wd wp Пошук:

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (2 (14) чэрвеня 1867, Рэчыца — 30 верасня 1934, Масква[1]) — беларускі гісторык і этнограф. Паходзіў з дробнай беззямельнай шляхты, сын калежскага сакратара[2].

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі ў ХІХ ст., гісторыі Літвы і Беларусі, па сацыяльна-палітычным рухам, сялянскаму пытанні і этнаграфіі Беларусі.[3] Працы яго пераважна мелі навукова-аналітычны характар. Шырока карыстаўся ў сваіх працах матэрыяламі больш 20-ці архіваў (Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Вільня, Варшава, Кракаў, Львоў, Кастрама, Яраслаўль, Ноўгарад, Нясвіж і інш.). Шмат з яго прац застаюцца неапублікаванымі. Узнагароджаны за навуковую працу ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені (1916).

Выпускнік гістарычна-філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта (1893), магістарская дысертацыя (восень 1901), доктарская дысертацыя па гісторыі (1906). Прафесар Маскоўскага ўніверсітэта (1899), прафесар рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта (1902). Арганізатар і дырэктар Вышэйшых камерцыйных курсаў[4] (Кіеў, 1906), дырэктар Палаты экспертаў, старшыня навукова-папулярных гурткоў і таварыстваў у Кіеве.

Пасля канфлікту са студэнтамі Кіеўскага камерцыйнага інстытута (1917) і «Справы Сташэўскага» (1917),[5] адмовіўся амаль ад усёй выкладчыцкай працы. Прафесар Харкаўскага інстытута народнай гаспадаркі (снежань 1919) і Харкаўскага ўніверсітэта (1920—1921). Прарэктар Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесар Бакінскага політэхнічнага інстытута (1922—1925). Пасля пераезду ў Беларусь, прафесар беларускай гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (кастрычнік 1925—восень 1926), стваральнік, супольна з Д. І. Даўгялам, Археаграфічнай камісіі Інбелкульту (1925). Пасля вымушанага пераезду ў Маскву (восень 1926), часта мусіў працаваць па-за навуковым полем дзейнасці. Прафесар Ціміразеўскай акадэміі (1930-я). У 1920-х—1930-х таксама займаў пасады ў сістэме кіравання гаспадаркай у савецкіх Украіне, Азербайджане, Беларусі і Расіі.

У палітыцы

Удзельнічаў у нелегальных дэмакратычных рухах (1880-я), быў пад часоваю забаронай сяліцца ў Кіеве. Пазней, сімпатызаваў левым рухам.

Актыўна падтрымліваў Беларускую Народную Рэспубліку, ачольваў Беларускую гандлёвую палату (Кіеў, 1918), падрыхтаваў праект стварэння Беларускага ўніверсітэта ў Мінску (кан. сакавіка 1918). У маі—кастрычніку 1918 удзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве, якая шукала магчымасцяў дабіцца прызнання БНР у прадстаўнікоў Савецкай Расіі, Украіны, Дону, Германіі і Аўстра-Венгрыі.

Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней «Мемарыял» быў перакладзены на англійскую мову П. Кларкам. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, і быў прадстаўлены на Версальскай канферэнцыі, хоць і беспаспяхова.

Два сыны Доўнар-Запольскага загінулі ў час грамадзянскай вайны ў шэрагах Чырвонай Арміі.

Надрукаваная, але неапублікаваная кніга «Гісторыя Беларусі» выклікала абурэнне палітычных уладаў Беларусі (пач.1926), была названа «катэхізісам нацыянал-дэмакратызму», забаронена, а рукапіс канфіскаваны. Пасля гэтага, Доўнар-Запольскі быў вымушаны пераехаць, практычна высланы, у Маскву (восень 1926), і ніколі больш не вяртаўся ў Беларусь.

У 1930—1934 ён быў рэзка крытыкаваны за «нова-народніцтва», яму прыпісвалася аўтарства ідэйнай базы «нацыянал-дэмакратызму», яго называлі «агентам фашызму» (акад. В. К. Шчарбакоў), ён і яго навуковая школы былі палітычна выкрыты ў выступе яго былога вучня праф. А. П. Аглобліна (Кіеў, 1934).[6]

У навуцы

Вучань прафесараў Галубоўскага, Іконнікава, і, асабліва, В. Б. Антановіча. Імкнуўся спалучаць навуковую і навучальную дзейнасці, як гэта рабілі Шафарык, Караджыч, Кастамараў.

Разбіў погляд на беларусаў як на народ, пазбаўлены нацыянальнасці, рашуча падтрымліваў беларускае нацыянальнае адраджэнне ў пач. ХХ ст. Вітаў з’яўленне «строга аб’ектыўнай і навуковай» плыні ў беларускіх гістарычных і этнаграфічных даследваннях. Выказваў агульную сімпатыю да марксізму, але не быў ім захоплены.

У брашуры «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896 год) упершыню апублікаваў ананімны твор XIX ст. «Вясна гола перапала»[7].

Гістарычныя канцэпцыя

Мітрафан Доўнар-Запольскі аддаваў вяршэнства гісторыі народаў у параўнанні з гісторыяй дзяржаў, лічыў этнаграфію і эканоміку аднымі з найважнейшых фактараў у развіцці грамадства. Сцвярджаў існаванне беларускай нацыі, з уласнай гісторыяй, выразнымі этнаграфічнымі рысамі, багатай народнай культурай, з уласнай беларускай мовай як спадчынніцай дыялектаў крывічоў і дрыгавічоў. Даследчык сцвярджаў, што беларусы сфарміраваліся ў ІХ—ХІІ стст. у выніку кансалідацыі крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Падтрымліваў «тэорыю каланізацыі» узнікнення дзяржаўнасці ў Беларусі, лічыў крывічоў і дрыгавічоў у вялікай ступені ізаляванымі ад Кіеўскай дзяржавы, іх развіццё з гэтай прычыны адметным. Мітрафан Доўнар-Запольскі таксама ўказваў на адсутнасць этнаграфічнай еднасці Кіеўскай Русі, яе адзінымі яднальнымі фактарамі лічыў вонкавыя палітычныя і ваенныя пытанні.

Разглядаў стварэнне Вялікага Кнства Літоўскага ў ХІІІ ст. як часткова мірна ўтвораны і ўзаемна карысны саюз князёў ваяўнічай Літвы і аслабленых князёў Русі.

Лічыў як дзяржаўную унію, так і царкоўную унію негатыўнымі фактарамі беларускай гісторыі, якія спрыялі рэлігійнай нецярпімасці. Адмоўна ставіўся да ўлучэння беларускіх зямель у склад Расіі пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай. Наогул, лічыў, што і польская «шляхецкая арыстакратычная рэспубліка», і расійская «баярская алігархія», якія выключалі дэмас, былі «двума ліхамі» у беларускай гісторыі і згубна ўплывалі на беларускі народ, які «моцна дэмакратычны ў сваіх гістарычных і народных традыцыях».

Пазней, у 1920-х, дадаткова падкрэсліваў эканамічны фактар у гісторыі і значэнне класавай барацьбы ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

У бачанні іншых

Яго асоба і творчасць прыцягвалі самыя палярныя ацэнкі. Да 1930-х яго наогул станоўча ацэньвалі М. К. Любаўскі, У. І. Пічэта, Ф. Ф. Турук, Д. І. Даўгяла і інш.[8] Пачынаючы з 1930-х, Д.-З. трапіў, як навуковец, пад вострую палітызаваную крытыку (С. Я. Вольфсон, В. М. Перцаў, У. К. Шчарбакоў і інш.). У 1940-х—1970-х, параўнальна бяспечныя часткі яго прац (этнаграфія, археалогія, археаграфія) вывучаліся, і ставіліся ў аснову прац (В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, І. У. Чаквін, М. М. Улашчык, Л. В. Аляксееў). Гістарычныя працы Мітрафана Доўнар-Запольскага зрэдку ўзгадваліся ў спасылках да 1980-х. Спробы ацэнкі М. В. Доўнар-Запольскага як гісторыка рабіліся ў манаграфіях У. М. Міхнюка, З. Ю. Капыскага, В. У. Чапко. У 1990-х з’явіліся працы, якія вывучалі агульную навуковую пазіцыю М. Доўнар-Запольскага (С. І. Міхальчанка), развіццё яго гістарычнай канцэпцыі (Дз. У.Караў, М. Ф. Шумейка).

Джон Леслі Говард Кіп і Альтэр Л. Літвін узгадваюць пра Доўнар-Запольскага і Пічэту як пра «умеркаваных (беларускіх) нацыяналістаў»[9].

Памяць

У ліпені 1997 помнік Доўнар-Запольскаму пастаўлены ў Рэчыцы, побач з будынкам мясцовага ліцэя[10], аўтар праекта Эдуард Агуновіч, скульптар Валяр’ян Янушкевіч.

Навуковыя працы

Гісторыя, эканоміка і статыстыка Беларусі

Этнаграфія і фальклор Беларусі

Палітычная гісторыя Русі і Расіі

Працы па руху дзекабрыстаў

Дакументальныя працы

Зноскі

  1. Памёр ад прыступу стэнакардыі і, лічыцца, пазбег такім чынам далейшых пераследванняў.
  2. Бацька займаў пасаду сталаначальніка ўезднага жандарскага ўпраўлення).
  3. Лучна з больш за 30 працамі па этнаграфіі і фальклоры Беларусі. Аўтар прац па этнаграфіі з 1883, начальнік вялікай этнаграфічнай экспедыцыі ў Мінскай і Грдзенскай губерніях (1890—1891).
  4. Кіеўскі камерцыйны інстытут з 1909.
  5. Сташэўскі быў яго вучнем, і быў замяшаны ў крадзеж архіўных дакументаў.
  6. Мяркуецца, што менавіта даклад былога вучня мог стаць повадам для фатальнага прыступу стэнакардыі.
  7. М. А. Лазарук. «Вясна гола перапала» // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 402. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).
  8. Караў 1994, С.5.
  9. У кнізе «Сталінізм: рускі і заходні пагляд на пераломе стагоддзяў» (Routledge, 2005, ISBN 0415351081, p.162).
  10. Помнік Мітрафану Доўнар-Запольскаму ў г. Рычыца
  11. Тут, жыхароў Піншчыны.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (29):
Вікіпедыя:Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Памерлі ў 1934 годзе
Асобы
Памерлі 30 верасня
Гісторыкі Расіі
Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Гісторыкі Вялікага Княства Літоўскага
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Памерлі ў Маскве
Выкладчыкі БДУ
Выкладчыкі Кіеўскага ўніверсітэта
Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры
Гісторыкі Беларусі
Артыкулы са спасылкамі на Вікікрыніцы
Нарадзіліся 14 чэрвеня
Вучоныя паводле алфавіта
Дактары гістарычных навук
Выкладчыкі Харкаўскага ўніверсітэта
Пахаваныя на Данскіх могілках
Нарадзіліся ў Рэчыцы
Нарадзіліся ў 1867 годзе
Выкладчыкі МДУ
Этнографы Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Гісторыкі Украіны
Выкладчыкі РДАУ-МСГА імя К. А. Ціміразева
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак