія манастыры ў Брэсце, Оршы (1694). Некаторыя манастырскія келлі мелі ацяпленне. Манастыр ў Стаўбцах меў вялікі агарод і сад[27][28]. У мастацтвазнаўчай літаратуры вядомы архітэктар-дамініканец Людвік Грынцэвіч, які пабудаваў касцёлы дамініканцаў у Друі, Нясвіжы, Вяржболаве. Генуэзец Антоній Параца спраектаваў дамініканскія касцёлы ў Друі і Забелах[29].

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай

У 1772 годзе, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, да Расійскай імперыі адышлі землі з сям’ю манастырамі Літоўскай і дзевяццю манастырамі Рускай дамініканскай правінцыі. На мяжы 1782 і 1783 гэтыя манастыры былі вылучаныя ў асобную беларускую правінцыю, якая праіснавала каля трынаццаці гадоў[30]. Пасля другога (1793) і трэцяга (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай лічба дамініканцаў ў Расійскай імперыі павялічылася. Пасля выгнання езуітаў (1815) дамініканцам адышлі іх касцёлы.

Становішча дамініканаў змянілася пасля паўстання 1830―1831 гг. ― былі аб’яднаны Літоўская і Руская правінцыі, з 1842 года пачалася канфіскацыя манастыроў і пераўтварэнне іх ў праваслаўныя[31]. Рускі пісьменнік Мікалай Ляскоў, які праязджаў праз Пінск, пісаў: «Касцёл дамініканаў, таксама скасаваны цяпер, аздабляецца для праваслаўнай царквы. З яго збіваюць каланаду і праломваюць плафон для пабудовы званіцы. І тут, кажуць, быў добры сценапіс, але цяпер і слядоў яго непрыкметна, праз тое, што пасля ліквідацыі дамініканскага касцёла каля сямі гадоў таму, ён быў здадзены габрэю Арэнборгу пад склад воўны. У келлях дамініканаў жывуць цяпер двое праваслаўных святароў, і змяшчаецца гарадская аптэка»[32].

З сярэдзіны XIX стагоддзя колькасць дамініканцаў ў Расійскай імперыі змяншалася, і ў 1881 годзе засталося 48 манахаў-дамініканаў[33]. Паколькі польская мова пасля паўстання набыла семантыку «сувязі са старой эпохаю», у Беларусі ксяндзоў, што вялі імшу польскай мовай, у асноўным адпраўлялі ў нясвіжскі дамініканскі кляштар; з 32, якія засталіся да 1871 года, 2 былі зняволеныя ў 1867 годзе, 8 — ў 1870 годзе, астатнія — ў 1871. Некаторыя ксяндзы былі сасланыя ў будынак ліквідаванага віленскага кляштара кармелітаў, астатнія — у Сібір[34]. У 1864 годзе дамініканцаў ў Беларусі не засталася.

Асвета

Н. Орда. Касцёл і манастыр дамініканцаў у Валынцах

Першая навучальная дамініканская ўстанова ― Забельскі дамініканскі калегіум ― для шляхецкай і мяшчанскай моладзі адкрылася на сродкі мясцовага памешчыка Георгія Шчыта ў 1716 годзе пры манастыры Св. Георгія у фальварку Забелы каля вёскі Валынцы (цяпер Верхнядзвінскі раён). У канцы XVIII стагоддзя ў калегіюме выкладалі драматургі Міхал Цяцерскі і Каятан Марашэўскі. У 1787 годзе калегіум меў 5 фальваркаў з 550 дварамі і прыбыткам ў дзве з паловай тысячы рублёў штогод. У 1796 годзе па завяшчанні мінскага ваяводы Яна Гільзена калегіум стаў атрымліваць штогод 6 тысяч рублёў. У 1803 годзе калегіум пераўтвораны ў павятовае вучылішча Віленскай навучальнай акругі, а ў 1811 годзе — у гімназію, дзе вучыліся паэт і драматург Арцём Вярыга-Дарэўскі і этнограф і археолаг Канстанцін Тышкевіч. Тут адкрыўся першы ва Усходняй Еўропе школьны тэатр, пад кіраўніцтвам Каятана Марашэўскага. Першая камічная опера на Беларусі Рафала Вардоцкага на лібрэта прафесара рыторыкі і паэтыкі Міхала Цяцерскага «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (1789) увайшла ў курс гісторыі беларускай музыкі. Выкладаліся латынь, матэматыка, фізіка, маляванне і архітэктура. Маляванне выкладалі Банавентура Хруцкі, Бернард Лютуковіч і інш[35].

Пры пінскім манастыры ў 1726 годзе адкрылася Вышэйшая школа Рускай правінцыі, якая мела права прысвойваць вучоныя ступені. Мелася бібліятэка ў тысячу тамоў. Пазней дамініканскі ордэн не атрымаў дазволу адкрываць новыя школы на беларускіх землях. Тым не менш, у 1770-х гг. былі створаны вучылішчы, у іх навучалася да 20 % моладзі. Напрыклад, дамініканская школа ў Чашніках, якая адкрылася ў 1777 годзе, нягледзячы на пратэсты Адукацыйнай камісіі, дзейнічала да пачатку 1790-х гг. Наўзамен яе ўлады дазволілі адкрыць 3-класную школу ва Ушачах. У некаторых школах давалася павышаная адукацыя ― «7 свабодных мастацтваў»: граматыка, дыялектыка, рыторыка, музыка, арыфметыка, геаметрыя, астраномія[36]. Праводзіліся тэатралізаваныя дыспуты, дэкламацыі, ставіліся спектаклі школьнага тэатра[37].

У 1797 годзе дамініканцам перадалі свецкія 6-класныя вучылішчы ў Наваградку і Гародні. На базе пераведзенага ў Нясвіж слуцкага павятовага вучылішча адкрыўся калегіум. У 1817 годзе ў шасці дамініканскіх школах ўжо вучылася 705 выхаванцаў[38].

Часам філасофскія прадметы вар’іраваліся, ― у адных кляштарах выкладалі толькі філасофію, у іншых — тэалогію. Былі студыі, дзе маральная тэалогія спалучалася з філасофіяй або выкладалася толькі дагматычная тэалогія альбо маральная. Там вывучаліся лацінская мова, фізіка, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, логіка, астраномія, літургічныя спевы, рыторыка. У перыяд з 1772 да 1830 года ў Беларусі існавала не менш за 31 студыі дамініканцаў: Гародня — генеральная студыя ў 1752―1830 гг.; Дзярэчын — студыя філасофіі ў 1816—1829 гг.; Дунілавічы — студыя маральнай тэалогіі ў першай трэці XIX ст.; Забелы — фармальная студыя ў 1758―1827 гг.; Шклоў — студыя філасофіі і тэалогіі да 1819 г., студыя філасофіі з 1819 г[39].

Пасля выгнання езуітаў паўстала пытанне пра лёс дамініканскіх навучальных устаноў, якія займаліся паводле езуіцкіх праграм. Кіраўнік Літоўскай правінцыі ордэна Фаўстын Цяцерскі звярнуўся да міністра народнай асветы кн. Аляксандра Галіцына з прапановай пераўтварэння забельскай гімназіі ў акадэмію, але не знайшоў падтрымкі. Дамініканцам ў 1822 годзе аддалі былы езуіцкі калегіум ў Оршы, дзе яны адкрылі 4-класнае вучылішча. У 1825 годзе яго закрылі. Пасля паўстання 1830―1831 гг. дамініканскія навучальныя установы былі пераведзены ў свецкія[40].

Паэт Уладзіслаў Сыракомля пісаў: «Нашых дзядоў сцябалі езуіты, нашых бацькоў хвасталі айцы піяры, і мы паспыталі базыльянскай розгі або дамініканскай дысцыпліны. Але няхай за гэтыя розгі ўшануюць іх нябёсы! Так, здорава яны лупцавалі, калі было за што, але і любілі яны дзяцей сардэчна і шчыра, старанна настаўлялі іх ў навуцы і веры і строга сачылі за маральнасцю ― шмат каго дала нашаму краю іх уважлівая апека»[41].

Пасля 1917 года

Пасля 1917 года ў Петраградзе заставаўся дамініканец Жан-Батыст Амудру, які да таго часу ўжо 10 гадоў быў пробашчам касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі Лурдскай ў Ковенскім завулку. З 1934 года Амудру фактычна замяшчаў высланага з СССР апостальскага адміністратара Антонія Малецкага. У 1935 годзе Амудру быў таемна пасвечаны ў біскупы апостальскім адміністратарам Масквы Піям Невё, але яго тады ж выслалі з краіны[42][43].

У незалежнай Беларусі

У 1992 годзе на тэрыторыі былога СССР каталіцкай царквой створаны правінцыйны дамініканскі вікарыят, які падпарадкаваўся польскай ордэнскай правінцыі, і ў яго сістэме ў 1993 годзе створаны Генеральны вікарыят Балтыі і Беларусі святых Анёлаў-Ахоўнікаў. 11 лістапада 1992 года ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Святым Прастолам і створана Нунцыятура Святога Прастола ў Рэспубліцы Беларусь[44]. Па дадзеных на 2016 год, апостальскім нунцыем у Беларусі з’яўляецца Габар Пінтэр. 11 лютага 1999 года заснавана Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі[45].

Супольнасць дамініканскіх тэрцыарыеў пад тытулам Святой Тройцы ў Беларусі была афіцыйна зацверджана ў снежні 2012 года. Тэрцыарыі — трэцяя (пасля братоў і сясцёр дамініканак) галіна дамініканскага ордэна. Да яе ставяцца свецкія людзі, якія імкнуцца ў жыцці кіравацца дамініканскай духоўнасцю. У 2017 годзе ў Беларусі працавалі шэсць айцоў дамініканаў у Віцебску і Магілёве. Да Ордэна належыць таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец. Яны складаюць Беларускі вікарыят Польскай правінцыі. У Мінску дзейнічае абшчына сясцёр-дамініканак (вул. Няжданава, 48).

У беларускай літаратуры манах-дамініканец сустракаецца ў рамане Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966), ― там гэта сімвал цемрашальства і хітрыны.

Святыні дамініканскага ордэна ў Беларусі

Заўвагі

  1. Кіраўніцтва ордэна ажыццяўляецца магістрам-генералам; структурна ордэн падзяляецца на правінцыі, якімі кіруюць правінцыялы.
  2. У пачатку XIX стагоддзя манастыр стаў цэнтрам Рускай дамініканскай правінцыі
  3. У незалежнай Украіне дзейнасць дамініканцаў аднавілася. У Кіеве і Фаставе адкрыты буйныя манастыры, у краіне некалькі дамініканскіх прыходаў.

Зноскі

  1. Kozłowska Z. Rocznik Krakowski Założenie klasztoru OO. Dominikanow w Krakowie. — Krakow: 1926. — Т. XX. — С. 3―19.
  2. Жанна Некрашэвіч-Кароткая. «Хочацца святасці цуд ахапіць сваім розумам кволым…»: паэма «Пра жыццё і подзвігі Святога Гіяцынта» Мікалая Гусоўскага // Роднае Слова. — Мн.: 2008. — № 9.
  3. Ткаченко Н. И. Киевская миссия польских доминиканцев // Древнейшие государства на территории СССР. — М.: Наука, 1984. — С. 139―151.
  4. Назаренко А. В. Русско-немецкие связи домонгольского времени (IX―середина XIII в.): Состояние проблемы и перспективы дальнейших исследований // Из истории русской культуры. — М.: 2002. — Т. 2. — С. 274―276.
  5. Jan Kurczewski. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i pracę biskupów i duchowieństwa diecezji wileńskiej oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i якія. — Vilno: Józef Zawadzki, 1912.
  6. Фроссар А. Соль земли. О главных монашеских орденах. — Москва, 1992.
  7. Szweda A. Problem biskupa litewskiego Wita // Komunikaty Mazursko-Warmińskie. — Toruń: Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2002. — Т. 3. — С. 327―343.
  8. Kurczewski J. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych. — Wilno, 1912. — С. 21. — 614 с.
  9. Stryjkowski M. Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi. — Warszawa, 1846. — T. 1. — С. 289.
  10. Gudavičius E. Polityczny problem królestwa litewskiego w połowie XIII w. // Ekspansja nie mieckich zakonów rycerskich w strefe Bałtyku od XIII do połowy XVI wieku. Materiały z konferencji historyków radzieckich i polskich w Toruniu z r.1988. — Toruń: 1990. — С. 69.
  11. Gudavičius E. Mindaugas. — Vilnius: Lietuvos istorijos institutas. Žara, 1998. — С. 98―106. — 359 с.
  12. Жлукта А. Каранацыя Міндоўга і заснаванне першага біскупства ў дакументах XIII ст. // Наша вера. — Мн.: 2003. — № 2(24).
  13. Hellmann M. Der Deutsche Orden und die Kцnigskrцnung des Mindaugas // ZfO. Bd. 3 (1954). S. 389—394
  14. Antanas Rimvydas Čaplikas. Šv. Jono, Dominikonų, Trakų gatvės. Vilnius: Charibdė, 1998. ISBN 9986-745-13-6. P. 143. (літ.)
  15. Giżycki J. M. Wiadomości o dominikanach prowincyi Litewskiej. Zebrał Wołyniak. Poprzedził przedmową O.Woroniecki O. P. Część I. — Kraków, 1917.
  16. Giżycki J. M. Wykaz klasztorów dominikańskich prowincyi ruskiej. Zebrał Wołyniak. Część II. — Kraków, 1923.
  17. Лаўрык Ю. М. Кніжныя зборы менскага дамініканскага канвенту ў 1709 годзе // Наша вера. — Мн.: 2011. — № 4. — С. 68―71.
  18. Miławicki Marek. Dominikanie na kresach wschodnich Rzeczypospolitej Obojga Narodów (teren dzisiejszej Białorusi) // Folia Historica Cracoviensia. — Krakow: Dominikański Instytut Historyczny w Krakowie, 2014. — Т. 20. — С. 119―120.
  19. Ярашэвіч А. А. Страчаныя помнікі архітэктуры і мастацтва эпохі барока на Полаччыне // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі: матэріалы III Міжнароднай навуковай канферэнцыі. — Полацк: Полацкі гісторыка-культурны запаведнік, ПДУ, 1998.
  20. Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 2008. — 487 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
  21. Miławicki Marek. Dominikanie na kresach wschodnich Rzeczypospolitej Obojga Narodów (teren dzisiejszej Białorusi) // Folia Historica Cracoviensia. — Krakow: Dominikański Instytut Historyczny w Krakowie, 2014. — Т. 20. — С. 95―153.
  22. Маліноўская Т. O dominikanach grodzieńskich. З гісторыі пабудовы і дзейнасці // Гарадзенскія запісы. Старонкі гісторыі і культуры. — Гродна: 1993. — № 1. — С. 11―14.
  23. Садовнік Т., Бірюліна О., Баран В. Європейський з’їзд 1429 року в Луцьку. — Луцьк: МП «Зоря», 2005. — С. 13. — 32 с.
  24. Урсул Н.А. Мистецька спадщина домініканського ордэну XVII-XIX вв. на території України. — Каменец-Подольский: Кам’янець-Подільський національний університет імені Івана Огієнка, 2007. — 376 с.
  25. Петрович В. Перші католицькі храми у місті Володимирі // Минуле і сучасне Волині і Полісся. — Луцьк: 2008. — № 27. — С. 92―94.
  26. Міцкевіч В. С. Каталіцкія кляштары XІV–XVIIІ стст. у межах сучаснай Беларусі. — Мн.: Рымска-каталіцкая парафія Св. Сымона і Алены, 2014. — 244 с. — ISBN 978-985-6652-44-1.
  27. Колосовская А. Н. Архитектура католических монастырей Беларуси // Архитектура и строительные науки. — Мн.: 2013. — № 3.
  28. Baranowski A. J. Nurty, fazy i centre barokowej architektury sakralnej w Wielkim Ksigstwie Litewskim // Biuletyn Historii Sztuki. — Warszawa: 1984. — Т. XLVI. — С. 371―392.
  29. Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиции. Наследие архитектуры Беларуси. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — С. 169. — 600 с. — ISBN 5-89826-093-5.
  30. Sławomir Brzozecki OP. Prowincja białoruska Zakonu Kaznodziejskiego. Dominikanie na ziemiach zabranych przez Rosję po I rozbiorze (1772–1801) // Przegląd Tomistyczny. — 2007. — Т. XIII/1.
  31. Слюнькова И. Н. Храмы и монастыри Беларуси XIX века в составе Российской империи. — М.: Прогресс-Традиция, 2010. — С. 309―321. — 616 с. — ISBN 978-5-89826-326-8.
  32. Лесков Н. С. Из одного дорожного дневника // Кругозор. — Пинск: 2000. — № 1. — С. 37.
  33. Юсим М. А.. Доминиканцы в странах Восточной Европы, в Древней Руси и Российской империи (нявызн.). Православная энциклопедия.
  34. Ганчар А. И. Римско-католическая церковь в Беларуси: общественное сознание и религиозная практика. — Гродно: Гродненский аграрный университет, 2010. — С. 321―322. — 582 с. — ISBN 978-985-678.
  35. Самусік А. Ф. Забельскі дамініканскі калегіум // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна. — Мн.: Паліграфафармленне, 1999. — Т. 2. — С. 49. — ISBN 985-6351-06-5.
  36. Nowozytna mysl naukowa w szkolach Komisji Edukacji Narodowej. — Wroclaw: Wydawectwo PAN, 1973. — С. 268. — 280 с.
  37. Барышев Г. И. Школьный театр Белоруссии XVIII века. — Мн.: Минский ин-т культуры, 1990. — 90 с.
  38. Погодин А. Л. Виленский учебный округ. 1803―1831. — СПб.: Тип. П. Сойкина, 1901. — 28 с.
  39. Ганчарук І. Каталіцкія манаскія ордэны на Беларусі ў 1770―1820-я гады // Наша вера. — Мн.: 2004. — № 4(30_.
  40. Самусік А. Ф. Асветніцкая дзейнасць дамініканскага ордэну на Беларускіх землях ў XVIII―першай трэці XIX ст. // Хрысціанства ў гістарычным лёсе беларускага народа. — Гродна: ГрДУ, 2009. — С. 195―199.
  41. Kosmanowa B. Nieśwież w twórczości Władysława Syrokomli i Józefa Kraszewskiego // Беларусіка-Albaruthenica. На шляхах да ўзаемаразумення: Навуковы зборнік. — Мн.: 2000. — № 15. — С. 236―240.
  42. Парфентьев П. А. Мать Екатерина (Анна Ивановна Абрикосова): Жизнь и служение. — СПб.: Керигма, 2004. — 340 с. — ISBN 5-85574-017-X.
  43. Wenger A. Rome et Moscou, 1900-1950. — Paris: DDB, 1987. — С. 287―338. — 364 с.
  44. Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь Архівавана 6 красавіка 2018.
  45. Склад Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Манаства
Катэгорыя·Каталіцтва ў Беларусі
Катэгорыя·Каталіцкія ордэны і кангрэгацыі
Катэгорыя·Дамініканцы
Катэгорыя·Гісторыя рэлігіі ў Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных