wd wp Пошук:

Грозава

Гро́зава[1] (трансліт.: Hrozava, руск.: Грозово) — аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, каля ракі Вужанка. Уваходзіць у склад Грозаўскага сельсавета. Насельніцтва 427 чал. (2010). Знаходзіцца за 18 км ад Капылю, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы; на аўтамабільнай дарозе Узда — Старыца.

Грозаў — даўняе мястэчка гістарычнай Случчыны. У 1920 жыхары Слуцкага павета сфарміравалі Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне.

Назва

Тапонім «Грозаў»[2] утварыўся ад імя Гроза[3]. Традыцыйная назва за савецкім часам была зменена на Грозава[4].

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню Грозаў упамінаецца ў 1-й пал. ХVІ ст. як вёска Слуцкага княства, уладанне Алелькавічаў. У 1538 г. зямля Грозаўская падаравана Жігімонтам Старым П. Корбуту “…за верныя і жыглівыя яго паслугі”.

У 1582 існавалі аднайменныя сяло, фальварак і шляхецкая ўласнасць. У другой пал. ХVІ — 1-й пал. ХVII ст. мясцовасць знаходзілася ва ўладанні Валадковічаў. У 1600 г. існаваў старажытны праваслаўны храм - Мікалаеўскі мужчынскі манастыр. У 1639 г. памешчык Навагрудскага павету Р. Валадковіч ахвяраваў манастыру некалькі маёнткаў. Фундушы храму давала і падстоліна Горват (1748).

У першай трэцы 17 ст. Валадковічы заснавалі тут яшчэ адзін мужчынскі прыстанак у імя Яна Багаслова (скасаваны ў 1860 г., далучаны да Слуцкага Троіцкага манастыра)

Паводле інвентару 1650, існавалі аднайменныя двор (4 жылыя дамы і 5 гаспадарчых пабудоў) і фальварак, былі бровар, млын і гумно.

У другой пал. ХVII ст. Грозаў перайшоў да Радзівілаў. На 1690 тут было 66 двароў. У ХVIII ст. Грозаў знаходзіўся ва ўладанні Незабытоўскіх, за якімі атрымаў статус мястэчка. У 1791 мясцовасць увайшла ў склад Случарэцкага павета.

Расійская імперыя

Сядзіба Мераеўскіх. Н. Орда, 1864

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Грозаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Слуцкага павета Мінскай губерні.

У пачатку ХІХ стагоддзя Грозавам валодаў Сарвацый Станіслаў Антон Горват, якому належыў родавы маёнтак Бабоўня[5].

На 1800 тут было 30 двароў, дзейнічалі 2 драўляныя манастыры (Яна Багаслова з царквой Успення Багародзіцы і Святога Мікалая з аднайменнай царквой) і капліца, працавалі карчма і млын, праводзіліся рэгулярныя кірмашы і штотыднёвыя таргі.

Паводле рэвізіі 1833 г. маёнтак Грозава уласнасць І. Мераеўскага, 37 цяглых двароў, 427 душ.

Паводле інвентару Грозава 1845 г., у мястэчку было 19 сялянскіх двароў (52 мужчынскiх, 45 жаночых), якія мелі 4 моргі 140 прэнтаў пляцавай зямлі, памеры надзелаў розніліся: 100, 80, 60 і менш прэнтаў. Грозаўцы паншчыны не выконвалі, а плацілі чынш, неслі натуральную дарожную павіннасць і старажоўшчыну[6].

Павел Шпілеўскі у “Падарожжы па Палессі і Беларускаму краю” (1853-55) пакінуў наступнае апісанне Грозава:

Грозаў досыць ахайны: тут ёсць некалькі невялікіх лавак, вельмі прыстойных будынкаў і пастаялых двароў… Як і ўсялякае беларускае мястэчка, Грозаў напоўнены жыдамі, якія, праўда, жывуць на асобнай вуліцы і не маюць права сяліцца каля манастыра[7].

У сярэдзіне ХІХ стагоддзя уласнікам быў Севярын Мераеўскі, які служыў міравым пасярэднікам. Падчас паўстання западозраны ў палітычнай недабранадзейнасці і высланы адміністрацыйным парадкам пад нагляд паліцыі ў Пензенскую губернію. Яго маёмасць на падставе ўказа ад 10.12.1865 падлягала абавязковаму продажу[8].

10.11.1867 Грозава набывае Людвіг Вітгенштэйн, муж Стэфаніі Радзівіл. Наступным уласнікам становіцца іх зяць Хлодвіг Гагенлоэ-Шылінгфурст. Набыты маёнтак быў аддадзены Вітгенштэйнамі ў арэнду Каралю Каліноўскаму (зяцю Севярына Мераеўскага і брату святога Рафала Каліноўскага), які пасяліўся ў суседнім Гразоўку. У Грозаве ж у 1868 годзе ён пасяліў свайго бацьку Андрэя, былога дырэктара Шляхецкага Інстытута ў Вільні, у трэцім шлюбе жанатага на Сафіі Путкамер, дачцы Марыі Верашчакі. Доўгі час Грозава было цэнтрам жыцця сям’і Каліноўскіх, крэўных Мераеўскім, хоць фармальна ім не належыла[9]. Андрэй (пам. 1878) і Караль (пам. 1886) Каліноўскія пахаваныя на могілках у Грозаве[10].

У 1864 з мэтай русіфікацыі края расійскія ўлады адкрылі ў Грозаве народнае вучылішча.

На 1870 — 99 двароў, 376 жыхароў, 3 праваслаўныя царквы, касцёл, капліца, 2 яўрэйскія малітоўныя дамы. Гандлёвымі шляхамі Грозаў злучаўся з мястэчкамі Капыль, Бабоўня, Новы Свержань і горадам Нясвіж. На 1886 — 3 праваслаўныя царквы, валасная ўправа, бровар, 3 заезныя двары, 11 крамаў, народнае вучылішча, 2 яўрэйскія школы. Згодна з вынікамі перапісу (1897), у Грозаве было 150 двароў, царква, капліца, пошта, народнае вучылішча, 24 крамы, ганчарны завод, 2 карчмы. У пач. XX ст. 177 двароў.

На 1905 год маем наступнае апісанне:

Мястэчка Грозаў знаходзіцца пры рацэ Вужанка на даволі высокім месцы і мае некалькі прыстойных будынкаў… У Грозаве дзве праваслаўныя цэрквы, праваслаўны манастыр, касцёл, два яўрэйскія малітоўныя дамы, сельская школа, крамы і бровар. У захаваных актах згадваецца завяшчанне падстоліны Горватавай ад 1748 года, у якім гаворыцца аб двух цэрквах у Грозаве - Мікалаеўскай і Ірынінскай і манастыры. Абедзве гэтыя цэрквы існуюць і ў наш час, а манастыр невялікі, але ўсё ў ім добра і вытанчана…[11]

У 1912 працавалі 2-класнае сельскае і 1-класнае народнае вучылішчы. На 1917 — 188 двароў, вінакурны і медаварны заводы.

Найноўшы час

У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 мястэчка занялі нямецкія войскі, у жніўні 1919 — ліпені і кастрычніку — лістападзе 1920 — польскае войска.

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Грозаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў лістападзе 1920 у Слуцку і мястэчку Семежава з беларускай міліцыі Слуцкага павета сфарміраваўся Грозаўскі полк[12]. Да здушэння паўстання бальшавікамі (4 снежня 1920) улада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.

На 1921 у Грозаве працавалі спажывецкая таварыства, фельчарскі пункт, 2 школы, вінзавод; на 1923 — 7-гадовая і яўрэйская школы, хата-чытальня, фельчар, 6 рамеснікаў (шаўцы, краўцы, кавалі). 20 жніўня 1924 Грозава стала цэнтрам сельсавета Грэскага раёна, на гэты час тут было 182 двары. 8 ліпеня 1931 мястэчка ўвайшло ў склад Капыльскага раёна (з 12 лютага 1935 да 17 снежня 1956 зноў у Грэскім раёне). У 1930-я ў Грозаве працавалі калгас «Інтэрнацыянал», кавальская, шавецкая, шапачная, прамысловая майстэрні, малаказавод, нафтавы млын, сукнавальня, крупадзёрка, салатопня. 27 верасня 1938 статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусветную вайну з 29 чэрвеня 1941 да 1 ліпеня 1944 Грозава знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

На 1971 у Грозаве было 189 двароў, на 1997 — 197 гаспадарак, машынны двор, ветэрынарны пункт, сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, пошта, камбінат побытавага абслугоўвання насельніцтва, 5 крамаў. У 2000-я Грозава атрымала афіцыйны статус аграгарадка. На 2007 — 167 гаспадарак, на 2010 — 159.

Насельніцтва

Інфраструктура

У Грозаве працуюць школа, дашкольная ўстанова, бальніца, 2 бібліятэкі, дом культуры, пошта.

Турыстычная інфармацыя

Крыж абаронцам БНР

У Грозаве на колішняй плошчы Рынак, каля будынка былога касцёла пастаўлены мемарыяльны крыж у гонар абаронцаў незалежнасці Беларусі.

Славутасці

Страчаная спадчына

Вядомыя асобы

Галерэя

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Гро́заў, м.
  2. Грозаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. С. 447.
  3. 1 2 Грозава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 2. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. С. 160.
  4. Падарожжы Свабоды: Грозаў (нявызн.). Радыё Свабода (21 лютага 2014).
  5. Грозов, усадьба Мержеевских // Анатолий Тарасович Федорук: Старинные усадьбы Минского края. Mińsk: Полифакт, 2000. С. 162–163.
  6. Соркіна Іна. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII - першай палове ХІХ стагоддзя. - Вільня: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2010. - С. 172.
  7. Шпилевский П.М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю. Минск: Беларусь, 2004. С. 229.
  8. Матвейчык Дзмітрый. Удзельнікі паўстання 1863-64 гадоў: біяграфічны слоўнік. Мінск: Беларусь, 2016. С. 381.
  9. Hrozów, [w:] Roman Aftanazy, Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej, wyd. drugie przejrzane i uzupełnione, t. 2: Województwa brzesko-litewskie, nowogrodzkie, Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1993, s. 217–219
  10. Gil Czesław. Wychwalajcie mężów sławnych. Wspomnienia o św. Rafale Kalinowskim. Bielsko-Biała: Wydawnictwo Karmelitów Bosych, 2013.
  11. http://www.kopylmuzey.by/projects.php
  12. Грыцкевіч А. Грозаўскі полк // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 155.
  13. Шаблюк В. Грозава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. С. 155.
  14. Грозава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 2. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. С. 161.
  15. Грозава // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8, кн. 2. Мінская вобласць / Рэдкалегія: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2011. С. 162.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Грозава
Катэгорыя·Мястэчкі Новагародскага ваяводства
Катэгорыя·Артыкулы з праблемамі ў параметрах шаблонаў
Катэгорыя·Населеныя пункты Капыльскага раёна
Катэгорыя·Грозаўскі сельсавет
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Аграгарадкі Мінскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара