«Бяссла́ўныя вы́радкі» (англ.: Inglourious Basterds [sic], МФА: [ɪnˈɡlɔɹ.i.əs ˈbæstɝdz]) — фільм, зняты рэжысёрам Квенцінам Таранціна па сваім сцэнарыі. Здымкі фільма пачаліся ўвосень 2008 года ў Францыі і Германіі, прэм’ера адбылася на Канскім кінафестывалі ў 2009 годзе. Дзеянне карціны, у якой зняліся Брэд Піт, Майк Маерс, Элай Рот і Крыстаф Вальц, адбываецца ў Францыі падчас Другой сусветнай вайны.
Фільм атрымаў пераважна станоўчыя водгукі кінакрытыкаў і сабраў у сусветным пракаце больш за 320 млн долараў[13][14]. Карціна была высунута на дзевяць прэмій «Оскар» (перамагла ўсяго ў адной намінацыі — прэмія «за найлепшую мужчынскую ролю другога плана» дасталася Крыстафу Вальцу, які таксама атрымаў «Залаты глобус» і BAFTA), чатыры прэміі «Залаты глобус» і шэсць прэмій BAFTA[15][16][17]. Акцёрская праца Крыстафа Вальца, які выканаў ролю штандартэнфюрара СС Ганса Ланды, была высока ацэнена вядучымі кінааналітыкамі свету, многія з якіх прызнавалі яе «жамчужынай» фільма і «сакрэтнай зброяй Таранціна»[18][19][20].
Падводзячы кінавынікі дзесяцігоддзя, шмат хто з аглядальнікаў уключыў «Бясслаўных вырадкаў» ва ўласныя спісы найлепшых фільмаў не толькі года, але і першых дзесяці гадоў XXI стагоддзя[21][22].
У арыгінале фільм называецца «Inglourious Bastеrds», хоць граматычна і арфаграфічна правільна было б напісаць «The Inglorious Bastards». У якасці загалоўка для сваёй карціны Квенцін Таранціна ўзяў амерыканскую пракатную назву фільма Энца Дж. Кастэлары «Гэты пракляты бронецягнік», вядомага ў ЗША як «Бясслаўныя вырадкі» — «The Inglorious Bastards», наўмысна адмовіўшыся ад артыкля і дапусціўшы дзве арфаграфічныя памылкі. Таму, каб перадаць задуму аўтара, варта перакладаць назву фільма таксама з памылкамі. Напрыклад, расійскі кінакрытык і кіназнаўца Андрэй Плахаў прапанаваў варыянт назвы «Бязслаўныя выраткі» (руск.: Безславные ублютки)[23].
На пытанне, чаму ён дапусціў арфаграфічныя памылкі ў назве фільма, сам Таранціна адказваў: «Я ніколі гэтага не стану тлумачыць»[24]. Але журналісты дамагліся прызнання: «Чаму „выраткі?“ Ды проста таму, што яно так вымаўляецца: „выраткі“»[25].
«Паляўнічы за яўрэямі» штандартэнфюрар СД Ганс Ланда наносіць нечаканы візіт у дом французскага фермера Пер’е ЛаПадзіта ў пошуках членаў яўрэйскай сям’і Дрэйфусаў. Пасля доўгага допыту Пер’е ЛаПадзіт вымушаны прызнацца, што хавае іх у сябе. Па загадзе Ганса Ланды салдаты расстрэльваюць людзей, якія хаваюцца пад падлогай, аднак 18-гадовай Шашанне Дрэйфус удаецца збегчы. Ланда хацеў застрэліць яе, але чамусьці адпусціў.
Паралельна лейтэнант Альда Рэйн збірае групу амерыканскіх салдат яўрэйскага паходжання для выканання місіі тэрору на тэрыторыі акупаванай Францыі. Задача групы простая: забіваць нацыстаў самым жорсткім чынам з мэтай помсты, дэмаралізацыі і застрашвання нямецкай арміі.
Чуткі пра атрад хутка распаўсюджваюцца ў Рэйху, і атрад атрымлівае мянушку «Вырадкі». Камандзіру ж далі мянушку Альда «Апач» за тое, што ён сам і яго салдаты здымаюць са сваіх ахвяр скальпы. Апавяданне пра члена атрада Доні Донавіца па мянушцы «Жыд-Мядзведзь» даходзіць да самога Гітлера, чым выклікае яго ашалелы гнеў. Іншы ўдзельнік групы — сяржант (унтэр-фельдфебель) Хуга Штыгліц — забіў 13 афіцэраў Вермахта і СС, дзякуючы чаму атрымаў шырокую славу сярод эсэсаўцаў.
Да Гітлера прыводзяць салдата, які быў у палоне «Вырадкаў». Яны забілі яго сяржанта і радавога таварыша па службе, але салдата не сталі забіваць (таму што ён выдаў «Вырадкам» пазіцыю нямецкага патруля), сказаўшы, што зробяць яму «падаруначак». У канцы раздзела паказана, як «Апач» і «Жыд-Мядзведзь» глядзяць на выразаную імі на лбу салдата свастыку.
Уцалелая Шашанна змяніла імя на Эмануэль Мім’ё і стала гаспадыняй кінатэатра, які, быццам бы, дастаўся ёй у спадчыну. На яе звяртае ўвагу нямецкі герой-снайпер Фрэдэрык Цолер, які ў фільме «Гонар нацыі» пра яго подзвіг, знятым пад эгідай рэйхсміністра прапаганды Германіі Ёзэфа Гебельса, у галоўнай ролі сыграў сам сябе.
Цолер, які суправаджае Ёзэфа Гебельса, настойліва ўгаворвае міністра перанесці прэм’еру ў кінатэатр «Le Gamaar», які належыць Эмануэль. На прэм’еру збіраецца ўсё вышэйшае кіраўніцтва Рэйха, і нават сам Гітлер вырашае наведаць важнае прапагандысцкае мерапрыемства. Эмануэль разам са сваім каханым чарнаскурым Марселем за гібель сваёй сям’і і пакуты яўрэйскага народа задумваюць падпаліць кінатэатр падчас прэм’еры.
Тым часам англійскае камандаванне прымае рашэнне накіраваць лейтэнанта Арчы Хікакса да «Вырадкаў» для ўдзелу ў аперацыі «КІ́НА». Мэта — знішчыць вышэйшае кіраўніцтва Рэйха падчас прагляду фільма пра Фрэдэрыка Цолера. Групе трэба будзе сустрэцца з двайным агентам — завербаванай актрысай Брыджэт (Брыгітай) фон Хамерсмарк і з яе дапамогай патрапіць на прэм’еру. Яны сустракаюцца ў шынку, дзе ў той жа час нямецкія салдаты святкуюць нараджэнне сына ў таварыша па службе. Гутаркай групы зацікавіўся афіцэр гестапа. У выніку выкрыцця нацыянальнасці лейтэнанта Арчы Хікакса адбываецца перастрэлка, дзе гінуць усе Вырадкі, якія знаходзіліся ў зале — тыя, хто ведаў нямецкую мову, а актрыса паранена ў нагу. Астатнія Вырадкі вывозяць актрысу фон Хамерсмарк і задумваюць пракрасціся на прэм’еру пад выглядам італьянскіх кінематаграфістаў, якія суправаджаюць Брыджэт фон Хамерсмарк.
У выніку дасканалага валодання Ландам італьянскаю моваю план групы практычна парушаецца, а кульмінацыя разгортваецца ў кінатэатры, дзе Эмануэль і астатнія з «Вырадкаў», нічога не ведаючы адно аб адным, паспрабуюць скончыць вайну адным ударам: Шашанна збіраецца падпаліць кінатэатр, а «Вырадкі» падарваць.
Ганс Ланда даведваецца, што актрыса была ў шынку, дзе была перастрэлка, душыць яе і захоплівае яе суправаджальнікаў: лідара «Вырадкаў» Альда Рэйна і радавога Юцівіча па мянушцы «Ліліпут».
Фінал кінастужкі прадстаўлены ў жанры альтэрнатыўнай гісторыі — Гітлер расстраляны з аўтамата “Жыдом-Мядзведзем”, усе вярхі рэйха гінуць пры выбуху і пажары кінатэатра.
Пакуль кінатэатр спальвалі і ўзрывалі, Ланда не забівае палонных, а прапануе здзелку: ён дазволіць ім знішчыць Гітлера, Герынга, Гебельса і Бормана, калі «Вырадкі» звяжуць яго са сваім камандаваннем. Ён абяцае завяршыць вайну ў абмен на медаль Кангрэса, абвяшчэнне яго кіраўніком аперацыі «КІ́НА», вызваленне ад праследавання за нацысцкія злачынствы і спакойнае жыццё да старасці. Цэнтр загадвае пагадзіцца з умовамі Ланды. Ланда пакідае Апача і Ліліпута ў жывых і едзе з імі да лініі фронту. Пасля яе перасячэння Ланда і яго кіроўца Герман афіцыйна здаюцца Апачу, але той прыстрэльвае кіроўцу, загадваючы Ліліпуту зняць з яго скальп. Потым Апач цікавіцца ў Ханса Ланды, ці здыме той пасля вайны сваю эсэсаўскую форму. Не атрымаўшы адказу, Апач ціха кажа яму на вуха, што, была б яго воля, Ланда насіў бы гэтую форму ўсё астатняе жыццё, але, раз гэта немагчыма, ён выража яму на ілбе «тое, што нельга зняць» — свастыку, каб яго нацысцкае мінулае ніколі не было ўтоена.
Фінал выглядае гэтак жа, як і ў другім раздзеле, толькі Апач глядзіць на Ланду разам з Юцівічам, усміхаючыся і гаворачы, што гэта «цалкам цягне на шэдэўр».
Пра планы зняць ваенны фільм Таранціна казаў яшчэ у пачатку 2000-х гадоў[26]. Рэжысёр патраціў амаль сем гадоў, каб напісаць сцэнарый да «Бясслаўных вырадкаў». Як прызнаўся Таранціна, ён «даражыў кожнай старонкай сцэнарыя, з-за чаго сюжэт рос і пашыраўся»[27]. Акрамя таго, ён адчуваў, што гэты сцэнарый — лепшы з ім напісаных[28]. Таранціна ахарактарызаваў фільм так: «Гэта мая версія „Бруднага тузіна“, „Гармат вострава Наваронэ“ і „Там, дзе гняздуюцца арлы(англ.) бел.“»[29].
У 2002 годзе Таранціна зразумеў, што на стварэнне фільма патрэбна больш часу, чым планавалася. Да таго ж яго калегі ў той час якраз здымалі фільмы пра Другую сусветную вайну[30]. У сувязі з гэтым Таранціна адмовіўся ад задумкі і перайшоў да рэжысавання дылогіі «Забіць Біла»[30]. Пасля заканчэння здымак «Забіць Біла» рэжысёр вярнуўся да сцэнарыя «Вырадкаў» і вырашыў зрабіць не фільм, а міні-серыял[31]. Ён скараціў сцэнарый, кіруючыся даўжынёй сцэнарыя «Крымінальнага чытва»[32]. Тады ж ён заявіў пра тое, што здымкі фільма пачнуцца ў 2005 годзе[33]. Меркаваным сюжэтам фільма павінны былі стаць уцёкі атрада салдат перад пакараннем смерцю і іх дапамога антыгітлераўскай кааліцыі. Таранціна апісаў салдат як «незвычайных герояў Другой сусветнай вайны»[34].
У лістападзе 2004 года Таранціна зноў памяняў свае планы і вырашыў адкласці вытворчасць «Бясслаўных вырадкаў» дзеля таго, каб сыграць у вестэрне Такасі Міікэ «Сукіякі Вестэрн Джанга», а таксама зняць фільм пра кунг-фу на паўночнакітайскай мове[35]. У 2007 годзе разам з Робертам Радрыгесам Таранціна зрэжысіраваў карціну «Грайндхаус», пасля чаго канчаткова вярнуўся да працы над «Вырадкамі»[33].
Адразу ж пасля прэм’еры фільма сцэнарый карціны быў апублікаваны ў якасці асобнай кнігі і перакладзены на некалькі моў[36].
Мноства класічных кінастужак паўплывала на Таранціна падчас здымак «Бясслаўных вырадкаў». Па яго прызнанні, уся пачатковая сцэна «Вырадкаў» (візіт штандартэнфюрара Ланды ў дом малочніка ЛаПадзіта) цалкам скапіравана з аналагічнай сцэны наведвання Сентэнца фермы салдата Стывенса ў знакавым спагецці-вестэрне Серджа Леонэ «Добры, дрэнны, злы»[37].
У працы Таранціна знайшлося месца і беларускаму савецкаму кінематографу — растрэл Гітлера і наступнае за ім спаленне кінатэатра Шашанны адсылаюць да ваеннай драмы Элема Клімава «Ідзі і глядзі»[38].
У снежні 2009 года адбылася спецыяльная вечарына з нагоды выпуску DVD і Blu-ray выданняў фільма. На ёй рэжысёр прадставіў гледачам некалькі 35-мм трэйлераў тых карцін, якія аказалі вялікі ўплыў на яго[39]. У іх лік увайшлі (акрамя, вядома ж, саміх «Бясслаўных вырадкаў» Кастэлары):
Яшчэ ў 2005 годзе, калі яшчэ быў амаль невядомы сюжэт карціны, на галоўныя ролі разглядаліся тры знакамітыя акцёры баявікоў: Брус Уіліс, Сільвестр Сталонэ і Арнольд Шварцэнэгер[40]. Таранціна казаў:
Я сказаў гэта аднойчы, і я збіраюся сказаць гэта яшчэ раз. Я хачу запрасіць Бруса, Слая і Арнольда на ролі ў маім эпічным ваенным фільме. Я заўсёды марыў пра трох суперзорак, якія здымаюцца ў адным фільме. … і цяпер для гэтага самы лепшы час.
—Квенцін Таранціна, [40]
Роля Ганса Ланды першапачаткова была прызначана Леанарда Дзі Капрыа[41], аднак пазней Таранціна зразумеў, што штандартэнфюрара павінен сыграць больш сталы нямецкі акцёр[42]. У выніку ролю сыграў амаль невядомы аўстрыйскі акцёр Крыстаф Вальц. Таранціна расказваў, што ні адзін з акцёраў, якія спрабаваліся на вельмі важную ролю Ланды, не адпавядаў аўтарскай задуме, так што ён ужо быў гатовы адмяніць здымкі, але прыйшоў Вальц, прайшоў кастынг і «вярнуў мне мой фільм»[43].
Лейтэнанта Альду Рэйна з самага пачатку павінен быў сыграць Брэд Піт, з якім Таранціна ніколі раней не працаваў. І акцёр, і рэжысёр даўно выказвалі жаданне з’явіцца на адной здымачнай пляцоўцы, аднак планы ўвесь час змяняліся[44]. Калі Таранціна напісаў палову сцэнарыя, ён адчуў, што Піт — наймацнейшая кандыдатура на ролю Альды Рэйна. Скончыўшы сцэнарый, рэжысёр падумаў, што ў ролі Рэйна Піт будзе «ашаламляльным», і пазваніў яго агенту, каб даведацца, ці свабодны акцёр[44].
Сяржанта Доні Донавіца мог сыграць комік Адам Сэндлер, але ён адмовіўся, спаслаўшыся на канфлікты з кампаніяй Universal Pictures, у якой акцёр тады здымаўся ў фільме «Прыкалісты»[45]. Яго замяніў рэжысёр Элай Рот, блізкі сябар Таранціна, які, апроч акцёрскай працы, зрэжысіраваў, так званы, «фільм унутры фільма» — «Гонар нацыі», на здымках якога было задзейнічана больш за трыста акцёраў масоўкі[46]. Акрамя таго, Таранціна зацвердзіў на ролю ў фільме яшчэ аднаго коміка — лейтэнанта Арчы Хікакса павінен быў сыграць Сайман Пег, але і ён адмовіўся, аддадаўшы перавагу новаму мультфільму Стывена Спілберга “Прыгоды Цінціна: Тайна «Аднарога»[47]. Пасля ролю Хікакса выканаў нямецка-ірландскі акцёр Майкл Фасбендэр[47]. Б. Дж. Новак, зорка тэлесерыяла «Офіс», таксама пераўвасобіўся ў радавога Юцівіча[48].
Таранціна вёў перамовы з актрысай Настассяй Кінскі пра яе ўдзел у фільме ў якасці Брыджэт фон Хамерсмарк. Рэжысёр нават злятаў у Германію, каб сустрэцца з ёй і дамовіцца, аднак здзелка не адбылася, і замест Кінскі ў фільме сыграла Дыяна Кругер[49]. Род Тэйлар(англ.) бел., які выканаў у карціне амаль бязмоўную ролю прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Уінстана Чэрчыля, заявіў пра сыход з кінематографа яшчэ ў 2006 годзе, але зрабіў выключэнне спецыяльна для Таранціна[50]. Рыхтуючыся да ролі, Тэйлар перагледзеў дзясяткі дакументальных кінастужак з удзелам Чэрчыля, каб як мага лепш перадаць яго паходку і голас[51]. Цікава, што сам акцёр угаворваў Таранціна ўзяць на ролю Альберта Фіні, які ўжо іграў прэм’ер-міністра ў аднайменнай тэлестужцы 2002 года[50].
Рэжысёр «Гэтага праклятага бронецягніка» Энца Дж. Кастэлары з’явіўся ў эпізадычнай ролі нямецкага генерала[52]. Акцёры Сэмюэль Л. Джэксан і Харві Кейтэль, якія раней ужо супрацоўнічалі з Таранціна, таксама з’явіліся на здымачнай пляцоўцы, агучыўшы апавядальніка і дырэктара Упраўлення стратэгічных службаў адпаведна[53].
Стварэннем фільма занялася кампанія братоў Вайнштэйнаў The Weinstein Company. У ліпені 2008 года браты заявілі, што маюць намер як мага хутчэй скончыць фільм, каб ён змог удзельнічаць у конкурснай праграме 62-га Канскага кінафестывалю[54]. Германія і Францыя сталі месцам здымак фільма, якія стартавалі ў кастрычніку 2008 года[55].
Большая частка сцэн фільма была знята і зманціравана на кінастудыі Babelsberg Studio(англ.) бел. у Патсдаме і ў маленькім гарадку Бад-Шандау[56][57]. Элай Рот пазней сказаў, што, калі яны здымалі сцэну падпалу кінатэатра, будынак ледзь не згарэў ад высокай тэмпературы, бо работнікі здымачнай пляцоўкі думалі, што тэмпература агню будзе 400 градусаў па Цэльсію, а яна дасягала 1200[58].
Калі фінальны варыянт сцэнарыя быў скончаны, хтосьці загрузіў яго ў Інтэрнэт, і некалькі фан-сайтаў Таранціна пачалі публікаваць рэцэнзіі на яго[59].
Першы поўны тызер-трэйлер да фільма быў паказаны на тэлеканале Entertainment Tonight(англ.) бел. 10 лютага 2009 года, а ўжо праз некалькі тыдняў яго паказвалі ў кінатэатрах ЗША перад фільмам «Пятніца 13-га»[60]. Выпуск фільма адбыўся 19 жніўня 2009 года ў Вялікабрытаніі і Францыі, 20 жніўня — у Германіі і Расіі, а 21 — у ЗША[61][62].
Для нямецкага праката постары, ролікі і афіцыйны вэб-сайт падвергліся цэнзуры, бо выкарыстанне нацысцкай сімволікі забаронена ў Германіі. З лагатыпа была прыбрана свастыка; на плакатах яўна бачныя свастыкі былі або прыбраны, або заменены на дзіркі ад куль[63]. Акрамя таго, нямецкая версія даўжэйшая за іншыя міжнародныя версіі прыкладна на 50 секунд. Сцэна з немцамі ў карчме, якія адгадваюць карту салдата з надпісам «Вінету», ідзе ў нямецкай версіі даўжэй. На ліцэнзійных відэаносьбітах у іншых краінах гэту версію сцэны можна ўбачыць у дадатковых матэрыялах, але нямецкая кіна-, DVD- і Blu-Ray-версіі — адзіныя, дзе яна ўключана ў фільм[63].
У першую пятніцу паказу фільм зарабіў 14,3 мільёнаў долараў у Паўночнай Амерыцы, а на выхадных зборы дасягнулі адзнакі ў 38 мільёнаў долараў, апярэдзіўшы «Раён № 9»[64][65]. У першыя дзесяць дзён пракату фільм зарабіў 73 мільёны долараў, апярэдзіўшы ўсіх сапернікаў[66]. Вынікам пракату карціны стала лічба ў 321 мільён долараў[67][68].
У СНД фільм сабраў каля 6 мільёнаў долараў[69].
Першае DVD-выданне фільма (на адным дыску, двух і Blu-ray) выйшла 15 снежня 2009 года ў ЗША і Аўстраліі, у Вялікабрытаніі — 7 снежня таго ж года[70]. На працягу першага тыдня пасля выпуску «Бясслаўныя вырадкі» паказвалі добры вынік па продажы DVD, саступаючы толькі фільму «Хлапечнік у Вегасе». Усяго ў ЗША было прададзена больш за паўтара мільёна дыскаў, прыбытак склаў 28 мільёнаў долараў[71].
Кампазітарам фільма стаў Эніа Марыконэ, які працаваў з Таранціна ўпершыню. Рэліз саўндтрэка адбыўся 18 жніўня 2009 года. Саўндтрэк складаецца з розных жанраў музыкі, пачынаючы з кампазіцый, уласцівых спагеці-вестэрнам, і заканчваючы R&B[72]. Альбом з саўндтрэкам быў намінаваны на прэмію «Грэмі» у катэгорыі «Найлепшы кампіляцыйны саўндтрэк для фільма, тэлевізійнага фільма ці іншых візуальных медыятвораў», але прайграў саўндтрэку фільма «Мільянер з трушчоб»[73].
№ | Назва | Працягласць |
---|---|---|
1. | «The Green Leaves of Summer» | 1:55 |
2. | «The Verdict (La Condanna)» | 1:13 |
3. | «White Lightning (Main Title)» | 2:55 |
4. | «Slaughter» | 4:24 |
5. | «The Surrender (La resa)» | 2:47 |
6. | «One Silver Dollar (Un Dolaro Bucato)» | 2:02 |
7. | «Davon geht die Welt nicht unter» | 2:33 |
8. | «The Man with the Big Sombrero» | 1:49 |
9. | «Ich wollt' ich wär ein Huhn» | 2:44 |
10. | «Main Theme from Dark of the Sun» | 3:10 |
11. | «Cat People (Putting Out Fire)» | 4:10 |
12. | «Tiger Tank» | 1:17 |
13. | «Un Amico» | 2:35 |
14. | «Rabbia e Tarantella» | 3:53 |
№ | Назва | Працягласць |
---|---|---|
1. | «L'incontro Con La Figlia» | 2:45 |
2. | «Il Mercenario (ripresa)» | 2:07 |
3. | «Algiers November 1, 1954» | 2:27 |
4. | «Hound Chase (intro)» | 0:45 |
5. | «The Saloon (from Al Di Là Della Legge)» | 2:36 |
6. | «Bath Attack» | 0:54 |
7. | «Claire's First Appearance» | 2:58 |
8. | «The Fight» | 0:47 |
9. | «Mystic and Severe» | 3:08 |
10. | «The Devil's Rumble» | 1:39 |
11. | «What'd I Say» | 7:12 |
12. | «Zulus» | 2:33 |
13. | «Eastern Condors» | 3:53 |
Фільм быў станоўча ўспрыняты большасцю кінакрытыкаў і мае сярэднюю адзнаку крытыкаў у 88 % на агрэгатары Rotten Tomatoes[13]. Рычард Корліс з TIME пахваліў рашэнне Таранціна прыдумаць для сусветнай вайны новы фінал: «Усе ж ведаюць, чым скончыцца справа. Дрэнныя хлопцы прайграюць. Гітлер загінуў у сваім бункеры. Дзе тут інтрыга? Дзе нявызначанасць? Для большасці фільмаў пра вайну гістарычныя факты — нешта недатыкальнае»[82].
Дж. Хоберман у «Village Voice» развіў тэзіс рэжысёра пра тое, што «Бясслаўныя вырадкі» — гэта спагеці-вестэрн, дзеянне якога перанесена ў Еўропу ваеннага часу: «Перад намі — альтэрнатыўная Другая сусветная, у якой яўрэі тэрарызуюць і нішчаць нацыстаў; свайго роду справядлівы халакост»[83]. Хоберман параўноўвае Таранціна са Спілбергам у тым, што яны абодва навязваюць сваю волю гісторыі вялікай вайны; пры гэтым «Бясслаўныя вырадкі» — як і кожны вестэрн — спрабуе намацаць мяжу гвалту, дапушчальнага ў імя дасягнення высакароднай мэты[83].
Роджэр Эберт прызнаў «Бясслаўных вырадкаў» адным з найлепшых фільмаў года («У цэнтры гэтага кінапалатна — Герой, Нацыст і Дзяўчына»)[84]. Паводле Эберта, Таранціна ў чарговы раз пацвердзіў сваю здольнасць ствараць Персанажаў з вялікай літары; яны «здаюцца буйнейшымі, чым большасць людзей, якіх мы бачым на кінаэкранах»[84].
Манола Даргіс з The New York Times, якая вельмі негатыўна ацаніла папярэднія працы Таранціна, не змяніла да яго стаўлення і пасля «Бясслаўных вырадкаў». У сваёй рэцэнзіі яна адзначыла грубую акцёрскую працу Ларан і Рота, якіх зусім засланіў «нацысцкі злыдзень-спакуснік» у выкананні Вальца[85]. Крытыка насцярожыла, што станоўчыя персанажы не могуць спаборнічаць з нацыстам у «жангліраванні словамі і харызме»[85]. Нягледзячы на зацягнутасць дыялогаў, Даргіс усё ж пахваліла майстэрства, з якім Таранціна зняў першую сцэну фільма, дзе камера кружыць вакол французскага фермера, «як бы закручваючы вакол яго пятлю»[85].
Акцёрская праца Крыстафа Вальца заняла асобнае месца ў водгуках кінакрытыкаў. Аглядальнік сайта thepassionatemoviegoer Джо Бэлтэйк падагульніў сваю рэцэнзію так: «Вялікі персанаж, вялікі акцёр: Крыстаф Вальц хвалююча чароўны ў майстэрскіх „Бясслаўных вырадках“ Квенціна Таранціна»[86]. Колін Кловерт з газеты Star Tribune пахваліў пераўвасабленне Брэда Піта, аднак, па словах Кловерта, яго абыйшоў калега па фільме: «Прарыўная акцёрская ігра Вальца, які сыграў чароўна паскуднага палкоўніка Ланду, настолькі разумнага, інтэлігентнага і каварнага злыдня, які павярнуў усю Другую сусветную вайну ў бок уласнага махлярства. Яго сухое паданне свайго персанажа, якое ахапіла чатыры мовы, ужо прынесла яму прыз за найлепшую мужчынскую ролю на Канскім кінафестывалі, і, безумоўна, прыцягне ўвагу „Оскара“ з часам»[87].
Асабліва адзначалася жанравая своеасаблівасць карціны, якая, як і папярэднія фільмы Таранціна, у першую чаргу з’яўляецца пастышам з любімых фільмаў рэжысёра[82]. Па словах Эберта, «„Бясслаўныя вырадкі“ фільм пра вайну не большы, чым „Крымінальнае чытво“ — фільм пра… а пра што наогул быў той фільм?»[84]. Асобныя «раздзелы» фільма зроблены па канонах розных жанраў і адсылаюць да іх класічных твораў. Так, пралог, дзеянне якога адбываецца на малочнай ферме, тытрамі «Аднойчы, у акупіраванай нацыстамі Францыі… 1941» і музыкай Марыконэ цытуе вестэрн «Аднойчы на Дзікім Захадзе» Серджа Леонэ. Другая глава — гэта варыяцыя на тэму класічнага сюжэту пра групу дыверсантаў у варожым тыле. І ў гутарцы Шашанны з Цолерам, і падчас сустрэчы «Вырадкаў» у карчме, дзе яны гуляюць у «здагадайку», адкрыта цытуюцца класічныя даваенныя фільмы. Вобраз Гітлера, як адзначаюць і Цыркун, і Трафіменкаў, нагадвае карыкатурнага фюрара з камедыі Эрнста Любіча «Быць ці не быць»[88][89].
Інфармацыя па ўзнагародах і намінацыях прадстаўлена паводле дадзеных сайта IMDB[90] і AllMovie[91]:
Дата цырымоніі | Прэмія | Катэгорыя | Лаўрэаты і намінанты | Вынікі |
---|---|---|---|---|
13—24 мая 2009 | Канскі кінафестываль | Прыз за найлепшую мужчынскую ролю | Крыстаф Вальц | Перамога |
«Залатая пальмавая галіна» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
7 снежня 2009 | Асацыяцыя кінакрытыкаў Вашынгтона | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
«Найлепшы арыгінальны сцэнарый» | Квенцін Таранціна | Перамога | ||
«Найлепшая рэжысёрская праца» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшы фільм» | Лоўрэнс Бэндар | Намінацыя | ||
13 снежня 2009 | Асацыяцыя кінакрытыкаў Лос-Анджэлеса | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
13 снежня 2009 | Таварыства кінакрытыкаў Бостана | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
14 снежня 2009 | Кола кінакрытыкаў Нью-Ёрка | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
15 снежня 2009 | Асацыяцыя кінакрытыкаў Осціна | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
«Найлепшая жаночая роля» | Мелані Ларан | Перамога | ||
«Найлепшы арыгінальны сцэнарый» | Квенцін Таранціна | Перамога | ||
15 снежня 2009 | Таварыства кінакрытыкаў Сан-Дыега | «Найлепшы фільм» | Лоўрэнс Бэндар | Перамога |
«Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога | ||
«Найлепшы акцёрскі склад» | Перамога | |||
«Найлепшая рэжысёрская праца» | Квенцін Таранціна | Перамога | ||
«Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка» | Дэвід Вэска | Перамога | ||
«Найлепшы арыгінальны сцэнарый» | Квенцін Таранціна | Перамога | ||
«Найлепшы мантаж» | Салі Менке | Намінацыя | ||
«Найлепшая аператарская праца» | Роберт Рычардсан | Намінацыя | ||
20 снежня 2009 | «Спадарожнікавая ўзнагарода» | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
«Найлепшая аператарская праца» | Роберт Рычардсан | Намінацыя | ||
21 снежня 2009 | Асацыяцыя кінакрытыкаў Чыкага | «Найлепшы фільм» | Лоўрэнс Бэндар | Намінацыя |
«Найлепшая рэжысёрская праца» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшы арыгінальны сцэнарый» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога | ||
«Найлепшая аператарская праца» | Роберт Рычардсан | Намінацыя | ||
22 снежня 2009 | Таварыства кінакрытыкаў Фенікса | «Найлепшы фільм» | Лоўрэнс Бэндар | Перамога |
«Найлепшая рэжысёрская праца» | Квенцін Таранціна | Перамога | ||
«Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога | ||
«Найлепшы акцёрскі склад» | Перамога | |||
6 студзеня 2010 | «Выбар народа» | «Любы незалежны фільм» | Перамога | |
15 студзеня 2010 | «Выбар крытыкаў» | «Найлепшы арыгінальны сцэнарый» | Квенцін Таранціна | Перамога |
«Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога | ||
«Найлепшы акцёрскі склад» | Перамога | |||
«Найлепшы фільм» | Лоўрэнс Бэндар | Намінацыя | ||
«Найлепшая рэжысёрская праца» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшы баявік» | Намінацыя | |||
«Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка» | Дэвід Вэска | Намінацыя | ||
«Найлепшая аператарская праца» | Роберт Рычардсан | Намінацыя | ||
«Найлепшы дызайн касцюмаў» | Ганна Б. Шэпард | Намінацыя | ||
«Найлепшы мантаж» | Салі Менке | Намінацыя | ||
17 студзеня 2010 | «Залаты глобус» | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
«Найлепшая рэжысёрская праца» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшы драматычны фільм» | Лоўрэнс Бэндар | Намінацыя | ||
«Найлепшы сцэнарый» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
23 студзеня 2010 | Прэмія Гільдыі кінаакцёраў ЗША | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
«Найлепшы акцёрскі склад» | Перамога | |||
«Найлепшая жаночая роля другога плана» | Дыяна Кругер | Намінацыя | ||
24 студзеня 2010 | Гільдыя прадзюсараў ЗША | «Прадзюсар года» | Лоўрэнс Бэндар | Намінацыя |
30 студзеня 2010 | Гільдыя рэжысёраў ЗША | «Найлепшая рэжысёрская праца ў кінастужцы» | Квенцін Таранціна | Намінацыя |
31 студзеня 2010 | «Грэмі» | «Найлепшы кампіляцыйны саўндтрэк для візуальных сродкаў масавай інфармацыі» | Эніа Марыконэ і іншыя кампазітары | Намінацыя |
13 лютага 2010 | Гільдыя мастакоў ЗША | «Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка ў кінастужцы» | Дэвід Вэска | Намінацыя |
18 лютага 2010 | Лонданскі гурток кінакрытыкаў | «Акцёр года» | Крыстаф Вальц | Перамога |
20 лютага 2010 | Гільдыя мантажораў ЗША | «Найлепшыя дыялогі ў кінастужцы» | Перамога | |
«Найлепшыя гукавыя эфекты ў кінастужцы» | Намінацыя | |||
21 лютага 2010 | BAFTA | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
«Найлепшая рэжысёрская праца» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшы арыгінальны сцэнарый» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшая аператарская праца» | Роберт Рычардсан | Намінацыя | ||
«Найлепшы мантаж» | Салі Менке | Намінацыя | ||
«Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка» | Дэвід Вэска, Сэндзі Рэйнальдс Вэска | Намінацыя | ||
27 лютага 2010 | Таварыства аператараў ЗША | «Найлепшая аператарская праца ў кінастужцы» | Роберт Рычардсан | Намінацыя |
7 сакавіка 2010 | «Оскар» | «Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Перамога |
«Найлепшы фільм» | Лоўрэнс Бэндар | Намінацыя | ||
«Найлепшая рэжысёрская праца» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшы арыгінальны сцэнарый» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшая аператарская праца» | Роберт Рычардсан | Намінацыя | ||
«Найлепшы мантаж» | Салі Менке | Намінацыя | ||
«Найлепшы мантаж гуку» | Уайлі Стэйтмен | Намінацыя | ||
«Найлепшы гук» | Майкл Мінклер, Тоні Ламберці, Марк Улана | Намінацыя | ||
31 мая 2010 | Кола кінакрытыкаў Аўстраліі | «Найлепшы фільм на замежнай мове» | Лоўрэнс Бендэр | Намінацыя |
6 чэрвеня 2010 | MTV Movie Awards | «Найлепшы злыдзень» | Крыстаф Вальц | Намінацыя |
24 чэрвеня 2010 | «Сатурн» | «Найлепшы баявік/трылер» | Перамога | |
«Найлепшая жаночая роля» | Мелані Ларан | Намінацыя | ||
«Найлепшая мужчынская роля другога плана» | Крыстаф Вальц | Намінацыя | ||
«Найлепшая жаночая роля другога плана» | Дзіяна Кругер | Намінацыя | ||
«Найлепшая рэжысёрская праца» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшы сцэнарый» | Квенцін Таранціна | Намінацыя | ||
«Найлепшы дызайн касцюмаў» | Ганна Б. Шэпард | Намінацыя |
Гэты артыкул уваходзіць у лік выдатных артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |