wd wp Пошук:

Валянціна Уладзіміраўна Чапко

Валянці́на Уладзі́міраўна Чапко́ (25 лютага 1925, г. Менск — 24 лістапада 2004, Мінск) — беларускі гісторык. Доктар гістарычных навук (1969). Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны.

Біяграфія

Нарадзілася 25 лютага 1925 года ў Менску ў сям’і міліцыянта. У гады сталінскіх рэпрэсій яе бацька быў выключаны з партыі як вораг народа, былы царскі афіцэр і польскі шпіён. Каб пазбегнуць непазбежнага арышту, Уладзімір Чапко застрэліўся.

У 1940 годзе Валянціна скончыла сярэднюю школу і паступіла на вучобу ў Ленінградскі караблебудаўнічы інстытут. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны заспеў яе ў Ленінградзе. Яна была параненая пры абстрэле і вывезена з блакаднага горада зiмой 1942 года. У 1943 годзе Валянціна Уладзіміраўна пайшла добраахвотнікам на фронт. Служыла ў роце сувязі разам са сваёй маці, фельчарам. У складзе 27-й арміі Валянціна Уладзіміраўна прайшла ўсю Украіну, Малдову, Румынію, Венгрыю, Чэхаславакію, Аўстрыю. Пазней 27-я армія была перакінутая на Далёкі Усход для ўдзелу ў баявых дзеяннях супраць Японіі. У Маньчжурыі Валянціна Уладзіміраўна дайшла да Мукдэна. Дэмабілізавалася ў лістападзе 1945 года i вярнулася ў Мінск.

На вучобу ў Ленінград яна вырашыла не вяртацца, тым больш што практычна ўсе яе аднакурснікі загінулі падчас вайны. Валянціна Уладзіміраўна засталася ў Мінску і паступіла на гістарычны факультэт БДУ. Студэнткай 3-га курса яе ў першы раз абралі дэпутатам Мінскага гарадскога савета. Усяго ж Валянціна Уладзіміраўна была дэпутатам на працягу 12 гадоў, працавала ў камісіі па народнай адукацыі. У 1950—1953 гадах навучалася ў аспірантуры. Абараніла кандыдатскую дысертацыю на тэму «Общественная и культурная деятельность Георгия Скорины».

У 1953—1972 гадах працавала ў Інстытуце гісторыі АН Беларусі. У 1969 годзе абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Разложение феодально-крепостнической системы и формирование капиталистических отношений в сельском хозяйстве Белоруссии в первой половине XIX века» пры Інстытуце гісторыі.

У 1972—1978 гадах загадчыца кафедры ўсеагульнай гсторыі ў БДПУ імя Максіма Танка. У 1978—1983 гадах загадчыца кафедры кафедры гісторыі БССР Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1983 года прафесар кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Навуковая спадчына

Даследавала пытанні з гісторыі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX (аграрная гісторыя, гісторыя гарадоў Беларусі, класавая барацьба на вёсцы), творчасць Ф. Скарыны, гістарыяграфію гісторыі Беларусі перыяду феадалізму[1].

Адна з аўтарак калектыўных манаграфій «Гісторыя Мінска» (Мн., 1967); «История Белорусской ССР» (Т. 2; Мн., 1961), «Гісторыя Беларускай ССР» (Т. 1; Мн., 1972), «Полацк : Гістарычны нарыс» (2-е выд.; 1987); адна з складальніцаў хрэстаматыі «Беларусь у эпоху феадалізму» (Т. 3—4; Мн., 1961—1979). Аўтар больш за 150 публікацый.

Узнагароды і прэміі

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Зноскі

  1. Белазаровіч, В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі : вучэбны дапаможнік / В. А. Белазаровіч. — Гродна : ГрДУ, 2006. — С. 278.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (21):
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Жанчыны ў Вялікай Айчыннай вайне
Катэгорыя·Дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Выкладчыкі БДУ
Катэгорыя·Памерлі ў 2004 годзе
Катэгорыя·Гісторыкі Беларусі
Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выкладчыкі БДПУ імя Максіма Танка
Катэгорыя·Дактары гістарычных навук
Катэгорыя·Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 24 лістапада
Катэгорыя·Выпускнікі гістарычнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Медыкі Вялікай Айчыннай вайны
Катэгорыя·Нарадзіліся 25 лютага
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1925 годзе
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Айчыннай вайны II ступені
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску