wd wp Пошук:

Эдуард Сямёнавіч Ханок

Эдуард Сямёнавіч Ханок (18 красавіка 1940) — беларускі музыкант і кампазітар. Народны артыст Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся 18 красавіка 1940 года ў Казахстане ў сям’і кадравага ваеннага. У дзяцінстве разам з сям’ёй пераехаў жыць у горад Брэст Беларускай ССР, дзе і скончыў сярэднюю школу[1].

У 1962 годзе Ханок скончыў дзяржаўнае музычнае вучылішча імя Глінкі ў Мінску. Падчас навучання ў Мінску па вечарах будучы кампазітар іграў у рэстаране «Нёман» (цяпер «Фрайдзіс» на пр. Незалежнасці) і кватараваў на вуліцы Фабрычнай у студэнта Ігара Кіені[2].

У 1969 годзе скончыў Маскоўскую кансерваторыю імя Чайкоўскага (менавіта тут ва ўзросце 20 год ён напісаў сваю першую песню)[1]. З 1973 — член Саюза кампазітараў; з 2001 — заслужаны дзеяч культуры Аўтаномнай Рэспублікі Крым[3].

Жыве ў горадзе Раменскае пад Масквой з лютага 2010 года (раней пражываў у Маскве)[2]. Мае беларускае і расійскае грамадзянствы[1]. З прапановы старшыні Народнай Партыі Расійскай Федэрацыі Генадзя Райкова балатаваўся ў Дзяржаўную Думу Расійскай Федэрацыі, але партыя не пераадолела 5-працэнтны бар’ер[1]. Мае дзвюх дачок — Руслану (старэйшую), Святлану (малодшую) і сына Аляксея. Жонка — Яўлалія Іванаўна Ханок — жыве ў Мінску[2].

Творчасць

Працуе ў розных жанрах — вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным, але найбольш плённа — у песенным. Яго творы ўваходзiлi ў рэпертуар Алы Пугачовай, Эдуарда Хiля, ансамбляў «Верасы», «Сябры», «Песняры». З’яўляецца аўтарам папулярных песень «Зима» («Потолок ледяной»), «Песня первоклассника» («То ли еще будет»), «Журавлик» («Ты возьми меня с собой»), «Малиновка», «Вы шуміце, бярозы» («Лягу, прылягу»), «Самурай», «Два поля», «Я у бабушки живу», «Завіруха», «Жаўраначка».

«Тэорыя хваль»

Пасля адыходу ад кампазітарскай дзейнасці Эдуард Ханок заняўся даследаваннем заканамернасцей савецкай эстрады і найноўшага расійскага шоу-бізнесу. За гэты час ён распрацаваў так званую «тэорыю хваль» альбо «тэорыю творчых хваль», паводле якой кожны артыст перажывае максімум дзве хвалі папулярнасці, што займае ў яго ад 5 да 10 год, а затым працягвае трымацца на так званай «астаткавай хвалі»[4]. Свае даследчыя погляды кампазітар выклаў у кнізе «Пу-га-чев-щи-на» (1998), дзе на прыкладзе творчасці савецкай і расійскай спявачкі Алы Пугачовай наглядна паказаў, якім чынам дзейнічае яго тэорыя[5]. Таксама, паводле словаў Эдуарда Ханка, ён разабраў па сваёй тэорыі больш за сто чалавек абсалютна розных прафесій, адлюстроўваючы іх творчыя «хвалі» графічна[5]. У лік гэтых асоб таксама ўвайшоў Уладзімір Мулявін, хваляграму якога Эдуард Ханок плануе размясціць у Віцебску[5].

Судовыя справы

З красавіка па ліпень 2017 года Эдуард Ханок меў намер падаць у суд на Ядвігу Паплаўскую. Пасля падрыхтоўкі адправіў іскавую заяву ў Вярхоўны Суд. Акрамя гэтага заявіў пра свой намер таксама судзіцца з артыстамі Анатолем Ярмоленка, Аляксандрам Саладухам і музычным прадзюсарам Русланам Старыкоўскім. Прычынай стала тое, што пры выкананні Паплаўскай песні «Малінаўка» ні разу не абвясцілі, што гэтую песню напісаў Ханок, такая ж сітуацыя і ў Ярмоленка з песняй «А я лягу, прылягу».[6]

Канфлікт з Ядвігай Паплаўскай пачаўся яшчэ ў 2017 годзе: у красавіку Ханок забараніў спявачцы выкарыстоўваць музыку пяці сваіх песень («Малиновки заслышав голосок», «Я у бабушки живу», «Завіруха», «Счастливый случай», «Вы шумiце, бярозы») да вырашэння спрэчных пытанняў, матываваўшы гэта непавагай да яго асобы (напрыклад, на вечары памяці Аляксандра Ціхановіча не называлася яго прозвішча) і парушэннямі аўтарскіх правоў (не быў заключаны бязвыплатны або аплатны дагавор, які дазваляў выкарыстоўваць яго песні). У траўні 2017 года Ханок адмовіўся падаваць у суд. Сваю пазіцыю ён аргументаваў тым, што «беларускія суды не гатовыя да такіх працэсаў. Гэта бессэнсоўна — як маральна, так і матэрыяльна. Грошы, якія я хацеў атрымаць, павінны былі пайсці дзецям, хворым на анкалогію. Але мне сказалі, што выканаўцы дасылаюць такія сумы, што мне сорамна будзе глядзець у вочы гэтым дзецям». У ліпені 2017 года Ханок ізноў перадумаў, стаў збіраць дакументы, але так і не дайшоў да суду. Праз год у мэтах вырашэння канфлікту Ханок перадаў прадзюсарскаму цэнтру «Spamash» права на чатыры песні, якія раней спявалі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч: «Малиновки заслышав голосок», «Я у бабушки живу», «Завіруха» і «Счастливый случай», пасля гэтага іх змаглі выконваць усё, каму дазволяць прадзюсары цэнтра.[7]

У ліпені 2018 года Ханок падаў у суд на АНТ і выйграў яго. У пазове кампазітар заявіў, што тэлеканал парушыў яго правы на імя, і папрасіў спагнаць 980 рублёў у якасці маральнай шкоды. Вярхоўны суд пагадзіўся з гэтым, але знізіў грашовую кампенсацыю амаль удвая. Падставай для пазовы стаў вечар памяці Аляксандра Ціхановіча, які здымаўся тэлеканалам АНТ, выйшаў у эфір 10 лютага 2017 года. Праз два дні, 12 лютага запіс канцэрта быў размешчаны на афіцыйным канале АНТ у «YouTube». На вечарыне прагучалі чатыры песні на музыку Ханка. Але ў апісанні да запісу канцэрту, выкладзенай на YouTube, адсутнічала згадванне пра кампазітара.[8]

Песні, аўтары словаў і выканаўцы

Літаратура

Узнагароды і званні

Зноскі

  1. 1 2 3 4 Эдуард Ханок(руск.) . calend.ru. Праверана 24 лютага 2011.
  2. 1 2 3 Ольга УЛЕВИЧ. Эдуард ХАНОК: «Я был самым богатым белорусским композитором»(руск.) . Комсомольская правда в Белоруссии. Праверана 24 лютага 2011.(недаступная спасылка)
  3. Эдуард Семенович Ханок(руск.) . peoples.ru. Праверана 24 лютага 2011.
  4. «Пугачева и Галкин - два чмо». Эдуард Ханок критикует современный шоу-бизнес(руск.) . ПОЛИТ.РУ. Праверана 24 лютага 2011.
  5. 1 2 3 Виктория АРОНОВА. Эдуард Ханок: «Пугачева мне еще спасибо скажет!»(руск.) . Газета по-кивески. Праверана 24 лютага 2011.(недаступная спасылка)
  6. Касперович, Любовь, Денис Мартинович. Эдуард Ханок подал в суд на Ядвигу Поплавскую. Также он готов судиться с Ярмоленко и Солодухой(руск.) , TUT.BY (1 лiпеня 2019). Праверана 5 красавіка 2020. Архівавана 24 красавіка 2020.
  7. Мартинович, Денис. Эдуард Ханок все-таки подает в суд на Анатолия Ярмоленко. А также на Анастасию Тиханович(руск.) , TUT.BY (24 красавiка 2018). Праверана 5 красавіка 2020. Архівавана 24 красавіка 2018.
  8. Шукайло, Ольга. Эдуард Ханок выиграл суд у ОНТ и теперь собирается подавать иск к Ядвиге Поплавской(руск.) , TUT.BY (10 лiпеня 2018). Праверана 5 красавіка 2020. Архівавана 1 мая 2020.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кампазітары-песеннікі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Народныя артысты Беларускай ССР
Катэгорыя·Выпускнікі Маскоўскай кансерваторыі
Катэгорыя·Кампазітары Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1940 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 красавіка
Катэгорыя·Народныя артысты Беларусі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Кастанайскай вобласці
Катэгорыя·Члены Саюза кампазітараў СССР