wd wp Пошук:

Яўген Аляксандравіч Глебаў

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Глебаў.

Яўге́н Алякса́ндравіч Гле́баў (10 верасня 1929, г. Рослаўль Смаленскай вобласці, Расія — 12 студзеня 2000, Мінск) — беларускі кампазітар , кінакампазітар, дырыжор, педагог. Народны артыст БССР (1973). Народны артыст СССР (1984)[2].

Біяграфія

Нарадзіўся ў Рослаўлі. У 1947 годзе скончыў сярэднюю школу, затым Рослаўльскі тэхнікум чыгуначнага транспарту. Па заканчэнні тэхнікума працаваў аглядчыкам вагонаў у Магілёве.

З юных гадоў Яўгена Глебава прыцягвала музыка. Самастойна навучыўся граць на мандаліне, гітары, балалайцы і ўжо ў юныя гады стаў складаць розныя музычныя творы (песні, рамансы, п’есы). Падчас вучобы ў Рослаўльскім чыгуначным тэхнікуме кіраваў студэнцкім хорам і аркестрам. Працуючы ў Магілёве, завязаў сяброўства са студэнтамі Магілёўскага музычнага вучылішча (цяпер Магілёўскі дзяржаўны музычны каледж імя М. А. Рымскага-Корсакава) і стаў вывучаць асновы музыкі.

Спрабаваў паступіць у музычнае вучылішча, але дырэктар, даведаўшыся, што Глебаў не ведае нот і ніколі не сутыкаўся з музычнай граматай, адмовіў па прычыне прафнепрыдатнасці.

У 1950 годзе, па радзе І. І. Жыновіча, як удзельнік мастацкай самадзейнасці быў прыняты на падрыхтоўчае аддзяленне Беларускай кансерваторыі ў Мінску, якую скончыў у 1956 годзе па класе кампазіцыі А. В. Багатырова[2]. У 1951 годзе стварыў свой першы буйны твор — «Фантазію для фартэпіяна і сімфанічнага аркестра».

Вучыцца спачатку было вельмі цяжка, але Глебаў, дзякуючы сваёй упартасці, змог нагнаць упушчанае. Цяжэй за ўсё было навучыцца граць на фартэпіяна[3].

Праца на чыгунцы не спрыяла зграбнасці рук і пастаноўцы пальцаў. Па-другое, у інтэрнацкім пакоі жыло пяць чалавек, і кожнаму неабходна было займацца.

Глебаў папрасіў А. Багатырова, які быў на той момант не толькі педагогам Глебава, але і рэктарам кансерваторыі, займацца кожную нядзелю ў рэктарскім кабінеце, што дазволіла папоўніць прабелы і сыграць канцэрт Э. Грыга у канцы вучобы.

Таксама ў час вучобы ў Глебава былі грашовыя праблемы. Бабуля ў Рослаўлі атрымлівала маленькую пенсію, а маці — інжынер па нарміраванні працы Раіса Фёдараўна — мела невялікую зарплату. Таму дапамогі ад родных не было. Аднойчы Глебаў падчас заняткаў ад голаду страціў прытомнасць, пасля чаго Багатыроў прызначыў яго інспектарам кансерваторскага хору, што дазволіла мець невялікі заробак.

Скончыў на «выдатна» першыя два курсы. На трэцім курсе пачаў атрымліваць сталінскую стыпендыю. Гэта былі яго першыя вялікія грошы[3].

З першай стыпендыі, упершыню трымаючы ў руках многа грошай, (ён) пайшоў у кафэ «Адпачынак», якое на той час знаходзілася ў Мінску насупраць кінатэатра «Перамога», заказаў усе, што хацелася, але ні да адной стравы дакрануцца так і не змог. Нічога не з’еўшы, ціха разлічыўся і выйшаў.

З 1953 па 1963 год Глебаў выкладаў тэарэтычныя дысцыпліны ў Мінскім музычным вучылішчы (цяпер Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі), сумяшчаючы педагагічную і творчую дзейнасць з працай загадчыка музычнай часткай і дырыжора аркестра ў Мінскім тэатры юнага гледача[2]. Працаваў у якасці кіраўніка эстрадна-сімфанічнага аркестра Дзяржтэлерадыё БССР, а таксама музычным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм».

Творчасць Глебава ахоплівае шырокае кола жанраў, але найбольш вядомыя яго сімфанічныя сачыненні і балеты. Стыль кампазітара знаходзіцца пад уплывам Д. Д. Шастаковіча і збольшага ранняга І. Ф. Стравінскага. Яго творы адрозніваюцца добрым поліфанічныя пісьмом, тэматычным развіццём, арыгінальнай аркестроўкі. Опера Глебава «Майстар і Маргарыта» лічыцца класікай беларускай музычнай літаратуры.

З 1955 года — член, з 1966 — намеснік старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларускай ССР. Член рэвізійнай камісіі Саюза кампазітараў СССР.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1966). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1970). Народны артыст Беларусі (1973). Народны артыст СССР (1984). Прафесар (1984).

З 1971 года вёў клас кампазіцыі ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (з 1978 — дацэнт, з 1984 — прафесар)[2]. Яго ўгаварыў заняцца педагагічнай дзейнасцю першы сакратар ЦК КП Беларусі Пётр Міронавіч Машэраў. Спачатку Яўген Глебаў не хацеў, паколькі гэта займала даволі шмат часу, але Машэраў змог яго схіліць на свой бок, сказаўшы: «А Вы не адмаўляйцеся. Вы падумайце, што можаце рыхтаваць калектыў аднадумцаў»[4].

За ўсе гады ў кансерваторыі Яўген Глебаў падрыхтаваў больш за 40 вучняў. Вядомыя яго вучні — Леанід Захлеўны, Ядвіга Паплаўская, Васіль Раінчык, Эдуард Ханок, Вячаслаў Кузняцоў, Уладзімір Кандрусевіч, Дзмітрый Даўгалёў(руск.) бел..

З успамінаў пра Глебава як пра педагога[4]:

Да ўсіх ён адносіўся аднолькава, нікога не вылучаў, але яму было вельмі прыемна, калі чалавек стараўся набываць веды, сур’ёзна ставіўся да абранай працы.

З 1977 года — член КПСС. Па ўспамінах Васіля Быкава, Глебаў, у сувязі з нацягнутымі адносінамі з уладай, уступаць у партыю не імкнуўся і доўга супраціўляўся, але потым усё ж падаў заяву. Як пісаў Быкаў у сваіх мемуарах, Глебаў на парткамісіі не змог нават адказаць на пытанне, у якім годзе была Кастрычніцкая рэвалюцыя[5].

Член праўлення Саюза савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі.

Акадэмік Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры з 1994 а.

Дэпутат Вярхоўнага Савета Беларускай ССР з 1980[2].

З 1996 года моцна хварэў. Перанёс інсульт. У апошні год свайго жыцця аслеп. Два разы ішоў на аперацыю. Жонка вазіла яго ў Польшчу, але безвынікова.

Памёр 12 студзеня 2000 года ў Мінску. Пахаваны на Усходніх могілках.

Сям’я

Па матчынай лініі Я. Глебаў паходзіў з княскага роду Сокал-Чарнілоўскіх. Прозвішча была страчана, паколькі ішло па матчынай лініі. Гэта дапамагло перажыць сталінскія рэпрэсіі. Па бацькоўскай лініі Глебаў з сям’і святароў. Бацька ў музыцы быў адораным чалавекам: умеў іграць на вялікай колькасці інструментаў, меў добры слых. Калі Яўген Глебаў быў яшчэ дзіцем, бацька пакінуў сям’ю. Спрабаваў вярнуцца, але маці Яўгена Глебава адмовілася прыняць яго назад. Таму Яўгена выхоўвалі бабуля, былая князёўна Клаўдзія Сцяпанаўна, і маці Раіса Фёдараўна. Усе яго родныя былі чыгуначнікамі. Маці была інжынерам па нарміраванні працы на Рослаўльскім вагона-рамонтным заводзе. Дзядзька, Фёдар Фёдаравіч — галоўным механікам гэтага завода, дзед, Фёдар Сцяпанавіч, быў машыністам лакаматыва.

Творчасць

Асноўны артыкул: Спіс твораў Яўгена Глебава Сачыненні кампазітара валодаюць вялікай сілай эмацыйнага ўздзеяння дзякуючы яркасці і інтанацыйнаму багаццю тэматызму, яго змястоўнаму, напружаннаму развіццю, якія заснаваны на шырокім выкарыстанні разнастайных сродкаў музычнай выразнасці, скончанасці формы[2].

Асноўныя творы: оперы «Твая вясна», «Майстар і Маргарыта», аперэты «Прытча пра наследнікаў», «Мільянерка», музычная камедыя «Калізей», балеты «Мара», «Выбранніца», «Альпійская балада», «Ціль Уленшпігель», «Курган», «Маленькі прынц», 10 араторый, 6 сімфоній, фантазія для віяланчэлі з аркестрам, для скрыпкі з аркестрам, канцэрт для аркестра, творы для эстраднага і духавога аркестраў, Канцэрціна для цымбалаў і народнага аркестра, «Палеская сюіта», п’есы для розных інструментаў, рамансы, песні, музыка для 32-х кінафільмаў і 40 тэатральных спектакляў.

Кампазітарская фільмаграфія

  1. 1960 — Першыя выпрабаванні(руск.) бел.
  2. 1962 — Маленькія летуценнікі (кінаальманах) (навелы «Памылка», «Юлькін дзень»)
  3. 1962 — Мост (караткаметражны)
  4. 1963 — Трэцяя ракета
  5. 1964 — Песня і вяла, і грэла (тэлефільм)
  6. 1965 — Любімая(руск.) бел.
  7. 1966 — Саша-Сашанька(руск.) бел.
  8. 1966 — Я родам з дзяцінства
  9. 1966 — Астатнія сямнаццаць (дакументальны)
  10. 1967 — Запомнім гэты дзень
  11. 1968 — Страказіныя крылы (кароткаметражны)
  12. 1968 — Пакараны ў 41-м (дакументальны)
  13. 1969 — Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў
  14. 1969 — Родам адсюль (кароткаметражны)
  15. 1971 — Вясенняя казка(руск.) бел.
  16. 1972 — Пасля кірмашу
  17. 1974 — Апошняе лета дзяцінства(руск.) бел.
  18. 1976 — Вянок санетаў
  19. 1977 — Тры вясёлыя смены(руск.) бел.
  20. 1978 — Дудка-весялушка(руск.) бел. (анімацыйны)
  21. 1978 — Леташняя кадрыль(руск.) бел.
  22. 1979 — Дзікае паляванне караля Стаха
  23. 1979 — Звон адыходзячага лета
  24. 1980 — Амністыя
  25. 1980 — Несцерка(руск.) бел. (анімацыйны)
  26. 1982 — Куды знік месяц?(руск.) бел. (анімацыйны)
  27. 1982 — Асабістыя рахункі
  28. 1983 — Дзед і жураўль(руск.) бел. (анімацыйны)
  29. 1983 — А таксама цырк (документальный)
  30. 1984 — Агледзіны (кароткаметражны)
  31. 1985 — Цётка Маруся
  32. 1986 — І мы перавернем Расію!.. Ульянаў (дакументальны)
  33. 1987 — Спадчыннікі Макара Маркаўца (дакументальны)
  34. 1987 — Ладдзя Роспачы (анімацыйны)
  35. 1991 — Хэпі энд (раманс «Начны дыліжанс» на вершы Уладзіміра Арлова)
  36. 2000 — Армія выратавання(руск.) бел..

Узнагароды і званні

Памяць

Бібліяграфія

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France Âŭgen Alâksandravìč Glebaŭ // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  2. 1 2 3 4 5 6 Глебов Евгений Александрович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 150. — 737 с.
  3. 1 2 Падліпская З. Святло праўды Яўгена Глебава: Інтэрв’ю з Ларысай Глебавай // Роднае слова : часопіс. — Минск: Рэдакцыя часопіса «Роднае слова», 2009. — № 9. — С. 92.
  4. 1 2 Падліпская З. Святло праўды Яўгена Глебава: Інтэрв’ю з Ларысай Глебавай // Роднае слова : часопіс. — Минск: Рэдакцыя часопіса «Роднае слова», 2009. — № 9. — С. 96.
  5. Быков В. Долгая дорога домой. — М.: АСТ; Мн.: Харвест, 2005. — С. 316—317.
  6. ГЛЕБОВ в энциклопедии музыки (руск.)
  7. Указ Президента Республики Беларусь от 24 декабря 1999 года № 765 «О награждении Е. А. Глебова орденом Франциска Скорины» Архівавана 11 сакавіка 2014. (Собрание декретов, указов Президента и Постановлений Правительства Республики Беларусь, 1999 г., № 36, 1068).
  8. Глебов Архівавана 11 сакавіка 2014. (руск.)
  9. Музыка Евгения Глебова прозвучат в Минске в исполнении оркестра Михаила Финберга (нявызн.) (недаступная спасылка). www.zn.by. Архівавана з першакрыніцы 15 сакавіка 2012. Праверана 5 красавіка 2010.
  10. В Минске трем новым улицам присвоены наименования Архівавана 16 снежня 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (47):
Кавалеры ордэна Дружбы народаў
Памерлі ў 2000 годзе
Выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Кампазітары Беларусі
Выпускнікі Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. А. Рымскага-Корсакава
Памерлі 12 студзеня
Музычныя педагогі СССР
Постаці Беларусьфільма
Нарадзіліся ў Рослаўлі
Акадэмічныя музыканты Беларусі
Нарадзіліся ў 1929 годзе
Заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларускай ССР
Кампазітары XX стагоддзя
Лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі БССР
Кавалеры ордэна Францыска Скарыны
Народныя артысты СССР
Кампазітары аперэт
Кінакампазітары СССР
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Акадэмічныя музыканты СССР
Члены КПСС
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Балетныя кампазітары
Музычныя педагогі Беларусі
Кампазітары-песеннікі
Дырыжоры Беларусі
Кампазітары СССР
Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 10-га склікання
Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Музыканты паводле алфавіта
Оперныя кампазітары
Асобы
Члены Саюза кампазітараў СССР
Нарадзіліся 10 верасня
Выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі
Кампазітары паводле алфавіта
Яўген Глебаў
Народныя артысты Беларускай ССР
Дырыжоры паводле алфавіта
Дырыжоры XX стагоддзя
Музычныя педагогі XX стагоддзя
Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
Дырыжоры СССР
Памерлі ў Мінску
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных