Друцкія-Любецкія (ці часта Любецкія) (польск.: Druccy-Lubeccy / Lubeccy, руск.: Друцкие-Любецкие / Друцко-Любецкие / Любецкие) — княжацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім, Расійскай імперыі і міжваеннай Польшчы (1921—1939), адгалінаванне з канца XV ст. роду князёў Друцкіх. Карысталіся гербам «Друцк». Першапачаткова прадстаўнікі роду былі праваслаўнымі, а з канца XVI ст. пераходзілі ў каталіцтва. Самым выдатным і тытулаваным прадстаўніком роду стаў князь Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі (1778—1846).
Паходзяць ад князя Васіля Рыгоравіча Друцкага, сын якога князь Багдан Васілевіч Друцкі (каля 1450 — да 1500) атрымаў у 1488 г. падарунак ад сваёй цёткі-ўдавы — пані Шыловіч — маёнтак Любеч (Любча) з навакольнымі вёскамі на Валыні каля Луцка. Князь Багдан памёр бядзетным, а вялікі князь літоўскі Аляксандр у 1500 г. па прашэнні брата памерлага князя Багдана — Рамана Васілевіча Друцкага (каля 1450 — да 1525) — зацвердзіў апошняму ў вечнае спадчыннае валоданне маёнтак Любча. Таму нашчадкі Рамана Васілевіча Друцкага сталі менавацца князямі Друцкімі-Любецкімі. Валодалі таксама часткай Друцкага княства з Загароддзем, Худавам і Відунічамі (Відзенічамі), таму некаторыя прадстаўнікі роду ў канцы XV ст. — першай палове XVI ст. называліся князямі Друцкімі-Відуніцкімі.
У 1526 г. пасля смерці Рамана Васілевіча Друцкага-Любецкага (каля 1450 — да 1525) яго маёнткі былі падзелены: Любча з навакольнымі вёскамі і маёнткамі дасталіся двум сынам — Багдану Раманавічу Друцкаму-Любецкаму і Васілю Раманавічу Друцкаму-Любецкаму, а родавыя маёнткі ў наваколлі Друцка і ў Віцебску (Відзінічы, Загроддзе, Зароўлі і ўсе іншыя вёскі і маёнткі) дасталіся іншым тром сынам — Дзмітрыю Відуніцкаму, Янушу Раманавічу Друцкаму-Любецкаму і Івану Раманавічу Друцкаму-Любецкаму.
У выніку шлюбаў ці куплі прадстаўнікі роду дадаткова атрымалі маёнткі ў XVI ст. у Аршанскім павеце, у XVII ст. у Аршанскім і Пінскіх паветах і Новагародскім ваяводстве, у XVIII ст. у Лідскім павеце, у XIX ст. у Мінскім і Дзісенскім паветах. У 1784 г. князь Францішак Юзафавіч Друцкі-Любецкі (каля 1735 — 1806) прадаў князю Рыгору Аляксандравічу Пацёмкіну свой маёнтак Любавічы, але ў 1799 г. купіў у князёў Сапег маёнтак Чарлёну ў Гродзенскім павеце. Акрамя сваіх галоўных зямельных валоданняў і палацаў у Мінскай і Гродзенскай губернях, мелі маёнткі таксама ў Віленскай, Ковенскай і Келецкай губернях (маёнтак Балтаў) Расійскай імперыі.
Род з сярэдзіны XVI ст. да канца існавання Рэчы Паспалітай не адносіўся да магнатэрыі, бо яго прадстаўнікі, хоць мелі княскі тытул і значныя зямельныя валоданні, не займалі трывала высокіх дзяржаўных пасад[1]. Толькі ў XVIII ст. непрацягла займалі сенатарскія пасады Рэчы Паспалітай: князь Шыман Друцкі-Любецкі (каля 1665 — 1710) быў мінскім кашталянам (1710), а князь Францішак Юзафавіч Друцкі-Любецкі (каля 1735 — 1806) — пінскім кашталянам (1793—1795).
Менавіта князь Францішак Юзафавіч Друцкі-Любецкі (каля 1735 — 1806), пінскі кашталян (1793—1795), зрабіў першыя падмуркі для моцы роду. Аднак трывалае ўзвышэнне значнасці роду да ўзроўню губернскай і агульнабеларускай эліты пачалося ў пачатку XIX ст. у беларуска-літоўскіх губернях Расійскай імперыі дзякуючы інтэлектуальным здольнасцям і паспяховай прадпрымальніцкай дзейнасці князя Францішка Ксаверыя Друцкага-Любецкага (1778—1846), якія забяспечылі імклівы ўзлёт эканамічнай і палітычнай магутнасці фамільнага клана Пуслоўскіх і Друцкіх-Любецкіх, што пратрывала да пачатку 1920-ых гг. і праяўлялася ў першую чаргу ў заняцці высокіх дваранскіх пасад, наладжванні сваяцкіх сувязей з самымі арыстакратычнымі фаміліямі края і памнажэнні свайго багацця[2][3]. Адносіліся да арыстакратаў, латыфундыстаў і мецэнатаў.
Самым выдатным і тытулаваным прадстаўніком роду стаў князь Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі (1778—1846), адзін з аўтараў праекту аднаўлення Вялікага Княства Літоўскага (1811), гродзенскі павятовы маршалак (1809—1811), гродзенскі губернскі маршалак (1812—1815), гродзенскі губернатар (1816), (намінальна) віленскі губернатар (1816—1823), міністр фінансаў (1821—1830) Царства Польскага, аўтар праекту пабудовы Аўгустоўскага канала, сенатар (1832—1846) Расійскай імперыі — член Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі. З’яўляўся адной з самых уплывовых асоб свайго часу ў беларуска-літоўскіх губернях Расійскай імперыі[4].
Другім у родзе па заслугам стаў князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1861—1919), пісьменнік-аматар, член (1896—1919) Рады Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі; старшыня праўлення Мінскага камерцыйнага банка; старшыня (1901—1905) Палескага таварыства сельскай гаспадаркі; дэпутат (1906) I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні; старшыня (1907—1908) Польскага Таварыства «Асвета» ў Мінску; дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні (1909—1910); член Рады БНР (1918).
Пасля прыходу ў 1917 г. бальшавікоў да ўлады ў Маскве і Петраградзе, выдання бальшавіцкага Дэкрэта аб зямлі і распальвання грамадзянскай вайны на тэрыторыі былой Расійскай імперыі ў 1917—1921 гг., зямельная ўласнасць Друцкіх-Любецкіх у Мінскай губерні апынулася пад пагрозай нацыяналізацыі савецкай уладай без кампенсацыі. Пасля Рыжскага мірнага дагавора (1921) зямельныя валоданні, палацы і прадпрыемствы Друцкіх-Любецкіх, якія афіцыйна апынуліся на савецкім баку — у складзе тэрыторыі БССР, былі нацыяналізаваны, а іх былыя ўласнікі вымушаны былі пераехаць на сталае месца жыхарства ў міжваенную Польшчу, захавалі маёнткі ў заходнебеларускіх ваяводствах Польшчы. Некаторыя з іх уключыліся ў дзейнасць кансерватыўных арганізацый землеўласнікаў і польскіх палітычных партый, належалі да варшаўскай арыстакратыі. Так, князь Юзаф Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1897—1943) належаў да палітычнай групоўкі віленскіх кансерватараў, а князь Францішак Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1878—1944) быў сенатарам (1928—1935) Польшчы ад Палескага ваяводства. У час Другой сусветнай вайны (1939—1945) Друцкія-Любецкія пакінулі Польшчу і Заходнюю Беларусь, страцілі ўсе свае зямельныя валоданні і палацы і ў цяперашні час іх нашчадкі жывуць галоўным чынам за межамі Беларусі і Польшчы.
Раман Васілевіч Друцкі-Любецкі (каля 1450 — да 1525), буйны землеўласнік у Вялікім Княстве Літоўскім
Багдан Раманавіч Друцкі-Любецкі (каля 1500 — 1546), буйны землеўласнік у Вялікім Княстве Літоўскім
Дзмітрый Відуніцкі (Друцкі-Любецкі) (каля 1500 — 1558), буйны землеўласнік у Вялікім Княстве Літоўскім
Ганна Раманаўна Друцкая-Любецкая (каля 1510 — 1571), буйная землеўласніца ў Вялікім Княстве Літоўскім
Іван Раманавіч Друцкі-Любецкі (каля 1510 — 1567), буйны землеўласнік у Вялікім Княстве Літоўскім
Рыгор Іванавіч Друцкі-Любецкі (паміж 1551—1567 — каля 1595), буйны землеўласнік у Вялікім Княстве Літоўскім
Павел Янушавіч Друцкі-Любецкі (паміж 1551 і 1558 — каля 1596), аршанскі гродскі суддзя
Васіль Іванавіч Друцкі-Любецкі (каля 1567 — каля 1595), буйны землеўласнік у Вялікім Княстве Літоўскім
Іван Рыгоравіч Друцкі-Любецкі (каля 1594 — паміж 1649 і 1651), аршанскі падстароста, пасол на сойм
Павел Рыгоравіч Друцкі-Любецкі (каля 1582 — паміж 1640 і 1644), луцкі гродскі суддзя, луцкі падстароста
Мікалай Іванавіч Друцкі-Любецкі (да 1633 — паміж 1668 і 1671), мсціслаўскі стольнік, буйны землеўласнік у Вялікім Княстве Літоўскім
Багдан Казімір Друцкі-Любецкі, аршанскі стольнік (упам.1700—1704)
Юзаф Багданавіч-Казіміравіч Друцкі-Любецкі (р.1719—р.1766), аршанскі стольнік (упам.1760)
Шыман Друцкі-Любецкі (каля 1665 — 1710), мінскі кашталян (1710)
Францішак Юзафавіч Друцкі-Любецкі (каля 1735 — 1806), пінскі кашталян (1793—1795)
Ануфры Францішкавіч Друцкі-Любецкі (1770?—1841), пінскі павятовы маршалак (1799—1802)
Караль Францішкавіч Друцкі-Любецкі (1777—р.1846), пінскі павятовы маршалак (1802—1811)
Геранім Францішкавіч Друцкі-Любецкі (1776—1844), пінскі павятовы маршалак (1817—1823)
Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі (1778—1846), гродзенскі павятовы маршалак (1809—1811), гродзенскі губернскі маршалак (1812—1815), гродзенскі губернатар (1816), (намінальна) віленскі губернатар (1816—1823), міністр фінансаў (1821—1830) Царства Польскага, сенатар (1832—1846) Расійскай імперыі — член Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі
Алаіз Канстанцін Друцкі-Любецкі (1801—1864), удзельнік Лістападаўскага паўстання (1830—1831)
Ігнат Ануфрыевіч Друцкі-Любецкі (1809—1861), дзісенскі павятовы маршалак (1855—1859)
Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі (1827—1898), гродзенскі павятовы маршалак (1862—1863)
Эдвін Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1828—1901), пінскі павятовы маршалак (1859—1872)
Уладзімір Ігнатавіч Друцкі-Любецкі (1845—1905), шталмайстар расійскага двара
Фелікс Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1860—1920), старшыня (1912—1915) Палесскага таварыства сельскай гаспадаркі
Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1861—1919), старшыня (1901—1905) Палескага таварыства сельскай гаспадаркі; дэпутат (1906) I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні; старшыня (1907—1908) Польскага Таварыства «Асвета» ў Мінску; дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні (1909—1910); член Рады БНР (1918)
Аляксандр Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1861—1926), буйны землеўласнік
Уладзіслаў Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1864—1913), гродзенскі гарадскі галава (1907), старшыня Польскага Таварыства аўтамабілістаў
Францішак Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1878—1944), сенатар (1928—1935) Польшчы ад Палескага ваяводства
Ян Марыя Друцкі-Любецкі (1898—1990), адзін з заснавальнікаў польскага Kаталіцкага інфармацыйнага агенства (Katolicka Agencja Prasowa) і Kаталіцкай лігі (Liga Katolicka)
Канстанцін Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1893—1940), польскі кавалерыйскі военачальнік, палкоўнік (пасмяротна — брыгадны генерал)
Юзаф Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1897—1943), член палітычнай групоўкі віленскіх кансерватараў
Крысціна Геранімаўна Друцкая-Любецкая (1900—1921), супрацоўніца Міністэрства замежных спраў Польшчы
Соф’я Хамянтоўская (1902—1991), фатограф-мастак
Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі (1778—1846)
Генавефа-Паўліна-Эмілія Францаўна-Ксавераўна Друцкая-Любецкая (1821—1867) — жонка Уладзіслава Войцехавіча Пуслоўскага (1801—1859)
Аляксандр Ксавер’евіч Друцкі-Любецкі (1827—1898)
Аляксандр Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1861—1926)
Уладзіслаў Аляксандравіч Друцкі-Любецкі (1864—1913)
Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1861—1919)
Канстанцін Геранімавіч Друцкі-Любецкі (1893—1940)
Крысціна Геранімаўна Друцкая-Любецкая (1900—1921)
Друцкія-Любецкія на Вікісховішчы |