wd wp Пошук:

Жэрах

Жэрах[1], шэраспер (Aspius aspius) — від рыб роду жэрахі сямейства карпавыя. Адзіны тыповы драпежнік сярод карпавых рыб.

Народныя назвы: шэрах, бялізна, бялюга, беляспер, дзяляпер, жэраспер, жэрасель, жэрасць, белясць.

Апісанне

Даўжыня цела да 80 см, маса да 12 кг. Цела светлае, серабрыстае, прадаўгаватае, пляскатае. Жэрах адрозніваецца цёмнай сінявата-шэрай спіной, серабрыста-шараватымі бакамі і белым брухам. Спінны і хваставы плаўнікі яго шэрыя, з цёмнымі канцамі; ніжняя частка хваста крыху даўжэйшая за верхнюю; астатнія плаўнікі чырванаватыя ў пачатку і шараватыя да канца, галава крыху падоўжаная, ніжняя сківіца выступае наперад.

Пашырэнне

Пашыраны ў басейнах Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага, Каспійскага і Аральскага мораў. Жыве на раўнінных частках рэк, радзей у праточных азёрах. Трымаецца адзін, у невялікія чародкі збіраецца ў час нерасту і ўвосень. На Беларусі трапляецца ў вялікіх і сярэдніх рэках, некаторых праточных азёрах з чыстай вадой, у буйных і сярэдніх вадасховішчах, утвораных пры зарэгулявнні рэк. Зімуе ў ямах.

Асаблівасці біялогіі

Корміцца дробнай рыбай адкрытых мясцін: верхаводка, ялец, радзей плотка і інш. Арыгінальны спосаб палявання жэраха атрымаў назву «бой». Урываючыся ў чараду малявак, жэрах ударам хваста аглушае ахвяр, а затым ротам збірае аглушаных рыбак.

Палаваспелы ў 4—5 гадоў. Нерастуе ў канцы сакавіка — красавіку пры тэмпературы вады 4—6 °С. Плоднасць ад 60 да 480 тыс. буйных ікрынак. Маляўкі кормяцца ракападобнымі, доннымі беспазваночнымі.

Промысел

Высокі тэмп росту, добрыя смакавыя якасці дазваляюць лічыць жэраха каштоўным аб’ектам промыслу. Аднак доля жэраха ў прамысловых уловах нязначная.

Зноскі

  1. Напісанне Жэрах у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.6. Мн., 1998, С.480
Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта
Катэгорыя·Карпавыя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе