wd wp Пошук:

Уюн звычайны

Ую́н, уюн звычайны (Misgurnus fossilis) — рыба сямейства Уюновыя. Мясцовыя назвы: піскун, піскар.

Апісанне

Даўжыня цела 16—25 см, зрэдку болей (да 32 см)[1]. Маса да 25—40 г, часам болей. Цела спераду амаль цыліндрычнае, затым крыху сціснутае з бакоў. Галава невялікая. Вакол рота 5 пар вусікаў (2 пары на верхняй сківіцы, 1 пара ў вуглах рота і 2 пары на ніжняй сківіцы). Вочы невялікія, жоўтага або карычневага колеру. Плаўнікі закругленыя, з цёмнымі плямамі. Луска дробная. Бакавая лінія непрыкметная. Афарбоўка залежыць ад месца жыхарства. Звычайна спіна бурая з цёмнымі плямінамі, бакі жаўтаватыя, бруха жоўтае або чырванаватае. Па баках працягваюцца 3 цёмныя палоскі (сярэдняя цягнецца ад вока да хваставога плаўніка).

Распаўсюджанне

Уюн шырока распаўсюджаны ў прэсных вадаёмах Еўразіі (за выключэннем вадаёмаў Пірэнейскага паўвострава, Італіі, Грэцыі, Вялікабрытаніі, Скандынавіі, у басейне Паўночнага Ледавітага акіяна, вадаёмах Крыма, Камчаткі. У басейне Амура вылучаецца асобны падвід[2].

На тэрыторыі Беларусі сустракаецца паўсюдна, пераважна ў непраточных, зарастаючых азёрах, старыцах, затоках, забалочаных рэках і каналах.

Асаблівасці біялогіі

Уюны — аселыя рыбы, толькі ў час паводкі могуць пераадольваць значныя адлегласці. У месцах жыхарства трымаюцца каля дна або закапаўшыся ў іл. Пры перасыханні вадаёма закопваюцца ў вільготны іл і упадаюць у спячку. Уюны вельмі не патрабавальныя да колькасці кіслароду ў вадзе.

Дарослыя ўюны кормяцца дновымі беспазваночнымі: казуркамі і іх лічынкамі, малюскамі, дробнымі ракападобнымі, а таксама дэтрытам.

Палавой спеласці дасягаюць у трохгадовым узросце. Нераст звычайна ў красавіку — маі. Уюны нерастуюць ў прыбярэжнай зоне, у густых зарасніках (у перыяд паводкі — на поймах вадаёмаў). Ікра дыяметрам 1,7—1,9 мм. Колькасць адкладваемых ікрынак можа дасягаць 150 тысяч.

Перыяд інкубацыі 5-7 сутак, пасля чаго лічынка з дапамогай ніткападобных вырастаў на галаве прымацоўваецца да раслін і вісіць у тоўшчы вады да поўнага расходавання запасу жаўтка. Развіццё лічынак адбываецца ва ўмовах дэфіцыту кіслароду, таму ў іх развіваюцца дадатковыя лічынкавыя органы дыхання ў выглядзе сістэмы крывяносных сасудаў жоўцевага мяшка, затым развіваюцца вонкавыя жабры, якія ў працэсе росту і развіцця лічынкі рэдукуюцца.

Промысел і развядзенне

Прамысловага значэння не маюць. Выкарыстоўваюцца ў якасці прынады пры лоўлі драпежнай рыбы. Часам уюноў трымаюць у акварыумах.

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 16. — С. 298. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0263-6 (Т. 16).
  2. Рыбы: Попул. энцикл. справочник / Белорус. Сов. Энцикл., Ин-т зоологии АН БССР; Под ред. П. И. Жукова. — М.: БелСЭ, 1989. — С. 69—72. — 311 с. — 100 000 экз. — ISBN 5-85700-016-5.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Уюновыя
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай