wd wp Пошук:

Лысуха

У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лысуха (значэнні). У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Лыска.

Лысуха[1], лыска (Fulica atra) — птушка сямейства пастушковых, шырока распаўсюджаная на абшарах Еўразіі, Паўночнай Афрыкі і Аўстраліі. Добра пазнавальная па белай дзюбе і белай скураной пляме на ілбе. Большую частку часу праводзіць на вадзе, чым заўважна вылучаецца ў параўнанні з іншымі пастушковымі.

Апісанне

Знешні выгляд

Птушка велічынёй з сярэднюю качку — даўжыня 36—38 см, размах крылаў 19,5—23,5 см, вага 500—1000 г.[2] Целасклад мажны; тулава крыху пляскатае з бакоў. Апярэнне галавы, шыі і верхняй часткі тулава цёмна-шэрае ці чорнае, матавае, з шэраватым адлівам на спіне. Грудзі і бруха святлейшыя — дымчаста-шэрыя. На ілбе добра заўважная скураная пляма. Дзюба таксама белага колеру, невялікая, вострая, пляскатая з бакоў. Абалонка вачэй ярка-чырвоная. Хвост кароткі, складаецца зь мяккака пер’я. Ногі жаўтаватыя або аранжавыя, з кароткай шэрай плюснай і доўгімі шэрымі пальцамі. Плавальныя балонкі адсутнічаюць, аднак з бакоў ёсць фястончатыя лопасці, дзякуючы якім птушкі ўпэўнена адчуваюць сябе на вадзе. Палавы дымарфізм выяўляецца слаба — самцы выглядаюць крыху буйнейшымі і цямнейшымі, з большай плямай на ілбе. Маладыя птушкі ў цэлым бураватыя, з шэрым брухам і светла-шэрым горлам[3].

Голас

Дыяпазон гукаў адносна шырокі і заўважна адрозніваецца ў самцоў і самак. Тым не меней, у адрозненне ад шматлікіх іншых відаў лысухі не выкарыстоўваюць гукавыя сігналы пры заляцаннях або пазначэнні гнездавой тэрыторыі[4]. Саміца крычыць гучна і звонка — падобна да «цьек-цьек». Крык самца, як правіла, больш ціхі і глухі, з пераважаннем шыпячых гукаў.

Пашырэнне

Лысухі (дарослыя і птушаняты) на рацэ Трасцянка ў Малым Трасцянцы (Мінск)

Арэал: Палеарктыка (акрамя поўначы), Iндакiтай i Аўстралiя. На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны, часткова зімуючы і транзітна мігрыруючы від.

Насяляе часцей за ўсё вадаёмы са стаячай вадой з добра развiтым поясам трыснягу, старыцы, каналы, марскія лагуны; радзей — тарфяныя балоты i плыткiя равы, вакол якiх растуць густыя кусты, рэкі з павольным цячэннем; у паслягнездавы перыяд усе тыпы нiзiнных вадаёмаў, а таксама залівы i марскiя ўзбярэжжы.

Пералётны від. Папуляцыi на захадзе i поўдні арэала аселыя. Месца зiмовак: часткова ў межах гнездавога арэала, а таксама Заходняя, Паўднёвая i часткова Цэнтральная Еўропа, Паўночная Афрыка, Малая Азія, Цэнтральная і Паўднёвая Азiя да Карэi і Японіi, Індыя, Малайскi архіпелаг, Новая Гвінея, Аўстралія і Новая Зеландыя.

Асаблівасці біялогіі

Корміцца мяккай воднай расліннасцю, лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, рыбай.

Гняздо часцей за ўсё ў прыбярэжнай расліннасці (трыснягу), у плыткай вадзе абапіраецца на дно, часам каля краю вады альбо на купiнах асакi, паламаным трыснягу. Спружынiстая аснова ў выглядзе кучкі з сухіх сцёблаў, трыснягу альбо асакi, якiя ўкладзены крыж-накрыж, часта па краях аплятае трыснёг, высцiлка з лiстоў. Ад гнязда да вады ідзе паласа сухога трыснягу.

Яйкi лысухі

Яйкi звычайна 6-10 (часам 1-15, выключна 22, калі больш як 15 — праўдападобна, што адкладзены 2 самкамі), крыху падоўжаныя з тупым вузейшым канцом, светлыя з пясочна-гліністым адценнем. Глыбокiя плямы вельмі дробныя, густыя i шэрыя; паверхневыя — ад цёмна-бурых да чорных.

Паляванне

Аб’ект палявання.

Зноскі

  1. Напісанне Лысуха ў адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.9. Мн., 1999, С.386
  2. Лысуха ( Fulica atra )(руск.) . Птицы Казахстана. Праверана 30 мая 2011.
  3. Р. Л. Бёме, Н. П. Грачев, Ю. А. Исаков «Птицы СССР. Курообразные, Журавлеобразные» Изд. «Наука» Ленинград 1987 онлайн
  4. John A. Horsfall. «The „dawn chorus“ and incubation in the coot (Fulica atra L.)(недаступная спасылка)» Behavioral Ecology and Sociobiology Vol. 15, Num. 1 1984

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Пастушковыя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе