Во́ўпа[1] (трансліт.: Voŭpa, руск.: Волпа) — аграгарадок у Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці, на рацэ Ваўпянка. Адміністрацыйны цэнтр Воўпаўскага сельсавета.
Знаходзіцца за 25 км на поўнач ад Ваўкавыску, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Рось; на аўтамабільнай дарозе Ваўкавыск — Гродна. Насельніцтва 1544 чал. (1990).
Упершыню Воўпа згадваецца ў XV ст. як дзяржаўны двор і сяло, уладанне вялікага князя Казіміра, які ў 1449 годзе даў яе канцлеру Алехне Судзімонтавічу. У 1478 годзе тут заснаваны касцёл Яна Хрысціцеля. Пазней Воўпа перайшла да Гальшанскіх, Павел Гальшанскі зрабіў яе цэнтрам сваіх уладанняў.
У XVI ст. ініцыятывай вялікай княгіні Боны створана Воўпаўскае староства ў складзе Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства. У 1624 годзе яго купіў канцлер Леў Сапега для свайго сына, падканцлера Казіміра Льва. Апошні, у 1643 годзе, прымаў у Воўпе караля і вялікага князя Уладзіслава Вазу. У 1662 годзе літоўскія канфедэраты вынеслі ў мястэчку смяротны прысуд гетману Вінцэнту Гасеўскаму[2].
У XVIII ст. Караліна Тэрэза з Радзівілаў, удава Казіміра Льва Сапегі, перадала Воўпаўскае староства Юзафу Аляксандру Ябланоўскаму. У 1772 годзе староства складалася з мястэчка Воўпа з ключамі Дубна, Стары Дворац і Калодзежна. На сейме 1773—1775 гадоў староства атрымаў Юзаф Вінцэнт Плятэр. Станам на 1775 год у мястэчку быў 21 двор. У 1773 годзе на месцы ранейшага збудавалі новы драўляны касцёл Яна Хрысціцеля з разнымі алтарамі. Кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 21 студзеня 1792 года даў мястэчку Магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі бабёр натуральнага колеру»[3].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Воўпа трапіла ў склад Расійскай імперыі, знаходзілася ў Гродзенскім павеце. Па задушэнні паўстання ў 1831 годзе расійскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў дзяржаўны скарб. Станам на 1893 год у мястэчку было 110 двароў, касцёл, 2 праваслаўныя капліцы, сінагога, 2 малітоўныя дамы, школа, бровар, 2 гарбарні, фарбавальня, 25 крам; штогод праводзілася 5 невялікіх кірмашоў.
Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Воўпа трапіла ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі, была цэнтрам гміны Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства.
У 1939 годзе Воўпа ўвайшла ў склад БССР, з 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр сельсавета. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1970 год у Воўпе 274 двароў, на 1990—670 двароў.
У Воўпе працуюць сярэдняя школа, бальніца, амбулаторыя, дом культуры, бібліятэка, пошта.
Воўпаўская сінагога (XVII—XVIII стст.) — адна з найпрыгажэйшых у Рэчы Паспалітай[8] і Усходняй Еўропе[9][10].