wd wp Пошук:

Гіпсакардон

Штабель гіпсакардону
**Гіпсакардон** *(«ліст гіпса-кардонны», «сухая гіпсавая тынкоўка», [англ.](/Англійская_мова "Англійская мова"): drywall)* — [будаўнічы матэрыял](/Будаўнічыя_матэрыялы "Будаўнічыя матэрыялы"), які ўяўляе сабой ліст, што складаецца з двух пластоў будаўнічай [паперы](/Папера "Папера") ([кардона](/Кардон "Кардон")) і сардэчніка з пласта зацвярдзелага [гіпсавага](/Будаўнічы_гіпс "Будаўнічы гіпс") цеста з напаўняльнікамі. Прызначаецца для майстравання ашалёвак, перагародак, столяў у будынках з сухім і нармальным вільготнасцевым рэжымам. Стандартная шырыня ліста — 120 см.

Гіпсакардон вынайшлі ў XIX стагоддзі ў Амерыцы. Гэта зрабіў Аўгусцін Сакет, які валодаў паперняй. Пошукі новых рынкаў ужывання паперы прывялі да вынаходства «будаўнічай дошкі», таўшчынёй 15 мм. Гэта быў «пірог» з 10 пластоў паперы, якія змацоўвалі тонкую паласу гіпсу. Аўгусцін Сакет атрымаў патэнт на гэты будматэрыял. Але гэта быў толькі правобраз сучаснага гіпсакардону. У тым выглядзе, які цяпер з’яўляецца прынятым стандартам гіпсакардон прэзентаваў і запатэнтаваў амерыканскі інжынер Кларанс Утсман.

З агульнай масы ліста прыкладна 91,1 % даводзіцца на двухводны гіпс, 5,78 % — на кардон, 1 % масы ўтвораны за кошт вільгаці, крухмала і арганічнага павярхоўна-актыўнага рэчыва. Таксама можа змяшчаць вільгацетрывалыя, вогнеўстойлівыя і іншыя дабаўкі.[1]

Гіпса-кардонныя лісты прыляпляюць да аздабляльных паверхняў гіпсавымі масцікамі, або мацуюць на абрашотку (драўляны ці металічны цынкаваны каркас) шрубамі.

Адрозніваюць звычайны гіпсакардон (ГКЛ) і вільгацетрывалы гіпсакардон (ГКЛВ), а таксама вогнетрывалы. Вільгацетрывалы гіпсакардон прызначаны для прац у памяшканнях з падвышаным утрыманнем параў у паветры (прыкладам, у ванных пакоях). Вогнетрывалы гіпсакардон ужываецца ў аздабленні парталаў камінаў і іншых месцаў паблізу крыніц адкрытага агню. Існуе таксама гіпса-валакністы ліст ГВЛ, які адрозніваецца падвышанай трываласцю. Таксама існуе акустычны гіпсакардон з падвышанай гукаізаляцыяй.

Ужыванне

Гіпсакардон надзейна прыжыўся на будоўлі — гэта просты ў працы, недарагі, зручны і практычны матэрыял для вырабу сцен (перагародак) і іх выраўнання (прыкладам, для падрыхтоўкі сцяны да кладкі кафлі).

У найпростым варыянце такая перагародка складаецца з рашэцістага каркаса, што складаецца з вертыкальных брусоў на адлегласці 40..60 см адзін ад аднаго, на якія з двух бакоў мацуецца гіпсакардон. У жылых дамах за мяжой каркас, зазвычай, бывае драўляны (у ЗША тыпова выкарыстанне драўляных брусоў сячэннем у 1,5 на 3,5 цалі, т.зв. «2x4»), у Расіі часцей выкарыстоўваюцца металічныя профілі. Папулярны просты метад гукаізаляцыі, пры якім вертыкальныя брусы ставяцца зігзагам (так, каб ніводны брусок не датыкаўся адначасна з лістамі з абодвух бакоў сцяны), а прастора паміж лістамі запаўняецца шклаватай. Выманні ад шрубаў пакрываюцца шпатлёўкай, на стыкі гіпса-кардонных лістоў наляпляецца адмысловая армавальная сетка, пасля чаго стыкі таксама запаўняюцца шпатлёўкай. Пасля высыхання нанесеная шпатлёўка шліфуецца абразіўнай скуркай, пасля чаго скончаная сцяна можа фарбавацца стандартнымі метадамі.

Гіпсакардон таксама шырока выкарыстоўваецца для вырабу шматузроўневых столяў і аконных адхонаў. У столях можна хаваць інжынерныя камунікацыі.

Стандартныя памеры

Вылучаюць 3 асноўных стандарта памераў гіпсакардону, якіх прытрымваюцца большасць вытворцаў.

Таўшчыня як правіла складае 9.5 або 12.5 мм[2].

Зноскі

  1. Віды гіпсокартона
  2. Размеры гипсокартона.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Будаўнічыя пліты