wd wp Пошук:

Паўднёва-Заходні край

Паўднёва-Заходні край — з 1840-х гг. размоўная, публіцыстычная і афіцыйна-бюракратычная назва Кіеўскага ваеннага генерал-губернатарства (1832—1864), а пасля Кіеўскага генерал-губернатарства (1864—1916), — адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі Расійскай Імперыі, якая складалася з Валынскай, Падольскай, Холмскай і Кіеўскай губерняў.

Гэтыя генерал-губернатарствы ў пэўнай ступені тэрытарыяльна і бюракратычна былі пераемнікамі Кіеўскага намесніцтва (1781—1796), Кіеўскага генерал-губернатарства (1796—1801) і Кіеўскага ваеннага губернатарства (1801—1832), бо ўключалі ў свой склад горад Кіеў, які быў цэнтрам адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

Кіеўскае намесніцтва (1781—1796)

У верасні 1781 г. было створана Кіеўскае намесніцтва, на чале якога стаяў генерал-губернатар.

Кіеўскае генерал-губернатарства (1796—1801)

У 1796 г. Кіеўскае намесніцтва было рэарганізавана ў Кіеўскае генерал-губернатарства. З 1796 да 1798 г. вярхоўная ўлада кіеўскага генерал-губернатара адначасова распаўсюджвалася і на Маларасійскую губерню — Левабярэжную Украіну (Палтаўшчыну і Чарнігаўшчыну).

Кіеўскае ваеннае губернатарства (1801—1832)

Расійскі імператар (1801—1825) Аляксандр I сваім указам ад 9 (21) верасня 1801 г. рэарганізаваў Кіеўскае генерал-губернатарства ў Кіеўскае ваеннае губернатарства (1801—1832) з цэнтрам у Кіеве: у склад ваеннага губернатарства ўвайшлі Кіеўская і Мінская губерні[1]. У 1808 г. Мінская губерня была вылучана са складу Кіеўскага ваеннага губернатарства і перастала ўваходзіць у склад якога-небудзь генерал-губернатарства (ваеннага губернатарства)[2]. У складзе Кіеўскага ваеннага губернатарства засталася толькі Кіеўская губерня.

Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарства (1832—1864)

Кіеўскае ваеннае губернатарства 22 студзеня 1832 г. было рэарганізавана ў «Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарства». У яго складзе знаходзіліся Кіеўская, Падольская і Валынская губерні. З-за таго, што генерал-губернатар меў званне яшчэ і ваеннага губернатара адной з падначаленых губерняў (Кіеўскай губерні), адміністрацыйна-тэрытарыяльная структура мела поўную афіцыйную назву «Кіеўскае ваеннае губернатарства, Падольска і Валынскае генерал-губернатарства», адлюстроўваючы пералік адзінак, якія ўваходзілі ў яго склад, а кіраўнік — «кіеўскі ваенны губернатар, падольскі і валынскі генерал-губернатар» (г.зн. ваенны губернатар, які вярхоўна кіруе і грамадзянскай часткай у губернях). Найчасцей у законах і дакументах ужываліся больш скарочаная афіцыйная назва «Кіеўскае ваеннае, Падольскае і Валынкае генерал-губернатарства» і, адпаведна, тытул «кіеўскі ваенны, падольскі і валынскі генерал-губернатар». У справаводстве ў 18321864 гг. маглі таксама выкарыстоўвацца і іншыя скарачэнні: «кіеўскі ваенны і генерал-губернатар», «кіеўскі ваенны генерал-губернатар», «кіеўскі ваенны губернатар» ці «кіеўскі генерал-губернатар».

Першым кіеўскім ваенным генерал-губернатарам быў прызначаны падольскі часовы ваенны губернатар (1831—1832) Васіль Васілевіч Левашоў .

З пачатку 1840-х гг. пасля скасавання ў Расійскай імперыі ўніяцтва (1839), што ўспрымалася афіцыйнымі расійскімі ўладамі як духоўнае і этнічнае «вяртанне» Расійскай імперыяй насельніцтва «спрадвечна рускія зямель»[3], заходнія губерні («Заходні край») у афіцыйнай ідэалогіі былі аб’яўлены «Заходняй Руссю» («Заходняй Расіяй», «Заходне-рускім краем»), «вернутымі ад Польшчы старажытнымі вобласцямі», бо гэтай назвай хацелася падкрэсліць яшчэ і этнаканфесійна «рускі» характар гэтых зямель. Па гэтай прычыне Віленскае ваеннае генерал-губернатарства атрымала паралельную назву Паўночна-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўночна-Заходняя Русь, «Паўночна-Заходняя Расія»), а Кіеўскае ваеннае генерал-губернатарства — Паўднёва-Заходні край (і ідэалагічнае значэнне «Паўднёва-Заходняя Русь», «Паўднёва-Заходняя Расіія»)[4]. Віцебскае генерал-губернатарства працягвала паралельна менавацца як «беларускія губерні», «Беларускі край» ці «Беларусія».

Кіеўскае генерал-губернатарства (1864—1915)

Указ 25 лютага 1864 г. Аб перайменаванні генерал-губернатараў, носячых званне і ваеннага губернатара, і аб падпарадкаванні ваенных губернатараў мясцовым генерал-губернатарам. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор 2, Т. 39, аддз. 1, №40635

Па жаданні расійскага імператара (1855—1881) Аляксандра II указам Сената ад 25 лютага 1864 г. «Кіеўскае ваеннае губернатарства, Падольскае і Валынскае генерал-губернатарства» было перайменавана ў «Кіеўскае, Падольскае і Валынскае генерал-губернатарства»[5] і афіцыйна складалася з Кіеўскай, Падольскай і Валынскай губерняў.

З 1881 г. тэрыторыя дэ-факта была пашырана да пяці губерняў, калі генерал-губернатар Аляксандр Дрэнтэльн быў прызначаны часовым генерал-губернатарам Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў.

У 1889 г. быў вернуты склад з трох губерняў. У такім выглядзе край праіснаваў да скасавання ў 1915 г. Апошнім генерал-губернатарам стаў Фёдар Трэпаў.

У 1903 г. у краі ўведзена земства паводле асаблівых правілаў — з прызначэннем земскіх гласных ад ураду, а ў 1911 г. — выбарнае земства па правілах, што дыскрымінавалі землеўладальнікаў польскага паходжання. Прыняцце гэтага закона(руск.) бел. справакавала востры палітычны крызіс.

Кіеўскае генерал-губернатарства было скасавана ўказам расійскага імператара ад 30 кастрычніка 1914 г. Ліквідацыйны перыяд працягваўся да 1916 г.

Спіс генерал-губернатараў, ваенных губернатараў, ваенных генерал-губернатараў

Генерал-губернатар Кіеўскага намесніцтва (1781—1796)

Кіеўскія генерал-губернатары (1796—1801)

Кіеўскія ваенныя губернатары (1801—1832)

Кіеўскія ваенныя генерал-губернатары (1832—1864)

Кіеўскія генерал-губернатары (1864—1915)

Зноскі

  1. Поўны збор законаў Расійскай Імперыі. Збор першы. Т. 26, №20004.
  2. Киселев, А.А. Система управления и чиновничество белорусских губерний… С. 50.
  3. У тыя часы ў Расійскай Імперыі галоўнай этнавызначальнай прыкметай лічылася веравызнанне. Гл.: Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — С. 108—111.
  4. Западные окраины Российской империи / Л.А. Бережная [и др.]; науч. ред. М. Долбилов, А. Миллер. — С. 103, 108.
  5. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі, Т. 39, аддз. 1, №40635. Тым жа ўказам былі перайменаваны і іншыя ваенныя генерал-губернатарствы і ваенныя губернатарствы Расійскай Імперыі.

Літаратура

Знешнія спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Генерал-губернатарствы Расійскай імперыі
Катэгорыя·Краі Расійскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Адміністрацыйны падзел Расійскай імперыі
Катэгорыя·Заходнерусізм
Катэгорыя·Гісторыя Украіны