wd wp Пошук:

Жлобінскі раён

Жло́бінскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гомельскай вобласці Беларусі. Цэнтр — горад Жлобін.

Плошча раёна складае 2100 км² (6-е месца). Раён мяжуе з Рагачоўскім, Буда-Кашалёўскім, Рэчыцкім і Светлагорскім раёнамі Гомельскай вобласці, Бабруйскім раёнам Магілёўскай вобласці.

Геалогія

У тэктанічных адносінах тэрыторыя раёна прымеркавана да Жлобінскай седлавіны і Гарадоцка-Хацецкай ступені Прыпяцкага прагіну. Зверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту магутнасцю 20—40 м, у ледавіковых лагчынах да 80—100 м; ніжэй неагенавыя і палеагенавыя да 45—50 м, мелавыя 10—115 м, юрскія 16—107 м, дэвонскія да 1000 м адклады. На поўдні раёна ў верхнім дэвоне вылучаецца саляносная тоўшча. Пад платформавым чахлом на глыбіні 700 м на паўночным захадзе і поўначы і 1500 м ніжэй узроўню мора на паўднёвым усходзе залягаюць пароды крышталічнага фундамента.

Вядомы радовішчы торфу, глін, пяскоў.

Геаграфія

Паверхня раёна пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўночны захад — у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. 98 % тэрыторыі на вышыні 130—145 м над узроўнем мора. Агульны нахіл тэрыторыі з поўначы на поўдзень. Найвышэйшы пункт 151,5 м (на поўдні, каля в. Дабрагошча); найменшая абсалютная адзнака 118 м (на паўднёвым усходзе, урэз Дняпра). Характэрны плоскія нізінныя ўчасткі, на паўночным захадзе забалочаныя.

Асноўныя рэкі — Дняпро, Бярэзіна і Добасна. Іншыя рэкі: Выдрыца, Окра. Размешчаны ландшафтны заказнік Смычок і часткова — Выдрыца.

Гісторыя

У 1919 годзе Жлобін становіцца валасным цэнтрам.

Жлобінскі раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Бабруйскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Жлобін. 20 жніўня 1924 года падзелены на 14 сельсаветаў: Бабоўскі, Бухарынскі, Казіміраўскі, Кароткавіцкі, Лукаўскі, Малевіцкі, Пірэвіцкі, Радушскі, Салонскі, Сенажаткаўскі, Скяпнянскі, Стараруднянскі, Чацвярнянскі, Шапілаўскі. 3 ліпеня 1925 года Жлобін атрымаў статус горада. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны Верхнеалбянскі (Вышнеалбянскі), Дабрагашчанскі, Затонскі, Кабанаўскі, Мормальскі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Стрэшынскі сельсаветы скасаванага Стрэшынскага раёна. 30 ліпеня 1928 года Шапілаўскі сельсавет перайменаваны ў Майскі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 20 жніўня 1933 года Сенажаткаўскі сельсавет рэарганізаваны ў нацыянальны польскі сельсавет. 26 лютага 1937 года Бухарынскі сельсавет перайменаваны ў Акцябрскі. 14 жніўня 1937 года Казіміраўскі сельсавет разбуйнены на Казіміраўскі і Краснабярэжскі сельсаветы, скасаваны Сенажаткаўскі нацыянальны польскі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Гомельскай вобласці. 28 чэрвеня 1939 года ў склад адноўленага Стрэшынскага раёна перададзены 10 сельсаветаў: Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Затонскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Мормальскі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Скяпнянскі і Стрэшынскі. 30 красавіка 1948 года ўтвораны Ракцянскі сельсавет. 29 красавіка 1950 года да раёна далучаны Кіраўскі сельсавет Рагачоўскага раёна. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Казіміраўскі і Салонскі сельсаветы. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Стрэшын, Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Мормальскі, Навамаркавіцкі, Папарятнянскі, Скяпнянскі сельсаветы скасаанага Стрэшынскага раёна. 11 лютага 1960 года скасаваны Мормальскі і Чацвярнянскі сельсаветы, 17 жніўня 1962 года — Бабоўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Дворышчанскі і Шчадрынскі сельсаветы Светлагорскага раёна. 7 сакавіка 1963 года Жлобін атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання. 18 студзеня 1965 года скасаваны Дворышчанскі сельсавет, утвораны Сцяпскі (Сцяпоўскі) сельсавет. 8 снежня 1966 года зноў утвораны Салонскі сельсавет, скасаваны Скяпнянскі сельсавет. 24 лістапада 1983 года Лукаўскі сельсавет перайменаваны ў Луцкі. 21 верасня 1992 года скасаваны Радушскі, Ракцянскі і Сцяпскі сельсаветы. 4 студзеня 2002 года горад Жлобін і Жлобінскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 12 лістапада 2013 года скасаваны Кабанаўскі сельсавет[4], Стрэшынскі пассавет рэарганізаваны ў сельсавет[5].

Дэмаграфія

Зараз насельніцтва раёна складае 107,1 тыс. чалавек (2-е месца), у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць 72,2 тыс. чалавек. Усяго налічваецца 156 населеных пунктаў.

Транспарт

Транспартная інфраструктура ўключае чыгункі Мінск — Гомель і Орша — Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск — Гомель, Рагачоў — Светлагорск. Па Бярэзіне і Дняпру ажыццяўляецца суднаходства.

Вядомыя асобы

Славутасці

Асноўны артыкул: Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Жлобінскага раёна Зноскі

  1. 1 2 3 4 Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  4. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 12 ноября 2013 г. № 275 Об упразднении Кабановского сельсовета и об изменении границ Новомарковичского сельсовета Жлобинского района Гомельской области
  5. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 12 ноября 2013 г. № 281 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Жлобинского района Гомельской области

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе
Катэгорыя·Жлобінскі раён
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных