wd wp Пошук:

Ніжняя Алба

Ні́жняя Алба́[2] (трансліт.: Nižniaja Alba) — вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Верхнеалбянскага сельсавета. Знаходзіцца побач з рэспубліканскім ландшафтным заказнікам «Смычок».

Геаграфічныя звесткі

Размешчана ля р. Дняпро, у 39 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтра і чыгуначнай станцыі Жлобін, 110 км ад Гомеля. Транспартныя сувязі па аўтамабільнай дарозе праз г. п. Стрэшын, а затым па аўтадарозе БабруйскГомель.

Планіроўка вёскі складаецца з прасталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад (уздоўж ракі), да якой з захаду далучаюцца чатыры завулка. Забудова двухбаковая, пераважна драўляная, сядзібнага тыпу.

Недалёка ад вёскі ёсць радовішча гліны.

Гісторыя

Засяленне людзьмі гэтай мясцовасці адбылося ў першабытнаабшчынным перыядзе, у каменным веку, задоўга да ўтварэння вёскі. Пры археалагічных даследаваннях непадалёк ад вёскі, на землях ландшафтнага заказніка «Смычок» выяўлены рэшткі паселішча, якое адносіцца да днепра-данецкай культуры позняга каменнага веку — неаліту (V — III тысячагоддзі да н. э.). У ходзе раскопак знойдзены прадметы з крэменю, фрагменты ляпнога глінянага посуду, у т. л. з арнаментам[3].

Выяўлены селішчы бронзавага і ранняга жалезнага вякоў (0,15 км на паўночны захад ад вёскі, каля могілак). Аб даўняй гісторыі гэтых месцаў сведчыць і знойдзены ў вёсцы ў 1902 годзе скарб.

Па пісьмовых крыніцах вёска вядомая з XVIII ст., калі перасяленцы з вёскі Алба (цяпер Верхняя Алба) заснавалі тут пасяленне. Паводле рэвізіі 1858 году — уладанне князя Л. М. Галіцына. Дзейнічала паромная пераправа праз Дняпро грузападымальнасцю да 500 пудоў. З 1880 году працаваў хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1897 года знаходзіліся 3 вятракі, школа, млын, піцейны дом. Вялікую шкоду нанёс пажар 13 жніўня 1897 года. У 1909 годзе 1671 дзесяцін зямлі, у Стрэшынскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні.

У 1923 годзе пабудавана і адкрыта 4-гадовая школа. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоная ніва», працаваў вятрак. У час Вялікай Айчыннай вайны 115 жыхароў загінулі на фронце. У 1956 годзе ўтвораны калгас «Правда» (з 1958 цэнтр — у Верхняй Албе), які дзейнічаў да 2001.

Насельніцтва

Колькасць насельніцтва па гадах.
185818971909192519592004
37 двароў, 250 жыхароў72 дв., 556 жых. паводле перапісу94 дв., 694 жых.143 дв.708 жых. паводле перапісу83 дв., 168 жых.

Адметнасці

Непадалёк ад вёскі, на землях заказніка «Смычок» на беразе возера вылучана месца для адпачынку. Уезд аўтамотатранспарту на тэрыторыю заказніка не дазваляецца, паркоўка — перад мяжою заказніка.

Літаратура

Зноскі

  1. Электронный справочник почтовых кодов Республики Беларусь // belpost.by (руск.)
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. Маслюкоў, Т. Ніжняя Алба: знаходкам — сем тысяч год // Гомель гражданский. — 2014. — 15 верасня.
Тэмы гэтай старонкі (6):
Верхнеалбянскі сельсавет
Населеныя пункты паводле алфавіта
Артыкулы пра населеныя пункты Беларусі, створаныя аўтаматычна
Населеныя пункты Жлобінскага раёна
Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Артыкулы пра населеныя пункты без катэгорыі на Вікісховішчы