wd wp Пошук:

Жамойцкае староства

Жамойцкае старо́ства, ці на польскі манер Жму́дскае старо́ства (руск.: Жема́йтское старо́ство; польск.: Starostwo żmudzkie / Księstwo Żmudzkie) — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў 1409 г. і 14111793 гг. у Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім і Рэчы Паспалітай.

З 1441 г. называлася паралельна і як Жамойцкае княства (альбо Жму́дскае княства), а вялікі князь літоўскі і рускі дадаваў да свайго тытулу і тытул «князь жамойцкі»[1]. Жамойцкае староства выразна адрознівалася ад іншых рэгіёнаў дзяржавы спецыфікай адміністрацыйнага і эканамічнага ладу.

Пачаткова цэнтрам староства было мястэчка Крожы (валоданне роду Кезгайлаў), з 1535 г. — Кейданы (валоданне роду Радзівілаў), а з канца XVI ст. — горад Расіены (Расейны)магдэбургскім правам самакіравання)[2]. У лепшыя часы на тэрыторыі Жамойцкага староства мелася 11 гарадоў з самакіраваннем па магдэбургскаму праву[3].

Гісторыя

Жамойцкае староства ахоплівала землі ВКЛ на захад ад ракі Нявежыс і было трывала створана, калі 1 лютага 1411 г. паводле Торуньскага міру ўся Жамойць пажыццёва пераходзіла ад Тэўтонскага ордэна ў валоданне польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта. Верагодна, старосты ў Жамойць прызначаліся вялікімі князямі літоўскімі і раней, калі землі Жамойці часова (з-за барацьбы з крыжакамі) пераходзілі пад іх уладу, але дакладна вядома, што з часоў Вітаўта прызначэнне старостаў стала рэгулярнай практыкай. Тады ж да Жамойці былі канчаткова далучаны запусцелыя куршскія землі — МегавуПалангай) і Цэкліс, а таксама воласць Панемунь за Нёманам. З гэтага часу пачалася інтэнсіўнае засяленне запусцелых памежных валасцей[4].

У 1412 г. Кезгайла Валімонтавіч (з блізкага кола Вітаўта) быў прызначаны на пасаду жамойцкага старосты, а Жамойць падзялася на воласці (цівунствы): Айрагола, Бержаны, Біржыняны, Вейшвяны, Відукле, Вількія, Вялёна, Вялікія Дырваны, Гондынге, Жараны, Каркляны, Каршова, Кельме, Крожы, Малыя Дырваны, Медынгяны, Павандэны, Паланга, Патумшы, Паюры, Плоцеле, Расіены, Рэтаў, Цельшы, Тандзягола, Ужвенты, Цверы, Шаўдаў, Шаўле, Ясвойна. Плошча Жамойцкага староства складала каля 19 тыс. км². Такі валасны падзел і знешнія межы заставаліся ў далейшым амаль нязменнымі: пазней воласці (цівунствы) аб’ядноўваліся ў большыя адзінкі[5]. Галоўнай задачай першых старостаў стала распаўсюджанне каталіцызма сярод мясцовага, амаль поўнасцю язычніцкага насельніцтва. Звычайна ў ВКЛ староствы ў адміністрацыйных адносінах знаходзіліся на адным ўзроўні з валасцямі і ўваходзілі ў склад павету, аднак Жамойцкае староства афіцыйна мела ў дзяржаве статус ваяводства[6]. У акце ад 1417 г. аб заснаванні ў Жамойці Медніцкага (Жамойцкага біскупства) вялікі князь Вітаўт выкарыстаў у адносінах да сябе тытул «вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі»[7].

Сутычкі і спрэчкі за Жамойць працягнуліся да заключэння 17 жніўня 1422 г. Мельнскага міра, падпісанага з крыжакамі, паводле якога Жамойць назаўсёды пераходзіла ў вотчыннае валоданне Ягайлы і Вітаўта і ніколі ўжо не была пад уладай крыжакоў[8].

Пасля абрання вялікім князем Казіміра Ягелончыка, у Жамойці пачалося паўстанне мясцовага баярства (1440), што было на баку іншага прэтэндэнта на сталец — Міхаіла Жыгімонтавіча. Жамойцкім старостам быў абраны мясцовы баярын Контаўт. Каб улагодзіць баярства, вялікі князь выдаў прывілей (1441), паводле якога Жамойцкаму староству гарантаваўся асобны федэратыўны статус, у тым ліку беспрэцэдэнтнае права мясцоваму баярству самім абіраць кандыдатуру на пасаду старосты, які сваім статусам быў роўны ваяводзе, а таксама мясцовых службоўцаў — цівуноў (кіраўнікоў валасцей Жамойці)[9]. Зацвярджэнне выбранага баярствам кандыдата на пасаду старосты было прэрагатывай вялікага князя літоўскага. Права вылучаць кандыдатуру на пасаду ваяводы (для далейшага зацвярджэння вялікім князем) яшчэ мела толькі шляхта Полацкага і Віцебскага ваяводстваў, што захавалася аж да канца існавання Рэчы Паспалітай.

Контаўт (па выбару баяр і зацвярджэнні вялікага князя) захаваў пасаду старосты і пасля паўстання. З гэтага часу (1441) поўная афіцыйная назва Вялікага Княства Літоўскага абавязкова змяшчала і назву «княства Жамойцкае», якое традыцыйна называлася зямлёй, але фактычна была па адміністрацыйнаму статусу роўнай ваяводству. Князем Жамойці быў вялікі князь літоўскі і рускі, які пачаў дадаваць да свайго тытулу і тытул «князь жамойцкі».

22 жніўня 1492 г. вялікі князь Аляксандр выдаў земскі прывілей, якім надзяляў баяр Жамойці тымі ж самымі правамі, што ўжо мелі баяры іншых зямель ВКЛ, і пацвярджаў федэратыўны статус Жамойці. Той жа статус быў пацверджаны земскім прывілеем (1507) вялікага князя Жыгімонта I Старага[10]. У першым пункце граматы 1492 г. вялікі князь Аляксандр усім жыхарам ВКЛ забараняў казаць, што жыхары Жамойці далучаны да ВКЛ сілай, а не па добрай волі («Найпервей, хочем, иж им [жыхарам Жамойці] жадны не мает мовити, альбо на очи истить, иж бы през меч, альбо через оныи валки были звалчоные, але з доброю волею пристали»)[11].

Уціск ураднікаў староства, якія ўводзілі непамерныя аплаты за позвы і запісы ў актавыя кнігі, паборы, несправядлівы суд, а таксама скаргі насельніцтва на жамойцкага біскупа ў 1540-ыя гг. звярнулі ўвагу вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старага. Ён выдаў 1 мая 1542 г. прывілей, якім пацвярджаў усе ранейшыя правы староства, але абавязваў старосту рабіць суд не самастойна, а разам з цівуном і выбранымі старостам двума шляхціцамі[12]. Новы вялікі князь Жыгімонт Аўгуст 7 жніўня 1545 г. таксама пацвердзіў ранейшыя прывілеі староства[13].

У 1566 г. у ВКЛ паводле ўніфікацыйнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы асноўнымі адзінкамі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай структуры станавіліся ваяводствы і паветы (са сваімі соймікамі), аднак гэта не кранулася Жамойці, дзе працягвала існаваць Жамойцкае староства. Староства працягвала складацца з 28 валасцей (ці інакш — цівунстваў), не меўшых соймікавай і судовай кампетэнцыі, а выключна вайсковыя. Па сутнасці Жамойцкае староства было паветам у ВКЛ, бо мела толькі адзін соймік, аднак жамойцкі староста меў кампентэнцыі ваяводы і таму быў сенатарам і засядаў у Сенаце. Староства мела трох сенатараў — жамойцкі біскуп, жамойцкі староста і жамойцкі кашталян. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1566) Жамойцкае староства атрымала той жа склад земскіх ураднікаў, як і іншыя ваяводствы ВКЛ.

Земскія акты (г.зн. афіцыйнае справаводства), якія захаваліся толькі з сярэдзіны XVI ст., у Жамойцкім старостве пісаліся да 1640 г. на «рускай мове» (г.зн. старабеларускай), а пасля — на польскай мове[14]. З XVII ст. цівунствы Жамойцкага староства пачалі называцца ў афіцыйным справаводстве «трактамі» (на польскі манер). У хуткім часе «тракты» Жамойцкага староства пачалі называцца і як «паветы»[15].

Толькі нямногія прывілеяваныя гарады (Ворні, Кейданы, Крацінга, Шкуды, Шадаў, Шаўлі і інш.) мелі суды войтаўскі і ратушны (адпаведна па ўгалоўным і грамадзянскім справам), але на жыццё такіх гарадоў аказвалі значны ўплыў уласнікі тых зямель, дзе гарады знаходзіліся[16].

У 1764 г. рашэннем сойма шляхта кожнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі рэгіянальнага ўзроўню атрымлівала свой выгляд службовага мундзіра. Шляхта Жамойцкага староства павінна была апранацца ў чырвоны кунтуш з сінімі вылогамі і белы жупан.

Паводле рашэння сойма ад 1764 г., 2 чэрвеня 1765 г. Жамойцкае староства ў судовых адносінах было падзелена на два судовыя староствы, у якіх меліся свае земскі суд і гродскі суд: Расіенская рэпартыцыя (13 трактаў) і Цельшаўская рэпартыцыя (15 трактаў)[17]. Таксама ў 1764 г. ад Жамойці была павялічана колькасць паслоў (да трох) на сойм і дэпутатаў (да чатырох) у Трыбунал ВКЛ (па два паслы на рускую і літоўскую сесіі Трыбунала). Паводле рашэння сойма, у 1776 г. ад Жамойці яшчэ раз была падвоена колькасць паслоў на сойм (г.зн. разам ад Жамойці з 1766 г. — 6 паслоў на сойм)[18]. У 1776 г. цэнтр Цельшаўскай судовай рэпартыцыі быў, паводле рашэння сойма, перанесены з Цельшаў у Шаўлі[19]. У 1790 г. рашэннем сойма да двух судовых рэпартыцый (Расіенскай і Шавельскай) у Жамойцкім старостве была створана яшчэ адна — Цельшаўская судовая рэпартыцыя[20].

У 1793 г. у ходзе адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформ, прынятых Вялікім соймам (1788—1792), Жамойцкае староства было падзелена на тры паветы («зямлі») — Расейнскі, Цельшаўскі і Шавельскі. Усе гэтыя змены адбыліся ў адказ на патрабаванні шляхты, якая хацела заняць больш земскіх урадаў, дэпутацтваў і пасольстваў пасля тэрытарыяльных страт у выніку першага (1772) і другога (1793) падзелаў Рэчы Паспалітай[21].

Спісы галоўных ураднікаў

Гл. таксама

Зноскі

  1. Жямайтское староство / Литва. Краткая энциклопедия…С. 257.
  2. Жямайтское староство / Литва. Краткая энциклопедия… С. 257.
  3. Жямайтское староство / Литва. Краткая энциклопедия… С. 257.
  4. Насевіч, В.Л. Жамойць
  5. Насевіч, В.Л. Жамойць
  6. Дзярновіч, А. Жамойць і Літва
  7. Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 114.
  8. Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 15.
  9. Дзярновіч, А. Жамойць і Літва
  10. Насевіч, В.Л. Жамойць
  11. Жалованная грамота литовского великого князя Александра Казимировича жителям Жмудской земли. 15 августа 1492 г. // Акты относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею: в 5 т. — Т. 1. 1340—1506. — Санкт-Петербург : Тип. II Отделения Собственной Е.И.В. Канцелярии, 1846. — С. 120—122.
  12. Żmudź / Encyklopedia Powszechna. — T. 28. — С. 992.
  13. Żmudź / Encyklopedia Powszechna. — T. 28. — С. 992.
  14. Żmudź / Encyklopedia Powszechna. — T. 28. — С. 994.
  15. Żmudź / Encyklopedia Powszechna. — T. 28. — С. 994.
  16. История Литовской ССР… С. 154; Gadon, M. Opisanie Powiatu Telszewskiego w Guberni Kowieńskiej… С. 62.
  17. Żmudź / Encyklopedia Powszechna. — T. 28. — С. 994; Закшэўскі, А.Б. Юрыдычна-адміністрацыйны рэгіяналізм у І Рэчы Паспалітай / А.Б. Закшэўскі // Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 3 : Нацыянальная і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. — Мінск : Навука і тэхніка, 1994. — С. 16—23; Gadon, M. Opisanie Powiatu Telszewskiego w Guberni Kowieńskiej… С. 22.
  18. Закшэўскі, А.Б. Юрыдычна-адміністрацыйны рэгіяналізм у І Рэчы Паспалітай / А.Б. Закшэўскі // Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 3 : Нацыянальная і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. — Мінск : Навука і тэхніка, 1994. — С. 16—23.
  19. Gadon, M. Opisanie Powiatu Telszewskiego w Guberni Kowieńskiej… С. 22.
  20. Gadon, M. Opisanie Powiatu Telszewskiego w Guberni Kowieńskiej… С. 22.
  21. Закшэўскі, А.Б. Юрыдычна-адміністрацыйны рэгіяналізм у I Рэчы Паспалітай / А.Б. Закшэўскі // Беларусіка = Albaruthenica. Кн. 3 : Нацыянальная і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне. — Мінск : Навука і тэхніка, 1994. — С. 16—23; Материалы для географии и статистики России, собранные офицерами Генерального штаба. Ковенская губерния… С. 20—21.

Літаратура

Першакрыніцы

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Жамойцкае княства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Жамойць