wd wp Пошук:

Лаўрышаўскія археалагічныя экспедыцыі

Археалагічная экспедыцыя ў Лаўрышаве, 2015. Праца на раскопе.

Ла́ўрышаўскія археалагі́чныя экспеды́цыі, ЛАЭархеалагічныя экспедыцыі, якія ў 20112019 г. вялі археалагічныя раскопкі на селішчы Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра XIII — першай паловы XIX ст. у в. Лаўрышава (Шчорсаўскі сельсавет, Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць). Абследавалася таксама стаянка перыяду каменнага і бронзавага вякоў ля в. Гнесічы (Шчорсаўскі сельсавет). Экспедыцыі працягнулі археалагічнае вывучэнне гэтай мясцовасці, якое пачалося ў 1971 г.

Асноўныя звесткі

Войшалк у манастыры. Мініяцюра з Астэрманаўскага І-га тому Ліцэвога летапіснага збору, XVI ст. Бібліятэка Расійскай акадэміі навук, г. Санкт-Пецярбург.

Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, каля 1260 года сын вялікага князя Вялікага княства Літоўскага МіндоўгаВойшалк (вялікі князь літоўскі ў 12641267) — заснаваў манастыр «на рацэ на Нёмане, паміж Літвой і Наваградкам, і там жыў»[1]. Згодна царкоўнаму паданню, манастыр быў заснаваны ў сярэдзіне XIII ст. прападобным ігуменам Елісеем. Мэтай археалагічных даследаванняў было вызначэнне дакладнага месца першапачатковага размяшчэння манастыра, які з’яўляўся адным з важнейшых духоўных цэнтраў беларускіх зямель з часу ўтварэння ВКЛ.

У экспедыцыях удзельнічалі добраахвотнікі, у асноўным моладзь, студэнты і навучэнцы; слоган: «Трымаць гісторыю ў руках». Навуковы кіраўнік да 2016 г. — доктар гістарычных навук, прафесар кафедры гісторыі Беларусі і паліталогіі факультэта інфармацыйных тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта С. Я. Рассадзін (г. Мінск)[2]. Даследаванні вяліся пры падтрымцы Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра, з дабраславення архіепіскапа Навагрудскага і Слонімскага Гурыя[3], а з 2016 г. — і з дабраславення мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, патрыяршага экзарха ўсея Беларусі[4].

Мясцовасць у в. Лаўрышава, дзе вяліся раскопкі. Свята-Успенская царква, пабудавана каля 1775 г. як манастырская.

Экспедыцыі сабралі вялікі археалагічны матэрыял, які ўказвае на тое, што манастыр з часу заснавання размяшчаўся на месцы в. Лаўрышава, ля р. Валоўка. (Сучасны манастыр, які быў адноўлены ў 1913 і затым у 2007 г., знаходзіцца ля в. Гнесічы.) У ходзе раскопак была выяўлена, у прыватнасці, частка каменна-цаглянага падмурку пабудовы XIV ст. Яна суаднесена з царквой св. Мікалая, якая па пісьмовых звестках была пабудавана ў манастыры каля 1350 г. на сродкі князя навагрудскага Міхаіла-Карыята Гедзімінавіча пасля яго вяртання з ардынска-маскоўскага палону. Знойдзены шматлікія фрагменты глінянага посуду, кафлі, вырабаў з металу і шкла ХIII — XVIII ст. У 2015 г. выяўлена матрыца пячаткі XIII — XIV ст. У 2016 г. вялося даследаванне падземнага збудавання[5]. У 20172018 г. выяўлены фундамент старадаўняга храма[6] і старадаўнія каменныя крыжы. У 2019 і 2021 г. вяліся раскопкі гэтага фундамента[7].

Гл. таксама

Археалагічныя даследаванні ў Гнесічах і Лаўрышаве

Зноскі

  1. Пераклад са старажытнарускай мовы паводле артыкула: Краўцэвіч, А. К. Войшалк (1264 — 1267 г.). Інтэлігент на троне // pawet.net [Электронны рэсурс] — 2008. — 27 чэрвеня. — Дата доступу: 13.11.2015.
  2. Марзалюк, І. Успаміны пра Сяргея Рассадзіна / І. Марзалюк, Т. Маслюкоў // Маладосць. — 2017. — N 12. — С. 134—135.
  3. Пракопчык, Б. Загадкі лаўрышаўскага манастыра // Звязда. — 2015. — 4 жніўня.
  4. Турчына, І. У Лаўрышаўскім манастыры знойдзеныя невядомыя раней саркафагі Архівавана 15 жніўня 2020. // БелаПАН. — 2016. — 1 жніўня.
  5. Сланеўскі, А. Аднаму з саркафагаў Лаўрышаўскага манастыра не менш за 500 гадоў // Звязда. — 2016. — 11 жніўня.
  6. Падмурак кляштарнага храма XVI стагоддзя выявілі ў Лаўрышаве // Звязда. — 2017. — 3 жніўня.
  7. Раскопки церкви Лавришевского монастыря позволяют датировать храм ХІІІ — ХIV вв. — эксперт // БелТА. — 2019. — 1 августа.

Навуковыя публікацыі

Спасылкі

2021

2020

2019

2018

2017

2016

2015

2014

2013

2012

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі мужчынскі манастыр
Катэгорыя·Лаўрышава
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Археалогія ў Беларусі