Беларускае генерал-губернатарства (1772—1796), Беларускае ваеннае губернатарства (1801—1823), Віцебскае генерал-губернатарства (1823—1856) — шэраг генерал-губернатарстваў у Расійскай імперыі, якія па сутнасці тэрытарыяльна з’яўляліся пераемнікамі адзін аднаго.
Першае генерал-губернатарства было створана з усходніх зямель Вялікага Княства Літоўскага, атрыманых Расійскай імперыяй ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Беларускае генерал-губернатарства — генерал-губернатарства ў Расійскай імперыі ў 1772—1796 з цэнтрам у Магілёве.
Землі, якія атрымала Расійская імперыя ў 1772 у выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай, увайшлі ў склад Пскоўскай[1] (Пскоўская, Вялікалуцкая, Дзвінская і Полацкая правінцыі) і Магілёўскай губерняў (Магілёўская, Аршанская, Рагачоўская і Віцебская правінцыі). Цэнтрамі губерняў сталі адпаведна Апочка і Магілёў. З-за таго, што Апочка быў маленькім горадам, губернскім цэнтрам неўзабаве стаў Полацк, куды было пераведзена губернскае праўленне (апарат кіравання).
Паводле ўказу Кацярыны II ад 28 мая 1772[2] генерал-аншэф граф Захар Рыгоравіч Чарнышоў (1722—1784) быў прызначаны генерал-губернатарам Пскоўскай і Магілёўскай губерняў. Ва ўказе назва генерал-губернатарства (гэтак жа як і месца галоўнай рэзідэнцыі) не ўказвалася, але ў далейшых указах імператрыцы Захар Чарнышоў менаваўся як «беларускі генерал-губернатар», а яго падначаленая тэрыторыя як «Беларускае генерал-губернатарства»[3]. Сваёй рэзідэнцыяй Чарнышоў выбраў Магілёў, дзе ў сваім палацы паставіў нават прататып царскага трона, на які, праўда, не садзіўся, а пры дзвярах сваёй канцылярыі — швейцараў, прыбраных у мундзіры сіняга колеру, з меднымі булавамі і ў малінавых перавязях[4].
Выданне «Устанаўлення кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» (1775) прывяло да чарговых адміністрацыйных пераўтварэнняў. Паўстала таксама пытанне аб мэтазгоднасці далейшага аб’яднання ў складзе Пскоўскай губерні далучаных зямель Вялікага Княства Літоўскага разам з велікарускімі землямі, на якія не распаўсюджваліся выключэнні з г.зв. «польскіх праў». Сваім указам ад 24 жніўня 1776 Сенат Расійскай імперыі зацвердзіў праект Чарнышова аб стварэнні дзвюх губерняў яго генерал-губернатарства: была створана Магілёўская губерня (з былым тэрытарыяльным складам) і Полацкая губерня (замест Пскоўскай), ад якой аднялі Пскоўскі і Вялікалуцкі паветы. У 1778 адбылася чарговая адміністрацыйная рэформа: 28 мая 1778 Полацкая губерня была пераўтворана ў Полацкае намесніцтва (1778—1796), а 4 чэрвеня 1778 Магілёўская губерня — у Магілёўскае намесніцтва (1778—1796).
Паводле ўказу расійскай імператрыцы Кацярыны II ад 4 лютага 1782 генерал-фельдмаршал Захар Чарнышоў быў прызначаны на пасаду галоўнакамандуючага (губернатара) у Маскве.
Новым «беларускім генерал-губернатарам» стаў Пётр Багданавіч Пасек (1736—1804), які з лютага 1782 менаваўся «выконваючым абавязкі беларускага генерал-губернатара», а са жніўня 1782 ужо «беларускім генерал-губернатарам». Дакладная дата заняцця пасады невядомая, бо ўказ аб прызначэнні Пасека на пасаду генерал-губернатара (дзесьці летам 1782) не быў уключаны ў Поўны збор законаў Расійскай імперыі[5].
Беларускае генерал-губернатарства неафіцыйна (а часта і ў афіцыйных дакументах) называлася як «беларускія губерні», «беларускія правінцыі», «Беларускі край», «Беларусія» ці «Белая Расія».
З пачаткам царавання расійскага імператара (1796—1801) Паўла I многія пасады генерал-губернатараў (намеснікаў) былі скасаваны, у прыватнасці — пасада беларускага генерал-губернатара, а тэрыторыя Полацкага (правобраз Віцебскай губерні) і Магілёўскага намесніцтваў у 1796 была аб’яднана ў адну Беларускую губерню (1796—1801) з цэнтрам у Віцебску, якая не ўваходзіла ў склад якога-небудзь генерал-губернатарства[6].
Беларускае ваеннае губернатарства — ваеннае губернатарства ў 1801—1823 з цэнтрам у Віцебску. Створана згодна з указам расійскага імператара (1801—1825) Аляксандра I ад 9 (21) верасня 1801, якім Беларуская губерня (1796—1801) падзялялася на дзве — Беларуска-Магілёўскую і Беларуска-Віцебскую губерні і якім гэтыя новаствораныя губерні сталі ўваходзіць у склад новастворанага Беларускага ваеннага губернатарства[7][8]. У склад Беларускага ваеннага губернатарства ўваходзілі толькі Беларуска-Віцебская і Беларуска-Магілёўская губерні, узначальвалася ваенным губернатарам, менаваным поўнасцю «беларускім ваенным губернатарам, кіруючым і грамадзянскай часткай» ці скарочана «беларускім ваенным губернатарам».
Беларускае ваеннае губернатарства неафіцыйна (а часта і ў афіцыйных дакументах) называлася як «беларускія губерні», «беларускія правінцыі», «Беларускі край», «Беларусія» ці «Белая Расія».
Паводле ўказа Сената Расійскай імперыі ад 7 жніўня 1823 Беларускае ваеннае губернатарства было рэарганізавана ў Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Калужскае генерал-губернатарства.
Віцебскае генерал-губернатарства — умоўная назва генерал-губернатарства ў 1823—1856 з цэнтрам у Віцебску. Афіцыйная назва генерал-губернатарства залежала ад спіса губерняў, якія падпарадкоўваліся ў той ці іншы час генерал-губернатару, а часам у справаводстве ўжывалася і скарочаная форма генерал-губернатарства па назве яго цэнтра — «Віцебскае генерал-губернатарства».
Генерал-губернатарства было створана паводле ўказа Сената Расійскай імперыі ад 7 жніўня 1823, які рэарганізаваў Беларускае ваеннае губернатарства ў новае генерал-губернатарства (з цэнтрам у Віцебску), у склад якога на пачатку ўключаюцца чатыры губерні — Беларуска-Віцебская, Беларуска-Магілёўская, Смаленская і Калужская. Афіцыйна яно называлася ў 1823—1831 як «Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Калужскае генерал-губернатарства», а кіраўнік як «віцебскі, магілёўскі, смаленскі і калужскі генерал-губернатар».
У сувязі з паўстаннем 1830—1831 гадоў, якое пачало ахопліваць і Мінскую губерню, расійскай уладай было вырашана (указам Сената ад 8 студзеня 1831[9]) Калужскую губерню вылучыць са складу Віцебскага генерал-губернатарства, а Мінскую губерню, што яшчэ з 1 снежня 1830 знаходзілася на ваенным становішчы, уключыць у яго склад. Генерал-губернатарства пачало афіцыйна менавацца як «Віцебскае, Магілёўскае, Смаленскае і Мінскае генерал-губернатарства», а яго кіраўнік як «віцебскі, магілёўскі, смаленскі і мінскі генерал-губернатар».
13 красавіка 1831 паводле ўказу Сената Мінская губерня была вылучана са складу Віцебскага генерал-губернатарства і стала падпарадкоўвацца Галоўнакамандуючаму Рэзервовай арміяй, таму генерал-губернатарства з цэнтраму Віцебску ў 1831—1856 пачало афіцыйна менавацца як «Віцебскае, Магілёўскае і Смаленскае генерал-губернатарства», а кіраўнік як «віцебскі, магілёўскі і смаленскі генерал-губернатар».
Сваім указам ад 18 ліпеня 1840 расійскі імператар Мікалай I перайменаваў Літоўска-Віленскую і Літоўска-Гродзенскую губерні ў адпаведна Віленскую і Гродзенскую губерні, а Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Магілёўскую губерні — у Віцебскую і Магілёўскую губерні[10]: імператарам загадвалася пісаць губерні (Літоўска-Віленскую, Літоўска-Гродзенскую, Беларуска-Віцебскую і Беларуска-Віцебскую[11]) проста — па назве губернскага цэнтру («Віленская губерня», «Гродзенская губерня», «Віцебская губерня», «Магілёўская губерня»), без азначэнняў «Літоўская» ці «Беларуская» і без менавання іх сукупна як адпаведна «літоўскія губерні» і «беларускія губерні» ва ўрадавым справаводстве.
У рамках створанага ў 1823 «Віцебскага генерал-губернатарства» (1823—1856), якое ахоплівала Беларуска-Віцебскую, Беларуска-Магілёўскую, Смаленскую і Калужскую губерні, у паўсядзённай мове чыноўнікаў правінцыі і сталіцы Магілёўская і Віцебская губерні афіцыйна-бюракратычна і неафіцыйна сукупна называліся (нават пасля 18 ліпеня 1840) як «беларускія губерні», што не распаўсюджвалася на Смаленскую і Калужскую губерні, а само Віцебскае генерал-губернатарства называлася «беларускім»[12]. Акрамя таго, у справаводстве Сената Расійскай імперыі назва «беларускія губерні» у адносінах да Віцебскай і Магілёўскай ужывалася, нягледзячы на загад Мікалая I ад 18 ліпеня 1840, на працягу ўсяго стагоддзя да 1890-х гг.[13][14]
Пасада віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара была скасавана паводле ўказа Сената ад 17 (29) лютага 1856 г.