wd wp Пошук:

Свазі

Сва́зі (саманазва Emaswazi) — паўднёваафрыканскі народ з групы нгуні. Складаюць асноўнае насельніцтва дзяржавы Эсваціні. Таксама жывуць у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы і Зімбабвэ. Агульная колькасць (2017 г.) — 2 594 000 чал.[1]

Гісторыя

Продкамі свазі былі групы нгуні, што мігрыравалі каля XIV — XVI стст. у Паўднёвую Афрыку з рэгіёна Вялікіх азёр. Група Нкосі-Дламіні пасялілася на тэрыторыі сучаснага паўднёвага Мазамбіка[2], дзе, відавочна, была інтэгравана ў палітычную супольнасць Тэмбэ, якая распалася ў XVIII ст. Паміж 1720 г. і 1744 г. вярхоўны правадыр Хлубі Дламіні мігрыраваў разам з паплечнікамі ўздоўж ракі Пангола на поўдзень ад сучаснага Эсваціні[3]. Заснаваная ім дзяржава пашыралася ў выніку войн з продкамі педы. Заваяванні суправаджаліся інкарпарацыяй часткі падначаленых плямён, таму некаторыя сучасныя свазі вядуць свой род ад педы.

Асаблівую ролю ў гісторыі свазі адыграў манарх Сабхуза I (18151836 гг.)[4], нашчадак Хлубі Дламіні. Ён перамясціў цэнтр дзяржавы на поўнач, вёў паспяховыя войны і заключыў дынастычны саюз з магутным родам Ндвандэ, што насяляў землі на поўдзень ад дзяржавы Нкосі-Дламіні. Яго палітыку ўмацавання дзяржавы працягваў сын Мсваці II (18361868 гг.)[5], які рэарганізаваў армію па прыкладу Чакі і запрасіў еўрапейскіх місіянераў. Яго рэформы спрыялі аб’яднанню стракатага насельніцтва заваяваных зямель.

Пагроза з боку бураў і зулусаў вымусіла свазі падтрымліваць саюзніцкія адносіны з Вялікабрытаніяй. У 1894 г. Свазіленд трапіў у залежнасць ад Трансвааля. У 1906 г. быў абвешчаны брытанскі пратэктарат[6]. У 1909 г. дзве трэці зямель свазі былі адчужаны[7]. У 1961 г. яны ўвайшлі ў склад ПАР. У 1968 г. пратэктарат быў пераўтвораны ў незалежную дзяржаву Свазіленд (з 2018 года Эсваціні).

У нашы дні ў ПАР жыве болей свазі, чым у Эсваціні (1 392 000 чалавек у ПАР, 1 113 000 чалавек у Эсваціні). Гэта тлумачыцца не толькі адчужэннем зямель свазі ў 1909 г. Значную прычыну складае сталая эканамічная і палітычная эміграцыя з Эсваціні.

Культура

Гаспадарка

Свазі здаўна займаліся пастаральнай жывёлагадоўляй і ручным земляробствам. Прычым, жывёлагадоўля лічылася мужчынскай, а земляробства — жаночай справай. У канцы XIX ст. з-за інфекцыйных хвароб колькасць кароў і коз значна скарацілася[8], што вымусіла мужчын шукаць працу на нарыхтоўцы драўніны, буйных еўрапейскіх фермах, у прамысловасці. У нашы дні жывёлагадоўля адыгрывае другаснае значэнне.

Свазі традыцыйна вырошчваюць проса, сорга, бабовыя. З сярэдзіны XIX ст. значную ролю адыгрываюць кукуруза і фасоля. Камерцыйнае значэнне мае вырошчванне цукровага трыснёга, цытрусавых, гародніны[9]. З распаўсюджаннем плуга мужчыны таксама былі ўцягнуты ў апрацоўку зямлі.

Народныя рамёствы засяроджаны вакол апрацоўкі драўніны, жалеза і медзі. У хатніх гаспадарках да нашых дзён вараць піва, плятуць цыноўкі, робяць тканіны і ўпрыгожванні[10].

Жытло

Традыцыйныя пабудовы ў Эсваціні

У мінулым асноўным тыпам паселішча з’яўляўся крааль. У канцы XIX ст. сфарміраваўся сядзібны земляробчы тып. Ён захаваў круглявую форму, дзе жылыя і гаспадарчыя хаціны гуртаваліся вакол вялікага двара[11]. Хаціны таксама мелі круглявую форму. Яны ўяўлялі сабою купалападобныя каркасныя структуры з дахам да зямлі. На каркас накладвалася сетка, плеценая з травы. У яе укладваўся трыснёг. Традыцыйныя хаціны дастаткова цёплыя ўзімку, улетку захоўваюць прахалоду[12].

Вопратка

У мінулым дзеці свазі амаль не карысталіся вопраткай. Толькі пасля 8 гадоў насілі кароткія скураныя повязі, дзяўчыны таксама — спадніцы з травы і кавалкі тканін. Дарослыя мужчыны апраналі повязі са скур і кавалкаў тканін, жанчыны — скураны фартух і спадніцу. І мужчыны, і жанчыны ўпрыгожваліся бісерам. Дарослыя жанчыны збіралі валасы разам. Старыя паважаныя мужчыны шчаплялі валасы абручом[13].

Кухня

Народная кулінарыя свазі шчыльна звязана з традыцыямі земляробства і жывёлагадоўлі. Шырока вядомы такія стравы, як умнквеба (сушаная ялавічына), кукурузная або прасяная каша шышвая, суцэльная вараная кукуруза слаай, сідлвадлва (мяса, тушанае з капустай і арахісам), эмасіемабеле (сорга з кіслым малаком) і г. д.[14] Папулярныя напоі: кіслае малако і хатняе піва ўмкамботсі[15].

Грамадства

Галоўная сацыяльная адзінка традыцыйнага грамадства свазі — патрылінейны экзагамны род сібонга[16], які насяляе канкрэтную мясцовасць і складаецца з дворагаспадарак індлу[17]. Асновай індлу з’яўляецца нуклеарная або пашыраная сям’я на чале мужчыны. Забараняюцца шлюбы знутры бацькоўскага рода, аднак дапушчальныя шлюбы з блізкімі сваякамі маці. Нароўні з хрысціянскімі шлюбамі распаўсюджаныя традыцыйныя. У апошнім выпадку муж можа мець другую жонку інхланты, што мае падпарадкаванае становішча ў дачыненні да першай, але звычайна разам з дзецьмі жыве ў асобнай хаціне і стварае сваю аўтаномную гаспадарку знутры індлу. Галоўны прымач сямейнай спадчыны — старэйшы сын першай жонкі.

У XVIII — XIX ст. сярод свазі склалася палітычная сістэма, у якой дамінуючым стаў род Дламіні. З яго паходзяць манархі Эсваціні. Ніжэй за іх стаяць мясцовыя правадыры, чыя ўлада ўмоўна абмежавана радай трох старэйшын бандланканэ. Яшчэ ніжэй — главы дворагаспадарак і рады родаў лусендва[18]. У Эсваціні традыцыйная сістэма ўлады існуе поруч з сучаснай. У немалой ступені захаванню традыцыйнай сістэмы садзейнічаюць перажыткі старой сістэмы землекарыстання[19].

Святы

Свазі славуты захаваннем традыцыйных святаў і цырымоній. З іх найбольш вядомы:

Мова

Мова сісваці належыць да групы моў банту, блізкая да іншых моў нгуні[24]. Падзяляецца на 4 рэгіянальных варыянта. Мае афіцыйны статус у Эсваціні і суседніх раёнах ПАР.

Рэлігія

Традыцыйная рэлігія свазі заснавана на веры ў шматлікіх духаў. Згодна ўяўленням, сусвет быў створаны богам Мвелінчанты[25], аднак ён адыгрывае малую ролю ў дачыненні да сучаснага існавання. Свазі шануюць духаў продкаў амадлоты, на нацыянальным узроўні — былых манархаў, вераць у магію. Шырока распаўсюджана знахарства[26]. З 1844 г. распаўсюджваецца хрысціянства[27]. Большасць вернікаў-хрысціян — пратэстанты.

Зноскі

  1. Swazi
  2. Who we are
  3. Dlamini III of Swaziland
  4. King Sobhuza I
  5. Mswati II
  6. Swaziland South African History Online
  7. Territoriality, Citizenship and Peacebuilding
  8. Dictionary of African Biography
  9. Swazi — Economy
  10. The Traditional Arts and Crafts of Swaziland
  11. Swazi — Settlements
  12. ARCHITECTURE
  13. Traditional Swazi Attire Архівавана 21 снежня 2017.
  14. Swaziland Food and Drink
  15. 60 % Swazis drink Umcombotsi
  16. Swazi — Kinship
  17. Swazi — Marriage and Family
  18. Swazi — Sociopolitical Organization
  19. G. T. Magagula, Land tenure and agricultural production in Swaziland
  20. Incwala Архівавана 13 чэрвеня 2018.
  21. Swaziland Harvest Festival
  22. Swaziland’s reed dance: cultural celebration or sleazy royal ritual?
  23. Umtsimba — sivakashi
  24. Swati (siSwati)
  25. THE TRADITIONAL RELIGION OF SWAZILAND Архівавана 30 ліпеня 2018.
  26. Swazi — Religion and Expressive Culture
  27. MARJORIE FROISE, 150 YEARS OF MISSION-CHURCHES IN SWAZILAND

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Народы Афрыкі
Катэгорыя·Народы банту
Катэгорыя·Народы ПАР
Катэгорыя·Народы Эсваціні
Катэгорыя·Народы Зімбабвэ