У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Радзівіл.
Анто́ні А́льбрэхт Вільге́льм Рафа́л Мікала́й Радзіві́л (польск.: Antoni Albrecht Wilhelm Radziwiłł; 30 кастрычніка 1885, Берлін — 18 снежня 1935, Варшава) — беларускі, расійскі і польскі ваенны, палітычны і грамадскі дзеяч з роду Радзівілаў, буйны землеўладальнік, адзін з лідараў «віленскіх кансерватараў», 16-ы нясвіжскі і 13-ы клецкі ардынат.
Нарадзіўся 30 кастрычніка 1885 года ў Берліне ў сям’і Юрыя Фрыдэрыка Радзівіла (1860—1914), ардыната нясвіжскага і клецкага і Марыі Разаліі Радзівіл з Браніцкіх. З’яўляўся ўнукам Антонія Вільгельма Радзівіла, даводзіўся братам Каралю Мікалаю Радзівілу, ардынату Давыд-Гарадоцкаму, пляменнікам Станіславу Вільгельму Радзівілу.
У 1906 годзе скончыў Пажаскі корпус у Пецярбургу, дзе меў мянушку Аба. Пасля гэтага да дасягнення паўналецця займаўся пытаннямі спадчыны бацькі, які з-за цяжкай хваробы перадаў брату Станіславу частку сваіх палескіх уладанняў, у тым ліку Давыд-Гарадоцкую ардынацыю, а апеку над Нясвіжскай ардынацыяй ажыццяўляў слуцкі земелўладальнік Эдвард Вайніловіч[4]. Пасля смерці Юрыя Фрэдэрыка Альбрэхт Радзівіл стаў афіцыйным нясвіжскім і клецкім ардынатам, што пацвярджалася дамовай, падпісанай у Нясвіжы 12 верасня 1914 года[5].
Падчас Першай сусветнай вайны па рашэнні князя на тэрыторыі Нясвіжскага замка быў арганізаваны шпіталь на 100 чалавек, а праз год у радавым гняздзе Радзівілаў размясціўся штаб 2-й рускай арміі. Разам з іншымі памешчыкамі Альбрэхт Радзівіл сустракаўся з князем Мікалаем Мікалаевічам. У 1915 годзе арганізаваў у Нясвіжы з’езд Радзівілаў (прысутнічалі Фердынанд з Алыкі, Дамінік з Баліц і Станіслаў з Давыд-Гарадка), на якім было вырашана фінансаваць стварэнне польскіх вайсковых часцей у расійскай арміі. У 1917 годзе арганізаваў 1-ы польскі корпус Юзафа Доўбар-Мусніцкага, утрымліваў у Нясвіжскім замку шпіталь на сто ложкаў для польскіх салдатаў[6].
Пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ездзіў разам з Раманам Скірмунтам у лістападзе 1918 года ў Берлін і Швейцарыю дзеля забеспячэння ёй падтрымкі на Захадзе[7].
18 лютага 1919 года, нягледзячы на цяжкую хваробу ног, Альбрэхт Радзівіл уступіў у Войска Польскае і ў складзе 12-га палка польскіх уланаў удзельнічаў у Польска-савецкай вайне ў званні падхарунжага. 2 кастрычніка таго ж года па прычыне дрэннага стану здароўя быў звольнены ў рэзерв як падпаручнік 10-га палка літоўскіх уланаў.
Пасля Рыжскай мірнай дамовы ў 1921 годзе страціў частку сваіх уладанняў, якія апынуліся па ўсходнім баку мяжы. Нягледзячы на гэта, князь Радзівіл усё яшчэ валодаў каля 80.000 га зямлі, у тым ліку 65.000 га лясоў. У тым жа годзе ахвяраваў 20 фальваркаў для пражывання асобам, прымусова выселеным з тэрыторыі Усходняй Беларусі[8].
У міжваеннай Польшчы стаў адным з лідараў «віленскіх кансерватараў» — манархічна-кансерватыўнай групоўкі, якая складалася з ліку землеўладальнікаў Заходняй Беларусі. З 1922 года фінансаваў віленскую газету «Slowo» («Слова»), дзе ў тым ліку публікаваліся матэрыялы па гісторыі і сучасным стане Нясвіжа. Таксама стаў віцэ-прэзідэнтам Саюза абаронцаў «крэсаў усходніх».
У сярэдзіне 1920-х гадоў Альбрэхт Радзівіл меў пэўныя фінансавыя цяжкасці, што прымусіла яго прадаць частку калекцыі зброі і рыштунку Нясвіжскага замка. З-за падатковых запазычанасцяў Міністэрства сельскай гаспадаркі Польшчы канфіскавала ягоныя маёнткі Перакопаўшчына, Радзівілімонты і іншыя. Нягледзячы на гэта, князь дапамог землеўладальнікам, маёмасць якіх апынулася на савецкім баку і даў ім працу ў адміністрацыі Радзівілаўскіх землеўладанняў.
У 1926 годзе падчас аб’езда ўладанняў на князя быў здзейснены замах: будучы Герой Савецкага Саюза Кірыл Арлоўскі, які на той час з’яўляўся савецкім разведчыкам, збіраўся павесіць магната ў лесе за 10—12 км ад вёскі Дзяніскавічы і ўладкаваў засаду. Выратаваў Радзівіла кучар, які, убачыўшы партызан, паскорыў коней і здолеў уцячы[9].
26 кастрычніка 1926 года Нясвіжскі замак наведаў Юзаф Пілсудскі. Афіцыйна маршал прыехаў, каб ушанаваць памяць свайго былога ад’ютанта Станіслава Радзівіла, які загінуў пад Кіевам падчас польска-савецкай вайны. У палацы, дзе сабраліся 45 прадстаўнікоў заходнебеларускага дваранства, сярод якіх былі Аляксандр Мяйштовіч, Януш Радзівіл, Яўстафій Сапега, Станіслаў Ваньковіч і іншыя, Пілсудскі ўзняў тост за род Радзівілаў, каб той «заставаўся такім жа вечным, як старыя муры Нясвіжа». Прыезд польскага прэм’ера выклікаў сенсацыю ў тагачасным палітычным жыцці краіны, але сапраўднай мэтай меў згуртаванне кансерватыўна-дваранскіх колаў вакол санацыйнага ўраду пасля Майскага перавароту[6].
23 верасня 1929 года Альбрэхт Радзівіл прыняў у Нясвіжы польскага прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага, аўтамабіль якога сустракала ганаровая варта конных асаднікаў. У гонар прыезда Масціцкага было арганізавана вялікае паляванне з удзелам арыстакратыі і прадстаўнікоў улад.
З’яўляўся дзеячам Віленскага таварыства дабрачыннасці. Фінансава падтрымліваў школы, забяспечваў стыпендыяй маламаёмасных студэнтаў, фундаваў касцёлы і капліцы. У верасні 1935 года ў вёсцы Сверынава быў асвячоны касцёл, узведзены пры падтрымцы Альбрэхта Радзівіла. Князь прысутнічаў на асвячэнні і ахвяраваў прыходу абраз Маці Божай Троцкай XVII стагоддзя.
У міжваенны перыяд займаўся аднаўленнем Нясвіжскага замка, які быў разрабаваны падчас польска-савецкай вайны. Паводле аднаго з пунктаў Рыжскай мірнай дамовы, савецкі бок у 1922—1928 гадах вярнуў шэраг рарытэтаў, якія раней упрыгожвалі старажытную рэзідэнцыю. Сярод іх былі даўнія гарматы, архіўныя дакументы і частка карцін з княжацкай галерэі.
Акрамя афіцыйных прыёмаў, князь праводзіў у палацы свецкія балі і вечарыны з удзелам вядомых артыстаў. Так, у рэзідэнцыі бывалі актрыса Ядвіга Смасарска і «Хор Дана», эстрадны спявак Мечыслаў Фог. У 1930 годзе Радзівіл набыў у Варшаве дарагое чырвонае сукно, з якога былі пашыты фракі для госцяў. Таксама былі замоўлены парыкі ў стылі часоў Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Святочныя балі ў палацы Радзівілаў завяршаліся ўрачыстай вячэрай, дзе падаваліся фазаны, курапаткі і іншыя вытанчаныя стравы[10].
Альбрэхт Радзівіл памёр ад параліча 18 снежня 1935 года ў Варшаве, дзе ён валодаў невялікім палацыкам. Па загадзе міністра абароны Польшчы князь быў пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі ў радавой спачывальні. Паводле газеты «Дзённік крэсовы», у дні пахавання гатэлі Нясвіжа і замкавыя пакоі не змаглі змясціць усіх людзей, якія прыехалі развітацца з Радзівілам. Перад жалобным картэжам салдаты 27-га Нясвіжскага ўланскага палка неслі вянкі ад былога імператара Германіі Вільгельма ІІ, прэзідэнта Італіі і прадстаўнікоў іншых замежных дзяржаў. Згодна з успамінамі відавочцаў, калі жалобная цырымонія накіроўвалася ў касцёл, з замкавай вежы данесліся прыгожыя гукі паляўнічых ражкоў. Такім чынам з гаспадаром замка развітваліся яго верныя слугі-ляснічыя[10].
З’яўляўся прыхільнікам беларускай нацыянальнай ідэі[11]. Размаўляў па-польску, але выдатна ведаў беларускую мову. Сваю нацыянальнасць вызначаў як «тутэйшы»[12].
У 1910 годзе князь Альбрэхт Радзівіл ажаніўся з брытанкай Дораці Паркер Дзікан (1892—1960), якая ў 1917 годзе нарадзіла яму дачку Эльжбету Марыю. У 1921 годзе бацькі дзяўчынкі развяліся, і княгіня засталася з маці ў Парыжы і час ад часу адведвала бацьку ў Нясвіжы, апошні раз — у 1935 годзе.
Малодшы брат Альбрэхта Леан Уладзіслаў Радзівіл ў 1935—1939 гадах быў апошнім ардынатам нясвіжскім і клецкім.