wd wp Пошук:

Мікалай Мікалаевіч Улашчык

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Улашчык. Мікалай Мікалаевіч Улашчык (1 (14) лютага 1906, в. Віцкаўшчына, Койданаўская воласць, Менскі павет, цяпер Дзяржынскі раён, Мінская вобласць — 14 лістапада 1986, Масква) — беларускі гісторык, археограф, этнограф, краязнавец, літаратар. Доктар гістарычных навук (1964). Аўтар навуковых прац па гісторыі ВКЛ, па праблемах летапісання, крыніцазнаўства і археаграфіі.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1924 годзе, па заканчэнні 2-й мінскай вячэрняй школы для дарослых, паступiў на сацыяльна-гiстарычнае аддзяленне педагагiчнага факультэта БДУ, якое скончыў у 1929 годзе. У 1924—30 працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і Кніжнай палаце БССР. Удзельнічаў у нацыянальна-культурным (асабліва краязнаўчым) руху, садзейнічаў заснаванню і выпуску «Летапісу беларускага друку». Пачаў публікавацца з 1924. У 1929 годзе з’явiлася яго першая навуковая публiкацыя пад назвай «Беларускi друк у 1927−1928 гадах».

Пасля ўнiверсiтэта М. Улашчыка прызвалi на вайсковую службу ў Ленiнград. Там жа яго арыштавалі 16 чэрвеня 1930 па абвiнавачваннi ў кiраўнiцтве маладзёжным цэнтрам не iснуючага «Саюза вызвалення Беларусі». 10 красавіка 1931 высланы на 5 гадоў у Налінск Вяцкай вобласці. Арыштаваны зноў у ліпені 1932 і 10 чэрвеня 1933 асуджаны паўторна; этапіраваны ў Марыінскі лагер; потым у пасёлак Суслава Кемераўскай вобласці[1]. Вызвалены вясной 1935 без права вяртання ў Беларусь. Працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах Расіі. З 1939 у Ленінградзе. Арыштаваны 23 чэрвеня 1941; высланы ў Златавуст Чалябінскай вобласці.

Пры садзеянні акадэміка Л. Арбелі 28 лістапада 1942 вызвалены, займаўся вывучэннем аграрнай гісторыі Беларусі і Літвы ХІХ ст. У 1948 выкладаў у Маскоўскім універсітэце. У 1949 звольнены з працы. Арыштаваны 23 снежня 1950; этапіраваны ў лагер пры пасёлку Суслава ў Сібіры. Вызвалены 25 сакавіка 1955.

Вярнуўся ў Маскву. Да 1986 працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі АН СССР. Пахаваны ў Мінску на Чыжоўскіх могілках.

Навукова-даследчыцкая дзейнасць

Галоўныя кірункі даследаванняў — праблемы аграрнай гісторыі, крыніцазнаўства, археаграфіі Беларусі, айчыннага летапісання. Першыя публікацыі прысвечаны нацыянальнаму кнігазнаўству, археалагічным раскопкам Банцараўскага гарадзішча (сааўтар С. С. Шутаў). У манаграфіі «Перадумовы сялянскай рэформы 1861 г. ў Літве і Заходняй Беларусі» (1965) паказаў спецыфіку аграрнага ладу на літоўска-беларускіх землях, узмацнення там эканамічных і сацыяльных зрухаў, а ў выніку развіццё тэндэнцыі, набліжанай да заходнееўрапейскіх краін, па т.зв. прускім шляху, якая стрымлівалася феадальна-прыгонніцкай сістэмай царскай Расіі.

У «Нарысах па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі феадальнага перыяду» (1973) прааналізаваў актавы матэрыял па гісторыі Беларусі, часткова Літвы і Украіны паводле археаграфічных публікацый за 1824—1940, паказаў дзейнасць даследчыкаў І. Грыгаровіча, І. Лабойкі, І. Даніловіча, С. Пташыцкага, П. Бяссонава, Я. Галавацкага, Дз. Даўгялы, М. Доўнар-Запольскага, У. Пічэты і інш. у стварэнні аб’ектыўнай, дакументальна абгрунтаванай карціны беларускай мінуўшчыны, раскрыў палітыка-ідэалагічную тэндэнцыйнасць тагачасных афіцыйных выданняў, у т.л. Віленскай археаграфічнай камісіі. 2-я частка гэтага твора (захавалася ў рукапісе, выдадзена пасмярртна пад назвай «Працы па археаграфіі і крыніцазнаўству гісторыі Беларусі», уклад. Я. М. Кісялёва, В. У. Скалабан, 1999) прысвечана крытычнаму разгляду зборнікаў дакументаў па гісторыі Беларусі 17 — 1-й пал. 19 ст., па руска-беларускіх сувязях 16—17 ст., выданняў Інстытута літаратуры АН БССР, крыніцазнаўчых матэрыялаў па беларускай літаратуры 19 ст., выданняў пра жыццё і творчасць Я. Купалы і Я. Коласа. 3 задуманага 3-га раздзела археаграфічных прац (разгляд публікацый мемуарных крыніц па гісторыі Беларусі 19 — пач. 20 ст.) прааналізаваў успаміны Э. Вайніловіча.

Упершыню пераклаў на рускую мову і падрыхтаваў да выдання «Хроніку Быхаўца» (1966), складальнік і рэдактар 32-га (1975) і 35-га (1980) тамоў беларуска-літоўскіх летапісаў у серыі Поўны збор рускіх летапісаў. Адшукаў і апісаў Ленінградскі і Краснаярскі спісы «Хронікі літоўскай і жамойцкай». Сістэматызацыя, навуковыя каментарыі, гістарыыяграфічны і археаграфічны аналіз летапісаў вызначаюцца грунтоўнасцю меркаванняў і аб’ектыўнасцю.

Навуковую значнасць маюць і гіпатэтычныя меркаванні М. Улашчыка пра дзяржаўна-кансалідуючую ролю старажытнага Наваградка, мажлівае летапісанне ў ім, пра 15 страчаных «рускіх» (беларускіх) летапісаў, выкарыстаных у «Хроніцы» М. Стрыйкоўскага, і інш.

Спалучэнне даследчыцкай дакладнасці з апавядальнай займальнасцю характэрна для гісторыка-этнаграфічных, краязнаўчых, мемуарных прац «Была такая вёска» (1989), «Хроніка» («Скарыніч», вып. 1—3, 1991—97), «Краязнаўства» («Маладосць», 1999—2000).

Творы

Артыкулы ў перыядычных і серыйных выданнях

Ушанаванне памяці

Асабісты архіў М. Улашчыка захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай АН Беларусі, часткова — у БДАМЛіМ, Нацыянальным архіве Беларусі.

У г. Старыя Дарогі М. Улашчыку ўстаноўлены помнік[4].

Літаратура

Зноскі

  1. Николай Николаевич Улащик. Мариинск — Суслово
  2. Выйшаў з друку новы том збору твораў знакамітага гісторыка Мікалая Улашчыка // Наша Ніва, 13 мая 2019
  3. Рэцэнзія: Groniowski, K. // Rocznik Białostocki. — 1962. — T. 3. — S. 527—530.
  4. Скульптар А. Шатэрнік. Помнік гісторыку Мікалаю Улашчыку
Тэмы гэтай старонкі (28):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Дактары гістарычных навук
Памерлі ў 1986 годзе
Кнігазнаўцы Беларусі
Нарадзіліся 14 лютага
Мемуарысты паводле алфавіта
Перакладчыкі Беларусі
Нарадзіліся ў Мінскім павеце
Пахаваныя на Чыжоўскіх могілках
Гісторыкі Вялікага Княства Літоўскага
Бібліятэкары Беларусі
Археографы Беларусі
Асобы
Нарадзіліся ў 1906 годзе
Перакладчыкі паводле алфавіта
Нарадзіліся ў Дзяржынскім раёне
Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Вучоныя паводле алфавіта
Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі»
Мемуарысты Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Гісторыкі Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Памерлі 14 лістапада
Пісьменнікі Беларусі
Выпускнікі педагагічнага факультэта БДУ
Памерлі ў Маскве