wd wp Пошук:

BBC

British Broadcasting Corporation, скар. BBC (бел.: Брытанская вяшчальная карпарацыя) — дзяржаўная тэлерадыёкампанія Вялікабрытаніі, заснаваная ў кастрычніку 1922 г. у Лондане 6 прыватнымі прадпрыемствамі пад назвай «Брытанская вяшчальная кампанія». 1 студзеня 1927 г. урад Брытаніі выкупіў прадпрыемства і надаў яму сучасную назву. Замежнае вяшчанне са снежня 1932 г. ажыццяўляе Сусветная служба Бі-Бі-Сі.

Карпарацыя ажыццяўляе як унутранае, так і знешняе інтэрнэт-, радыё- і тэлевяшчанне, якое праводзіцца Сусветнай службай BBC. Карпарацыя не з’яўляецца дзяржаўным СМІ, а ўяўляе сабой грамадскую арганізацыю з кантрольным саветам, якія складаюцца з 12 папячыцеляў. Паводле каралеўскага статуту, брытанскі манарх прызначае гэтых папячыцеляў па парадзе міністраў урада Брытаніі. У сваю чаргу папячыцелі абіраюць кіраўніка карпарацыі, дзейнасць якой фінансуецца ў Брытаніі за кошт падатковых адлічэнняў з прыватных вытворцаў жывых тэлеперадач і адпаведных тэлепадпісчыкаў.

Склад

На 2016 г. «Брытанская вяшчальная карпарацыя» ўключала:

Гісторыя

1971-1988
1988-1997
1997-2021

18 кастрычніка 1922 г. 6 прыватных прадпрыемстваў — «Марконі»[en] (Чэлмсфард, графства Эсекс, Англія), «Метраполітан-Вікерс»[en] (Манчэстэр, графства Ланкашыр, Англія), «Радыёсувязь», «Брытанскі Томсан-Х’юстан»[en] (Рагбі, графства Уорыкшыр, Англія), «Галоўная электрычная кампанія»[en] (Лондан) і «Заходняя электрычная кампанія»[en] (Нью-Ёрк, ЗША) — заснавалі ў Лондане таварыства з абмежаванай адказнасцю «Брытанская вяшчальная кампанія» («БВК»). Статутны капітал у £60,006 размеркавалі на 6 роўных дзеляў у выглядзе акцый цаной па £1. 14 лістапада 1922 г. «БВК» пачала вяшчанне на сярэдніх хвалях з лонданскай радыёстанцыі «2ЛО»[en] на сядзібе «Марконі». Першым дыктарам быў Артур Бароўз[en], які пачаў перадачу з навін аб парламенцкіх выбарах у Брытаніі[en] 15 лістапада 1922 года. 15 снежня 1922 г. «БВК» атрымала ўлік. Першым галоўным інжынерам «БВК» стаў Пітэр Экерслі[en] (1922—1929). На 31 снежня 1922 г. прадпрыемства налічвала 4 супрацоўнікі. 18 сакавіка 1923 г. кіраўнік Галоўнага паштовага ведамства Вялікабрытаніі[en] Невіл Чэмберлен выдаў прадпрыемству дазвол на вяшчанне. У ліпені 1923 г. парламент надаў «БВК» манаполію на радыёвяшчанне ў Брытаніі, якая дзейнічала да 8 кастрычніка 1973 года. На 31 снежня 1923 г. прадпрыемства налічвала 177 супрацоўнікаў. На канец 1924 г. «БВК» мела 20 радыёперадатчыкаў у Брытаніі і 465 супрацоўнікаў.

1 студзеня 1927 г. урад Брытаніі выкупіў прадпрыемства і надаў сучасную назву «Брытанская вяшчальная карпарацыя» («БВК»). У лістападзе 1929 г. Джон Берд пачаў доследнае чорна-белае тэлевяшчанне на частотах «БВК» у Лондане, што мела 30-радковае разрозненне. 15 сакавіка 1932 г. «БВК» пераехала ў сучасную сядзібу ў Вяшчальны дом[en]. 25 снежня 1932 г., на Раство Хрыстова, брытанскі кароль Георг V (1910—1936) стаў першым манархам Брытаніі, які выступіў на радыё «БВК». На заморскія ўладанні зварот перадавала радыё «Імперская служба Бі-Бі-Сі», якую заснавалі 19 снежня 1932 года. 2 лістапада 1936 г. у лонданскім палацы Аляксандры «БВК» пачала штодзённае чорна-белае тэлевяшчанне з механічным 240-радковым разрозненнем, распрацаваным Бердам, і з электронным 405-радковым разрозненнем, распрацаваным у 1934 г. на прадпрыемстве «Электронная і музычная прамысловасці»[en] (Лондан). З 1937 г. пакінулі толькі тэлебачанне з электронным разрозненнем. У студзені 1938 г. «БВК» наняла егіпецкага радыёжурналіста Ахмада-Камаля Эфэндзі для стварэння вяшчання на арабскай мове. 29 студзеня 1942 г. адбыўся першы выпуск радыёперадачы «Дыскі незаселенага вострава»[en], якую да 1985 г. вёў Рой Пламлі[en]. 7 чэрвеня 1946 г. аднавілі тэлевяшчанне пасля перапынку з 1 верасня 1939 г., які пачаўся ў сувязі з Другой сусветнай вайной. «БВК» заставалася адзіным тэлевяшчальнікам у Брытаніі да верасня 1955 года.

19 ліпеня 1948 г. «БВК» упершыню пачала 68,5 гадзіны жывога тэлевяшчання з XIV летніх Алімпійскіх гульняў, што праходзілі ў Лондане да 14 жніўня. Паказ ажыццяўляўся для амаль 100 тыс. дамоў Брытаніі, якія мелі тэлевізары пераважна памерам 25 см на 20 см. 12 лютага 1950 г. у Торкі[en] (графства Дэван, Англія) «БВК» стала адным з 23 дзяржаўных вяшчальнікаў, якія заснавалі Еўрапейскі вяшчальны саюз (Жэнева, Швейцарыя). У 1952 г. на «БВК» распрацавалі электронны апарат відэазапісу, які дазваляў запісаць да 15 хвілін відэа. У красавіку 1958 г. у лонданскім раёне Педзінгтан заснавалі Радыёгукавую майстэрню БВК[en] для вытворчасці гукавых эфектаў і электроннай музыкі. 16 кастрычніка 1958 г. пачаўся выпуск дзіцячай тэлеперадачы «Сіні Пётр»[en] (сцяг адплыцця), якая працягвала выходзіць на 2016 год. 29 чэрвеня 1960 г. у лонданскім раёне Хемерсміт адкрылі Тэлевізійны цэнтр БВК[en], які выкарыстоўваўся да 31 сакавіка 2013 года. 20 красавіка 1964 г. заснавалі тэлеканал «БВК2»[en] (англ.: BBC2), які першым у Еўропе 1 ліпеня 1967 года перайшоў на каляровае вяшчанне. У чэрвені 1967 г. «БВК» упершыню ажыццявіла жывое тэлевяшчанне праз амерыканскі спадарожнік «Тэлстар»[en] (бел.: Тэлезорка).

У студзені 1970 г. «БВК» заключыла дагавор аб супрацы з Адкрытым універсітэтам (Мілтан-Кінс, графства Бакінгемшыр), што дазволіла стварыць ранішнія і вячэрнія перадачы на аснове пісьмовых падручнікаў для дыстанцыйнага навучання. У верасні 1974 г. на тэлебачанні «БВК» запусцілі першы тэлетэкст Сіфекс[en], які працягваў выкарыстоўвацца да 23 кастрычніка 2012 года. 9 лістапада 1997 г. запусцілі кругласутачны тэлеканал «БВК Навіны 24»[en]. У снежні 1997 г. запусцілі ўласны вэб-сайт. 23 верасня 1998 г. адкрылі першы лічбавы тэлеканал «БВК Выбар», які 9 лютага 2003 г. стаў называцца «БВК Тры»[en]. 11 сакавіка 2008 г. заснавалі тэлеканал «Арабскае тэлебачанне БВК»[en] на арабскай мове для замежнага вяшчання. 14 студзеня 2009 г. адкрыўся адпаведны тэлеканал «Персідскае тэлебачанне БВК»[en] для вяшчання на Афганістан, Іран, Таджыкістан і Узбекістан. 20 чэрвеня 2011 г. упершыню ажыццявілі жывы трохмерны паказ 125-га Уімблданскага турніра па тэнісе, які праводзіўся ў Лондане да 3 ліпеня.

У 2015 г. даход «Брытанскай вяшчальнай карпарацыі» склаў 4805,1 млн фунтаў стэрлінгаў, з іх £3735,4 млн (78 %) склалі падатковыя адлічэнні з прыватных вытворцаў жывых тэлеперадач і адпаведных тэлепадпісчыкаў у Брытаніі. Рэшту (£1069,7 млн; 22 %) склалі продажы ўласных перадач за мяжой. Выдаткі на дзейнасць склалі £4914,3 млн, што прывяло да аперацыйных страт у £109,2 млн. За 2015 г. на 9 тэлеканалаў «БВК» выдаткавала £2367,8 млн (48 %), з іх на тэлеканал «БВК Адзін» (англ.: BBC One) пайшлі £1433,6 млн (29 %; 61 % выдаткаў на тэлеканалы). На 55 унутрыдзяржаўных радыёстанцый (10 агульнадзяржаўных, 5 краёвых і 40 мясцовых у Англіі) выдаткавалі 652,5 млн (13 %), з іх найбольш пайшло на «БВК Радыё 4»[en] — £115,7 млн (2 %; 18 % выдаткаў на радыё). На вэб-сайт у 2015 г. выдаткавалі £201 млн (4 %). Радыё «Сусветная служба Бі-Бі-Сі» атрымала £253,6 млн (5 %)[2].

Кіраўнікі

Зноскі

  1. Абменны курс долара да фунта 31 сакавіка 2015 г. (1,4847)(англ.) , Банк Англіі (31 сакавіка 2015). Праверана 3 ліпеня 2016.
  2. 1 2 Энтані Хол, Рычард Уілсан. Поўная фінансавая справаздача за 2014—2015 гады (нявызн.), Брытанская вяшчальная карпарацыя (14 ліпеня 2015). Праверана 3 ліпеня 2016.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (19):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Інфармацыйныя агенцтвы
Кампаніі паводле алфавіта
Тэлеканалы на англійскай мове
Медыякампаніі
Міжнародныя радыёстанцыі
Інтэрнэт-СМІ
Радыёвяшчальныя арганізацыі
Кампаніі Вялікабрытаніі
Радыёстанцыі на французскай мове
Члены Еўрапейскага радыёвяшчальнага саюза
Вікіпедыя:Кампаніі без геаграфічных каардынат
Тэлевізійныя арганізацыі
Кампаніі, заснаваныя ў 1922 годзе
Радыёстанцыі на рускай мове
Вікіпедыя:Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Радыёстанцыі на англійскай мове
BBC
Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы