Ру́жа[5] (Rosa) — род кветкавых раслін сямейства ружавых. Мае мноства культурных форм. Дзікарослыя віды ў Беларусі называюць шыпшынамі.
Назва роду паходзіць ад польск.: róża, што ў сваю чаргу ўтварылася ад ням.: rose і лац.: rosa. Шыпшына атрымала назву з-за вострых шыпоў, якія пакрываюць яе галіны.
Лістападныя або вечназялёныя кусты, як правіла, вышынёй 1-5 метраў, часам павойныя, вышынёю 15—300 см (некаторыя віды ўтвараюць пляцістыя галіныы даўжынёю да 12 м).
Лісце чаргаванае, непарнаперыстае, з парнымі, прырослымі да чаранка прылістнікамі (рэдка простыя і без прылістнікаў, як у Rosa persica), утрымлівае 5-7 лісточкаў.
Кветкі розных колераў, як правіла, бледна-ружовыя, простыя ці махровыя, 4-6 см (да 16 см) у дыяметры, адзіночныя або сабраныя ў парасонападобна-мяцёлчатыя суквецці. Цвіценне ў еўрапейскай частцы Расіі ў маі — чэрвені.
Плод несапраўдны (гіпантый), авальны або яйкападобна-шарападобны, пры выспяванні чырвонага, аранжавага, пурпурна-чырвонага колеру, са шматлікімі арэшкамі ўсярэдзіне. Афарбоўка гіпантыя абумоўлена высокім утрыманнем каратынаў. Плады выспяваюць у верасні-кастрычніку.
Адрозніваецца сотні відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўночнага паўшар’я і ў гарах тропікаў. Старажытны цэнтр вырошчвання — Пярэдняя Азія, адкуль ружа трапіла ў антычную Грэцыю. У культуры больш за 30 тыс. сартоў (характэрна міжвідавая гібрыдызацыя). На Беларусі 9 дзікарослых відаў (шыпшын). Найбольш вядомыя: ружа Жэрара, ружа іржава-чырвоная, ружа майская, ці карычная, ружа мяккая, ружа сабачая, ружа скурысталістая, ружа Юндзіла. Трапляюцца ў падлеску разрэджаных лясоў, хмызняках, па берагах рэк, каля агароджаў. У Беларусі інтрадукаваны ружа калючая, ружа маршчыністая, ружа шматкветная, ружа шызая і інш.
Найбольшае распаўсюджванне і гаспадарчае значэнне мае ружа карычная (Rosa cinnamomea L.).
Пералік відаў складзены на аснове дадзеных GRIN[6].
З шыпшыны варылi сочыва, кiсялi, сушылi яе[7].
У народнай медыцыне плады шыпшыны выкарыстоўвалі пры прастудзе, малакроўi, рэўматызме, гiпертанii, а таксама як супрацьзапаленчы, мачагонны i жаўцягонны сродак[7]. Адвар каранёў шыпшыны дапамагае пры паралічы і захворванні ног[8].
З пялёсткаў кветак некаторых відаў атрымліваюць ружавы алей.
У народнай культуры шыпшына сiмвалiзавала мужчынскае цела i маладосць[7].
Бог кахання Палель, сын багіні Лады, насіў вянок, у якi былi ўплецены ружовыя кветкi шыпшыны[7]. Святую Арыну, якая ўшаноўваецца ў народным календары 1 кастрычніка звалi Арынай-шыпшыннiцай, таму што ў гэты час паўсюдна збiралi плады шыпшыны, каб нарыхтоўваць на зiму[7].
Беларускай ружай клічуць. |
Алена Церашкова. «Шыпшына».[9] |
У беларускім фальклоры шыпшына іншы раз сімвалізавала боль, пакуты, варожасць[8]. Напрыклад, такой сімволікай карыстаюцца ў сваіх вершах Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка[10] і Ніна Аксёнчык[11].