wd wp Пошук:

Ганна Паўліна Ябланоўская

Ганна Паўліна Ябланоўская з Сапегаў (22 чэрвеня 1728 — 7 лютага 1800) — княгіня, ваяводзіха брацлаўская (як жонка Яна Каятана Ябланоўскага), мецэнатка, калекцыянерка, спраўная гаспадыня ў сваіх маёнтках ды аўтарка эканамічных трактатаў.

Біяграфія

Была дачкой Караліны Тэрэзы з Радзівілаў ад яе першага шлюбу з Казімірам Львом Сапегай (генералам артылерыі літоўскай). Пасля смерці бацькі (1738) выхоўвалася пад наглядам айчыма — Юзафа Аляксандра Ябланоўскага. У 1750 яна стала жонкай Яна Каятана Ябланоўскага (1699—1764), які з 1754 займаў пасаду ваяводы брацлаўскага.

Была адной з найбольш знакамітых і самых адукаваных жанчын свайго часу. Пасля смерці мужа ў 1764 трыццаціпяцігадовая Ганна Паўліна стала адзінай і паўнапраўнай гаспадыняй шматлікіх маёнткаў, у тым ліку адзінаццаці мястэчак, ста сямі вёсак і дваццаці чатырох фальваркаў. Яна ўцягнулася таксама ў актыўную палiтычную дзейнасць, выступіўшы супраць новага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і падтрымаўшы сваімі ўплывамі Барскую канфедэрацыю. За мяжой Ябланоўскую называлі «Мадам дэ Бар» — пані Барскай канфедэрацыі. Княгіня займалася пошукамі грошай, зборам звестак, а таксама спрыяльнай для канфедэратаў дыпламатычнай дзейнасцю пры дварах Венецыі, Рыму, Неапалю, Парыжа ды Амстэрдаму. Пасля падзення канфедэрацыі Ганна Ябланоўская памірылася з каралём і адмовілася ад палітычнай барацьбы. Яна пачала займацца актыўнай грамадскай работай у сваіх вёсках і мястэчках, намагаючыся павысіць духоўную і матэрыяльную культуру сваіх падданых. Ябланоўская замест паншчыны ўвяла ў сваіх маёнтках чынш, ператварыўшы сваіх прыгонных сялян у арандатараў, якія маглі карыстацца зямельнымі надзеламі ўзамен за працэнт ад усяго вырашчанага на арандаванай зямлі. Ябланоўская клапацілася таксама пра паляпшэнне побыту сваіх падданых, яна будавала млыны, вінакурні, невялікія ткацкія фабрыкі і фабрыкі па вытворчасці фаянсу і фарфору.

Ад назваў галоўных маёнткаў Ябланоўскую пачалі называць «пані на Сямяцічах і Коцку». Заняпалыя Сямяцічы пад яе панаваннем пераўтварыліся ў значны гандлёвы і культурны цэнтр. За ўласны кошт Ябланоўская пабудавала тут і ўтрымлівала раддом для сялянак, акушэрскую школу ды багадзельню. Акрамя гэтага, княгіня пабудавала у Сямяцічах ратушу і друкарню. Менавіта ў гэтай друкарні на працягу 1783—1785 гадоў княгіня выдавала напісаны ёю шматтомны эканамічны трактат «Усеагульныя пастановы для кіраўнікоў маіх маёнткаў» (па-польску: Ustawy powszechne dla dóbr moich rządców), які выклікаў вялікую цікавасць у краіне і хутка быў перадрукаваны ў Варшаве.

Спадчына

Ганна Ябланоўская была таксама вядомая як калекцыянерка, якая стварыла ўласны мінералагічны музей (які на той час быў адным з найлепшых у Еўропе) ды мела ў сваёй рэзідэнцыі велізарную калекцыю манет і медалёў. Яе калецыя мінералаў і нумізматыкі была выкуплена рускім вучоным Васілём Міхайлавічам Севяргіным для Маскоўскага ўніверсітэта[1].

Зноскі

  1. Яблоновская, Анна Паулина (1728—1800) (руск.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Памерлі ў 1800 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Ябланоўскія
Катэгорыя·Нарадзіліся 22 чэрвеня
Катэгорыя·Памерлі 7 лютага
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1728 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Новагародскім ваяводстве
Катэгорыя·Ябланоўскія
Катэгорыя·Памерлі ў Валынскай губерні
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Ваўкавыскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Сапегі
Катэгорыя·Памерлі ў Ровенскай вобласці
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жанчыны Вялікага Княства Літоўскага