wd wp Пошук:

Леан Уладзіслаў Радзівіл

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Радзівіл.

Ле́ан Уладзісла́ў Мікала́й Радзіві́л (22 снежня 1888, Берлін, Германская імперыя8 красавіка 1959, Парыж, Францыя) — ваенны, грамадскі і палітычны дзеяч Польскай Рэспублікі, апошні ўладальнік нясвіжскага замка з роду Радзівілаў, 17-ы нясвіжскі і 14-ы клецкі ардынат, ахвяра рэпрэсій.

Біяграфія

Нарадзіўся 22 снежня 1888 года ў Берліне (па іншых звестках — Патсдаме) ў сям’і Юрыя Фрыдэрыка Радзівіла (1860—1914), ардыната нясвіжскага і клецкага і Марыі Разаліі Радзівіл з Браніцкіх[2]. Быў унукам Антонія Вільгельма Радзівіла, даводзіўся пляменнікам Станіславу Вільгельму Радзівілу. Меў старэйшых братоў Караля Мікалая, ардыната Давыд-Гарадоцкага, і Антонія Альбрэхта, шаснаццатага нясвіжскага ардыната.

У 1909 годзе скончыў з адзнакай Імператарскі Пажаскі корпус у Пецярбургу і паступіў на службу ў Праабражэнскі лейб-гвардыі полк. Падчас Першай сусветнай вайны служыў у аддзеле замежных спраў генеральнага штаба Расійскай імператарскай арміі і звольніўся адтуль пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў 1917 годзе.

У маі 1919 года Леан Радзівіл уступіў у Войска Польскае, дзе працаваў у палітычным аддзеле Галоўнага камандавання, а праз некалькі месяцаў перайшоў у выведвальны аддзел Генеральнага штаба. Удзельнічаў у польска-савецкай вайне, падчас службы вёў дзённік. Па заканчэнні вайны сышоў у адстаўку[3].

Згодна з завяшчаннем, складзеным ў 1928 годзе Антоніем Альбрэхтам, Леан Уладзіслаў з’яўляўся спадчыннікам радзівілаўскіх уладанняў. Пасля смерці старэйшага брата ў 1935 годзе Леан Радзівіл атрымаў вялікую спадчыну, з пачатку наступнага года стаў апошнім 17-ым нясвіжскім і 14-ым клецкім ардынатам. Тады ж стала пасяліўся ў Нясвіжы, займаўся пераважна гаспадарчымі справамі, паляваннем, жывапісам і мецэнацтвам, пры гэтым пазбягаючы ўдзелу ў палітыцы[4]. Заснаваў агурочны завод у Радзівілімонтах.

З пачаткам 1 верасня 1939 года Другой сусветнай вайны Нясвіжскі замак стаў прытулкам для многіх уцекачоў з Варшавы. Пасля ўваходу ў Нясвіж Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года палац быў захоплены. За некалькі дзён да гэтага князь вынес і схаваў асабістыя каштоўнасці. Арышт Леана Уладзіслава Радзівіла праводзіў генерал-маёр Вячаслаў Грыднеў, які за гэта быў узнагароджаны Ордэнам Чырвонага Сцяга. Па ўспамінах відавочцаў, падчас арышту абураны князь павярнуўся да слуг і сказаў: «Усё, што зараз адбываецца — гэта велізарная памылка»[3].

Разам з сям’ёй арыстакрат быў вывезены спачатку ў Менскую турму, пасля — у Маскву. Дзякуючы сувязям маці Леана Радзівіла Марыі Разаліі з італьянскімі арыстакратамі апошняга нясвіжскага ардыната ўдалося абмяняць на вязняў рэжыму Мусаліні. Князь выехаў у Італію, а праз некаторы час пасяліўся ў Англіі, дзе цалкам адышоў ад актыўнага грамадскага жыцця. Пасля вайны Радзівіл пераехаў у Парыж, дзе і памёр увесну 1959 года.

Сям’я

29 снежня 1911 года ў Санкт-Пецярбургу ажаніўся з баранэсай Вольгай дэ Сімолін-Ветберг (6 ліпеня 1886—22 жніўня 1948), дачкой барона Аляксандра Сімоліна-Ветберга і Адэлі Лабінскай. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся:

Дачка Ежы Мікалая Дзіяна Марыя Роза Караба-Тэтаманці наведвала Нясвіжскі палац у 2014 і 2017 гадах. Па яе словах, разглядаецца пытанне аб перапахаванні Леана Уладзіслава Радзівіла ў радавой спачывальні[5].

Узнагароды

Зноскі

  1. Lundy D. R. Prince Leon Radziwill // The Peerage Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Радзівіл Леан Уладзіслаў // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
  3. 1 2 3 Ігар Мельнікаў.. НКУС супраць Радзівілаў(руск.) . Будзьма беларусамі! (5 студзеня 2017). Праверана 19.09.2019.
  4. Нясвіжскія ардынаты (бел.) . Нясвіж — нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік. Праверана 19.09.2019.
  5. Вераніка Молакава.. Як да сябе дадому (бел.) . Культура (1 ліпеня 2017). Праверана 19.09.2019.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1888 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Удзельнікі польска-савецкай вайны
Катэгорыя·Ардынаты нясвіжскія
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 снежня
Катэгорыя·Памерлі 8 красавіка
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 3 ступені
Катэгорыя·Ардынаты клецкія
Катэгорыя·Удзельнікі Першай сусветнай вайны
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя ў БССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў Парыжы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Берліне
Катэгорыя·Памерлі ў 1959 годзе
Катэгорыя·Памерлі 7 красавіка
Катэгорыя·Радзівілы
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы