wd wp Пошук:

Марцін Борман

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Борман. Ма́рцін Бо́рман (17 чэрвеня 1900, Вегелебен каля горада Гальберштат, Гановер, Германская імперыя — 2 мая 1945, Берлін, Трэці рэйх) — нямецкі дзяржаўны і палітычны дзеяч, начальнік Партыйнай канцылярыі НСДАП (1941—1945), асабісты сакратар фюрара (1942—1945), рэйхсміністр па справах партыі (30 красавіка — 2 мая 1945), начальнік Штаба намесніка фюрара (1933—1941). Рэйхсляйтар (з 1933 года). Да канца вайны набыў значны ўплыў асабістага сакратара, які кантраляваў патокі інфармацыі і доступ да Гітлера.

У 1922 годзе ўступіў у фрайкор. За саўдзельніцтва ў здзейсненым Рудольфам Хёсам(руск.) бел. забойстве Вальтэра Кадава, звінавачанага нацыстамі ў здрадзе Леа Шлагетэра, правёў амаль год у турме. У 1927 годзе ўступіў у НСДАП, дзе працаваў у страхавым аддзеле, у 1937 годзе — у СС. У 1933 годзе быў прызначаны начальнікам штаба намесніка фюрара Рудольфа Геса.

Выкарыстаў службовае становішча для пашырэння ўласнага ўплыву і стварэння бюракратычнага апарату. З 1935 года выконваючы абавязкі асабістага сакратара фюрара (у 1943 годзе Борман быў афіцыйна зацверджаны на гэты пост), уваходзіў у блізкае кола Гітлера і ўсюды яго суправаджаў, арганізуючы начальніку брыфінгі і падаючы яму зводкі падзей. Пасля таго, як 10 мая Гес самавольна вылецеў у Брытанію для мірных перамоў, Марцін заняў пост начальніка Партыйнай канцылярыі НСДАП, прыняўшы на сябе абавязкі былога намесніка фюрара. Борман зацвярджаў прызначэнне грамадзянскіх кіраўнікоў і прыняцце новага заканадаўства, да канца 1943 года дэ-факта сканцэнтраваўшы ўладу ў краіне ва ўласных руках. Быў адным з галоўных прыхільнікаў пераследаў хрысціянскай царквы, яўрэяў і славян на акупаваных Германіяй тэрыторыях.

16 студзеня 1945 года ўслед за Гітлерам пераехаў у Фюрарбункер. Пасля таго, як яго начальнік здзейсніў самагубства(англ.) бел., 2 мая ў складзе групы пакінуў Рэйхсканцылярыю. Меркавана, здзейсніў самагубства на мосце блізу станцыі Лертэр(ням.) бел.. За ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці на Нюрнбергскім трыбунале быў завочна прысуджаны да пакарання смерцю праз павешанне. У 1972 годзе пры раскопках былі выяўленыя рэшткі Бормана.

Ранняе жыццё

Нарадзіўся ў лютэранскай сям’і паштовага службоўца Тэадора Бормана. Меў зводных брата і сястру ад першага шлюбу бацькі і крэўнага брата Альберта(руск.) бел.. У 1903 годзе Тэадор сканаў і маці зноў выйшла замуж[6]. Вучыўся ў сельскагаспадарчым каледжы, у чэрвені 1918 года быў прызваны ў армію і залічаны ў 55-ы пешы артылерыйскі полк, аднак удзелу ў баявых дзеяннях не браў, несучы гарнізонную службу. У лютым наступнага года быў дэмабілізаваны. Некаторы час працаваў на кармавым млыне, потым наняўся кіраўніком вялікай фермерскай гаспадаркі ў Мекленбургу[7] і ўступіў у антысеміцкую землеўласніцкую арганізацыю[8]. Падчас эканамічнага крызісу і гіперінфляцыі пачасціліся выпадкі крадзяжу запасаў харчу з фермаў і многія землеўласнікі наймалі атрады фрайкора для аховы. Месца працы Бормана не стала выключэннем, і ў 1922 годзе ён уступіў у адно з такіх падраздзяленняў пад кіраўніцтвам Герхарда Росбаха(англ.) бел., дзе служыў камандзірам аддзялення і скарбнікам[9].

17 сакавіка 1924 года за дапамогу свайму сябру Рудольфу Хёсу ў забойстве школьнага настаўніка Вальтэра Кадава быў прысуджаны да года турэмнага зняволення[10][11]. Злачынцы былі перакананыя, што загінулы выдаў французскім акупацыйным(руск.) бел. уладам планы члена фрайкора Леа Шлагетэра па сабатажы аб’ектаў французскай прамысловасці. Шлагетэр быў арыштаваны і 23 мая 1923 г. пакараны смерцю. У ноч на 31 мая Хёс, Борман і група іх саўдзельнікаў вывезлі Кадава за горад, дзе збілі Вальтэра і перарэзалі яму горла[12]. Пасля прызнання аднаго з нападнікаў паліцыя выявіла цела, і ў ліпені забойцам было прад’яўлена абвінавачанне. У лютым 1925 года Борман быў умоўна-датэрмінова вызвалены[10] і вярнуўся на працу, пакуль у маі наступнага года не пераехаў да маці ў Цюрынгію[13].

Пачатак партыйнай кар’еры

У 1927 годзе ўступіў у НСДАП, пасля чаго ўладкаваўся на працу ў прапагандысцкую газету, што належала намесніку гаўляйтара Цюрынгіі, аднак нястача прамоўніцкага майстэрства вымусіла Марціна пакінуць журналістыку і ўладкавацца на гаспадарчую працу ў штабе гау[14]. У кастрычніку 1928 года пераехаў у Мюнхен, дзе працаваў у страхавым аддзеле СА. НСДАП выплачвала кампенсацыі параненым і сем’ям забітых у сутыкненнях з палітычнымі праціўнікамі праз страхавыя кампаніі, аднак з адмовай апошніх ад гэтай практыкі ў 1930 годзе Борман стварыў партыйную касу ўзаемадапамогі, куды ішлі прыбыткі, частка з якіх выкарыстоўвалася ў дабрачынных мэтах. Кожны член НСДАП быў абавязаны плаціць адлічэнні ў фонд, платніку гарантавалася кампенсацыя калецтваў, атрыманых падчас партыйнай дзейнасці. Выплаты з фонду ажыццяўляліся па рашэнні Марціна[15]. У крайніх выпадках каса служыла крыніцай сродкаў, якіх у той перыяд хранічна не хапала[16][17]. Пасля поспеху НСДАП на парламенцкіх выбарах 1930 года, падчас якіх партыя займела 107 месцаў, лік яе членаў моцна ўзрос[18], і да 1932 года ў фонд паступалі каля 3 мільёнаў рэйхсмарак штогод[19].

У 1928—1930 гадах у кіраўніцтве СА таксама адказваў за кадравыя пытанні. Заснаваў Нацыянал-сацыялістычны аўтамабільны корпус, папярэднік Нацыянал-сацыялістычнага механізаванага корпуса(руск.) бел., які каардынаваў эксплуатацыю транспарта, які належаў членам партыі, пазней стаў адказваць і за навучанне членаў кіраванню машынамі[20].

Рэйхсляйтар і начальнік партыйнай канцылярыі

Пасля прыходу(руск.) бел. партыі да ўлады ў студзені 1933 года партыйная каса была пераарыентавана на страхаванне жыцця і маёмасці і Борман папрасіў пра перавод на іншую пасаду. 1 ліпеня ён быў прызначаны начальнікам Штаба намесніка фюрара Рудольфа Геса[21][22], з 4 ліпеня таго ж года па май 1941 года таксама быў асабістым сакратаром Геса[23]. Штаб адказваў за вырашэнне канфліктаў усярэдзіне НСДАП і служыў прамежкавым звяном паміж ёй і дзяржавай, рэгулюючы заканадаўчыя і кіраўніцкія пытанні[24], дублюючы функцыі міністэрства ўнутраных спраў[25]. 10 кастрычніка Борману было прысвоена найвышэйшае партыйнае званне рэйхсляйтара, у лістападзе ён быў абраны дэпутатам рэйхстага[26]. 1 студзеня 1937 года ўступіў у СС[27]. У 1938 годзе ўказам Гімлера ў знак прыналежнасці да старых ваяроў(англ.) бел. Борману быў прысвоены нумар білета 555[28]. Да чэрвеня 1934 года ўвайшоў у блізкае кола Гітлера[29].

Борман.

У 1935 годзе атрымаў заданне пракантраляваць будаўнічыя працы ў Бергхофе(руск.) бел., рэзідэнцыі фюрара ў Оберзальцбергу. У пачатку 1930-х гадоў Гітлер, які здымаў маёнтак для адпачынку з 1925 г., набыў яго. З прызначэннем рэйхсканцлерам Гітлер запланаваў пашырыць і перабудаваць маёнтак, даручыўшы працы Борману. На яго плячах таксама ляжала адказнасць за збудаванне інфраструктуры комплексу, усярэдзіне якога сталі сяліцца члены асяроддзя фюрара, у тым ліку і сам Марцін[30][31]. Выступіў з ініцыятывай пабудовы Кельштайнхауса(руск.) бел., чайнага доміка ў горах над Бергхофам, падарыўшы будынак Гітлеру на яго 50-ы дзень нараджэння ў 1939 годзе. Фюрар рэдка наведваў Кельштайнхаус, затое Борману падабалася пакідаць домікам уражанне на гасцей[32].

Увесь час прысутнічаючы пры Гітлеры, калі той знаходзіўся ў Бергхофе, неадлучна суправаджаючы фюрара ў падарожжах[33], пачаў выконваць абавязкі яго асабістага сакратара[21][34], у тым ліку канспектуючы гутаркі начальніка, пазней апублікаваныя асобнай кнігай(руск.) бел.[35][36], і ажыццяўляць кантроль за яго фінансамі — прыбыткамі ад продажаў «Майн Кампф» і размяшчэння яго партрэта на паштовых марках. Узначальваў Нямецкі гандлёва-прамысловы фонд Адольфа Гітлера, куды перадусім для патрэб апошняга паступалі сродкі ад нямецкіх прамыслоўцаў, якія выдаткоўваліся таксама рознымі партыйнымі функцыянерамі[37]. У 1938 годзе быў прызначаны арганізатарам чарговага партыйнага з’езда ў Нюрнбергу(англ.) бел.[38].

З мэтай умацавання ўласнай улады фюрар нацковаў членаў партыйнай эліты адно на аднаго і НСДАП на дзяржаўныя інстытуты[39]. Звычайна ён асабіста аддаваў вусныя ўказанні ці перадаваў іх праз Бормана[40]. Трапленне ў няласку апошняга азначала перакрыццё доступу да Гітлера[41]. Сваімі інтрыгамі Борман абмежаваў уладу Гебельса, Герынга, Гімлера і іншых высокапастаўленых партыйных функцыянераў, выклікаўшы іх асабістую непрыязь[21][42].

З пачаткам Другой сусветнай вайны фюрар сканцэнтраваўся на знешняй палітыцы і баявых дзеяннях. Гес, які не прымаў удзелу ў гэтым, неўзабаве стаў аддаляцца ад Гітлера, і Борман замяніў намесніка фюрара ў многіх з яго абавязкаў. Гес быў занепакоены магчымасцю вайны на два франты з пачаткам уварвання ў СССР і 10 мая 1941 года ў самоце вылецеў у Вялікабрытанію для мірных перамоў[43][44][45], па прыбыцці быў арыштаваны і правёў рэшту вайны ў зняволенні. У 1946 годзе на Нюрнбергскім працэсе былы намеснік фюрара за вайсковыя злачынствы быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення. Гітлер расцаніў учынак Геса як асабістую здраду[46] і завочна прысудзіў яго да смяротнага пакарання. 12 мая пост намесніка фюрара быў скасаваны, яго функцыі перададзены Партыйнай канцылярыі[23][47]. На новай пасадзе Борман зацвярджаў прызначэнне на партыйныя пасады і быў падсправаздачны толькі Гітлеру[48].

Улада і ўплыў начальніка Партыйнай канцылярыі з ходам вайны толькі ўзраслі[49]. У пачатку 1943 года Германія адчула нястачу рабочай сілы, і на загад Гітлера з мэтай цэнтралізацыі кантролю над ваеннай эканомікай быў створаны камітэт з трох членаў, куды ўвайшлі ад дзяржавы — кіраўнік Рэйхсканцылярыі Ганс Ламерс(англ.) бел., ад узброеных сіл — начальнік Вярхоўнага камандавання вермахта фельдмаршал Кейтэль і Борман, які кантраляваў партыю. «Камітэт трох» высоўваў свае прапановы незалежна ад міністраў, аднак апошняе слова ў большасці выпадкаў заставалася за фюрарам. Дзяржаўныя функцыянеры, якія асцерагаліся за сваю ўладу, у тым ліку Гебельс, Герынг і Шпеер, настроіліся супраць камітэта, але не дасягнулі поспеху ў абмежаванні яго ўплыву[50].

Антыцаркоўная кампанія

Борман (злева ад Гітлера). Парыж. Чэрвень 1940 года.

Нягледзячы на тое, што праграма НСДАП ад 1924 года згадвала верацярпімасць і заключэнне дагавора з Ватыканам(руск.) бел., падпісанага ў 1933 годзе, які згадваў свабоду каталіцкага веравызнання, Гітлер лічыў, што рэлігія несумяшчальная з нацыянал-сацыялізмам, у чым яго актыўна падтрымаў Борман[51], які негатыўна ставіўся да хрысціянства і ў 1941 годзе публічна заявіў пра процілегласць нацысцкай ідэалогіі і гэтай рэлігіі[52][53]. У палітычных мэтах фюрар планаваў адкласці канчатковае знішчэнне царквы да сканчэння вайны[54], аднак яго сталае асуджэнне рэлігіі пераканалі яго падначаленых у патрэбе працягу «барацьбы з царквой(англ.) бел.»[55].

У лютым 1937 года выдаў указ пра недапушчальнасць прыняцця членаў духавенства ў партыю, выключэнне такіх з яе і патрэбу выхаду з НСДАП па пасвячэнні ў сан[56]. Хоць Борману і не атрымалася дамагчыся зачынення тэалагічных факультэтаў нямецкіх універсітэтаў, ён атрымаў поспех у скарачэнні школьнага выкладання багаслоўя да 2 гадзін у тыдзень і прымусіў прыбраць распяцці з класаў[57]. Паводле слоў асабістага архітэктара Гітлера Альберта Шпеера, пры працы над праектам паваеннага Берліна «Сталіца свету Германія» Борман заявіў Шпееру, што ў Берліне будучыні не павінна быць месцаў для храмаў[58].

У рамках кампаніі супраць каталіцкай царквы сотні манастыроў у Германіі і Аўстрыі былі канфіскаваныя гестапа, іх насельнікі выкінутыя на вуліцу[59]. У 1941 годзе каталіцкі біскуп Мюнстара Аўгуст фон Гален(ням.) бел. у серыі прамоў публічна асудзіў антырэлігійныя пераследы і акцыю T-4(ням.) бел., нацысцкую праграму па прымусовай эўтаназіі інвалідаў і невылечна хворых, выклікаўшы шырокі пратэст духавенства супраць дзеянняў улад. Борман заклікаў Гітлера павесіць мяцежнага біскупа, аднак фюрар і Гебельс з боязі надання праз гэтыя падзеі фон Галену статусу мучаніка і ўзмацнення пратэстных настрояў не пагадзіліся з рэйхсляйтарам. Гітлер адклаў рашэнне пытання да завяршэння вайны[60].

Асабісты сакратар фюрара

Борман з Гітлерам на Старым Мосце(англ.) бел. ў Марыбары, красавік 1941 года.

Загружаны ваеннымі пытаннямі, Гітлер пачаў усё больш і больш разлічваць на Бормана ў пытаннях унутранай палітыкі. 12 красавіка 1943 года ён быў афіцыйна прызначаны на пасаду асабістага сакратара фюрара[61]. Новы пост дазволіў Борману, які і так дэ-факта рэгуляваў унутраныя германскія пытанні, афіцыйна замацаваць сваю ўладу[62].

З’яўляўся нязменным прыхільнікам цвёрдых мер у адносінах да яўрэяў, жыхароў акупаваных тэрыторый на Усходзе і ваеннапалонных: падпісаў указы ад 31 мая 1941 года пра пашырэнне дзеяння расавых законаў(руск.) бел. на ўсходнія зоны акупацыі, 9 кастрычніка 1942 года — пра патрэбу рашэння яўрэйскага пытання(руск.) бел. знішчэннем (у тэксце гаварылася пра «бязлітаснае ўжыванне сілы») яўрэяў у лагерах смерці, 1 ліпеня 1943 года — пра перадачу паўнамоцтваў па рашэнні яўрэйскага пытання гестапа і асабіста Адольфу Эйхману[63]. Ведаючы, што Гітлер лічыў славян недалюдзьмі, Борман пярэчыў увядзенню нямецкага крымінальнага права на заваяваных усходніх тэрыторыях, замест гэтага паспрыяўшы ўвядзенню ваеннага становішча для мясцовых палякаў і яўрэяў. Ва ўказе, выдадзеным 4 снежня 1941 года, для іх уводзіліся цялесныя кары і смяротнае пакаранне нават за нязначныя парушэнні права[64][65].

Падтрымваў тэрор рэйхскамісара Украіны Эрыха Коха супраць славянскага насельніцтва, чаму пярэчыў міністр акупаваных усходніх тэрыторый Альфрэд Розенберг, які быў прыхільнікам больш лаяльнага стаўлення да мясцовых жыхароў. Пасля наведвання калгасаў каля Вінніцы занепакоены добрым здароўем і фізічным станам насельніцтва Борман, лічачы гэта магчымай пагрозай рэжыму, пракансультаваўся з Гітлерам і скіраваў Розенбергу дырэктыву, у якой пісаў:

Славяне прызначаны для працы на нас. Пакуль мы ў іх не маем патрэбы, яны могуць гінуць. Пладавітасць славян непажаданая. Іх адукацыя небяспечная. Што да ежы, то няхай атрымоўваюць не больш за патрэбную колькасць. Мы іх гаспадары; нашы інтарэсы самыя галоўныя.— [66]

Разам з Гімлерам падзяліў адказнасць за стварэнне 18 кастрычніка 1944 года фольксштурма(руск.) бел., адказваючы за яго арганізацыю[67]. Гэта народнае апалчэнне, што складалася з усіх прыдатных да службы мужчын ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў, дрэнна падрыхтаванае і ўзброенае, страціла каля 175 000 чалавек на Усходнім фронце, не пакінуўшы хоць якога заўважнага ўплыву на прасоўванне савецкіх войскаў[67].

Фюрарбункер

16 студзеня 1945 года Гітлер пераехаў у бункер[68][69] у двары Імперскай канцылярыі ў Берліне. 16 красавіка Чырвоная армія пачала наступальную аперацыю дзеля захопу нямецкай сталіцы[70], да 19 красавіка пачаўшы яе акружэнне[71]. На наступны дзень у свой 56-ы дзень нараджэння Гітлер апошні раз пакінуў сховішча, уручыўшы Жалезныя крыжы ваярам Гітлерюгенда[72]. У гэты ж дзень савецкая артылерыя здзейсніла першы абстрэл Берліна[73]. 23 красавіка брату Бормана Альберту ў складзе групы насельнікаў бункера фюрар загадаў пакінуць сховішча і вылецець у Оберзальцберг[70]. Раніцай 29 красавіка генералы Бургдорф(англ.) бел. і Крэбс(руск.) бел., Гебельс і Борман падпісалі завяшчанне Гітлера(ням.) бел., у якім Марцін быў названы міністрам па справах партыі, дэ-факта яе генеральным сакратаром, і распарадчыкам маёмасці складальніка, грос-адмірал Дзёніц — рэйхспрэзідэнтам, Гебельс — рэйхсканцлерам[74]. У ноч з 29 на 30 красавіка фюрар ажаніўся з Евай Браўн[75]. Борман і Гебельс былі на вяселлі ў якасці сведак[76].

30 красавіка пасля поўдня Гітлер і яго жонка здзейснілі самагубства(англ.) бел.: фюрар застрэліўся, Браўн прыняла цыянід(руск.) бел.[77][78]. У адпаведнасці з указаннямі памерлага целы пары былі спаленыя ў двары Рэйхсканцылярыі. Пазней у той жа дзень Гебельс і яго жонка здзейснілі самагубства[79]. 2 мая войскі берлінскага гарнізона на чале з генералам Вейдлінгам(руск.) бел. безагаворачна капітулявалі[80].

Смерць

Сведчанні Артура Аксмана

1 мая каля 11 гадзін вечара Борман пакінуў Фюрарбункер, разам з урачом СС Людвігам Штумпфегерам(англ.) бел., рэйхсюгендфюрарам(англ.) бел. Артурам Аксманам(англ.) бел. і асабістым пілотам Гітлера Гансам Баўрам(руск.) бел. склаўшы групу, што спрабавала прабіцца з савецкага акружэння[81]. Пры рэйхсляйтары была копія завяшчання фюрара. Група пешшу дайшла да тунэля метро да станцыі Фрыдрыхштрасэ(англ.) бел., дзе раздзялілася[82][83]. Некалькі партыйных функцыянераў, у ліку якіх былі Штумпфегер і Борман, спрабавалі перасекчы раку Шпрэе па мосце, схаваўшыся за танкам «Тыгр II(англ.) бел.», які быў абстраляны варожай артылерыяй і знішчаны, у выніку чаго рэйхсляйтар і ўрач СС былі параненыя. З трэцяй спробы ім у складзе групы ўцекачоў удалося перайсці мост[82]. Борман, Штумпфегер і Аксман накіраваліся ўздоўж чыгуначных пуцей да станцыі Лертэр(ням.) бел., дзе рэйхсюгендфюрар адлучыўся ад астатніх. Натыкнуўшыся на савецкі патруль, ён павярнуў назад і на мосце ля стрэлкавага пераводу натыкнуўся на целы рэйхсляйтара і ўрача СС[84][85]. Аксман не меў часу пераканацца ў прычыне смерці Бормана і Штумпфегера[86]. Паколькі цела Марціна спачатку так і не было знойдзена, доўгія гады яго лёс заставаўся пад пытаннем[87].

Нюрнбергскі працэс

У хаосе першых паваенных дзён паведамлялася пра выяўленне Бормана ў Аргенціне, Іспаніі і іншых краінах[88]. Яго жонка была памешчана пад назіранне на выпадак, калі ён звяжацца з ёй[89]. Шматгадовы шафёр рэйхсляйтара заявіў, што бачыў яго ў ліпені 1946 года ў Мюнхене[90]. У СМІ публікавалася інфармацыя пра прыцягненне Бормана да суду[91].

Трыбунал у Нюрнбергу пачаўся 20 лістапада 1945 года. З-за нястачы доказаў гібелі абвінавачванага ён быў завочна[92] прысуджаны 15 кастрычніка 1946 года за падрыхтоўку вайны, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці да смяротнага пакарання праз павешанне з заўвагай, што ў выпадку з’яўлення доказаў невінаватасці рэйхсляйтара прысуд можа быць абскарджаны[93]. Адвакат абвінавачванага Фрыдрых Бергальд дарэмна спрабаваў пераканаць суддзяў у тым, што яго падабаронны мёртвы, а яго ўлада была не настолькі шырокая, але гэта Бергальду не ўдалося даказаць з-за таемнага характару дзеянняў Бормана[90]. Суд пастанавіў, што на ім ляжыць адказнасць за стварэнне і апублікаванне большай часткі нямецкага антысеміцкага заканадаўства[94].

Выяўленне рэшткаў

На працягу многіх гадоў распачыналіся бясплодныя спробы ўсталяваць месцазнаходжанне рэйхсляйтара, у тым ліку ЦРУ і ўрадам ФРГ[95]. Апошні ў 1964 годзе прапанаваў узнагароду ў 100 000 марак за інфармацыю, якая дапаможа знайсці Бормана[96]. Пра яго выяўленне працягвалі паступаць паведамленні з усяго свету[49][97]. У сваіх мемуарах кіраўнік Федэральнай разведвальнай службы і былы афіцэр нацысцкай разведкі Райнгард Гелен сцвярджаў, што Марцін быў савецкім агентам і збег у Маскву[98]. Паляўнічы за нацыстамі Сімон Візенталь меркаваў, што Борман хаваўся ў Паўднёвай Амерыцы[99]. У 1971 годзе заходнегерманскі ўрад спыніў пошукі[100].

У 1963 годзе былы паштовы працаўнік Альберт Крумнаў паведаміў паліцыі, што 8 мая 1945 года савецкімі салдатамі яму і яго калегам было загадана пахаваць два мужчынскія трупы, выяўленыя на чыгуначным мосце каля станцыі Лертэр. Адзін з загінулых быў апрануты ва ўніформу вермахта, іншы — толькі ў трусы[101]. Адзін з калег Крумнава выявіў на распранутым целе разліковую кніжку на імя ўрача СС Людвіга Штумпфегера[102] і аддаў яе свайму начальніку, а той — ваенным Чырвонай арміі, якія неўзабаве знішчылі дакумент. Паводле слоў Крумнава, загінулыя былі пахаваныя ў брацкай магіле каля дома 63 па вуліцы Інвалідэнштрасэ[103].

Падчас раскопкаў, праведзеных па навядзенні Крумнава і Аксмана 20—21 ліпеня 1965 года, трупы так і не былі выяўленыя[104]. 7 снежня 1972 года падчас будаўнічых прац у 12 метрах ад паказанага раней месца былі знойдзены чалавечыя рэшткі[105], у сківіцах якіх выяўленыя шкляныя аскепкі, што дало нагоду выказаць дапушчэнне, што загінулыя скончылі з сабой, атруціўшыся цыяністым каліем[106]. Запісы, якія па памяці зрабіў асабісты дантыст Гітлера доктар Блашке, дапамаглі апазнаць адныя з рэшткаў як тыя, што належалі Борману. Пашкоджанні ключыцы, што супалі з атрыманай пры аўтааварыі ў 1939 годзе траўмай, памер шкілета і форма чэрапа пацвердзілі гіпотэзу. Па росце было ўстаноўлена, што другое са знойдзеных цел з’яўлялася рэшткамі Штумпфегера[105]. Накладанне чэрапаў на фатаграфіі дало поўнае супадзенне[106]. У пачатку 1973 г. для пацверджання асоб загінулых была ажыццёўлена рэканструкцыя іх твараў(англ.) бел., неўзабаве пасля чаго ўрад ФРГ абвясціў рэйхсляйтара памерлым. З-за магчымай патрэбы ў далейшых судова-медыцынскіх экспертызах у будучыні, сваякам нябожчыка не дазволілі крэміраваць труп[107].

Прыналежнасць выяўленых рэшткаў Борману была канчаткова даказана ў 1998 годзе пасля праведзенай на заказ нямецкага ўрада экспертызы ДНК, пасля чаго яны былі спаленыя і развеяныя над Балтыйскім морам 16 жніўня 1999 года[108].

Ацэнка дзейнасці

Погляды на гістарычную ролю Бормана адрозніваюцца: Гебельс, паводле ўспамінаў Шпеера, ахарактарызаваў Марціна як «дактрынёра з велізарнымі амбіцыямі», сам аўтар зваў яго «майстрам інтрыгі»[109], у той час, як яго біёграф Джэймс Мак-Говерн лічыў, што нельга адназначна сказаць, ці слепа ён выконваў загады Гітлера, ці меў уласныя мэты[110]: рэйхсміністр ваеннай прамысловасці пісаў, што дырэктывы шэфа Партыйнай канцылярыі не супярэчылі словам Гітлера. Ён шанаваў асабістага сакратара за дакладнасць[109] і стараннасць[110], таму ўрэшце той і стаў незаменным для фюрара[109]. На думку нямецкага гісторыка Германа Вайса, сучаснікі Бормана недаацэньвалі яго, аднак пасля смерці зрабілі з рэйхсляйтара ахвярнага казла, павесіўшы на яго злачынствы нацысцкага рэжыму[111].

Асабістае жыццё

Паводле ўспамінаў Шпеера, рэйхсляйтар адрозніваўся грубасцю[112], прамалінейнасцю[113] і падлашчваўся да вышэйшых, але не дараваў падначаленым[112]. Ён быў закрытым чалавекам[110]. Мак-Говерн выказаў дапушчэнне, што за доўгія гады супольнай працы служба Гітлеру стала справай жыцця Марціна, і пасля смерці фюрара рэйхсляйтар быў вельмі прыгнечаны[114]. Шэф партыйнай канцылярыі меў моцнае здароўе, але часам скардзіўся на галаўныя болі[110].

2 верасня 1929 года ажаніўся з 19-гадовай дачкой старшыні Найвышэйшага партыйнага суда НСДАП Вальтара Буха(англ.) бел. Гердай. У якасці сведак на вяселлі былі Гітлер і Гес. Фюрар быў частым госцем у доме Бухаў, дзе з ім і пазнаёміўся Борман[115][116]. У яго былі некалькі каханак, у тым ліку актрыса Маня Берэнс(ням.) бел.[117].

У шлюбе нарадзіліся[108]:

Пасля авіяналёту саюзнікаў на Оберзальцберг 25 красавіка 1945 года жонка Бормана разам з дзецьмі паехала ў Італію, дзе і сканала 25 красавіка 1946 года ад раку ў Мерана(руск.) бел.[123]. Дзеці Марціна перажылі вайну і выхоўваліся ў прытулках[120].

Заўвагі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Martin Bormann // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118513583 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016.
  4. Martin Bormann // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. Martin Bormann // Find a Grave — 1995. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  6. Lang, 1979, pp. 16–18
  7. Lang, 1979, pp. 22–23
  8. McGovern, 1968, p. 12
  9. McGovern, 1968, p. 13
  10. 1 2 Lang, 1979, p. 40
  11. Miller, 2006, p. 147
  12. McGovern, 1968, pp. 13–14
  13. Lang, 1979, p. 43
  14. Lang, 1979, pp. 45–46
  15. Lang, 1979, pp. 49–51
  16. Lang, 1979, p. 60
  17. McGovern, 1968, p. 20
  18. Lang, 1979, p. 57
  19. Lang, 1979, p. 63
  20. Lang, 1979, p. 55
  21. 1 2 3 Evans, 2005, p. 47
  22. Lang, 1979, pp. 74–77
  23. 1 2 Miller, 2006, p. 148
  24. Lang, 1979, p. 78
  25. Lang, 1979, p. 126
  26. Lang, 1979, p. 79
  27. Miller, 2006, pp. 146, 148
  28. Miller, 2006, p. 146
  29. Lang, 1979, pp. 84, 86
  30. Speer, 1971, pp. 128–129
  31. Lang, 1979, pp. 108–109
  32. Lang, 1979, pp. 121–122
  33. Lang, 1979, pp. 118, 121
  34. Fest, 1970, p. 131
  35. McGovern, 1968, p. 96
  36. Speer, 1971, p. 142
  37. Speer, 1971, pp. 131–132
  38. Lang, 1979, p. 123
  39. Kershaw, 2008, p. 323
  40. Kershaw, 2008, p. 377
  41. McGovern, 1968, p. 64
  42. Speer, 1971, p. 132
  43. Evans, 2008, p. 167
  44. Shirer, 1960, p. 837
  45. Sereny, 1996, p. 321
  46. Sereny, 1996, p. 240
  47. Shirer, 1960, p. 838
  48. McGovern, 1968, p. 63
  49. 1 2 Hamilton, 1984, p. 94
  50. Kershaw, 2008, pp. 749–753
  51. Speer, 1971, p. 175
  52. Evans, 2005, p. 253
  53. Shirer, 1960, p. 234, 240
  54. Bullock, 1999, p. 389
  55. Kershaw, 2008, p. 382
  56. Lang, 1979, pp. 149–150
  57. Lang, 1979, pp. 152–154
  58. Speer, 1971, p. 242
  59. Lang, 1979, p. 221
  60. Evans, 2008, pp. 97–99
  61. Kershaw, 2008, p. 752
  62. Speer, 1971, pp. 333–334
  63. Miller, 2006, p. 152
  64. Lang, 1979, pp. 179–181
  65. Longerich, 2012, p. 439
  66. McGovern, 1968, pp. 78–79
  67. 1 2 Kershaw, 2008, pp. 858–859
  68. McGovern, 1968, p. 154
  69. Kershaw, 2008, p. 894
  70. 1 2 Joachimsthaler, 1999, p. 98
  71. Beevor, 2002, pp. 217–233
  72. Beevor, 2002, p. 251
  73. Beevor, 2002, p. 255
  74. Joachimsthaler, 1999, p. 187
  75. Lang, 1979, p. 391
  76. Beevor, 2002, p. 343
  77. Kershaw, 2008, p. 955
  78. MI5, Hitler’s Last Days
  79. Joachimsthaler, 1999, pp. 286, 287
  80. Beevor, 2002, p. 386
  81. Miller, 2006, p. 151
  82. 1 2 Beevor, 2002, pp. 382–383
  83. McGovern, 1968, p. 397
  84. Le Tissier, 2010, p. 188
  85. Trevor-Roper, 2002, p. 193
  86. Beevor, 2002, p. 383
  87. McGovern, 1968, pp. 158–159
  88. McGovern, 1968, pp. 172, 174
  89. McGovern, 1968, p. 173
  90. 1 2 McGovern, 1968, p. 177
  91. McGovern, 1968, pp. 167–168
  92. McGovern, 1968, p. 169
  93. McGovern, 1968, p. 178
  94. Lang, 1979, p. 229
  95. Whiting, 1996, pp. 127
  96. Whiting, 1996, p. 144
  97. Whiting, 1996, pp. 98–99, 101
  98. Whiting, 1996, pp. 162–164
  99. Levy, 2006, p. 165
  100. Whiting, 1996, p. 191
  101. Lang, 1979, p. 417
  102. Whiting, 1996, p. 200
  103. Whiting, 1996, pp. 136–137
  104. Lang, 1979, pp. 421–422
  105. 1 2 Whiting, 1996, pp. 217–218
  106. 1 2 Lang, 1979, p. 432
  107. Lang, 1979, pp. 410, 437
  108. 1 2 Miller, 2006, p. 154
  109. 1 2 3 Speer 1971, Intrigues
  110. 1 2 3 4 McGovern 1968, Secretary of the Führer
  111. Hermann Weiß. Biographisches Lexikon zum Dritten Reich. — S. Fischer Verlag, 1998. — С. 51. — 502 с. — ISBN 3-10-091052-4.
  112. 1 2 Speer 1971, Obersalzberg
  113. Speer, 1971, A Day in the Chancellery
  114. McGovern, 1968, A Reminder
  115. Lang, 1979, pp. 52–53
  116. McGovern, 1968, pp. 20–21
  117. Lang, 1979, p. 326
  118. Traueranzeigen: Martin Bormann
  119. Lang, 1979, p. 388
  120. 1 2 McGovern, 1968, p. 189
  121. Lang, 1979, p. 58
  122. 1 2 Lang, 1979, p. 187
  123. Lang, 1979, pp. 387–388

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (28):
Катэгорыя·Нацызм
Катэгорыя·Нарадзіліся 17 ліпеня
Катэгорыя·Памерлі ў Берліне
Катэгорыя·Члены НСДАП
Катэгорыя·Рэйхсміністры
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 2 мая
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Саксоніі-Ангальт
Катэгорыя·Памерлі ў 1945 годзе
Катэгорыя·Постаці Германіі
Катэгорыя·Кавалеры Ордэна крыві
Катэгорыя·Узнагароджаныя Залатым партыйным знакам НСДАП
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Рэйхсляйтары
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «За выслугу ў НСДАП (10 гадоў)»
Катэгорыя·Нарадзіліся 17 чэрвеня
Катэгорыя·Нацысцкія злачынцы
Катэгорыя·Падсудныя Нюрнбергскага працэсу
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы па гісторыі
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «За выслугу ў НСДАП (15 гадоў)»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Добрыя артыкулы пра асоб
Катэгорыя·Афіцэры СА
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1900 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Афіцэры СС