wd wp Пошук:

Вятрак

Вятрак на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі»

Вятрак, ветраны млын — вытворчая пабудова для памолу зерня з выкарыстаннем энергіі ветру.

Вярчальны момант ад парных крылаў (звычайна чатырох) каркаснай канструкцыі, умацаваных на гарызантальным вале, праз зубчатыя колы перадаваўся на вертыкальны вал і камяні паставоў. Паводле канструкцыі ветракі падзяляюцца на стрыжнёвыя (казловыя, слупавыя) і шатровыя. Сустракаліся і невялікія сядзібныя ветракі (казлоўкі), у т.л. на колах — для перавозкі з месца на месца.

Былі пашыраны ў многіх краінах Еўропы з XII–XIII ст., звычайна мураваныя. На Беларусі вядомы з XVI ст., найбольш пашыраны ў XVIII–пач. XX ст., драўляныя. Выкарыстоўваліся да сярэдзіны XX ст.

Якаб ван Ройсдал, Млын у Вейк-бей-Дзюрстэдэ (1670)

Будова

Вятрак складаецца з двух асноўных частак: нерухомай апорнай падставы і рухомай часткі з механізмам і крыламі, якая здольна паварочвацца ў найбольш выгадную пазіцыю адносна ветру. У залежнасці ад суадносін гэтых частак ветракі дзеляцца на дзве групы. Першыя ветракі характарызуюцца тым, што корпус паварочваўся разам з крыламі пад найбольш зручны вецер на спецыяльнай канструкцыі — г. зв. козлах. З ХVII ст. у Еўропе атрымаў распаўсюджванне новы тып ветрака з нерухомым корпусам — “галандскі” (або “шатровы”), у якога разам з крыламі паварочвалася толькі верхняя частка. У ветрака тыпу “пальтрак” паварочвалася ўся пабудова, але не на козлах, а на спецыяльным коле, устаноўленым на ўзроўні зямлі.

Стрыжнёвыя

Звычайна двух’ярусныя, квадратныя ў плане, вышынёй 8-12 м. Козлы, на якія абапіралася збудаванне, складаліся з магутных гарызантальных брусаў, якія ляжалі на зямлі, звычайна на каменным падмурку. У гарызантальныя брусы ўразаўся вертыкальны слуп (з хвоі, радзей з дубу) і падтрымліваючыя яго падкосы. Замацаваныя на слупе гарызантальныя бэлькі падтрымлівалі знізу корпус млына і з’яўляліся асновай першага яруса.

З-за таго, што практычна ўсе механізмы ветрака канцэнтраваліся бліжэй да наветранага боку, будынак даводзілася цэнтраваць. Корпус усталёўваўся на бэльках са зрухам на 30-50 см да ўваходнага боку, што забяспечвала ўстойлівасць збудавання. Да гэтых жа бэлек знізу прымацоўваўся брус-дышаль, з дапамогай якога млын паварочвалі па кірунку ветру. Уваход у млын заўсёды быў з боку, процілеглага наветранаму, дзе размяшчаліся крылы.

Крылы ўсталёўвалі на агалоўку гарызантальнага (злёгку нахіленага) вала, размешчанага пад дахам. Перадача вярчальнага руху звычайна разлічвалася такім чынам, каб за адзін абарот крылаў жоран рабіў 7-12 абаротаў. Сістэма дадатковых механізмаў дазваляла рэгуляваць хуткасць кручэння крылаў і тонкасць памолу мукі, забяспечвала падыманне мяшкоў з зернем на верхні ярус і г.д. Ярусы млына звязваліся па ўнутраных лесвіцах. Каркас рабіўся з брусаў, абшыўка — з дошак, радзей з гонту; козлы — часцей за ўсё з дуба; зубы колаў — з цвёрдых парод дрэва (граб, клён, яблыня).

Шатровыя

Гэты тып ветракоў з’явіўся ў Галандыі, таму называўся “галандскім”, а на Беларусі часцей — “шатровым”.

Асноўны аб’ём млына шатровага тыпу нерухомы, паварочваецца толькі верхняя частка (шапка). Часцей за ўсё шатровыя млыны рабіліся васьміграннымі, што стаялі на зрубе з 3-4 вянкоў. Бакавыя сцены ўяўлялі сабой злёгку нахілены да цэнтра каркас ашаляваны дошкамі. Накрытая дахам шапка шырэй корпуса, які завяршаўся гарызантальным драўляным колам, па якім і ажыццяўляўся паварот шапкі з крыламі. Шатровыя млыны значна вышэй “казловых” — да 18 м (не менш за 3 ярусы). Такая вышыня дазваляла падымаць вышэй вал, на якім мацаваліся крылы, а гэта значыць, рабіць іх даўжэй — адсюль і вялікая магутнасць гэтых млыноў. У шапцы пад дахам на вале размяшчалася кола, якое перадавала кручэнне на вертыкальны вал. У ніжняй частцы праз сістэму колаў кручэнне перадавалася на верхні жоран. Млыны гэтага мелі большую прадукцыйнасць, бо маглі прыводзіць у рух дзве пары жорнаў, у той час як “казловы” — толькі адну.

Пальтрак

Пальтрак у Шонэвальдэ[de], Германія

Спалучае ў сабе канструкцыю стрыжнёвага і галандскага тыпаў: знешні выгляд млына нагадвае канструкцыю стрыжнёвага, у той час як унутраныя механізмы набліжаны да сістэмы, якія сустракаюцца ў галандскіх. Пальтракі мелі каркасную канструкцыю сцен, ніжнія бэлькі якіх утваралі квадрат. У такіх млынах корпус стаіць адначасова і на восевым слупе, і на ляжачым на каменнай падставе драўляным коле. Па ўбудаваным у кола металічным полазе і паварочваўся корпус. Восевы слуп зроблены масіўным, гранёным, але даходзіць толькі да другога яруса. Дзейнічаў механізм па звычайнай схеме: гарызантальны вал, атрымаўшы кручэнне ад крылаў, перадае яго праз умацаванае на ім кола на зубчасты барабан і далей на металічны шворан, які прыводзіць у рух верхні жоран.

На Беларусі

На Беларусі ветракі вядомыя з XVI стагоддзя, найбольш пашыраны былі ў XVIII–пачатку XX ст. Пераважалі драўляныя; каменныя — літаральна адзінкавыя і характэрныя толькі для канца XIX–пачатку XX ст.

Найбольшае распаўсюджванне мелі млыны слупавой канструкцыі, так званыя “казлоўкі”. Будаваліся ў Цэнтральнай Беларусі, Панямонні, Заходнім Палессі і заходняй частцы Усходняга Палесся. Корпус звычайна быў каркасным, з ашалёўкай з дошак і аполкаў. Шатровыя млыны будаваліся ў асноўным у Падняпроўі і Усходнім Палессі, рэдка — у Цэнтральным рэгіёне. На поўначы Беларусі, у Паазер’і, вядомы ветракі тыпу “пальтрак”.

На поўначы Беларусі ў канцы ХІХ–пачатку ХХ ст. з’яўляюцца невялікія ветракі, прызначаныя для абслугоўвання адной або некалькіх сялянскіх гаспадарак. Найбольш часта сустракаліся на Паазер’і, але вядомыя і ў іншых частках краіны. Для іх вырабу не патрабаваліся нейкія адмысловыя гатункі драўніны, высокая кваліфікацыя цесляроў. Такія млынкі, вышынёй усяго 2-4 м, звычайна стаялі на адкрытай мясцовасці. Усталёўвалі іх непасрэдна на зямлю. Часам маглі ўбудоўвацца ў жылы дом з пропускам восевага слупа праз канёк даху. Сустракаліся перасоўныя млыны на невялікіх драўляных колах.

Яшчэ на пачатку 1950-х гадоў на Беларусі было некалькі тысяч дзеючых ветракоў[1].

У літаратуры

Мігель Сервантэс у сваім рамане Дон Кіхот апісваў сцэну, у якой Дон Кіхот атакуе ветраныя млыны, лічачы іх за веліканаў. Адсюль паходзіць вядомае выказванне «біцца з вятракамі», якое літаральна азначае барацьбу з неіснуючым супернікам, або бессэнсоўнае дзеянне. У беларускіх аўтараў вятрак асацыюецца ў асноўным з месцам жыхарства зданняў і інш. нечысцяў.

Зноскі

  1. Сергачёв С. А. Ветряные мельницы в Беларуси(руск.)  // Архитектура и строительство : часопіс. — 2006. — № 3. — С. 32-36.

Літаратура

Спасылкі

Гл. таксама

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Ветраныя млыны
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Глобус Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Будынкі і збудаванні