wd wp Пошук:

Гусцяра

Гусцяра (Blicca bjoerkna) — рыба сямейства карпавых, адзіны прадстаўнік роду Blicca. Народныя назвы — пласкірка, кромп, сухарэбрыца, сівуха, сцёрка, губар.

Апісанне

Даўжыня да 35 см, маса да 1,3 кг, але звычайна 100—200 г. Серабрыстым, моцна сплюснутым з бакоў целам нагадвае маладога ляшча. Гусцяра адрозніваецца ад ляшчоў колькасцю і размяшчэннем глотачных зубоў (знаходзіцца з кожнага боку не па пяць, а па сем і прытым у два рады), баразной на спіне, жаўтаватымі або чырванаватымі парнымі плаўнікамі, большай луской. За брушным плаўніком мае кіль, не пакрыты лускай[1]. Галава невялікая, рыла тупое, рот паўніжні. Цела пляскатае, спіна блакітна-шэрая, бакі блакітна-серабрыстыя, няпарныя плаўнікі шараватыя.

Пашырэнне

Водзіцца ў басейнах Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага і Каспійскага мораў. Жыве найбольш у вадаёмах з глеяватым, гліністым дном, затоках, старыцах. Дробная трымаецца ў прагалінах паміж зараснікамі воднай расліннасці, буйная ў глыбокіх затоках і ямах каля крутых берагоў. Аселая. Вандруе чародамі да нерасцілішчаў, якія наведвае штогод, і зімавальных ям.

Асаблівасці біялогіі

Палавая спеласць у 3—4 гады. Нераст парцыённы ў маі-чэрвені ў невялікіх травяністых залівах, у пойме рэк або ў прыбярэжнай зоне азёр. Плоднасць 2,5—200 тыс. (11—109[1] тыс.) клейкіх ікрынак. Моладзь корміцца дробнымі ракападобнымі, дарослыя — насякомымі, малюскамі, радзей водарасцямі. Стварае помесі з ляшчом.

З’яўляецца другарадным аб’ектам промыслу[1].

Зноскі

  1. 1 2 3 Биологический энциклопедический словарь / Гл. ред. М. С. Гиляров; Редкол.: А. А. Баев, Г. Г. Винберг, Г. А. Заварзин и др.. — 2-е изд., исправл.. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — 864 с. — 150 600 экз. — ISBN 5-85270-002-9.(руск.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Карпавыя
Катэгорыя·Біялагічныя артыкулы без EOL
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Старонкі з нелікавымі аргументамі formatnum
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе