wd wp Пошук:

Князі тураўскія

Тур. Я. Кулік. Сучасны малюнак.

Князі тураўскія — кіраўнікі Тураўскага княства з канца Х да ХІV стагоддзя. За выключэннем першага летапіснага (легендарнага) князя Тура, належалі да розных галінаў роду Рурыкавічаў.

Першыя князі (980—1019)

Першым па летапісах князем тураўскім і легендарным заснавальнікам горада Турава быў Тур. У «Аповесці мінулых гадоў» (ХІІ ст.) ён памянёны пад 980 годам. Ва Усцюжскім летапісным зборы (XVI ст.) Тур названы братам князя полацкага Рагвалода, гэтай думкі прытрымліваюцца і некаторыя даследчыкі (М. Гаусман[1], У. Ігнатоўскі[2], М. Ермаловіч[3]).

Першым дакладна вядомым князем Турава быў Святаполк Уладзіміравіч. Ён атрымаў княства ў 988989 гг. ад свайго бацькі (або айчыма) — вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча. Але, у адрозненне ад іншага сына Уладзіміра — князя полацкага Ізяслава Уладзіміравіча, які быў адасланы ў Полацкую зямлю крыху раней, — Святаполк не зрабіўся заснавальнікам мясцовай княжацкай галіны.

У 1015 годзе Святаполк заняў кіеўскі прастол, але ў далейшым пацярпеў паражэнне ў барацьбе з князем наўгародскім Яраславам Уладзіміравічам, і сканаў у Польшчы ці Чэхіі ў 1019 годзе. Відавочна, Святаполк не пакінуў нашчадкаў.

Пытанне аб тураўскай княжацкай дынастыі да 1158 г.

Пячатка Яраслава Уладзіміравіча. І-ая палова ХІ ст., знойдзена ў Ноўгарадзе.

Да 1052 г. Тураўскім княствам правіў непасрэдна вялікі князь кіеўскі Яраслаў Уладзіміравіч.

Знак Ізяслава Яраславіча.
Святаслаў Яраславіч (крайні праваруч) з сям’ёй. Мініяцюра з Ізборніка 1073 г.

Наступным князем тут становіцца другі сын Яраслава — Ізяслаў Яраславіч. Затым у Тураве княжаць яго малодшыя браты — Святаслаў Яраславіч і Усевалад Яраславіч. А далей тураўскі прастол паслядоўна займаюць сыны Ізяслава Яраславіча — Яраполк Ізяславіч і Святаполк Ізяславіч.

Яраполк Ізяславіч, яго маці Гертруда Мяшкоўна (злева ўнізе) і жонка Кунігунда фон Арламюндэ. Мініяцюра з «Малітоўніка Гертруды», XI ст.

Пераход княжання ў спадчыну (ад Ізяслава Яраславіча да яго сыноў Яраполка і Святаполка) дае падставу меркаваць аб заснаванні тураўскай княжацкай дынастыі. У даследчыцкай літаратуры (перш за ўсё, у працах П. Ф. Лысенкі[4]) Ізяслаў Яраславіч падаецца як пачынальнік мясцовай княжацкай галіны. На гэтую думку наводзіць таксама той факт, што і сын Святаполка — князь уладзіміра-валынскі Яраслаў Святаполчыч — змагаўся за тураўскі прастол, але пацярпеў паражэнне ў барацьбе з вялікім князем кіеўскім Уладзімірам Усеваладавічам (Манамахам).

Шчыльныя сувязі самога Ізяслава Яраславіча, а таксама яго нашчадкаў з Кіевам, Ноўгарадам і Валынню прымушаюць некаторых даследчыкаў сумнявацца ў тым, што да сярэдзіны ХІІ ст. можа ісці гаворка пра існаванне адасобленай тураўскай дынастыі. У гэты час тут правяць і прадстаўнікі іншых ліній Рурыкавічаў, у 1113—1157 гг. тураўскім князем не быў ніводны нашчадак Ізяслава.

Разам з тым, у 1158 г. праўнук Ізяслава — Юрый Яраславіч (сын Яраслава Святаполчыча) заняў тураўскі прастол без згоды вялікага князя кіеўскага, і відавочна, абгрунтоўваў свае права на гэта прыналежнасцю да Ізяславічаў. Ён двойчы вытрымаў аблогу Турава войскамі вялікага князя кіеўскага, і надалей у Тураўскай зямлі княжылі толькі нашчадкі Юрыя.

Пытанне аб тураўскай княжацкай дынастыі непасрэдна знітавана з пытаннем аб статусе і ролі Тураўскага княства ў палітычнай гісторыі Русі.

Спіс князёў тураўскіх у Х—ХІІ стст.

  1. Тур (згадваецца пад 980)
  2. Святаполк Уладзіміравіч: 988—1016, 1018—1019 (у 1015—1016 і 1018—1019 адначасова з княжаннем у Кіеве)
  3. Яраслаў Уладзіміравіч: 1016—1018, 1019—1052 (адначасова з княжаннем у Кіеве)
  4. Ізяслаў Яраславіч: 1052—1072, 10761078 1054—1072 і 1076—1078 адначасова з княжаннем у Кіеве)
  5. Святаслаў Яраславіч: 1072—1076 (адначасова з княжаннем у Кіеве)
  6. Усевалад Яраславіч: 1076 (адначасова з княжаннем у Кіеве)
  7. Яраполк Ізяславіч: 10791087
  8. Святаполк ІІ Ізяславіч: ~1087—1113 1093—1113 адначасова з княжаннем у Кіеве[5])
  9. Уладзімір Усеваладавіч (Манамах): 1113—1125 (адначасова з княжаннем у Кіеве)
  10. Вячаслаў Уладзіміравіч: 1125—1132, 11341136, 1136—1142, 1146 (пасля 1139 адначасова з княжаннем у Кіеве)
  11. Ізяслаў Мсціславіч: 1132—1134, 1136
  12. Святаслаў Усеваладавіч: 1142, 1154
  13. Яраслаў Ізяславіч: 1146—1148
  14. Андрэй Юр’евіч (Багалюбскі): 1150
  15. Барыс Юр’евіч: 1155—1158
  16. Юрый Яраславіч: 1158—1162

Пасля падзелу княства на ўдзелы:

Княжацкі сталец за Юрыем Яраславічам і яго сынамі

Гарадзішча сярэдневяковага Турава і археалагічны музей. Тураў, Жыткавіцкі раён, Гомельская вобласць.

Пытанне аб тым, якім чынам Тураўскае княства наследвалі сыны Юрыя Яраславіча, заблытанае з прычыны супярэчлівых звестак летапісаў. Розныя даследчыкі вырашаюць яго па-рознаму. Вышэй пададзены звесткі на падставе прац Л. Вайтовіча[6] і П. Лысенкі.

Адназначна можна сцвярджаць, што Юрый памёр паміж 1162 і 1170 г. У 1174 г. у летапісах упамінаюцца «тураўскія і пінскія князі», гэта значыць фіксуецца падзел зямлі на асобныя воласці. Такім чынам, Юрый падзяліў сваю спадчыну паміж сынамі. У далейшым яны чаргуюцца на галоўным (тураўскім) стальцы.

Тураўскія князі ХІІІ—ХІV стст.

Пасля 1196 г. пэўныя звесткі пра ўласна Тураўскае княства амаль знікаюць. На першы план вылучаецца Пінскае княства (пад 1246 г. названае «Пінскай зямлёй»). Існуюць спробы рэканструкцыі наследвання тураўскага стальца ў гэты час, якія, аднак, застаюцца гіпатэтычнымі.

Зноскі

  1. Гаусман, М. Исторический очерк местечка Турова, прежней столицы удельного Туровского княжества. — Мн., 1877. — С. 3. (руск.)
  2. Ігнатоўскі, У. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5-е выд. — Мінск: Беларусь, 1992. — С. 40.
  3. Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. — Мінск: Маст. літ-ра, 1990. — С. 72.
  4. Напр.: Лысенко, П. Ф. Древний Туров. — Минск, 2004. — С. 174—175. (руск.)
  5. З 1093, відаць, кіраваў Туравам праз пасаднікаў, многія даследчыкі лічаць, што тут мог сядзець нехта з яго сыноў.
  6. Войтович, Л. В. Княжа доба на Русі: портрети еліти. — Біла Церква: Вид. О. В. Пшонківський, 2006. — С. 353—366. (укр.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Князі тураўскія