wd wp Пошук:

Троіцкі летапіс

Троіцкі летапіс — летапісны збор пачатку XV ст., які не захаваўся.

Гісторыя

Магчыма, з’яўляецца спісам збору 1408 года мітрапаліта Кіпрыяна. Меркаваны аўтар — Епіфаній Прамудры, манах Троіцка-Сергіевай лаўры, сакратар мітрапаліта Фоція. Летапіс напісаны паўуставам XV ст. на 371 пергаментным аркушы. Выяўлены ў бібліятэцы манастыра ў 1760-х гадах акадэмікам Пецярбургскай АН Г. Ф. Мілерам і названы па месцы знаходкі. Згарэў у маскоўскім пажары 1812 года.

Змест

Запісы падзей у летапісе пачынаюцца з Аповесці мінулых гадоў, працягваецца да 1408 года і завяршаюцца нашэсцем Эдыгея. Змяшчае аповед пра Кулікоўскую бітву, нашэсце Тахтамыша і інш. На апошніх 20 аркушах аповед пра жыццё Сергія Раданежскага. Летапіс адмоўна выказваецца пра Дзмітрыя Данскога і прыхільны яго праціўнікам — Альгерду, вял.кн.літоўскаму, і Міхаілу, вял.кн.цвярскому.

Ацэнкі

М. М. Карамзін у «Гісторыі дзяржавы Расійскай» уважліва паставіўся да Троіцкага летапісу, даючы з яго выпісы, зробленыя да 1812 года. Паводле Карамзіна, Троіцкі летапіс — частка нейкага ранняга летапісу, які ён называў «Летапісец вялікі рускі». А. А. Шахматаў сцвярджаў падабенства Троіцкага летапісу да Лаўрэнцеўскага. Спробы рэканструяваць тэкст Троіцкага летапісу рабіў М. Д. Прысёлкаў.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Летапісы
Катэгорыя·Літаратура XV стагоддзя