wd wp Пошук:

Жамойты

Жамойты ці часам жэмайты, жмудзь (саманазва — Žemaitē, літ.: Žemaičiai) — этнічная группа сучасных літоўцаў у Заходняй Літве, жыхары гістарычнай вобласці Жамойць. Захоўваецца жамойцкая гаворка літоўскай мовы, часам разгляданая як асобная мова, на ўсходзе Жамойці размаўляюць на заходнеаўкштайтскай гаворцы літоўскай мовы. Асноўнае веравызнанне — каталіцтва, на паўднёвым-захадзе ёсць таксама лютэране. Прыкладная колькасць — каля 500 тыс. чалавек.

Жамойты ў перыяд да стварэння Вялікага Княства Літоўскага

Балцкія плямёны ў X—XII стст.

Традыцыйна даўніх жамойтаў суадносяць з археалагічнай культурай грунтовых могільнікаў жамойтаў (V—XIV стст.)[1]. Археалагічныя дадзеныя паказваюць, што тэрыторыя сучаснай Жамойці ў I—IV стст. (разам з землямі, дзе пазней сфарміруюцца балцкія плямёны земгалаў, селаў і латгалаў) адносілася да аднаго арэала — культуры курганоў з каменнымі вянцамі (I—V стст.), для якой таксама характэрны абрад трупапалажэння і розная арыентацыя мужчынскіх (галавой на паўночны-захад) і жаночых паграбенняў (на паўднёвы-усход), што сведчыць аб этнічным адзінстве насельніцтва той тэрыторыі тады[2]. У V ст. курганны абрад пахавання знікае і замяняецца паўсюль грунтовымі пахаваннямі з трупапалажэннем, а насельніцтва культуры курганоў з каменнымі вянцамі распадаецца на плямёны жамойтаў, земгалаў, латгалаў і селаў[3]. Адольфас Таўтавічус лічыў жамойтаў аўтахтонамі Жамойці — выхадцамі з Цяльшайскага ўзвышша[4]. А Рэгіна Волкайтэ-Кулікаўскене лічыла, што продкі жамойтаў былі выхадцамі з заходняй часткі даліны ракі Дубісы, якія змяшаліся з мясцовым насельніцтвам[4].

Жамойты жылі пераважна на паселішчах у драўляных хатах, займаючыся земляробствам, жывёлагадоўляй і рамяством (ганчарства; ліццё жалеза, бронзы, срэбра; ткацтва і інш.). З VII—VIII стст. пачынаюць будавацца ўмацаваныя паселішчы (драўляныя гарадзішчы), дзе засяроджваліся рамесная вытворчасць і племянная знаць[5]. Тыпам арганізацыі грамадства быў родаплемянны лад, а сацыяльная структура была прадстаўлена трыма-чатырма праслойкамі — знаццю, дружыннікамі знаці, свабоднымі абшчыннікамі і рабамі[6]. Рэлігіяй былі родавыя культы (язычніцтва). Была распаўсюджана традыцыя шанавання святых камянёў (валуноў) з выемкамі круглай формы ці ў выглядзе адціскаў ног ці іншых абрысаў[6].

У IX—XII стст. вырошчваліся жыта, пшаніца, ячмень, авёс, гарох, рэпа, лён і каноплі. Асноўнымі сельскагаспадарчымі прыладамі былі саха, рало, матыка, серп і каса.

Грунтовыя пахаванні (а таксама трупапалажэнні з арыентацыяй мужчынскіх (галавой на паўночны-захад) і жаночых паграбенняў (на паўднёвы-усход)) аж да сярэдзіны XIII ст., калі пачаўся працэс стварэння Вялікага Княства Літоўскага, выразна адрозніваюць культуру грунтовых могільнікаў жамойтаў ад курганнага тыпу пахаванняў, характэрнага для археалагічнай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў (на Віленшчыне), якую даследчыкі традыцыйна атаясамліваюць з некалькімі аб’яднаннямі літоўскіх плямён[7][8]. На працягу V—X стст. назіраецца блізкасць культуры жамойтаў і земгалаў[9][10].

Выразным адрозненнем пахавальнага абрада на тэрыторыі жамойтаў аж да сярэдзіны XIII ст. было заўсёды трупапакладанне, а не спальванне, як гэта стала характэрна з V ст. для культуры ўсходнелітоўскіх курганоў[11]. У IX—XI ст. як рэдкае выключэнне на грунтавых могільніках у Жамойці з’яўляецца трупаспаленне. З XII ст. трупаспаленні практыкуюцца часцей, але пераважна на акраінах арэала жамойтаў[12]. Сучасныя літоўскія даследчыкі (А. Лухтанас, Р. Волкайтэ-Кулікаўскене, У. Жулкус) таксама адзначаць стракатасць арэала Жамойці і сучаснай Цэнтральнай Літвы (Аўкштайтыі) у XІ—XІІ ст. у археалагічных адносінах у параўнанні з культурай усходнелітоўскіх курганоў і могільнікамі куршаў[13].

У багатых жаночых пахаваннях часам выяўляюцца круглыя шапачкі, зробленыя з тоўстых нітак, якія поўнасцю пакрываліся нанізанымі бронзавымі колцамі, спіральками і падвескамі. Краі шапачак упрыгожваліся падвескамі ў выглядзе кляновага насення. На думку Таўтавічуса, такія жаночыя галаўныя ўборы IX—XII стст. можна лічыць выключнай прыкметай жанчын жамойтаў[14].

Такая рыса абраднасці як пахаванне разам з нябожчыкамі коней (як правіла, неспаленых конскіх галоў, капыт і скур), што практыкавалася ў X—XII стст. у Жамойці, прыйшла з захаду — з тэрыторыі культуры грунтавых могільнікаў з трупаспаленнем у сучаснай цэнтральнай Літве (Аўкштайтыі), на якую ў сваю чаргу паўплывалі гэтыя традыцыі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў і прусаў. Аднак гэтая рыса мае рэдкі, нерэгулярны характар, больш сціплая па колькасці коней (як правіла — аднаго) і распаўсюджана толькі на паўднёва-заходняй частцы Жамойці[15]. У той жа час для культуры ўсходнелітоўскіх курганоў з X па пачатак XIII ст. характэрны пахаванні ў курганах разам з нябожчыкам (трупаспаленне) яго коней (трупапалажэнне ці радзей трупаспаленне), колькасць якіх магла дасягаць 18—20 галоў[16].

З пачаткам XIII ст. на Віленшчыне замест культуры ўсходнелітоўскіх курганоў прыходзяць грунтовыя пахаванні (помнікі пачатку XIII—XIV стст.), але захоўваюцца абрад трупаспалення і (зрэдку) пахаванні з конямі[17]. Адкрытым застаецца пытанне, ці звязаны пераход да грунтовых могільнікаў на Віленшчыне з уплывамі ўсходніх славян ці іншых культур балтаў (напрыклад, жамойтаў) альбо іншымі прычынамі[17].

Жамойты ў час пасля стварэння Вялікага Княства Літоўскага

Жамойты у літоўскай гістарыяграфіі

Літоўскі гісторык Эдвардас Гудавічус лічыць старажытных жамойтаў племем літоўцаў. Ён сцвярджае, што літоўскі этнас узнік прыблізна ў VI—VII стст., калі адбылося разгалінаванне ўсходніх балтаў на літоўцаў і латгалаў і адпаведна разгалінаванне літоўскай і латышскай моў з аднаго кораня. Месцам сфармавання ў тыя часы літоўцаў, на думку даследчыка, была тэрыторыя паміж сярэднім цячэннем Нёмана, рэчкамі Нярыс і Мяркіс, адкуль яны пашыраліся на поўнач (да земгалаў і селаў) і на захад. Гудавічус лічыць, што жамойты былі сфармаваны ў выніку асіміляцыі літоўскімі перасяленцамі (на заходнім кірунку міграцыі) часткі куршаў і іншых заходнебалцкіх плямён. У выніку, на яго думку, шляхам разрастання літоўскага этнаса адбылося разгалінаванне родаплемянной структуры літоўцаў у канцы I тысячагоддзя н.э. мінімум на два племені: усходніх літоўцаў (менаваных уласна літоўцамі), якія размяшчаліся ў тым ліку на землях Нальшчаны і Дзяволтвы, і літоўцаў-жамойтаў (на паўднёвых землях сучаснага літоўскага этнаграфічнага рэгіёна Жамойць). Гудавічус прызнае цяжкім вызначыць, ці былі жыхары сучаснай цэнтральнай Літвы (зямля Упіта і Нярыс) асобным літоўскім племем альбо часткай усходніх літоўцаў[18]. Акрамя таго, ён сцвярджае, што па ўсёй Літве у канцы XII — пачатку XIII ст. (у тым ліку праз заключэнне шлюбаў) перавагу атрымала група «старэйшых» князёў, якім падначальваліся іншыя князі (у тым ліку з Жамойці), што, на думку гісторыка, прывяло да стварэння палітычнай канфедэрацыі літоўскіх зямель, аднак сувязі ў той канфедэрацыі не былі вельмі моцнымі: старэйшыя князі не кантралявалі ўнутранае жыццё іншых зямель і ўзаемаадносіны «ніжэйшых» уладароў[19].

Як адзначае літоўскі даследчык Петрас Калніс, пытанне, ці існавалі жамойты як асобная этнічная супольнасць у перыяд фарміравання балцкіх плямён (з VI—VII стст.) пакуль яшчэ з’яўляецца дыскусійным сярод літоўскіх даследчыкаў (археолагаў, філолагаў, этнографаў)[20]. У гэтым споры ў пачатку XXI ст. пераважаючым становіцца погляд, што жамойты існавалі як адно з балцкіх плямён да часу ўзнікнення літоўскай дзяржавы (Вялікага Княства Літоўскага)[20]. Гэты погляд прыняты амаль усімі літоўскімі археолагамі і падтрыманы ўсё большай колькасцю гісторыкаў і некаторых філолагаў[20]. Сам Петрас Калніс лічыць, што жамойты існавалі як асобная этнічная супольнасць у перыяд балцкіх плямён, але зараз не існуе ніякага асобнага жамойцкага этнаса, бо племя жамойтаў увайшло ў склад літоўскага этнаса ў часы Вялікага Княства Літоўскага[20]. Калніс сцвярджае, што зараз жамойты з’яўляюцца толькі складовай этнаграфічнай групай літоўскага этнаса, прычым цяперашняя літоўская этнаграфічная група жамойтаў не зусім з’яўляецца прамой пераемніцай племені жамойтаў — гэта, на яго думку, зусім розныя супольнасці[20].

Жамойты у польскай гістарыяграфіі

Жамойты у беларускай гістарыяграфіі

На пачатку самастойнага існавання сучаснай беларускай гістарыяграфіі ў XX ст. (Язэп Лёсік і інш.) у ёй выказвалася думка, што жамойты былі асобным ад літоўцаў народам і не мелі вырашальнага ролі ў стварэнні ВКЛ, што Жамойць была толькі невялікім ускрайкам ВКЛ і што толькі гэтыя жамойты і з’яўляюцца продкамі сучасных літоўцаў, а старажытныя літоўцы - гэта ў асноўным продкі сучасных беларусаў[21].

Сучасны беларускі гісторык Алег Дзярновіч лічыць, што Жамойць мела адрозную ад Літвы старажытную этнічную гісторыю. Ён сцвярджае, што жамойты спачатку былі ўсходнебалцкім племем, якое ўтварылася на ўсходняй тэрыторыі сучаснай Жамойці (у басейне ракі Швянтоі) на базе насельніцтва культуры грунтовых могільнікаў — на базе земгалаў — усходнебалцкага племя, большая частка якога пазней увайшла ў склад латышскага этнаса. Дзярновіч падкрэслівае, што племя жамойць у сярэдзіне І тыс. н.э. не ўваходзіла ў арэал археалагічнай культуры ўсходнелітоўскіх курганоў, якую многія даследчыкі атаясамляюць з племем «літва» (альбо саюзам балцкіх плямён пад агульнай назвай «літва»)[7].

Беларускі гісторык Алесь Краўцэвіч таксама прытрымліваецца думкі, што жамойты былі асобным ад літвы балцкім племем (гэтак жа як і нальшчаны, дзевалтва, яцвягі)[22]. На думку Краўцэвіча менавіта жамойты сталі асновай фарміравання сучаснага літоўскага этнасу, у адносінах да якога Краўцэвіч ужывае тэрмін «летувісы». У склад летувісаў, паводле Краўцэвіча, увайшлі і балтамоўныя жыхары Аўкштоты (паўночнай (балцкай) часткі хароніма «Літва»)[23].

Сучасны беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч вылучае этнічны і палітычны змест тэрміна «Літва» і адзначае пэўную этнічную адметнасць жыхароў старажытнай Жамойці і старажытнай Літвы, што захоўвалася нават у пачатковы перыяд існавання ВКЛ. Пра гэта, на думку даследчыка, сведчаць выраз «літоўцы і жамойты» (Littoven und Sameiten), які ўжыты ў «Старэйшай рыфмаванай хроніцы» пры апісанні падзей 1250-х гг., а таксама ў рускіх летапісах (у паходзе на Рыгу ў 1286 г. удзельнічалі «Литва вся и Жемоть вся»; у паходзе Альгерда на Пераяслаў у 1373 г. удзельнічалі «Литва и Ляхи и Жемоть»). Насевіч лічыць, што жамойты да стварэння ВКЛ былі асобным ад «літвы» вялікім балцкім племем («асобным этнасам»)[24], а, разважаючы, з якіх «зямель» у 12101220-х складалася «Літва ў шырокім сэнсе» (уласна Літва (Літва ў вузкім сэнсе), Жамойць, Дзевалтва і інш.), падкрэслівае, што ў такім сэнсе пад «Літвой» разумелася тэрыторыя з паўсамастойных «княстваў», на якія распаўсюджваўся часовы палітычны ўплыў дынастыі «старшых князёў» Літвы[25]. Саму старажытную Літву (г.зн. «Літву ў вузкім сэнсе») Насевіч лакалізуе на Віленшчыне (на памежжы сучасных Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусі — па абодва бакі ад сучаснай літоўска-беларускай дзяржаўнай мяжы)[26]. Насевіч лічыць, што зліццё жамойтаў і аўкштайтаў у адзін этнас адбылося пазней за XV ст., і аспрэчвае іх этнічнае адзінства да таго часу, не пагаджаючыся з меркаваннем большасці сучасных літоўскіх гісторыкаў[27]. Ён падкрэслівае, што XIV—XV стст. прайшлі пад знакам выразнага «жамойцкага сепаратызма» у ВКЛ[27]. На думку Насевіча, тэрмін «Аўкштота» (ці «Аўкштайція», г.зн. «верхняя») меў вузкаэтнічны сэнс і быў штучна ўтвораны ў пачатковы перыяд існавання ВКЛ па аналогіі з «Жамойцю», што звычайна тлумачаць як «ніжняя» зямля / «нізіна»[27].

Карты рассялення балцкіх плямён

Гл. таксама

Зноскі

  1. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 381—387.
  2. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 92, 127; Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 371, 372.
  3. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 371—372.
  4. 1 2 Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 127.
  5. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 385.
  6. 1 2 Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 386.
  7. 1 2 Дзярновіч, А. Жамойць і Літва.
  8. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 81, 99, 114; Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье в IX—XIII вв… С. 28—29; Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 26.
  9. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 92, 127; Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 372.
  10. Традыцыйна лічыцца, што назва «Жамойць» паходзіць ад літоўскага слова «žema», што азначае «ніжняя». Акрамя таго, слова «Жамойць» нагадвае і з’яўляецца аднакарэнным літоўскаму слову «žemė», што па-літоўску азначае «зямля». Цікава, што слова «Zemgale» / «Земгалія» / «Земгала» (па-літоўску «Žiemgala/ «Žemgala») у перакладзе з латышскай мовы («zeme gali») азначае «канец зямлі», «акраіна зямлі».
  11. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 393.
  12. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 384.
  13. Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 82, 127—128.
  14. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 383, 384.
  15. Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье… С. 27—28; Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 129; Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 383, 389.
  16. Зверуго, Я.Г. Верхнее Понеманье… С. 27—28; Куликаускене, Р. Погребения с конями у древних литовцев // Советская археология. Т. 17. — С. 213—214; Зинкявичюс, З. Откуда родом литовцы… С. 129; Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 393.
  17. 1 2 Вайткявичус, В. Нестереотипный взгляд на культуру восточнолитовских курганов… С. 186.
  18. Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года… С. 23—24.
  19. Гудавичюс, Э. История Литвы / Э. Гудавичюс. — Т. 1 : с древнейших времен до 1569 года… С. 35.
  20. 1 2 3 4 5 Kalnis, P. Žemaičiai XXa. — XXIa. pradžia… С. 412.
  21. Лёсік, Я. «Літва-Беларусь»//Беларуская думка XX ст. Гісторыя, рэлігія, культура. Анталогія. — Варшава, 1998. — С.53.
  22. Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — С. 113—114, 118, 125.
  23. Краўцэвіч, А.К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — Rzeszów, 2000. — С. 125, 127.
  24. Насевiч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага… С. 19.
  25. Насевіч В. Л. Літва.
  26. Насевіч В. Л. Літва; Вячаслаў Насевіч: «Першапачатковая Літва знаходзілася на памежжы сучасных Літвы і Беларусі».
  27. 1 2 3 Насевiч, В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага… С. 20.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Народы Літвы
Балты
Вікіпедыя:Артыкулы з незавершанымі раздзеламі
Жамойць