wd wp Пошук:

Эфіопа-эрытрэйскі канфлікт

Эфіопа-эрытрэйскі канфлікт — узброены канфлікт паміж Эфіопіяй і Эрытрэяй у 1998—2000 гадах за кантроль над спрэчнымі памежнымі тэрыторыямі. Падзеі пачаліся з уварвання эрытрэйскай арміі на эфіопскую тэрыторыю, чаму папярэднічаў інцыдэнт у пагранічным пасёлку. Баявыя дзеянні з пераменным поспехам вяліся пераважна ў памежжы. У іх прынялі актыўны ўдзел найміты і ваенспецы з былых савецкіх рэспублік, у асноўным расіяне і ўкраінцы. Па выніку супрацьстаяння бакі заключылі мірнае пагадненне і адклалі вырашэнне спрэчкі на нявызначаны тэрмін для разгляду справы ў міжнародным арбітражы, які абавязаў краіны падзяліць спрэчную тэрыторыю прыкладна пароўну. Тэрытарыяльнае пытанне было канчаткова закрыта толькі са зменай улады ў Эфіопіі і перадачы праблемных участкаў эрытрэйцам.

Перадгісторыя

Эфіопія да 1993 года.

У пачатку 1950-х гадоў па рашэнні Генасамблеі ААН былая італьянская калонія Эрытрэя была ўключана на федэратыўных пачатках у склад Эфіопскай імперыі. У 1962 годзе федэрацыя скасавана. Ва ўмовах панавання народа амхара пачалася цэнтралізацыя. Мелі месца прыгнёт іншых этнічных груп і насаджэнне амхарскай мовы[7][8]. Нават пераход улады ад манархіі да марксісцка-ленінскай групоўцы афіцэраў «Дэрг» у 1974 годзе нічога не змяніў: прадстаўнікі амхара захавалі сваё вяршэнства. У 1991 годзе, пасля шматгадовай грамадзянскай вайны, краінай пачала кіраваць кааліцыя «Рэвалюцыйна-дэмакратычны фронт эфіопскіх народаў»[9].

У першыя ж гады новая ўлада ўзялася за ўрэгуляванне канфлікту з паўстанцкім рухам «Народны фронт вызвалення Эрытрэі». Яшчэ да звяржэння манархіі з-за яго дзейнасці на поўначы імперыі назіралася крызісная сітуацыя, якая аказала прыкметны ўплыў на ўсе бакі жыццядзейнасці эфіопскай дзяржавы, выкліканая ў верасні 1961 года пачаткам вайна за незалежнасць. Яна спрыяла росту сепаратысцкіх настрояў сярод насельніцтва іншых абласцей Эфіопіі, незадаволенасці ў арміі (вайскоўцы былі стомлены барацьбой з партызанскім рухам эрытрэйцаў) і значнаму пагаршэнню эканамічнага становішча. Эрытрэйская праблема таксама негатыўна адбівалася на міжнародныя ўзаемаадносіны краіны[10].

Па пагадненню сепаратыстаў з урадам у красавіку 1993 года ў Эрытрэі быў праведзены рэферэндум, па выніках якога краіна афіцыйна была абвешчана незалежнай[11]. Прыкметна, што прадстаўнiкi народнасці тыграі, складаючы аснову кіруючых эфіопскіх колаў[9], апынуліся у новай дзяржаве этнічнай большасцю[7].

Некаторы час адносіны паміж краінамі былі самымі дружалюбнымі, аднак хутка ўсё змянілася[12][7]. Першыя праблемы пачаліся з-за дэпартацыі ўраджэнцаў Эфіопіі з эрытрэйскай тэрыторыі. Яшчэ ў 1991 годзе каля 30 000 жонак і дзяцей эфіопскіх вайскоўцаў, дыслакаваных у Эрытрэі, былі перавезены эрытрэйскімі войскамі праз мяжу і пакінуты на тэрыторыі суседзяў. Пры гэтым эрытрэйцы паведамілі эфіопскім чыноўнікам чакаць прыбыцця яшчэ 150 000 чалавек. Многія з дэпартаваных былі людзьмі, якія хоць і не нарадзіліся ў Эрытрэі, але доўгі час пражылі і прапрацавалі там[13].

Эрытрэйскі лідар Ісаяс Афеворкі, улічваючы адсутнасць у сваёй краіне каштоўных выкапняў, вырашыў развіваць дзяржаву за кошт выгаднага геаграфічнага становішча на Чырвоным моры, стаўшы транзітным вузлом і вытворцам гатовай экспартнай прадукцыі, як у свой час Сінгапур і Ганконг. Падобнага можна было дамагчыся за кошт эканамічнай эксплуатацыі Эфіопіі, ператварэння суседа ў прыдатак для выкачкі сыравіны і працоўнай сілы, маніпуляваннем павышэннем цэн на транзіт грузаў праз свае парты. Гэта сустрэла супраціў эфіопскага ўрада[7].

Супярэчнасці дайшлі і да тэрытарыяльных пытанняў, у тым ліку вакол горада Заламбеса, раёнаў Проб (Ыроб), Бада і так званага «трохвугольніка Ірга» — міжрэччы Тэкэзэ і Мэрэба (Гаша)[14]. Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці эрытрэйскія картографы выдалі карту краіны, дзе дзяржаўная граніца некалькі адрознівалася ад адміністрацыйнай, прынятай пры манархіі. Эрытрэйцы спаслаліся на старыя пагадненні паміж Каралеўствам Італія і Эфіопскай імперыяй[7]. У лістападзе 1997 года, пасля ліпеньскага здарэння ў раёне Ады-Муруг, сфарміравана двухбаковая камісія па дэмаркацыі і ўдакладненні мяжы. Яна рэгулярна праводзіла пасяджэнні па чарзе ў сталіцах абедзвюх дзяржаў — Адыс-Абебе і Асмэры[15]. Спецыялісты звярнуліся да італа-эфіопскіх дагавароў. Вакол іх узніклі складанасці, звязаныя з тлумачэннем тэкстаў дакументаў[16] і легітымнасці каланіяльных пагадненняў у сучасным міжнародным праве[17][18]. Падчас правядзення дэмаркацыі высветліліся і іншыя спрэчныя моманты: многія населеныя пункты нават не мелі выразнага геаграфічнага месцазнаходжання. Так, напрыклад, пасёлак Бадмэ на старых картах адсутнічаў, а яго з’яўленне датуецца 1960-я гадамі. У розных крыніцах населены пункт праходзіць пад рознымі назвамі. Аналагічная блытаніна адбылася з Бурэ і Заламбеса[7].

Нягледзячы на афіцыйныя спробы вырашаць усе мірным шляхам, кіруючыя колы імкнуліся да эскалацыі. Прэм’ер-міністр Эфіопіі Мелес Зенаўі, будучы прадстаўніком народа тыграі і знаёмым Ісаяса з часоў барацьбы супраць «Дэрг», хацеў пазбавіцца ад абвінавачванняў у супрацоўніцтве з эрытрэйцамі. Каб змяніць грамадскую думку пра сябе, палітыку патрэбны былі важкія контраргументы, напрыклад, прамы канфлікт з Эрытрэяй. Поспех будучай вайны меркавалася дасягнуць за кошт дэмаграфічнай і ваеннай перавагі над Асмэрай. У сваю чаргу Ісаяс і члены яго ўрада, большасць з якіх аддалі многія гады свайго жыцця на справу здабыцця незалежнасці, пачалі мілітарызацыю грамадства. Сам прэзідэнт лічыў, што «войны неабходны, каб маладое пакаленне, не паспеўшае зведаць нягоды барацьбы за незалежнасць, не расслаблялася і не забывала ахвяры, прынесеныя на алтар айчыны іх бацькоў». У гэтай сувязі знешнепалітычны і ўнутраны курс дзяржавы грунтаваўся на ваеннай ідэалогіі, што непазбежна прыводзіла да пагаршэння адносін з суседзямі[7].

Ход падзей

Інцыдэнт у Бадмэ: 6 мая 1998

Ваенныя дзеянні пачаліся са здарэння ў Бадмэ на поўначы эфіопскага штата Тыграй 6 мая 1998 года[19], калі атрад эрытрэйскіх вайскоўцаў колькасцю ў 12 чалавек[20] увайшоў у населены пункт, дзе ўступіў у перастрэлку з супрацоўнікамі паліцыі і тыграйскімі апалчэнцамі[21][22][23]. Прычынай гэтага рознымі крыніцамі называлася забойства эрытрэйскага чыноўніка[21] альбо высяленне эфіопскай міліцыяй групы эрытрэйскіх сялян[20]. Ёсць версія, што інцыдэнт пачаўся пасля гібелі ад рук эфіопскага тэрытарыяльнага апалчэння эрытрэйскага афіцэра, які, знаходзячыся ў суправаджэнні сваіх падначаленых, уступіў у канфлікт з мясцовымі ўладамі[14].

Першыя баі: май—чэрвень 1998

МіГ-23.
МіГ-21.
MB-339.

Інцыдэнту ў Бадмэ спачатку не надалі вялікай увагі, паколькі сутычкі паміж эфіопамі і эрытрэйцамі ў памежжы фіксаваліся неадразова. Аднак 12 мая злучэнні рэгулярнай эрытрэйскай арміі (тры пяхотныя брыгады пры падтрымцы 13 танкаў) занялі пасёлак. Спробы супрацьстаяць уварванню апынуліся марнымі, таму эфіопскія паліцыянты і апалчэнцы былі вымушаны адступіць, страціўшы ад 16 да 20 чалавек забітымі, два дзясяткі параненымі і 24 палоннымі. У ходзе ўзброеных сутыкненняў былі разбураны сем будынкаў — некалькі школ, бальніца і іншыя грамадскія ўстановы[15].

Да канца месяца інтэнсіўнасць канфлікту была даволі нізкай. Агнявы кантакт бакоў у пераважнай большасці выпадкаў абмяжоўваўся ўжываннем стралковай зброі. Нечакана 31 мая сілы эрытрэйскай арміі перайшлі ў наступленне на цэнтральным участку граніцы, захапіўшы горад Заламбеса, а таксама размешчаныя каля яго пасёлкі Алітэна і Айга. 3 чэрвеня зафіксаваны першы абмен артылерыйска-мінамётным агнём і залпамі рэактыўных сістэм[15].

Праз два дні раніцай пара эфіопскіх МіГ-23 падвергла бамбардзіроўцы аэрапорт Асмэры (выкарыстоўваўся і як грамадзянскі, і як ваенны). У выніку ўдару пашкоджанні атрымаў лайнер авіякампаніі Aero Zambia і два ангары. Адна бомба ўпала за межамі авіябазы, блізу аўтобуснага прыпынку, у выніку чаго загінуў адзін чалавек і яшчэ пяцёра атрымалі раненні. У другой палове дня эрытрэйская авіацыя атакавала Мэкэле. Пад авіаўдар трапілі адміністратыўныя будынкі, аэрадром[15] і пачатковая школа, дзе загінулі 53 грамадзянскія асобы[24]. На заўтра ў адказ эфіопы зноў атакавалі аэрапорт Асмэры[25][26][27]. Шчыльным агнём СПА эрытрэйцы падбілі адзін МіГ-21, паланіўшы пілота. На наступны дзень паветраны налёт здзейснены яшчэ раз[15].

БМ-21 «Град».

9 чэрвеня з новай сілай успыхнулі наземныя баі. Эфіопам удалося вярнуць Заламбесу, аднак ужо на наступны дзень, у выніку контратакі эрытрэйскай пяхотнай брыгады пры падтрымцы РСЗА БМ-21 «Град» і самалётаў Aermacchi MB-339, горад зноў трапіў пад кантроль праціўніка. Увесь наступны тыдзень эфіопскія войскі беспаспяхова спрабавалі адбіць Заламбесу. Актывізаваліся дзеянні бакоў у сектары Бадмэ. 11 чэрвеня бамбілі Адыграт. Упершыню баявыя сутыкненні мелі месца на крайнім усходнім участку мяжы ў раёне пагранічнага пераходнага пункта Бурэ. 17 чэрвеня тут эфіопы блакавалі і знішчылі брыгаду спецыяльнага прызначэння УС Эрытрэі[15].

У канцы месяца наступіла зацішша. Эфіопскія і эрытрэйскія вайскоўцы пачалі акопвацца[28]. 26 чэрвеня была прынята Рэзалюцыя Савета Бяспекі ААН 1177. Дакумент запатрабаваў ад Асмэры і Адыс-Абебы неадкладнага спынення агню[29].

Арганізацыя афрыканскага адзінства, ЗША і Руанда скарысталіся момантам, каб дапамагчы ўрэгуляваць канфлікт мірным шляхам[14]. Амерыканцы і руандыйцы прадставілі праект мірнага пагаднення, дзе прадугледжваўся адвод воінскіх фарміраванняў двух бакоў на першапачатковыя пазіцыі. Эрытрэя адмовілася прыняць прапанову і замест гэтага запатрабавала дэмілітарызацыі ўсіх спрэчных раёнаў[30][31], у той час як у Эфіопіі праект падтрымалі, пра што заявіў прэм’ер-міністр Мелес Зенаўі[15].

Прыцягненне замежнікаў: другая палова 1998

Асноўныя артыкулы: Найміты з былых савецкіх рэспублік у Афрыцы, Авіяспецыялісты былых савецкіх рэспублік у Афрыцы, Група расійскіх ваенных спецыялістаў у Эфіопіі і Група ўкраінскіх ваенных спецыялістаў у Эрытрэі Першы раўнд вайны выявіў негатоўнасць варагуючых дзяржаў да поўнамаштабных баявых дзеянняў, асабліва ў паветры. Эфіопы, нягледзячы на колькасную і якасную перавагу сваіх ВПС, адчувалі недахоп падрыхтаваных пілотаў, тэхнікаў і збройнікаў, запасных частак і былі абмежаваны ў выбары аэрадромаў базавання, якія мелі неабходную інфраструктуру. Летам праз прадстаўніка кампаніі «Росвооружение» палкоўніка Уладзіміра Няфёдава ўлады краіны звярнуліся да Расіі з заяўкай аб закупцы адсутнай матэрыяльнай часткі і паслуг неабходных спецыялістаў, у тым ліку пілотаў-інструктараў[15].

Бакам канфлікту спатрэбіліся спецыялісты па эксплуатацыі армейскай авіяцыі. Можна было звярнуцца да заходніх спецыялістаў, але паслугі расіян былі куды танней. Так, напрыклад, згодна з французскім наймітам Бобам Дэнарам, калі брытанец браў за сваю работу чатыры тысячы долараў, то спецыялісты з Расіі былі згодны на дзве. Паколькі пасля 1991 года ў былых савецкіх рэспублік мноства вайсковых кадраў былі выкінуты з арміі ці ж знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы, то жадаючых паехаць у Эфіопію знайшлося шмат[32].

Неўзабаве чартарным рэйсам транспартнік Іл-76 даставіў на галоўную базу ВПС Эфіопіі ў Дэбры-Зэйт 80 спецыялістаў, камплекты бартавых РЛС, узбраенне, абсталяванне сувязі і іншую маёмасць, неабходную для правядзення аднаўленчага рамонту МіГ-21 і МіГ-23[15].

Генеральны Штаб Эфіопіі ўзначальваў генерал Анатоль Касьяненка, былы начштаба Уральскай ваеннай акругі, штаб ВПС курыраваў генерал Іван Фралоў, ягоны памочнік генерал Дзмітрый Яфіменка адказваў за бамбардзіровачную авіяцыю, а за боегатоўнасць сістэм супрацьпаветранай абароны – палкоўнік Яўген Абухоў, былы камандзір часці СПА з падмаскоўнай Кубінцы. Усіх гэтых людзей завербаваў у свой час генерал Якім Янакаў, які ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва замежнымі сіламі[4].

Тым часам эрытрейцы заручыліся ваенна-тэхнічнай падтрымкай Украіны. Ужо летам быў арганізаваны паветраны мост Кіеў — Асмэра. Група эрытрэйскіх пілотаў прайшла паскораны курс перавучвання на новую тэхніку ва ўкраінскіх навучальных цэнтрах. Для абслугоўвання эрытрэйскіх ВПС у краіну прыбылі ўкраінскія і балгарскія тэхнікі. Украінцы таксама выступілі ў ролі пілотаў-інструктараў. Адначасова яны займаліся перавозам узбраення і ваеннай тэхнікай, якая пастаўлялася ў Эрытрэю трэцімі дзяржавамі[15].

Варта адзначыць, што і на баку Эфіопіі мелася некаторая колькасць украінцаў, як і расіян на баку Эрытрэі, а сярод людзей Янакава былі таксама беларусы[4].

Новае абвастрэнне: люты—чэрвень 1999

МіГ-29.
Су-27.

У лютым 1999 года Эфіопія і Эрытрэя, не дасягнуўшы прагрэсу ў перамовах, аднавілі баявыя дзеянні[33]. Да гэтага моманту завяршылася падрыхтоўка лётных і тэхнічных кадраў замежнымі ваенспецамі[12].

На досвітку 2 лютага артылерыя эрытрэйцаў падвергла масіраванаму абстрэлу пазіцыі эфіопаў у раёне Заламбесы. Раніцай 4 лютага пачалася артпадрыхтоўка эрытрэйцаў на фронце Бадмэ—Шэрара. На наступны дзень пара эрытрэйскіх MB.339 нанесла ўдар па буйным складзе ГЗМ у Адыграце. Праз дзень, 7 лютага, яны паўтарылі налёт на горад: сем чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. У гэты час эрытрэйскія войскі перайшлі ў агульнае наступленне ў сектары Бадмэ. Эфіопы адбілі ўдар праціўніка, а ўжо 8 лютага яны нанеслі ўдары ў сектарах Бадмэ—Шэрара і Заламбеса і захапілі дзве ўмацаваныя пазіцыі эрытрэйцаў у раёнах Канін і Каніта. Потым яшчэ вайскоўцы паспяхова адбілі ўсе контратакі. 10 лютага пачался аператыўная паўза, аднак 23 лютага баі аднавіліся. Эрытрэйцы адступілі на свае першапачатковыя пазіцыі, якія займалі 6 мая 1998 года[15].

Генштаб Адыс-Абебы даў свайму наступленню кодавую назву «Аперацыя “Самсэт”»[34].

Абстаноўка імкліва змянялася кожныя суткі. Паспяхова пачаўшы наступленне, эфіопскія войскі затым спыніліся і вымушаны былі правесці перагрупоўку сіл. У гэты час у паветры фіксіраваліся сутыкненні авіацыі варожых бакоў. 23 чысла эрытрэйцы, выкарыстоўваючы пару МіГ-29, арганізавалі засаду і ледзь не збілі эфіопскі Су-27. 25-га Су-27, які выконваў планавае дзяжурства ў паветры, быў выведзены на перахоп парай МіГ-29. Адзін самалёт ВПС Эрытрэі быў збіты. На наступны дзень чарговы бой, дзе эрытрэйцы зноў панеслі страты[12].

На зямлі эфіопы, масіравана ўжыўшы артылерыю і танкі, за чатыры дні прарвалі варожую абарону на ўсю яго глыбіню і вымусілі праціўніка адысці на тылавую мяжу. Пасля гэтага інтэнсіўнасць баявых дзеянняў знізілася да ўзроўню баёў мясцовага значэння. Поспеху надыходзячых у значнай ступені спрыялі верталёты. 20 сакавіка была зафіксавана чарговая сутычка самалётнай авіяцыі[15].

16 мая пасля двухтыднёвага зацішша адбылося сутыкненне ў раёне Белесы[35]. У канцы мая эрытрэйскія войскі сіламі да чатырох пяхотных брыгад з фарміраваннямі ўзмацнення нанеслі ўдар па пазіцыях эфіопаў на заходнім участку фронту, уздоўж левага берага р. Мэрэб, але поспеху не мелі. Баі працягваліся: ВПС Эфіопіі паспяхова наносілі ўдары па войсках эрытрэйцаў. Апошняя ўспышка баёў у заходнім сектары фронту прыйшлася на канец месяца. Тады Асмэра адмовілася ад далейшых спробаў прарваць абарону праціўніка. У гэты ж перыяд эфіопская авіяцыя двойчы паспяхова бамбіла партовы комплекс і аэрапорт Асэба[15].

З пачаткам новага буйнога зацішша бакі заняліся ўмацаваннем сваіх пазіцый[36].

Чоўнавая дыпламатыя: 1999—2000

У другой палове 1999 года аднавіліся спробы мірнага ўрэгулявання. Пачаліся перамовы пры пасярэдніцтве алжырскага прэзідэнта Абдэль Азіза Бутэфлікі. Аднак дыпламатычнае манеўраванне не магло падмануць ўдзельнікаў супрацьстаяння, так як Эфіопія і Эрытрэя чакалі вырашальнай сутычкі[14]. На апошнім раўндзе перамоваў у перыяд з 29 красавіка па 4 мая 2000 года эрытрэйцы сталі вылучаць новыя ўмовы і, па сутнасці справы, сарвалі падпісанне пагаднення аб спыненні агню[15].

Амерыканскія ўлады ў рамках так званай «чоўнавай дыпламатыі» распачалі спробы заахвоціць бакі да прымірэння (план амерыканцаў складаўся ў тым, каб зблізіць іх на антысуданскай аснове). Пачынаючы з лета 1999 года памочнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Энтані Лэйк курсіраваў паміж сталіцамі Эрытрэі і Эфіопіі, каб хоць неяк падштурхнуць іх да хутчэйшага вырашэння канфлікту[5].

Аднак стварэнне антысуданскай кааліцыі абярнулася правалам: Афеворкі пачаў збліжацца з лівійскім лідарам Муамарам Кадафі, што выклікала расчараванне прэзідэнта ЗША Біла Клінтана[5], а Зенаўі аднавіў адносіны з рэжымам Амара аль-Башыра ў Судане. У той перыяд яго ўрад садзейнічаў баевікам «Эрытрэйскага ісламскага джыхада». Арганізацыя праводзіла напады на судана-эрытрэйскай граніцы, а таксама аказвала падтрымку розным эрытрэйскім апазіцыйным арганізацыям[37][38]. Тым часам Эрытрэя пачала падтрымліваць «Фронт нацыянальнага вызвалення Агадэна»[39] і «Фронт вызвалення Арома»[40]. Апошняя змагалася за незалежнасць Ароміі ад Эфіопіі і грунтавалася ў раёнах Самалі, кантраляваных прыхільнікамі забітага прэзідэнта краіны Махамеда Фараха Айдыда[41]. У адказ Эфіопія падтрымала апалчэнні, якія выступалі супраць Айдыда[37].

Гл. таксама: Канфлікт у Ароміі, Вайна ў Агадэне і Грамадзянская вайна ў Самалі

Завяршальныя падзеі: май—чэрвень 2000

12 мая эфіопская армія нанесла першы ўдар на заходнім участку фронту ў раёне Бадмэ. Гэта было нечакана для эрытрэйцаў, якія чакалі галоўнага ўдару пад Заламбесай (на найкарацейшай адлегласці да Асмэры), дзе іх камандаванне засяродзіла большую частку сіл. На тактычным узроўні эфіопам таксама ўдалося перайграць праціўніка: у адрозненне ад кампаніі мінулага года, калі наступленне пачалося з масіраванай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі, а затым чатыры дзесяткі танкаў літаральна прапрасаваць траншэі, на гэты раз удар наносіўся на флангах, утойліва, без прымянення цяжкага ўзбраення. Поспех быў прадвызначаны дзеяннямі абыходзячых атрадаў, якія ў ноч напярэдадні аперацыі высунуліся ўглыб абарончай пазіцыі УС Эрытрэі, выкарыстоўваючы для транспарціроўкі групавых сістэм зброі і боепрыпасаў сотні клуначных жывёл. Раніцай камбінаваным ударам з фронту, флангаў і тылу эфіопы ізалявалі дывізіі першага эшалона эрытрэйцаў і на працягу наступных двух сутак па частках знішчылі іх[15].

Эрытрэйцы сталі бязладна адступаць у трох кірунках: на захад, у бок Шылала, Дукамбія; на паўночны захад, у бок Барэнту; на паўночны ўсход, у бок Май-Дыме, Арэса. Праціўнік не даваў ім адарвацца і перагрупаваць свае сілы, не даючы замацавацца на прамежкавых рубяжах. 17 мая эфіопскія войскі ўварваліся ў Барэнту (буйны палітыка-адміністрацыйны цэнтр Заходняй, нізіннай часткі Эрытрэі), падчас чаго зрабілі перагрупоўку і перанацалілі галоўныя сілы. Прасоўваючыся па шашы, іх часці занялі Май-Дыма і стварылі рэальную пагрозу захопу іншага буйнога цэнтра — горада Мэндэфэра ў цэнтральнай частцы Эрытрэі і адсячэння ўсёй групоўкі праціўніка на цэнтральным участку фронту. 18 мая наступальныя дзеянні былі прыпынены[15].

Па дадзеных італьянскага часопіса Analisi Difesa, у планаванні майскага наступлення 2000 года ўдзельнічалі замежнікі. Аперацыю рыхтавалі васемнаццаць расійскіх ваенных саветнікаў і спецыялістаў вышэйшага каманднага звяна, у тым ліку тры ад ВПС і адзін ад СПА[42].

18 чэрвеня бакі спынілі баявыя дзеянні і дамовіліся аб усёабдымнай мірным пагадненні, якое яны падпісалі 12 снежня ў Алжыры. У дакуменце прапісана, што краіны павінны вырашыць тэрытарыяльную спрэчку праз міжнародны суд[43].

Аспекты

Знішчаная РСЗА на астравах Дахлак.

Ахвяры і шкода

Па афіцыйнай інфармацыі, УС Эрытрэі страцілі забітымі ад 16 550 да 19 000 чалавек[44][45][46], а УС Эфіопіі — ад 34 000[47] да 60 000[48]. Між тым, падпольная палітычная апазіцыйная група «Голас дэмакратычнага шляху эфіопскага адзінства» называла лічбу ў 123 000 загінулых эфіопскіх камбатантаў[49][50], у той час як колькасць загінулых эрытрэйцаў ацэньвалася ў 150 000 чалавек[51]. Згодна з большасцю міжнародных справаздач, агульныя ваенныя страты з абодвух бакоў склалі каля 70 000 чалавек[52]. Называліся лічбы ў 100[53] і нават 300[2] тысяч загінуўшых.

Баявыя дзеянні прывялі да масавага бежанства з зоны канфлікту, прымусовых дэпартацый і дыскрымінацыі. Да канца мая 2000 года Эфіопія выцесніла з захопленых тэрыторый 650 000 эрытрэйцаў (па дадзеных CNN[1]), а Эрытрэя — 70 000 эфіопаў (па дадзеных Human Rights Watch[54]). Ураджэнцы краіны праціўніка падвяргаліся ганенням, іх звальнялі і канфіскоўвалі маёмасць[55][56]. У некаторых выпадках яны падвяргаліся катаванням і згвалтаванням[57].

Да падзей 1998—2000 гадоў Асмэра і Адыс-Абеба эканамічна залежалі адзін ад аднаго, паколькі Эфіопія выступала галоўным гандлёвым партнёрам Эрытрэі, а большая частка яе знешняга гандлю залежала ад эрытрэйскіх дарог і партоў. Разрыў гэтых сувязяў апынуўся пагібельным, так як абедзве краіны і без таго былі аслаблены ў выніку каланіялізму, грамадзянскай вайны і засухі. Назіраліся сур’ёзныя праблемы з недахопам харчавання[58].

Канчатковае вырашэнне канфлікту

Пасля вайны ў памежжы быў размешчаны міратворчы кантынгент ААН. Місія мела на мэце пераадоленне наступстваў эфіопа-эрытрэйскага ўзброенага канфлікту і нармалізацыю ўзаемаадносін дзвюх дзяржаў. У складзе міжнародных сіл налічвалася 4 200 чалавек, у тым ліку 3 900 вайскоўцаў, 90 штабных афіцэраў і 210 ваенных назіральнікаў. Разгортванне пачалося ў верасні 2000 года і было завершана ў студзені. Згортванне місіі адбылося ў 2008 годзе[14].

У гэты час міждзяржаўны канфлікт з фазы адкрытага супрацьстаяння перайшоў у закрыты. Бакі перанеслі акцэнт з хуткага ўрэгулявання на доўгатэрміновае рэгуляванне. Выкананне пытання аб заканчэнні тэрытарыяльнай спрэчкі зацягвалася[7]. Міжнародны арбітраж абавязаў бакі падзяліць спрэчную тэрыторыю прыкладна пароўну, але пасёлак Бадмэ, сімвал вайны, пакінуць за эрытрэйцамі[59].

9 ліпеня 2018 года ў Асмэры прэм’ер Эфіопіі Абій Ахмед Алі і прэзідэнт Эрытрэі Ісаяс Афеворкі падпісалі мірнае пагадненне, па якім спрэчныя тэрыторыі пераходзілі эрытрэйцам. Краіны дамовіліся аб аднаўленні дыпламатычных адносін, супрацоўніцтве ў сферы палітыкі, эканомікі, культуры і бяспекі. Падпісанне дакумента азнаменавала заканчэнне стану вайны паміж дзяржавамі[60][61][62][63].

Зброевыя пастаўкі

З пачаткам аператыўнай паўзы летам 1998 года Эфіопія і Эрытрэя заняліся закупкай новага ўзбраення і тэхнікі, на што яны выдаткавалі некалькі сотняў мільёнаў долараў[64]. Асмэры ў фінансавым забеспячэнні ваенных закупак вельмі дапамагла Лівія і іншыя арабскія краіны. Трэція краіны паставілі ў «гарачую кропку» наступнае[15][65]:

Узброеным сілам Эрытрэі
КраінаПрадукцыя
 Расія6 знішчальнікаў МіГ-29 (кантракт 1998 г. на суму 150 млн. дол., пастаўка ў 1998—1999 гг.), 4 верталёта Мі-17 (кантракт 1998 г., пастаўка ў 1998—1999 гг.) і 200 ПЗРК «Ігла» (кантракт 1999 г., пастаўка ў тым жа годзе)
 Грузія8 штурмавікоў Су-25 (кантракт 1999 г., пастаўкі ў тым жа годзе)
 Малдова6 знішчальнікаў МіГ-21 (кантракт 1999 г., пастаўкі ў тым жа годзе)
 Украінавялікая партыя стралковай зброі (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
 Румыніярэактыўныя сістэмы залпавага агню (на суму 50 млн. дол., пастаўка ў 1998—1999 гг.)
 Балгарыябоепрыпасы да рэактыўных сістэм залпавага агню (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
 Італіяваенныя верталёты (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
Узброеным сілам Эфіопіі
КраінаПрадукцыя
 Расія8 самалётаў Су-27 (кантракт 1998 г. на суму звыш 150 млн. дол., пастаўка ў 1998—1999 гг. дзве партыі па чатыры машыны), 2 баявых верталёта Мі-24Д/Мі-35 (кантракт 1998 г. на суму 30 млн. дол., пастаўка ў тым жа годзе праз прадпрыемства «Промэкспорт»), 10 152-мм САУ 2С3 «Акацыя» (кантракт 1999 г.; пастаўка ў тым жа годзе), бранятанкавая тэхнікі на суму 200 млн дол. (кантракт 1999 г.; пастаўка ў тым жа годзе).
 Румынія10 знішчальнікаў МіГ-21 (кантракт 1998 г., пастаўка ў 1998—1999 гг.; мадэрнізацыя ў варыянт Міг-21-2000 з удзелам ізраільцян)
 ЗША4 ваенна-транспартных самалёта C-130B Hercules (кантракт 1995 г., пастаўка ў 1998 г.)
 Беларусь40 танкаў Т-55 (пастаўка ў 1998 г.)
 Балгарыя140 танкаў Т-55 (пастаўка ў 1998—1999 гг.)
Францыяабсталяванне сувязі (пастаўка ў 1998 г.)
 Кітайсістэмы ствольнай і рэактыўнай артылерыі (пастаўка ў 1998 г.)

Крыніцы

Зноскі

  1. 1 2 CNN staff. Eritrean, Ethiopian exchange of POWs begins (нявызн.), CNN (23 December 2000).
  2. 1 2 3 Former U.S. Ambassador: Eritrea and Ethiopia Unlikely To Resume War (нявызн.) (недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 20122012-03-01. Праверана 7 лістапада 2022.
  3. Pike, John. Ethiopia - Army (нявызн.).
  4. 1 2 3 4 Владимир Воронов, Павел Мороз. Слуги смерти: Русские наёмники в Африке // Собеседник : газета. — 28 мая 2001.
  5. 1 2 3 4 Алексей Андреев. АФРИКАНСКИЙ РОГ: ЗАТИШЬЕ ПЕРЕД БУРЕЙ // Независимая газета : газета. — 29 марта 2000.
  6. Pike, John. Ethiopia / Eritrea War (нявызн.).
  7. 1 2 3 4 5 6 7 8 Наталья Пискунова. Две стороны одного конфликта : Эфиопия и Эритрея в противостоянии 1998—2000 годов // Космополис : журнал. — № 1(15). — Весна 2006. — с. 148—154.
  8. Ethiopia: land of slavery & brutality. League of Nations. 1935. pp. 2–5. https://www.everythingharar.com/images/pdf/publication/leagueofnations1935Ethiopia.pdfАрхівавана 6 кастрычніка 2021.
  9. 1 2 Михаил Магид. Гражданская война в Эфиопии может взорвать Африку // Ведомости : газета. — 26 января 2021.
  10. Цыпкин Г. В., Ягья В. С. История Эфиопии в новое и новейшее время.— М., Наука: Главная редакция восточной литературы, 1989.— 405 с.: ил. — с. 200.
  11. Eritrea (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2009. Праверана 25 жніўня 2006.
  12. 1 2 3 А. Иванович. ЭФИОПИЯ - ЭРИТРЕЯ: УРОКИ ВОЗДУШНОЙ ВОЙНЫ // Авиация и время : журнал. — 2009. — № 4. — стр. 40—46.
  13. Perlez, Jane. Ethiopia Troops Battle to Survive Misery of Peace(нявызн.) , The New York Times (22 ліпеня 1991).
  14. 1 2 3 4 5 Полковник О. Елгазин. Основные итоги миссии ООН в Эфиопии и Эритрее (2010) // Зарубежное военное обозрение : журнал. — 2010. — №10. — С.22-30
  15. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 Михаил Жирохов. Война в воздухе на Африканском Роге // Уголок неба : авиационная энциклопедия. — 2004 .
  16. Mussie, Tesfagiorgis G. (2010). “Eritrean colonial boundaries”. Eritrea. Africa in Focus (illustrated ed.). ABC-CLIO. pp. 53–54. ISBN 978-1-59884-231-9.
  17. Shapland, Greg (1997). Rivers of discord: international water disputes in the Middle East. C. Hurst & Co. p. 71. ISBN 1-85065-214-7.
  18. Degefu, Gebre Tsadik (2003). The Nile: Historical, Legal and Developmental Perspectives (illustrated ed.). Trafford Publishing. pp. 94–99. ISBN 1-4120-0056-4.
  19. Hans van der Splinter. Border conflict with Ethiopia (нявызн.). eritrea.be.
  20. 1 2 Пётр Суханов. Незатухающая междоусобная война // Независимая газета : газета. — 7 июля 2000.
  21. 1 2 Connell, Dan. Eritrea/Ethiopia War Looms (нявызн.). Foreign Policy in Focus (2 кастрычніка 2005).
  22. Dowden, Richard. There are no winners in this insane and destructive war (нявызн.) (2 June 2000).
  23. The Eritreans describe the start of the war thus: “after a series of armed incidents during which several Eritrean officials were murdered near the disputed village of Badme, Ethiopia declared total war as on 13 May and mobilized its armed forces for a full-scale assault on Eritrea.” (Staff. history (нявызн.) (недаступная спасылка). Embassy of the State of Eritrea, New Delhi, India. Архівавана з першакрыніцы 9 лютага 20159 February 2015. Праверана 7 лістапада 2022.)
  24. Vick, Karl. SCHOOL ATTACK SHOCKS ETHIOPIANS (нявызн.), Washington Post (8 June 1998).
  25. Ethiopia’s War on Eritrea. Asmara: Sabur Printing Services. 1999.
  26. Lords Hansard text for 30 Nov 1999 (191130-16) (нявызн.). publications.parliament.uk.
  27. Eritrea Ethiopia Claims Commission. PARTIAL AWARD Central Front - Ethiopia’s Claim 2 (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 13 July 2014.
  28. Biles, Peter. Ethiopia’s push north (нявызн.), BBC (20 May 2000).
  29. S/RES/1177(руск.) . Организация Объединённых Наций. Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2021.
  30. IRIN. Ethiopia-Eritrea: New peace efforts amid claims of civilian abuses (нявызн.). ReliefWeb.
  31. HRW World Report 1999: Ethiopia: The Role of the International Community (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 14 November 2008.
  32. Георгий Зотов. Дикие гуси : Откровения легендарного “солдата удачи” Боба Денара // Известия : газета. — 3 ноября 2001.
  33. Visafric. Ethiopian Leader admits allegation of Eritrean air strike based ‘on wrong information’ (нявызн.), www.dehai.org (7 February 1999).
  34. Cooper, Tom; Fontanellaz, Adrien (31 July 2018). Ethiopian-Eritrean Wars. Volume 2: Eritrean War of Independence, 1988-1991 & Badme War, 1998-2001. ISBN 9781913118358. https://books.google.com/books?id=R4iWDwAAQBAJ&pg=PA60.
  35. Last, Alex. World: Africa Hundreds killed in Horn (нявызн.), BBC (16 March 1999).
  36. Laeke, Mariam Demassie. Touring the Ethiopian front (нявызн.), BBC (23 July 1999).
  37. 1 2 BBC NEWS | Special Report | 1999 | 07/99 | Battle in the Horn | The Somali connection (нявызн.). news.bbc.co.uk.
  38. Angel Rabasa, et al., Beyond al-Qaeda: Part 2, The Outer Rings of the Terrorist Universe RAND Project AIR FORCE RAND Corporation pp. 82–85 online pp. 44–47 hardcopy
  39. Collective Punishment: War Crimes and Crimes against Humanity in the Ogaden area of Ethiopia’s Somali Region, Human Rights Watch, June 2008
  40. Human Rights Watch World Report 2001: Ethiopia - Human Rights Developments (нявызн.). www.hrw.org.
  41. UN & Conflict Monitor, Summer 1999: Africa E-S (нявызн.). www.bradford.ac.uk.
  42. Analisi Difesa, 2000, Nr 6
  43. Horn peace deal: Full text(нявызн.) , BBC News (11 снежня 2000).
  44. Claimed by President Isaias Afeworki, 2001. Shinn, Historical Dictionary of Ethiopia, p.149
  45. Eritrea reveals human cost of war (нявызн.), BBC News (20 June 2001).
  46. Profiling Our Martyrs: Ethiopia-Eritrea Border War (1998-2000) (Part 1) (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2012.
  47. Claimed by Chief of Staffs Tsadkan Gebretensae. Shinn, Historical Dictionary of Ethiopia, p. 149.
  48. Claimed by Major General Samora Yunis. Shinn, Historical Dictionary of Ethiopia, p. 149.
  49. Claimed on 8 April 2002 by the Voice of the Democratic Path of Ethiopian Unity, an Ethiopian clandestine opposition group operating from Germany. The claim also stated that each family that lost a member in the war would receive $350 in indemnity, but this number has not been verified, although it has been often cited by other groups (see Number of war dead soldiers reportedly 123,000 Архівавана 25 снежня 2007 года. – internet news message; and clandestineradio.com Архівавана 10 лістапада 2014 года. audio button Архівавана 3 сакавіка 2016 года.), and no indemnities have been paid. Shinn, Historical Dictionary of Ethiopia, p. 149
  50. (амх.) , Wonchif (10 красавіка 2001).
  51. Banks, Arthur; Muller, Thomas; and Overstreet, William, ed. Political Handbook of the World 2005–6 (A Division of Congressional Quarterly, Inc.: Washington, D.C., 2005), p.366. 156802952-7
  52. Ethiopia: Nation on verge of war with Eritrea, report says (нявызн.). Архівавана з першакрыніцы March 26, 2014.
  53. The Horn of Africa War: Mass Expulsions and the Nationality Issue(англ.)  (29 студзеня 2003).
  54. Memorandum by the government of Ethiopia, 16 July 1998, Eritrean Aggression against Ethiopia and continued gross violations of the human rights of Ethiopians in Eritrea.
  55. Natalie S. Klein. MASS EXPULSION FROM ETHIOPIA, Report on the Deportation of Eritreans and Ethiopians of Eritrean origin from Ethiopia, June – August, 1998 (нявызн.) (недаступная спасылка). denden.com. Архівавана з першакрыніцы 30 снежня 2021. Праверана 8 лістапада 2022.
  56. Eritrea expels over 800 Ethiopians home – official (нявызн.). Sudan Tribune (29 кастрычніка 2007).
  57. Tadesse, Zenbeworke. The Ethiopian-Eritrean Conflict (нявызн.) 109–110. Calx Proclivia. Архівавана з першакрыніцы 14 June 2007.
  58. Zane, Damian. Ethiopia regrets Badme ruling, BBC, 3 April 2003.
  59. gordonua.com Архівавана 17 жніўня 2018. Эфиопия и Эритрея спустя 20 лет после начала войны заключили мирный договор
  60. Эфиопия и Эритрея заключили мирный договор (нявызн.). аиф. Архівавана з першакрыніцы 1 кастрычніка 2018.
  61. РИА Новости Архівавана 31 ліпеня 2018. Конец войне: Эфиопия и Эритрея подписали мирный договор
  62. Allo, Awol. Ethiopia offers an olive branch to Eritrea (нявызн.). Al Jazeera (7 чэрвеня 2018).
  63. Will arms ban slow war? (нявызн.). BBC News.
  64. Б. Кузык, Н. Новичков, В. Шварев, М. Кенжетаев, А. Симаков. Россия на мировом рынке оружия. Анализ и перспективы. М, “Военный парад”, 2001, с.300 - 301

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Войны XX стагоддзя
Катэгорыя·Канфлікты 1998 года
Катэгорыя·Канфлікты 2000 года
Катэгорыя·Войны Эфіопіі
Катэгорыя·Канфлікты 1999 года
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Войны Эрытрэі