Про́ня — рака ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях Беларусі, правы прыток Сажа.
Рака пачынаецца ў вёсцы Ланенка Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці і мае кірунак з поўначы на поўдзень да ўпадзення ў Сож[2] на ўсходняй ускраіне горада Слаўгарада.
Даўжыня 172 км. Вадазбор 4910 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 29,5 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,5 ‰[3][4].
Цячэ пераважна па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная; шырыня яе ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя (вышыня 1—1,5 м, на асобных участках да 7 м), ніжэй вусця ракі Бася трапляюцца невялікія тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, сухая, лугавая; шырыня яе 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця ракі Быстрая пашыраецца да 3,8 км.
Сілкаванне Проні змяшанае, пераважна снегавое[5].
Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця ракі Пнёўка (15 км) і ад паўднёвай ускраіны горада Горкі ўніз па цячэнню (4 км): на астатнім працягу звілістае, каля горада Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў[6]. Шырыня ракі ў межань 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м.
Рака Проня на ўчастку ад Горак да ўпадзення рэчкі Быстрая цячэ ў бязлесай зоне, а ад вёскі Равячына ў вузкім каньёне парослым кустамі. Кусты і вярбы схіляюцца над вадой і часта заступаюць шлях, у тым ліку і заваламі. Гэты ўчастак складае 30 кіламетраў[6].
Рака Проня на сваім шляху прымае некалькі дзясяткаў розных прытокаў і ручаёў. Найбуйнейшыя з іх (ад вытока да вусця):
Назва прытоку | Даўжыня, (км) |
Плошча вадазбору, (км²) |
Адлегласць ад вусця Проні, (км) |
Расход вады, (м³/с) [7] |
---|---|---|---|---|
правыя прытокі | ||||
Гольша | 37 | 225 | . | 1,4 |
Бася | 104 | 995 | . | 6,3 |
Раста | 100 | 1290 | . | 6,8 |
левыя прытокі | ||||
Парасіца | 26 | 112 | . | . |
Быстрая | 46 | 688 | . | 4,3 |
Вербаўка | 27 | 159 | . | . |
Кашанка | 39 | 146 | . | 0,8 |
Сярод іншых прытокаў рэкі Зярня́, Каменка, Крупка, Шыпоўка, Тросліўка (Гіжэнка).
Найбольшы ўзровень разводдзя звычайна ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем ад 2,8 м у верхнім да 3,8 м у ніжнім цячэнні. Замярзае ў вярхоўі ў канцы лістапада[3], ніжэй — у 1-й дэкадзе снежня[3]; крыгалом у канцы сакавіка — пачатку красавіка[3]. Прымае сцёк з сеткі меліярацыйных каналаў. Улетку магчымы дажджавыя паводкі[3][4] У разводдзе затапляецца вадой на 10—40 сутак на глыбіню 0,4 м у верхнім цячэнні і 1,5— 2,5 метраў у ніжнім.
Ля вёскі Ляцягі Слаўгарадскага раёна на рацэ знаходзіцца гідралагічны пост рачны 1 разраду р. Проня—в. Ляцягі[8].
20 % водазбору пакрыты лесам[4].
З рыб водзяцца шчупак (Esox lucius), верхаводка (Alburnus alburnus), акунь звычайны (Perca fluviatilis), галавень (Leuciscus cephalus), лешч (Abramis brama).
Ля ракі вядомы залежы мелу. Каля вёскі Скварск знаходзяцца радовішчы тугаплаўкіх глін і будаўнічых пяскоў[9].
Адзінага адказу пра назву «Проня» ў даследчыкаў няма. Так, адны даследчыкі лічаць, што яно павінна мець гідранімічнае сваяцтва са словам «нетры», у сэнсе — «гушчар», а таксама «прэлы», у сэнсе — «мокрае, сырое месца». Іншыя даследчыкі тлумачаць падабенства назвы ракі з чэшскім словам «Рrony», што азначае «хуткі, неўтаймоўны»[10][11]. Даследчыкі Уладзімір Тапароў і Алег Трубачоў лічаць гідронім Проня словам балцкага паходжання[12].
Назва Проня, магчыма, звязана з імем паганскага славянскага бога Прона[10].
Ёсць версія, што старажытная назва ракі Проня — Прапой, той, які мае хуткае цячэнне, магчыма, гэта слова дало назву гораду Прапошаску (сучасны Слаўгарад)[13].
Народная версія аб утварэнні назвы ракі больш маляўнічая. Паводле падання, калісьці жылі дзяўчына Бася і юнак Проня. Яны моцна любілі адзін аднаго, але бацькі Басі не дазвалялі ёй выйсці замуж за беднага Проню. Тады маладыя людзі вырашылі бегчы і папрасілі багоў, каб тыя дазволілі ім быць разам. Багі выканалі іх просьбу. І калі помнячы сябе ад шаленства бацька кінуўся ў пагоню за ўцекачамі, то выехаўшы на адну з палян, убачыў зліццё дзвюх рэк — гэта і былі Бася і Проня[14].
Магчыма, што з дзяўчынай Проней здарылася іншая неспадзёўка — яна быццам была з цыганскай сям’і і выпадкова ўтапілася, а яе кавалеры назвалі ў памяць аб ёй раку[15].
Пойма ракі Проня была абжытая людзьмі як мінімум з каменнага стагоддзя, аб чым сведчаць шматлікія гарадзішчы, размешчаныя па яе берагах.
Ля вёскі Радамля Чавускага раёна на адгор’ях правага берага Проні, знаходзіцца гарадзішча з двух умацаваных пляцовак. Паўночна-ўсходняя пляцоўка авальная ў плане, памерамі 30×45 м. З паўночнага боку захаваліся рэшткі некалі высокага вала. Паўночна-заходняя пляцоўка аддзеленая ад першай вузкай глыбокай лагчынай, з боку плато прасочваюцца рэшткі двух валоў і равоў. Памеры пляцоўкі 30×40 м. За валамі, паўночней гарадзішча, на плато, размяшчаўся неўмацаваны пасад-паселішча. Горад Радамля ўпершыню згадваецца ў летапісах у 1535 годзе[16].
Ля вёскі Высокае Чавускага раёна, на мысе правага берага ракі Проні, авальнае гарадзішча, памерамі 42×26 м. Паселішча абаронена дугападобнымі валам вышынёй 4 метры і ровам. Культурны пласт змяшчае ляпную (I тыс. н.э.) і ганчарную старажытнарускую кераміку XI—XIII стагоддзяў[16].
На левым беразе Проні ля вёскі Сянькова знаходзіцца гарадзішча, на паўночны ўсход ад Слаўгарада — курганны магільнік, у 3,5 км — стаянка каменнага стагоддзя і паселішча эпохі Кіеўскай Русі, у 1 км на ўсход яшчэ шэраг стаянак каменнага стагоддзя, на правым беразе ў 2 км на поўнач ад вёскі Завад-Віравая курганны магільнік[17].
У гарадскім парку Слаўгарада, на стромкім мысе правага берага ракі Сож, каля вусця ракі Проня, старажытнае гарадзішча на Замкавай гары, памерамі 40×90 м. Захаваліся сляды ўмацаванняў: вала і рва. Тут знаходзіўся старажытнарускі Прупой (Прапошаск), упершыню згаданы ў грамаце Расціслава Мсціславіча ў 1136 годзе. Па даных раскопак вал на селішчы ўзведзены ў XII стагоддзі. На поўнач ад гарадзішча прасочваюцца рэшткі неўмацаванага пасаду[18].
У 1708 годзе падчас Паўночнай вайны ў данясенні камандуючага корпусам Баўра(руск.) бел. Пятру I называецца рака Проня[19]:
Сего сентября 27 дня в пути, не дошед вёски Берёзовки, получилъ ваш царского величества указ через Майора Чирикова, И пришёл в тое вёску Берёзовку, и стал промеж вёсак Берёзовка и Улуки. И сей ночи переберязь реку Проню, пойду до указанного места… |
28 верасня 1708 года ў раёне вёскі Лясной на ўчастку паміж Проняй і Сажом адбылася бітва пры Лясной, якую Пётр I называў «маці Палтаўскай бітвы»[20].
Проню французскія войскі фарсіравалі двойчы — па дарозе на Маскву і назад. Пры адступленні фарсіраванне ракі адбылося ў раёне вёскі Галавічы Дрыбінскага раёна[20].
Проня была акупіравана немцамі ўжо ў сярэдзіне ліпеня 1941 года. 18 ліпеня 1941 года стралковая рота 107-га палка 55-й стралковай дывізіі(руск.) бел. загінула пры абароне аўтадарожнага моста праз раку Проню ў Слаўгарадзе (Прапойску)[21].
У Горацкім раёне, у вярхоўях Проні і Мярэі, 12—13 кастрычніка 1943 года адбылася Бітва пад Леніна — першы бой польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі(руск.) бел.[20]. На гэтым месцы пабудаваны мемарыял, а найблізкая вёска названа Касцюшкава[20].
Асноўны артыкул: Фарсіраванне Проні
У 1943—44 гадах фронт стаяў на рацэ 9 месяцаў. Страты аднаго савецкага боку толькі на тэрыторыі Чавускага раёна склалі больш за 16 тысяч чалавек[22].
За час снежаньскіх баёў 1943 года на ўчастку Скварск—Прылёпаўка—Пуцькі 290-я і 385-я стралковыя дывізіі страцілі да 1500 салдат. Прыкладна столькі ж стратаў было з боку немцаў. У гісторыю Вялікай Айчыннай вайны гэты эпізод увайшоў пад назвай «Прылёпаўскі плацдарм»[22].
У фарсіраванні Проні ўдзельнічалі 10-я армія, 49-я армія(руск.) бел., 50-я армія(руск.) бел., 15 стралковых злучэнняў і далучаныя да іх артылерыйскія, танкавыя, авіяцыйныя і сапёрныя часткі[22].
У раёне горада Горкі ў раку часам зліваюцца неачышчаныя сцёкавыя воды з агульнагарадскіх ачышчальных збудаванняў, якія забруджваюць раку, што пацверджана задаволеным іскам Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь да камунальных службаў Горак па прычыне шкоды, нанесенай рыбным запасам ракі Проні ў 2005 годзе[23]. Вада ў раёне Горак брудная[24].
У 2011 годзе саўгас-камбінат «Горкі» забрудзіў раку Проню на працягу амаль 15 кіламетраў[25].
У месцы ўпадзення ў Проню ракі Парасіца знаходзіцца горад Горкі, у месцы зліяння Проні з рэкамі Быстрая і Гольша стаіць гарадскі пасёлак Дрыбін, ля вусця — горад Слаўгарад.
У Дубровенскім раёне: вёскі Ланенка, Лосеўка; у Горацкім раёне: вёскі Радзівонаўка, Сава, Сенькава, Азаравічы, Малая Каралёўка, Вялікая Каралёўка, Кузавіна, Старажоўка; у Дрыбінскім раёне: вёска Галавічы; у Чавускім раёне: вёскі Будзіна, Скварск, Прылёпаўка, Пуцькі, Старасёлы, Ключ, Загоранка, Высокае, Петухоўка, Дужаўка; у Слаўгарадскім раёне: вёска Новая Слабада.
Рака прыдатная для сплаву на байдарках. У наваколлях Проні знаходзіцца шэраг славутасцяў.
У вёсцы Ланенцы Дубровенскага раёна захавалася Пакроўская царква, пабудаваная ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя[26][27].
Ля вёсак Сянькова, Радамля і Высокае знаходзяцца стадаўнія гарадзішчы[16][17].
У вёсцы Будзіна пастаўлены помнік у гонар прарыву абароны часткамі 49 арміі(руск.) бел.[28].
У вёсках Кузьмінічы[29] і Петухоўка[30] ёсць брацкія магілы савецкіх воінаў, а ў вёсцы Прылёпаўка[31] — мемарыял часоў Вялікай Айчыннай вайны.
У вёсцы Петухоўка знаходзіцца помнік прыроды мясцовага значэння «Байкоўскія крыніцы»[32][33].
У Горках дзейнічае Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, які быў закладзены ў 1848 годзе па праекце А. Кампіёні. На сённяшні дзень гэты выбітны ландшафтны аб’ект налічвае больш за 1000 відаў і разнавіднасцей раслін[17][34], яго дэндрарый у 1963 годзе быў абвешчаны Батанічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння[35]. Цяпер на тэрыторыі Батанічнага саду расце каля 400 відаў і разнавіднасцей дрэў, кустоў, каля паўтысячы лекавых і іншых раслін. У аранжарэі растуць трапічныя і субтрапічныя віды раслін, якіх налічваецца больш за 300[36].
Проні прысвяцілі вершы Аляксей Пысін[37] і Алесь Корнеў[38]. Яна згадваецца ў рамане Леаніда Левановіча «Бесядзь цячэ ў акіян»[39].
Падзеі твора Уладзіміра Успенскага(руск.) бел. «Невядомыя салдаты» («руск.: Неизвестные солдаты»), які быў адзначаны[40] М. А. Шолахавым, як «лепшы твор аб Вялікай Айчыннай вайне», а таксама ў кнізе Дзеева і Пятрэнкі «Прастрэленыя кіламетры»[41] адбываюцца таксама і падчас фарсіравання Проні.
Мікалай Рыжоў назваў сваю выстаўку «Прыгажуня Проня» і прысвяціў Проне некалькі сваіх карцін[42], таксама яна намалявана на акварэлі Мікалая Арасланава «Апошні лёд на Проні»[43]. Яўген Зайцаў у 1954 годзе стварыў карціну «Вечар на рацэ Проні»[44].
Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с.
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |