ААТ «Белгіпс» — беларуская кампанія па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў[ru][1], заснаваная ў красавіку 1948 года ў якасці «Мінскага гіпсавага завода».
З мая 2019 года размяшчалася ў пасёлку Гатава на поўдні Мінскага раёна. Было адзіным у Беларусі вытворцам будаўнічых матэрыялаў з гіпсу. На 2021 год мела 115 кропак продажу праз 19 дылераў у Беларусі, у тым ліку 33 у Мінску, 11 у Брэсце, 10 у Гродне, па 9 у Гомелі і Магілёве, 5 у Віцебску, а таксама 12 у Мінскім раёне, 4 у Бабруйску, 3 у Баранавічах, па 2 у Оршы, Лідзе і Полацку. Па 1-й краме працавала ў яшчэ 23 гарадах — Асіповічах, Барысаве, Бярозе, Ганцавічах, Дружным (Пухавіцкі раён), Жлобіне, Жодзіне, Іванаве, Івацэвічах, Мазыры, Маладзечне, Маларыце, Мар’інай Горцы, Наваполацку, Пінску, Пружанах, Рагачове, Светлагорску, Слоніме, Століне, Слуцку, Фаніпалі (Дзяржынскі раён), Чэрвені[2].
На 2021 год «Белгіпс» выпускаў:
4 верасня 1944 года Савет народных камісараў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 44 аб будаўніцтве «Мінскага гіпсавага завода». 14 красавіка 1948 года «Мінскі гіпсавы завод» запусцілі за 2 км ад горада, дзе цяпер вуліца Казлова, д. 24. Гадавая магутнасць цэха гіпсу склала 48 000 тон. 1 студзеня 1949 года стварылі вытворчасць перагародкавых пазаграбневых плітаў магутнасцю 150 000 кв.м за год. 13 мая 1952 года ўвялі ў дзеянне цэх гіпсакардону. У 1973 годзе магутнасць цэха гіпсу павялічылі з 53 000 тон да 176 500 тон за год. У 1997 годзе прадпрыемства перайменавалі ў «Мінскі завод гіпсу і гіпсавых буддэталяў». У 2001 годзе ўнітарнае прадпрыемства пераўтварылі ў адкрытае акцыянернае таварыства «Белгіпс»[4].
25 кастрычніка 2013 года Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі абвясціў конкурс на адбор укладальніка для прыватызавання 99,5 % паёў «Белгіпсу». Інвестар меў цягам 5 гадоў павялічыць статутны фонд на 43 млн еўра. З іх да 1 ліпеня 2016 года 24,7 млн еўра мелі накіраваць на павелічэнне вытворчасці гіпсакардонных лістоў да 10 млн кв.м за год. У пасёлку Гатава на поўдні Мінскага раёна прадугледжвалася ўзвядзенне завода будаўнічых матэрыялаў з гіпсу. Яго гадавая магутнасць мела скласці 30 млн кв.м гіпсакардонных лістоў і 500 000 кв.м плітаў, а таксама 100 000 тон сухіх будаўнічых сумесяў[5]. 16 студзеня 2014 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 34 “Аб некаторых пытаннях ААТ «Белгіпс», паводле якога пастанавіў прадаць каля 2 млн паёў расійскаму ТАА «Волма» (Валгаград) за 5,27 млн долараў ЗША. Паводле інвестыцыйнага дагавора, да ліпеня 2018 года «Белгіпс» вызвалілі ад мытаў і падатку на дададзеную вартасць пры ўвозе абсталявання і сыравіны[6]. Таксама ў 2017—2021 гадах прадпрыемства вызвалілі ад падатку на прыбытак[7]. 28 студзеня 2014 года Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі паведаміў пра заключэнне дагаворы продажу паёў расійскаму прадпрыемству «Волма»[6]. 19 лютага 2014 года старшыня Дзяржкаммаёмасці Беларусі Георгій Кузняцоў паведаміў: «У (матчынай) кампаніі ёсць кар’еры ва Украіне, таму гіпс для вытворчасці прывозяць адтуль»[8].
7 кастрычніка 2015 года пачалі будоўлю новага завода ў пасёлку Гатава на поўдні Мінскага раёна[9]. У 2016 годзе асучаснілі вытворчасць у Мінску[4]. 22 лістапада 2017 года нямецкае прадпрыемства «Кнаўф» (Іпгофен, зямля Баварыя) набыло 50 % паёў «Белгіпсу»[4]. Да 15 чэрвеня 2018 года ў будоўлю завода ў Гатаве ўклалі 60 млн еўра з разлікам акупнасці цягам 15 гадоў[10]. 30 мая 2019 года ў пасёлку Гатава на поўдні Мінскага раёна адчынілі новы завод будаўнічых матэрыялаў[11]. Па выніках 2019 года сярэднемесячны заробак работнікаў «Белгіпсу» склаў 1682 рублі (805 $)[12].
23 сакавіка 2020 года пайшчыкам стала ТАА «Нямецкае таварыства ўкладанняў і развіцця» (Кёльн, зямля Паўночны Рэйн — Вестфалія)[4]. На сакавік 2020 года «Белгіпс» быў адзіным у Беларусі вытворцам будаўнічых матэрыялаў з гіпсу. На заводзе ў Гатаве выраблялі гіпсакардонныя лісты, сухія будаўнічыя сумесі, пазаграбнявыя пліты і хімічныя дадаткі-прэміксы[13]. Сярод іншага, «Белгіпс» арандаваў кардонную фабрыку ў Пухавічах для перапрацоўкі тэтрапака[12]. У Пухавіцкі завод уклалі каля 900 000 еўра з запланаваных 2 млн. Магутнасці прадпрыемства мела хапіць на палову адкідаў з тэтрапаку ў Беларусі, якія складала ад 9000 да 13 000 тон за год. Таксама прадугледжвалася перапрацоўка талерак, шпалераў і этыкетак[14]. На заводзе «Белгіпсу» ў Гатаве працавала 200 чалавек[15]. У 2020 годзе завод у Гатаве забяспечыў унутраны рынак Беларусі гіпсакардоннымі лістамі і паставіў звыш 60 % вырабаў за мяжу. Пры гэтым увоз гіпсакардону ў Беларусь скараціўся на 18 % амаль на 1 млн кв.метраў. На чэрвень 2021 года вытворчая магутнасць заводу ў Гатаве складала 30 млн кв.м гіпсакардонных лістоў, 500 000 кв.м пазаграбеневых плітаў, 100 000 тон сухіх будаўнічых сумесяў, 8000 тон прэміксаў і 15 000 кубаметраў успучанага перліту за год[11].
У лютым 2015 года даччынае ААТ «Белгіпс-Эка» ўсталявала ў Мінску зялёныя кантэйнеры «Макулатура» для збору і перадачы кніг у бібліятэкі і школы. У сартаванні кніг супрацоўнікам прадпрыемства дапамагалі слухачы Мінскага ўніверсітэта трэцяга ўзросту[16]. Да жніўня 2015 года сабралі каля 5000 кніг для перадачы ва ўстановы аховы здароўя, прытулкі і турмы[17]. 1 лютага 2016 года Савет Міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 82, паводле якой вызначыў «Белгіпс» у якасць аднаго з заказчыкаў пастаўкі адкідаў з кардону і паперы для дзяржаўных патрэбаў[18]. 8 красавіка 2016 года кіраўнік дабрачыннага кнігаабмену «Кнізе — другое жыццё» Фёдар Грышкавец паведаміў, што ў грамадскія ўстановы перадалі звыш 15 000 кніг[19]. На 14 верасня 2016 года пры сартаванні макулатуры з зялёных кантэйнераў «Белгіпс-Эка» знайшлі 4 рэдкія кнігі, якія перадалі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Імі апынуліся: 1) лацінамоўны «Падручнік маральнага багаслоўя» бернардзінскага манаха Францішка Прылуцкага, выдадзены ў 1765 годзе ў Віленскай друкарні каталіцкага ордэна піяраў; 2) кіеўскі «Псалтыр» 1888 года, 3) 1-ы том «Твораў Памялоўскага» 1909 года, 4) «Творы Мікалая Гогаля» 1921 года[20]. Да студзеня 2017 года за 2 гады дабрачыннага кнігаабмену перадалі 25 000 кніг. Атрыманыя выданні на сядзібе «Белгіпс-Эка» сартавалі студэнты Ксенія Плышэўская і Павел Хлюст[21]. На сакавік 2020 года з 700 кантэйнераў сабралі каля 80 000 кніг, з якіх 60 000 раздалі грамадскім установам[12].