wd wp Пошук:

Народны Сход Заходняй Беларусі

Народны Сход Заходняй Беларусі, Беласток, 1939 г.

Народны Сход Заходняй Беларусі — сход, які адбыўся 28—30 кастрычніка 1939 года ў горадзе Беластоку, заканадаўча замацаваў уваходжанне тэрыторый Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі пасля вераснёўскага паходу Чырвонай Арміі.

Выбары ў Народны Сход

1 кастрычніка 1939 года была прынята пастанова Палітбюро ЦК УКП(б) «Па пытаннях Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі» (пратакол № 7 рашэння Палітбюро ЦК УКП(б) за 4 верасня — 3 кастрычніка 1939 г.)[1]. Пад тэрыторыяй Заходняй Беларусі мелася на ўвазе тэрыторыя былых Навагрудскага, Віленскага, Беластоцкага і Палескага ваяводстваў Польскай Рэспублікі. Згодна з пастановай, выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі былі прызначаныя на 22 кастрычніка 1939 г. Пунктам 6 названай пастановы прадугледжвалася стварэнне Камітэта па арганізацыі выбараў Народнага Сходу Заходняй Беларусі. У склад Камітэта павінны былі ўвайсці прадстаўнікі Часовага ўпраўлення горада Беластока, па адным прадстаўніку ад кожнай вобласці, па 2 прадстаўнікі ад сялянскіх камітэтаў, інтэлігенцыі і рабочых арганізацый. Для дапамогі ў арганізацыі выбараў у Выбарчы Камітэт даручалася дэлегаваць тры прадстаўнікі ад Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Часоваму кіраванню горада Беластока неабходна было разаслаць адпаведныя запрашэнні[2].

Пункт 10 пастановы прадугледжваў наступнае: «Па пытаннях парадку дня Народнымі Сходамі павінны быць прыняты дэкларацыі, тэкст якіх падрыхтаваць ЦК КП(б)Б Украіны (т. Хрушчоў) і ЦК КП(б) Беларусі (т. Панамарэнка)».

2 кастрычніка 1939 г. бюро ЦК КП(б)Б разгледзеў і прыняў да выканання Пастанову Палітбюро ЦК ВКП(б) ад 1 кастрычнiка 1939 года. Сакратару ЦК КП(б)Б Маліну і загадчыку аддзела ЦК Эйдзінаву было даручана «арганізаваць групу і распрацаваць праекты дэкларацый Народнага сходу».

7 і 18 кастрычніка 1939 года адбыліся пасяджэнні Камітэта па арганізацыі выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі[3].

13 кастрычніка 1939 года прайшла нарада сакратара ЦК КП(б)Б Н. Р. Грэкавай з упаўнаважанымі ЦК КП(б)Б і ЦК ЛКСМБ па пытанні падрыхтоўкі да выбараў на Народны сход Заходняй Беларусі[4].

22 кастрычніка 1939 года прайшлі выбары на Народны Сход Заходняй Беларусі. Згодна з Палажэннем аб выбарах было створана 929 выбарчых акруг. Удзельнічаць у выбарах мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Вылучаліся кандыдаты ў дэпутаты Народнага сходу сялянскімі камітэтамі, часовымі ўпраўленнямі, сходамі працоўных па прадпрыемствах, сходамі рабочай гвардыі і інтэлігенцыі.

У галасаванні прынялі ўдзел 2 672 280 выбаршчыкаў (96,71 % выбаршчыкаў), з іх 2 409 522 прагаласавалі за выстаўленых кандыдатаў (90,67 % выбаршчыкаў). На выбарах з 929 кандыдатаў было абрана 927 дэпутатаў, з якіх было 804 мужчыны і 123 жанчыны[5]. 2 кандыдаты не набралі неабходнай колькасці галасоў (патрабавалася больш за 50 %).

Выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі па актыўнасці выбаршчыкаў значна перасягнулі выбары ў польскі Сейм у 1938 годзе (у іх прынялі ўдзел усяго 45 % выбаршчыкаў).

Разам з тым, выбары былі недэмакратычнымі. Старшынямі і членамі ўчастковых выбарчых камісій, а таксама агітатарамі з’яўляліся вайскоўцы РСЧА. Напрыклад, у 10-й арміі ў выбарчай кампаніі прымалі ўдзел байцы, камандзіры і палітработнікі[6].

На месцах былі зафіксаваныя выпадкі актыўнага супраціву мясцовага насельніцтва. З аператыўнай зводкі НКУС БССР: «23 кастрычніка а 5 гадзіне раніцы стрэлам праз акно забіты намеснік старшыні выбарчай камісіі 11-га ўчастка Драгічынскага павета Грэчка Фядот Пятровіч»[7]. «У в. Рынкавіцы Навадворскай воласці Шчучынскага павета стрэлам праз акно быў забіты дэпутат Народнага сходу Савелій Казіміравіч Кавойба»[8].

Народны Сход

Будынак тэатра па вул. Электрычнай, 12, у якім праходзіў Народны Сход Заходняй Беларусі

28—30 кастрычніка 1939 года ў будынку гарадскога тэатра Беластока прайшоў Народны Сход Заходняй Беларусі[9].

На парадку дня сходу быў разгляд наступных пытанняў:

  1. Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР[10].
  2. Аб дзяржаўным ладзе[11].
  3. Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель[12].
  4. Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці[13].

29 кастрычніка сход зацвердзіў «Дэкларацыю Беларускага Народнага Сходу па пытанні аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», у якой было надрукавана: «Прынята адзінагалосна Беларускім Народным сходам 29 кастрычніка 1939 г.»

Дакладчыкам на сходзе па пытанні ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР выступіў настаўнік і грамадскі дзеяч Флор Данатавіч Манцэвіч.

На сходзе прысутнічалі прадстаўнікі ўрада БССР, а таксама народныя паэты Янка Купала і Якуб Колас.

Народны сход абрала Паўнамоцную камісію з 66 дэлегатаў для перадачы сваіх рашэнняў Вярхоўнаму Савету СССР і Вярхоўнаму Савета БССР.

Вынікі

2 лістапада 1939 года на пятай пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета СССР Сяргей Прытыцкі выступіў з заявай Паўнамоцнай камісіі Народнага Сходу Заходняй Беларусі аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета СССР таксама выступіў член Пастаяннай камісіі, беларускі пісьменнік Піліп Пестрак і іншыя.

У той жа дзень быў прыняты Закон СССР «Аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік з уз’яднаннем яе з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай» (падпісалі старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР М.Калінін і сакратар А.Горкін).

14 лістапада 1939 года трэцяя пазачарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР пастанавіла: «Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і аб’яднаць тым самым беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве». У той жа дзень быў прыняты Закон БССР «Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» (падпісалі старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Н.Наталевіч і сакратар Л.Панкоў).

15 студзеня 1940 года на тэрыторыі заходніх абласцей БССР былі ўпершыню праведзены выбары ў мясцовыя Саветы.

Напярэдадні выбараў у Вярхоўныя Саветы СССР і БССР, у турмах Беларускай ССР праводзілася масавая зачыстка польскіх афіцэраў і контррэвалюцыйнага элемента (згодна з пастановай Палітбюро ЦК УКП(б) ад 5 сакавіка 1940 года).

24 сакавіка 1940 года былі праведзены выбары дэпутатаў ад заходніх абласцей БССР у Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР[14]. У Вярхоўны Савет СССР ад заходніх абласцей БССР было вылучана 22 дэпутаты[15].

У перыяд з 1 па 20 красавіка 1940 года ў заходніх абласцях БССР планавалася правядзенне выбараў парторганаў ва ўсіх першасных, раённых, гарадскіх і абласных партыйных арганізацыях[16].

Зноскі

  1. Постановление Политбюро ЦК ВКП(б) «Вопросы Западной Украины и Западной Белоруссии». 1 октября 1939 г. Правки И. В. Сталина синим карандашом// Российский государственный архив социально-политической истории (РГАСПИ). — Ф. 17. — Оп. 163. — Д. 136. — Лл. 203—210.
  2. Стенограмма собрания трудящихся г. Белостока от 6 октября 1939 г., посвященного обсуждению обращения Временного управления г. Белостока ко всем временным управлениям городов Западной Белоруссии в связи с предстоящими выборами в Народное собрание// Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 4п, оп. 1, д. 14560, 102 л.
  3. Стенограмма заседания Комитета по организации выборов в Народное собрание Западной Белоруссии от 7 октября 1939 г.// Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 4п, оп. 1, д. 14561, 38 л.; д. 14532, 3 л.
  4. Стенограмма совещания секретаря ЦК КП(б)Б Н. Г. Грековой с уполномоченными ЦК КП(б)Б и ЦК ЛКСМБ, состоявшегося 13 октября 1939 г. в г. Белостоке по вопросу организации партийной и комсомольской работы и ходе подготовки к выборам в Народное собрание Западной Белоруссии. 13 октября 1939 г..// Национальный архив Республики Беларусь. — Ф, 4п, оп. 1, д. 14549, 49 л.
  5. Сообщение об итогах выборов в Народное собрание Западной Белоруссии. 26 октября 1939 г.//«Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…». Верасень 1939 г. — 1956 г.: дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн. 1. Верасень 1939 г. — 1941 г. — Мн.: Беларуская навука. — 2009. — С.46.
  6. Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 4п, оп. 1, д. 14732.
  7. Оперативные сводки НКВД// Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 4п, оп. 1, д.14616, л. 192.
  8. Докладная записка начальника политуправления БОВО дивизионного комиссара Н. Иванова секретарю ЦК КП(б)Б, члену Военного совета БОВО П. К. Пономаренко по вопросу о политико-экономическом состоянии Гродненского, Щучинского и Лидского уездов. 31 декабря 1939 г.// «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…». Верасень 1939 г. — 1956 г.: дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн. 1. Верасень 1939 г. — 1941 г. — Мн.: Беларуская навука. — 2009. — С. 102.
  9. Стенограмма 1-го заседания Народного собрания Западной Белоруссии от 28-29 октября 1939 г. о рассмотрении вопросов о вхождении Западной Белоруссии в состав БССР, государственной власти, конфискации помещичьих земель, национализации банков и крупной промышленности Запдной Белорусии// Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 4п, оп. 1, д. 14562, 250л.
  10. Декларация Белорусского народного собрания по вопросу о вхождении Западной Белоруссии в состав Белорусской Советской Социалистической Республики. 29 октября 1939 г.// «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…». Верасень 1939 г. — 1956 г.: дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн. 1. Верасень 1939 г. — 1941 г. — Мн.: Беларуская навука. — 2009. — С. 46-47.
  11. Декларация Белорусского народного собрания о государственной власти. 29 октября 1939 г.// «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…». Верасень 1939 г. — 1956 г.: дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн. 1. Верасень 1939 г. — 1941 г. — Мн.: Беларуская навука. — 2009. — С. 47-49.
  12. Декларация Белорусского народного собрания о конфискации помещичьих земель. 29 октября 1939 г.// «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…». Верасень 1939 г. — 1956 г.: дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн. 1. Верасень 1939 г. — 1941 г. — Мн.: Беларуская навука. — 2009. — С. 49-50.
  13. Декларация Белорусского народного собрания о национализации банков и крупной промышленности. 29 октября 1939 г.// «Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі…». Верасень 1939 г. — 1956 г.: дакументы і матэрыялы. У 2 кн. Кн. 1. Верасень 1939 г. — 1941 г. — Мн.: Беларуская навука. — 2009. — С. 50-51.
  14. Сводка Политического управления Белорусского особого военного округа № 346с от 5 апреля 1940 г. «О подготовке, проведении и итогах выборов в Верховные Советы СССР и БССР»// Национальный архив Республики Беларусь. — Ф.4п, оп. 1, д. 14345, л.191.
  15. Постановление ЦК КП(б) Белоруссии №Б-121/1 от 08.02.1940 г. «О кандидатах в депутаты Совета Союза и Совета Национальностей Верховного Совета СССР от Западных областей Белорусской ССР»// Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 4п, оп. 1, д. 14943, л. 1-5, 10-13.
  16. Национальный архив Республики Беларусь. — Ф. 4п, оп. 1, д. 14967, л. 2-3.

Крыніцы

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Гісторыя Беластока
Кастрычнік 1939 года
1939 год у палітыцы
1939 год у Заходняй Беларусі