wd wp Пошук:

Шры-Ланка

Шры-Ланка з санскр.: Бласлаўлёная зямля (сінг.: ශ්රී ලංකා, тамільск.: இலங்கை) Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка (ДСРШЛ), дзяржава ў Паўднёвай Азіі, месціцца на востраве Шры-Ланка ў Індыйскім акіяне ля паўднёвага ўскрайку паўвострава Індастан.

Шры-Ланка — унітарная рэспубліка змешанага тыпу. Сталіца краіны дэ-факта — горад Каломба, дэ-юрэ (з 1985) — Шры-Джаявардэнапура-Котэ, фактычна паўднёва-заходні прыгарад Каломба, дзе размешчаныя парламент, вярхоўны суд і некаторыя міністэрствы. У Каломба па-ранейшаму базуецца ўрад і знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта. Шры-Ланка ўваходзіць у Садружнасць нацый, Рух недалучэння, стаіць ля вытокаў Паўднёва-Азіяцкай асацыяцыі рэніянальнага супрацоўніцтва (СААРК).

Прырода вострава адметная выключнай разнастайнасцю рэльефу, цёплым вільготным мусонным кліматам, багатымі воднымі рэсурсамі, непаўторным раслінным і жывёльным светам. Такім чынам, сама прырода падаравала Шры-Ланцы цудоўныя ўмовы для развіцця турызму.

Шры-Ланка мае даўнюю і багатую гісторыю, вядомая частка якой прайшла ў барацьбе паміж сінгальскімі і тамільскімі княствамі. Стваралася будысцкая культурная спадчына (каноны, летапісы, храмы). Зручныя гавані рабілі востраў важным пунктам марскога шаўковага шляху. З ХVI стагоддзя пачалося пранікненне на востраў еўрапейцаў: спачатку партугальцаў, потым — галандцаў. Пры гэтым цэнтральныя раёны вострава (Канды) захоўвалі самастойнасць. Толькі англічанам у пачатку ХІХ сталоггдзя ўдалося падпарадкаваць усю Шры-Ланку. У 1948 краіна атрымала незалежнасць, у 1972 змяніла назву з Цэйлона на Шры-Ланку.

Насельніцтва шматнацыянальнае, хоць пераважаюць дзве этничныя групы: сінгалы і тамілы. Першыя складаюць тры чацвёртых насельніцтва краіны і вызнаюць будызм, другія — мусульмане, а жывуць на поўначы. Сепаратысцкія імкненні тамілаў прывялі да стварэння ўзброенай паўстанцкай групоўкі — «тыграў Таміл-Ілама» — і сапраўднай грамадзянскай вайны (1983—2009), скончанай дзякуючы паспяховым ваенных дзеянняў урадавых сіл. Іншыя народы: мясцовыя маўры і веды; кітайскія і малайскія мігранты. Канстытуцыя дзяржавы замацоўвае за будызмам «вядучае месца» і дае шматлікія прывілеі, хоць і не прызнае дзяржаўнай рэлігіяй.

Па ВУП на душу насельніцтва ў Паўднёвай Азіі Шры-Ланка саступае толькі Мальдывам. І толькі гэтыя дзве дзяржавы ў рэгіёне маюць высокі індэкс чалавечага развіцця.

Этымалогія

Паводле Махавамсы, у старажытныя часы востраў насіў назву Тамбапані, што ў перакладзе азначае «медна-чырвоныя рукі» або «медна-чырвоная зямля». Хіндуісцкія творы, такія як Рамаяна, называлі востраў Ланка (у перакладзе проста «востраў»). Старажытным грэкам гэтая зямля была вядома пад назвай Тапрабана (ад Тамбапані). У Сярэднявеччы арабы і персы называлі востраў Сарандзіб. Партугальцы ў 1505 далі яму назву Ceilão, адкуль пайшло шырокавядомае англійскае Цэйлон. У 1972 краіна змяніла назву на Шры-Ланку (у перакладзе — «блаславёная зямля»), але тапонім «Цэйлон» неафіцыйна ўжываецца і сёння (з чым актыўна змагаюцца ланкійскія ўлады).

Геаграфія

Асноўны артыкул: Востраў Шры-Ланка

Геаграфічнае становішча

Шры-Ланка займае аднайменны востраў, другі па памерах у Індыйскім акіяне. Плошча Шры-Ланкі — 65 тыс.кв.км. Працягласць берагавой лініі — 1585 км. Марская 200-мільная эканамічная зона краіны ўсямёра большая за яе тэрыторыю. Прыбярэжныя воды багатыя на прадуктыўныя экасістэмы: каралавыя рыфы, марскія травы эстуарыяў і інш.

Ад паўвострава Індастан Шры-Ланку аддзяляюць Манарскі заліў і Полкскі праліў. На поўначы — паўвостраў Джафна. Так званы Адамаў мост — ланцужок выспаў на водмелі ў Полкскім праліве — калісьці злучаў Шры-Ланку з мацерыком так, што па ім можна было перайсці пешшу, але, па дадзеных летапісаў, быў разбураны землятрусам разам з узнятым ім штормам каля 1481 г. Пралівы паміж выспачкамі «моста» вельмі мелкаводныя і не прыдатныя для навігацыі.

Прырода

Рэльеф Шры-Ланкі
Цэнтральнае плато

Востраў Шры-Ланка знаходзіцца на Індыйскай літасфернай пліце, што яшчэ нядаўна лічылася часткай Інда-Аўстралійскай пліты. Рэльеф вострава надзвычай разнастайны. Па ўсім перыметры Шры-Ланка аблямавана прыбярэжнымі нізінамі з шыкоўнымі пляжамі. Цэнтральна-паўднёвую частку вострава займае складзенае гранітамі і гнейсамі Цэнтральнае плато вышынёй да 2,5 км. Вышэйшая кропка краіны — гара Підуруталагала (інакш гара Педра), 2524 м. Крыху ніжэй за яе вядомы сваёй канічнай формай пік Адама (2243 м.). Карысныя выкапні: каштоўныя камяні, графіт, ільменіт, торый. У Манарскім заліве разведаны невялікія запасы нафты, распачатая здабыча.

Клімат субэкватарыяльны мусонны. Паўднёва-заходні мусон прыносіць ападкі на поўдзень вострава летам. Паўднёва-ўсходняя, найбольш вільготная частка Шры-Ланкі атрымлівае да 2500 мм ападкаў. Паўночна-усходні мусон завітвае на поўнач вострава зімой. У дажджавым цені застаюцца паўночны захад і паўднёвы ўсход вострава, але і яны атрымліваюць не менш як 800 мм ападкаў. Сярэднегадавыя тэмпературы складаюць ад 28 °C да 31 °C на ўзбярэжжы да 17 °C на Цэнтральным плато, дзе зімою некалькі дзён могуць нават здарыцца марознымі.

На востраве 103 ракі, найдаўжэйшая — Махавелі (335 км), басейн якой займае пятую частку Шры-Ланкі. Рэкі Цэнтральнага плато багатыя на вадаспады: усяго налічваецца 51 вадаспад вышэй за 10 м. Рэкорд вышыні належыць вадаспаду Бамбараканда (241 м).

Раслінны свет — вільготныя экватарыяльныя лясы з разнастайным відавым складам (панданусы, пальмы і інш.). Каля 7000 га займаюць мангравыя лясы. Жывёльны свет вельмі багаты, што ўвогуле не надта характэрна для астравоў; шмат буйных млекакормячых: дзікія буйвалы, сланы, малпы, алені замбар, мядзведзь-губач. 12 нацыянальных паркаў, 3 запаведнікі і 51 рэзервацыя займаюць 14 % тэрыторыі вострава.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Шры-Ланкі Летапісная гісторыя Шры-Ланкі прасціраецца ў мінулае на 3000 гадоў, але рэшткам найдаўнейшых знойдзеных археолагамі паселішчаў не меней як 125 000 гадоў.

У канцы 1 тысячагоддзя да н. э. з Паўднёвай Індыі на Шры-Ланку пачалі перасяляцца тамілы. Іх поспеху садзейнічала ўзаемная барацьба сінгальскіх уладароў за трон. Узвышэнне тамільскай дынастыі Чола на поўдні Індыі прывяла да паступовага заняпаду Анурадхапуры. У 1017 г. н. э. Чола спустошылі Анурадхапуру і далучылі Шры-Ланку да сваёй імперыі. У 10281029 гг. вобласць Рухуна па поўдні Шры-Ланкі вызвалілася з пад іх улады. Сінгальскі князь Вікрамабаху I захапіў у 1070 г. горад Паланарува і зрабіў яго сваёй сталіцай. Найбольшай магутнасці гаспадары Паланарувы дасягнулі пры Паракрамбаху I Вялікім (11231186 гг.), які вёў актыўную знешнюю палітыку. Але яго спадкаемцы не здолелі ўтрымаць адзінства. На поўначы ў XIII ст. ўзнікла дзяржава Ар’ясакарварці з цэнтрам у Джафне. Яе заснавальнік Магха (12151236 гг.) быў родам з Калінгі ва Ўсходняй Індыі, аднак знаходзіўся ў падначаленным стане ў аднносінах да паўднёваіндыйскай тамільскай дынастыі Пандзі. Іх войны супраць сінгальскіх уладароў прывялі да заняпаду Паланарувы, якая ў 1302 г. канчаткова страціла сваю моц і была закінута жыхарамі.

У 1505 г. Шры-Ланку ўпершыню наведалі Партугальцы. Да кан. XVI ст. яны здолелі падначаліць Ар’ясакарварці і ўзбярэжныя тэрыторыі, населеныя сінгаламі. Аднак далейшы наступ хрысціян углыб вострава быў спынены аб’яднанымі сіламі сінгальскіх дзяржаў з цэнтрамі ў Канды і Сітаваке (зараз горад Авісавела). У XVII ст. уладары Канды ў барацьбе з Партугаліяй заручыліся падтрымкай еўрапейскай дзяржавы Нідэрланды. З дапамогай сінгалаў галандцы захапілі ўсходняе і паўднёвае ўзбярэжжы. У 1656 г. Нідэрланды самастойна адабралі ў партугальцаў Каломба, а ў 1658 г. — Джафну. Такім чынам, у іх руках апынулася амаль усё ўзбярэжжа вострава, а разам з ім і кантроль над знешнім гандлем Шры-Ланкі. У 1739 г. да ўлады ў Канды прыйшла дынастыя Наякаў, якія спавядалі будызм, але мелі тамільскае паходжанне. Яны шукалі падтрымкі ў Францыі і Вялікабрытаніі.

У 1785 г. Нідэрланды былі заняты войскамі рэвалюцыйнай Францыі, што дазволіла Брытанскай Ост-Індскай кампаніі акупаваць галандскія ўладанні на востраве. У 1798 г. была створана асобная брытанская цывільная адміністрацыя для кіравання калоніяй з цэнтрам у Каломба, і ў выніку войн 18031805 і 1815 гг. была падначалена дзяржава з цэнтрам у Канды. Новыя ўлады праводзілі даволі складаную палітыку рэфармавання: адмянілі рабства, увялі брытанскую судовую сістэму, пабудавалі сетку дарог, і стварылі буйныя камерцыйныя плантацыі. Асабліва паспяховым стаў вопыт вырошчвання ў горнай мясцовасці чая, які ператварыўся ў галоўную экспартную культуру ў кан. XIX ст. Для працы на плантацыях увозіліся рабочыя-тамілы з Індыі, што спрыяла павелічэнню тамільскай абшчыны. Пры генерал-губернатары існавалі Выканаўчы і Заканадаўчы саветы, але мясцовае насельніцтва ў іх амаль не было прадстаўлена.

У друг. пал. XIX — пач. XX стст. з’явіўся сінгальскі нацыяналістычны рух, які арыентаваўся не толькі на этнічныя і дзяржаўныя, але і рэлігійныя каштоўнасці. Тамільскія палітычныя арганізацыі ўзніклі пазней, адрозніваліся радыкалізмам і падтрымлівалі шчыльныя сувязі з Індыяй. Рух за незалежнасць суправаджаўся канфліктамі паміж сінгаламі, таміламі і мусульманамі-маўрамі. Але брытанскія ўлады вымушаны былі ісці на саступкі. У 18031803 гг. яны пашырылі мясцовае самакіраванне, увялі Канстытуцыю і права на усеагульнае галасаванне. 4 лютага 1948 г. быў абвешчаны дамініён — форма самакіравання, якая прадугледжвала захаванне на востраве шырокіх правоў брытанскай манархіі. Канчаткова брытанцы пакінулі Шры-Ланку ў 1957 г.

Пасляваенны перыяд характарызаваўся канкурэнтнай палітычнай барацьбой паміж сінгальскімі і тамільскімі палітычнымі арганізацыямі. У 1956 г. большасць галасоў атрымала кааліцыя сінгальскіх нацыяналістычных партый на чале Саламона Дыяса Бандаранаіке (1899—1959 гг.). Ён заняў пост прэм’ер-міністра і пачаў праводзіць палітыку, накіраваную на дасягненне самастойнасці ад Вялікабрытаніі і ўшчамленне правоў тамілаў. Дзяржаўнай мовай замест англійскай была абвешчана сінгальская. 22 мая — 27 мая адбыліся пагромы тамілаў з боку сінгальскага насельніцтва. Гэта было першае масавае гвалтоўнае этнічнае сутыкненне пасля XVIII ст. 26 верасня 1959 г. Саламон Дыяс Бандаранаіке быў застрэлены будысцкім манахам. У 1960 г. кабінет міністраў узначаліла яго ўдава Сірымава Дыяс Бандаранаіке (19162000 гг.). Яна адрознівалася харызматычнасцю і арыентавалася на падтрымку сацыялістычных партый. У выніку, 22 мая 1972 г. была абвешчана Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка.

Сацыялістычныя рэформы не прынеслі плёну. У 1980 г. С. Д. Бандаранаіке была абвінавачана ў злоўжываннях і згубіла магчымасць удзельнічаць у палітыцы. У 1978 г. парламент зацвердзіў новую Канстытуцыю. Шры-Ланка стала прэзідэнцкай краінай. Тамільская мова атрымала афіцыйны статус на частцы яе тэрыторыі. У ліпені 1983 г. баявікі з «Тыгры вызвалення Таміл-Ілама» забілі 13 салдат, што стала пачаткам шматгадовай кровапралітнай грамадзянскай вайны паміж таміламі і сінгаламі. Яна скончылася толькі ў 2009 г. дзякуючы рашучым дзеянням арміі і ўрада на чале прэзідэнта Махінды Раджапаксы (нар. 1945 г.).

Шры Ланка сур’ёзна пацярпела ў выніку цунамі 26 снежня 2004 года. Загінула каля 40.000 чалавек, 1.500.000 засталося без прытулку, інфраструктура ўсходняга і паўднёвага ўзбярэжжа была практычна разбураная. Шры Ланка звярнулася за дапамогай у пераадоленні наступстваў катастрофы да міжнароднай супольнасці. Яна была аказана, у тым ліку з боку Рэспублікі Беларусь.

Палітыка

Асноўны артыкул: Палітыка Шры-Ланкі

Дзяржаўны лад

Паводле дзеючай Канстытуцыі 1978 года, Шры-Ланка — унітарная рэспубліка, на чале якой стаіць прэзідэнт, што абіраецца прамым і таемным галасаваннем тэрмінам на шэсць гадоў. Прэзідэнт узначальвае вышэйшую выканаўчую ўладу і з’яўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі краіны, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў кабінета, вызначае склад Вярхоўнага суда. На выбарах якія адбыліся 18 лістапада 2005 года прэзідэнтам быў абраны Махінда Раджапаксэ, якога 9 студзеня 2015 змяніў Майтрыпала Сірысена, прадстаўнік Партыі волі Шры-Ланкі (ПВШЛ).

Аднапалатны парламент (225 месцаў) абіраецца тэрмінам на шэсць гадоў. Пост прэм’ер-міністра з лістапада 2006 па жнівень 2015 года займаў Ратнасыры Вікрэманаякэ (ПВШЛ). 17 жніўня 2015 новым прэм’ерам стаў Раміл Вікрамасінгхэ, прадстаўнік Аб’яднанай нацыянальнай партыі (АНП. Міністр замежных спраў — Мангала Самаравіра (ПВШЛ).

У Шры-Ланцы ў цяперашні час дзейнічае каля 40 розных палітычных партый, палітызаваных грамадскіх і прафсаюзных рухаў. Вядучае месца займаюць Партыя волі Шры-Ланкі (ПВШЛ), Аб’яднаная нацыянальная партыя (АНП), НФВ (Народны фронт вызвалення), якія прадстаўляюць інтарэсы розных пластоў ў асноўным сінгальскага насельніцтва. На працягу апошніх сарака гадоў фактычна змяняючы адна другую кіравалі краінай ПВШЛ і АНП. У жніўні 2015 адбыліся чарговыя парламенцкія выбары, на якіх АНП атрымала перамогу і ўзначаліла кааліцыю парламенцкай большасці.

Адміністрацыйны падзел

Шры-Ланка — унітарная дзяржава. Востраў дзеліцца на 9 правінцый, якія ў сваю чаргу падзеленыя на 25 раёнаў.

Знешняя палітыка

Асноўны артыкул: Знешняя палітыка Шры-Ланкі Шры-Ланка — член узначальваемай Вялікабрытаніяй Садружнасці з 1948 года, «Плана Каломба» — з 1950 года, ААН — з 1955 года, Руху недалучэння — з 1961 года, Паўднёва-Азіяцкай арганізацыі рэгіянальнага супрацоўніцтва (СААРК) з 1985 і шмат якіх іншых міжнародных арганізацый. Прыкметны яе ўдзел у працы ААН — прадстаўнік Шры Ланкі з’яўляўся намеснікам Генсакратара ААН па пытаннях раззбраення (19982003) і ўзначальваў камітэт ААН па раззбраенні, другі прадстаўнік Шры Ланкі — старшыня камітэта ААН па барацьбе з міжнародным тэрарызмам. Каломба выступае за ўмацаванне цэнтральнай ролі ААН як універсальнай прылады ўрэгулявання міжнародных адносін, за лікавае пашырэнне складу Рады Бяспекі, якое ўлічвае як геаграфічны фактар, так і справядлівае прадстаўніцтва развітых і развіваючыхся дзяржаў.

Адносіны з Беларуссю

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікай Шры-Ланка ўсталяваны 20 лістапада 2000 г. У 2004 годзе ў Мінску адкрыта Ганаровае консульства Шры-Ланкі. Пасол Рэспублікі Беларусь у Індыі і Шры-Ланцы (па сумяшчальніцтве) Прыма В. А. ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Шры-Ланкі Махінду Раджапаксе 20 снежня 2012 г. 25-27 жніўня 2013 г. адбыўся першы ў гісторыі афіцыйны візіт Прэзідэнта Шры-Ланкі (Махінда Раджапаксе) у Рэспубліку Беларусь. 17-21 лістапада 2014 г. Шры-Ланку наведала беларуская парламенцкая дэлегацыя на чале са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкам У. П. Свае філіі ў Каломба і Канды адкрылі БНТУ і ВДМУ.[3]

Насельніцтва

Асноўны артыкул: Насельніцтва Шры-Ланкі

Полава-ўзроставая піраміда, 2016

З насельніцтвам у 22,5 млн чалавек, Шры-Ланка з’яўляецца адным з самых населеных астравоў свету, у Індыйскім акіяне крыху саступаючы Мадагаскару (25 млн). А вось па гушчыні насельніцтва Шры-Ланка (330 чал/кв.км) пераўзыхозіць Мадагаскар у 9 разоў і ў гэтым паказчыку падобная да Японіі. Для краіны, як і для ўсёй сённяшняй Паўднёвай Азіі, характэрны запаволены станоўчы прырост насельніцтва (0,76 % у 2017) з перавагай дзяцей і маладых асоб у працаздольным узросце. Нараджальнасць усё яшчэ значна пераўзыходзіць смяротнасць, але на адну жанчыну цяпер прыходзіцца 2,1 дзіцяці (2017)[4].

Веды, дарослы і малеча

З насельніцтва Шры Ланкі (2012) каля 74,8 % складаюць сінгалы, што адносяцца да індаеўрапейскіх народаў. 18 % — тамілы, якія належаць да дравідыйскай моўнай сям’і і маюць больш цёмны колер скуры. Тамілы насяляюць паўночны і ўсходні берагі вострава. Яны дзеляцца на ланкійскіх тамілаў, што жылі тут спрадвеку, і індыйскіх, якія былі завезеныя англічанамі з Індыі для работ на плантацыях. 9,2 % складаюць маўры — нашчадкі мясцовых жыхароў ды арабаў, што пачалі сяліцца па берагах вострава з VIII ст. Налічваецца таксама некалькі тысяч ведаў — спрадвечных жыхароў Паўднёвай Азіі аўстралоіднай расы, а яшчэ бюргераў — нашчадкаў партугальцаў, галандцаў і англічан, а таксама малайцаў.

Дзяржаўная мова — сінгальская. На ёй размаўляюць сінгалы, меншая частка маўраў, веды. Тамільская мова мае афіцыйны характар у акругах, дзе тамілы складаюць большасць насельніцтва. Таксама тамільская мова родная для большай часткі маўраў. Бюргеры размаўляюць на крэольскай партугальскай мове. Шырока распаўсюджана англійская мова, што выступае сродкам міжнацыянальных зносін.

Этнічнаму складу ў асноўным адпавядае і рэлігійная прыналежнасць насельніцтва: будызм вызнаюць каля 70 % (у асноўным сінгалы), індуізм — больш за 17 % (галоўным чынам тамілы). Іслам вызнаюць прыкладна 8 % (у асноўным гэта маўры. Бюргеры гістарычна з’яўляюцца прыхільнікамі хрысціянства, шмат хрысціян і сярод між іншых народаў.

Востраў заселены даволі раўнамерна, але найбольшая шчыльнасць назіраецца на захадзе, асабліва густа заселены раён сталічнай агламерацыі. Большасць насельніцтва сельская — Шры-Ланка адносіцца да самых слабаўрбанізаваных краін свету (усяго 18 % у 2018 годзе[5]). Найбуйнейшыя гарады — Каломба (600 000), Кадувела (250 000), Махарагама (200 000), Гале, Трынкамалі, Джафна, Канды.

Эканоміка

Асноўны артыкул: Эканоміка Шры-Ланкі У часы брытанскага панавання Шры-Ланка стала вядучым сусветным вытворцам карыцы, натуральнага каўчуку, а сапраўдным брэндам вострава стаў цэйлонскі чай. За гады незалежнасці Шры-Ланка з аграрнай краіны з плантацыйнай гаспадаркай ператварылася ў аграрна-індустрыяльную дзяржаву (прамысловасць дае каля 30,5 % ВУП)[6]. І сёння па ВУП на душу насельніцтва Шры-Ланка апярэджвае Індыю, Пакістан і ў Паўднёвай Азіі саступае толькі Мальдывам. У 2017 годзе рост ВУП працягнуўся (3,5 %), але тэмпы даволі сур’ёзна зменшыліся: у 2016 рост склаў 4,5%, у 2015 годзе — 5%. Значную частку ВУП ствараюць грашовыя пераводы ланкійскіх гастрарбайтараў з краін Персідскага заліва.

У цэлым эканамічная палітыка ўрада, заснаваная на рынкавых прынцыпах, стварае досыць спрыяльныя ўмовы для развіцця краіны. Асноўнымі задачамі ўрада ў галіне эканомікі застаюцца стабілізацыя фінансавага становішча, рэалізацыя праграмы прыватызацыі стратных дзяржпрадпрыемстваў, прыцягненне замежных інвестыцый, ажыццяўленне ключавых сацыяльных праграм. З 2016 краіна выконвае праграму МВФ, што абяцае забяспечыць эканамічны рост, захоўваючы макраэканамічную стабільнасць.

Негатыўнае ўздзеянне на эканоміку краіны ў 1983-2009 аказвала грамадзянская вайна. Падчас этнічнага канфлікту амаль 10% тэрыторыі краіны апынуліся выведзенымі з гаспадарчага абарачэння; выдаткі ўрада на ваенныя патрэбы складалі да 25 % дзяржбюджэту. Магутны ўдар па эканоміцы краіны нанесла цунамі 26 снежня 2004 года, выкліканае землятрусам паблізу вострава Суматра. Лік загінулых у Шры-Ланцы наблізіўся да 40 тысяч чалавек, эканамічны ўрон склаў 1,3 млрд долараў ЗША. Была нанесеная сур’ёзная шкода жыллёваму сектару і рыбалоўным гаспадаркам, а таксама турыстычнай індустрыі (120—130 млн долараў ЗША). Да галоўных праблем сённяшняй Шры-Ланкі адносяцца традыцыйна вялікі дзяржаўны доўг, які склаў 75 млрд долараў ЗША (79,4 % ВУП), а таксама раздзьмутыя рэгіянальныя і сацыяльныя бюджэты. Дэфіцыт дзяржбюджэту складае каля 8% ВУП.

Праца на чайнай плантацыі

Здабыўная прамысловасць Шры-Ланкі базуецца на здабычы графіту, каштоўных камянёў, руд рэдкіх металаў. Вядучыя галіны апрацоўчай прамысловасці — швейная (гатовае адзенне) і харчовая (цукар, гарбата). У сельскай гаспадарцы асноўнымі культурамі з’яўляюцца рыс і чай, першы — для ўнутранага, другі — на знешні рынак. Шры-Ланка ўваходзіць у тройку сусветных лідараў па вытворчасці і экспарту чаю. Таксама ў экспартных мэтах вырошчваюцца цукровы трыснёг, гевея, кава. Пасля сканчэння грамадзянскай вайны (2009) імклівы рост дэманструе турысцкі сектар. Шры-Ланка становіцца важным фінансавым і тэлекамунікацыйным рэгіянальным цэнтрам. У 2017 урад паставіў задачу ператварыць востраў да 2025 года ў высокатэхналагічны экспартаарыентаваны хаб у Індыйскім акіяне.

Абарот знешняга гандлю ў 2016 склаў 41,4 млрд долараў ЗША. Аб’ём экспарту павялічыўся да 18 млрд дол., а імпарту да 23 млрд долараў ЗША.[7] Дэфіцыт знешнегандлёвага баланс перавысіў 5 млрд долараў ЗША. Асноўныя артыкулы экспарту тавараў — гатовае адзенне, гарбата, каўчук (паслуг — турызм); імпарту — машыны і абсталяванне, нафта, тэкстыль, пшаніца, цукар, угнаенні, лекі. Галоўныя гандлёвыя партнёры — ЗША, Кітай, Вялікабрытанія, Індыя, Сінгапур и інш.. Прэферэнцыяльны гандлёвы статус з краінамі ЕС дазваляе бязмытна ўвозіць шмат якія ланкійскія тавары на еўрапейскі рынак. Гандлёвы абарот з Беларуссю у 2012—2016 гг.. зменшыўся з 46 да 21 млн долараў[8].

Адукацыя

Па ўзроўні адукацыі (пісьменнасць насельніцтва — 90 % па дадзеных 2000 года) Шры Ланка займае адно з вядучых месцаў у Азіі. Навучанне ў дзяржаўных школах бясплатнае, маецца вялікая сетка платных школ. Лік студэнтаў у ВНУ перавышае 25 тыс. чалавек. Галоўныя ВНУ — універсітэты ў гарадах Каломба, Канды, Матара.

Сродкі масавай інфармацыі

У краіне існуе шэсць асноўных газетна-выдавецкіх аб’яднанняў, якія выпускаюць каля 50 газет і часопісаў на трох мовах — англійскай, сінгальскай і тамільскай. Штодзённы тыраж усіх газет дасягае 300 тыс. Найбуйнейшыя з іх: «Дэйлі ньюз», «Абсэрвер», «Айленд». Дзяржаўная радыёвяшчальная карпарацыя — «Шры Ланка брадкастынг карпарэйшн», вядзе перадачы на трох мовах, ахопліваючы вяшчаннем усю краіну. Тэлебачанне прадстаўлена двумя дзяржаўнымі праграмамі і чатырма каналамі, перыядычна дублююцца навіны BBC, CNN.

Культурная спадчына

Гл.Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА на Шры-Ланцы

Сігірыя («ільвіная крэпасць») — абаронча-храмавы комплекс

Да аб’ектаў Сустветнай спадчыны аднесены шэсць архітэктурна-гістарычных (крэпасць Сірыгія, Старажытны горад Паланарува і інш.) і два прыродных аб’екты

Святы

Нацыянальнае свята: Дзень незалежнасці — 4 лютага.

Некаторыя цікавінкі

Гл. таксама

Зноскі

  1. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ce.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  2. http://www.hdr.undp.org/en/2018-update
  3. http://india.mfa.gov.by/ru/srilanka_bilateral/ Архівавана 4 верасня 2018.
  4. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ce.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  5. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ce.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  6. https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ce.html Архівавана 11 красавіка 2020.
  7. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=128&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&year=2016
  8. http://india.mfa.gov.by/ru/srilanka_bilateral/ Архівавана 4 верасня 2018.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дзяржавы паводле алфавіта
Катэгорыя·Шры-Ланка
Катэгорыя·Астраўныя дзяржавы