wd wp Пошук:

Гердзень

Гердзень (Gerdine de Nailse, Гердень; ? — 1267) — князь нальшанскі.

Біяграфія

Упершыню Гердзень згадваецца як нальшанскі князь (Gerdine de Nailse), сваяк (consangwinei) і сведка Міндоўга ў яго грамаце, дзе запісаны чацвёртым пасля самога Міндоўга, брата яго жонкі Лонгвіна, набліжаных баяраў і добра вядомага Парбуса. Грамата лічыцца падробленай[1], але гэта не паменшае значнасці звестак, бо фальшуючы грамату не сталі б пазначаць несапраўдных сведак.

«Myndowe dei gracia Rex Lettowie universis cristi fidelibus presentes litteras inspecturis. … Huius autem donacionis testes sunt. Venerabilis dominus Culmensis Episcopus et magister Andreas Fratrum predictorum ac Fratres sui. Langwinus sororius noster. Lygeyke Schabbe. Bixe. Bune. nostri Barones et consangwinei. Parbusse de Nere. Gerdine de Nailse. Vege. Veseyele. Ibid. et Parbusse junior. De Fratribus predicatoribus Frater Syndarinus. de Fratribus minoribus Frater Adolphus et sui socii. et alii quam plures fidedigni. qui omnes simul et semel dicte donacioni nostre a nobis provide facte Magistro et Fratribus. ac eorum successoribus supradictis fuerunt vocati ad hoc in testimonium premissoruni. Datum Lettowie in Curia nostra anno domini Millesimo Ducentesimo Sexagesimo. In medio Mensis Junii.»— Codex Diplomaticus Lithuaniae e Codicibus Manuscriptis, in Archivo Secreto Regiomontano Asservatis, edidit Eduardus Raczynski[2]

Падрабязнасці жыцця Гердзеня да 1263 года невядомы. У надзейных крыніцах упершыню згадваецца пад 1263 годам, калі выступіў пасярэднікам заключэння дагавора[3] ад 23 снежня паміж лівонскім ландмайстрам Вернерам фон Брайтхаўзэнам(руск.) бел. і Рыгай з аднаго боку і Полацкім і Віцебскім княствамі з другога пра пацвярджанне ўмоў дагавора раней заключанага полацкім князем Канстанцінам. Дагавор пацвярджаў перадачу зямель на ўсходзе Латгаліі немцам у абмен на гарантыі бяспекі, рэгуляваў правілы гандлю і разгляду судовых спраў паміж бакамі. У прыватнасці, пацвярджалася права полацкіх і віцебскіх купцоў гандляваць у Рызе і на Готландзе, а нямецкіх — у Полацкай зямлі. Судовыя справы павінны былі разглядацца па месцы жыхарства адказчыка[4][5].

«Княз(ь) Гердень кланяетьс(я) всем темь, кто видить сую грамот(у), тие люд(и), што ныне живи суть, а темь, кто напосле приидуть, темь ведомо буди, как мир есмы створил(и) промежи местеря и с ратьманы рижьскыми, и с полочаны и видьбляны тако, како грамот(а) написано, тако им надо всею землею отступит(и), што есть Лотыгольская земля, как не вступатися на тую землю, што княз(ь) Костянтин дал местерю с своею брат(ь)ею, с своею грамот(ой) и с печатью, како боле того на ту землю не поискывати. Верху того, про ту пакость, што ся в розмирьи створило, как им от обою сторону отступити, што Руськая земля словеть Полочькая, от тое земли местерю и брат(ь)и его отступит(и) с всею правдою. Верху того, немечькому гостю в Полочьскую волно ехат(и) торговат(и), купити и продат(и). Тако ж полочаном и видиблянину волно гостити в Ригу и на Готьскы берег. А где будет(ь) кто кому виноват, в томь городе правити, где тот ч(е)л(о)в(е)к живеть, инде суд(а) ему не искати, которой волости ч(е)л(о)в(е)к извинитьс(я), ту ему правда дат(и), или вина его. А старому миру стояти княз(я) Герденя, княз(ь) тыих, кто по нем будет(ь). Што поклепани на резне и што словеть Лотыгольская земля, от того ся отступили с всею правдою, Местерь, также брат(ь)я его, отступили, што словет(ь) Полочьская земля, со всею правдою. Сию грамот(у) тогды нап(и)сана в Ризе, коли б(ог) был а/(1000) лет и с/(200) лет и з/(60) лет и д/(4) ле(т) по рожен(ьи) б(о)жии дни за три дни.»— Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в.[5]

На падставе гэтай граматы некаторыя даследчыкі лічаць Гердзеня на той час полацкім князем[3], але іншыя заўважаюць, што ў грамаце Гердзень названы проста князем, не князем полацкім. Такім чынам развязваецца даўняе пытанне ці быў Гердзень адзіным князем у Полацку, бо ў 1265 годзе як полацкі князь згадваецца Ізяслаў, а пра смерць Гердзеня крыніцы паведамляюць толькі ў 1267 годзе[6]. Некаторыя даследчыкі лічылі, што згадка Ізяслава ў грамаце ёсць памылкай перапісчыка, што Ізяслаў быў толькі віцебскім князем, а полацкі сталец заняў пасля смерці Гердзеня[7], але ніякіх сведчанняў гэтаму няма. Да таго ж, Гердзень не знаходзіўся ў Полацку, а быў у Нальшанах ці «Літоўскай зямлі» і верагодна быў не адзіным князем у Нальшанах, а адным з тамтэйшых князёў.

Другая палова 1260-х гадоў для Гердзеня прайшла ў барацьбе з Даўмонтам, які таксама быў нальшанскім князем, змушаны з’ехаць адтуль і стаў пскоўскім князем(руск.) бел.. Варожасць паміж імі звычайна тлумачаць тым, што пасля падпарадкавання Нальшан вялікі князь літоўскі Войшалк перадаў іх Гердзеню, чым быў Даўмонт быў незадаволены, які таксама на іх прэтэндаваў[4].

Даўмонт стаўшы пскоўскім князем у 1266—1267 гадах[3] тройчы рабіў паходы на Літву і Полацкую зямлю. У 1266 годзе Даўмонт з 270 псковічамі разрабаваў «зямлю Літоўскую» — валоданне Гердзеня, пры гэтым захапіў у палон яго жонку Еўпраксію (сваю цётку) і двух сыноў. Гердзень, сабраўшы войска з 700 чалавек, разам з іншымі князямі пачаў пагоню, але 18 чэрвеня трапіў у арганізаваную Даўмонтам засаду і быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. Наступнай зімой Даўмонт зноў пайшоў на Літву, а ў 1267 годзе арганізаваў у паход з псковічамі і наўгародцамі, падчас якога Гердзень і быў забіты[3][4].

Зноскі

  1. Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях = Mindowe, rex Lithowiae, in litteris et testimonies / Уклад., пер. на бел. мову, камэнт. А. Жлуткі. — Мн.: Тэхналогія, 2005. — 136 с. — c. 37-40, 112. ISBN 985-458-113-6.
  2. Codex Diplomaticus Lithuaniae e Codicibus Manuscriptis, in Archivo Secreto Regiomontano Asservatis, edidit Eduardus Raczynski. Vratislaviae, sumptibus Sigismundi Schletter. 1845.
  3. 1 2 3 4 Биографический справочник, 1982
  4. 1 2 3 Варонін, 2005
  5. 1 2 Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. / Сост. А. Л. Хорошкевич. — М., 1977. — С. 35-36.
  6. Александров Д. Н., Володихин Д. М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках. // Отв.редактор: академик В. Л. Янин. М.: Аванта+ 1994. С.37.
  7. Александров Д. Н., Володихин Д. М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках. // Отв.редактор академик В. Л. Янин. — М.: Аванта+, 1994. — С.37.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Князі нальшанскія
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Памерлі ў 1267 годзе
Катэгорыя·Князі літоўскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Асобы