У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Македонія, значэнні.
Рэспубліка Паўночная Македонія (макед.: Република Северна Македонија), да 2019 года Рэспубліка Македонія (макед.: Република Македонија) — краіна на Балканскім паўвостраве ў паўднёва-ўсходняй Еўропе. Адна з дзяржаў-пераемніц былой Югаславіі, незалежнасць ад якой абвясціла ў 1991 годзе. У 1993 годзе дзяржава стала членам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, але, праз спрэчку з Грэцыяй наконт выкарыстання назвы «Македонія», была прынята пад умоўнай назвай Былая Югаслаўская Рэспубліка Македонія (БЮРМ; макед.: Πоранешна Југословенска Република Македонија — ΠЈРМ), найменне, якое таксама ўжываецца такімі міжнароднымі арганізацыямі як Еўрапейскі Саюз, Савет Еўропы і НАТА. Паводле перапісу 2014 года насельніцтва Македоніі болей за 2 млн жыхароў, з якіх 500 тысяч жыве ў сталіцы краіны — Скоп’і.
Македонія не мае выхаду да мора, гранічыць з Косава на паўночным захадзе, Сербіяй на поўначы, Балгарыяй на ўсходзе, Грэцыяй на поўдні і Албаніяй на захадзе. Тэрыторыя краіны складае каля траціны больш буйнога геаграфічнага рэгіёна Македоніі, які таксама ўключае ў сябе часткі Грэцыі, Балгарыі і Албаніі. Македонія ўключае ў сябе больш за 50 азёр і 16 гор, вышыня якіх перавышае 2000 метраў. Македонцы складаюць каля 64% ад агульнай колькасці насельніцтва краіны. Апроч іх, у Македоніі жыве вялікая этнічная меншасць албанцаў (25%) і іншыя невялікія меншасці, што прыводзіць да канфліктаў на этнічнай глебе, асабліва паміж македонцамі і албанцамі.
Рэспубліка Македонія мае адну з самых слабых эканомік у Еўропе і знаходзіцца ў працэсе эканамічнай і палітычнай трансфармацыі. Краіна змагаецца з высокім узроўнем беспрацоўя, слабай інфраструктурай і адсутнасцю інвестыцый. Дзяржава з’яўляецца сябрам ААН, Цэнтральна-Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю, Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Савета Еўропы, Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банку, а таксама НАТА, з 2005 года з’яўляецца афіцыйным кандыдатам на членства ў Еўрапейскім Саюзе.
Македонія з часоў распаду Югаславіі вяла спрэчку з Грэцыяй аб сваім назове. Па патрабаванні Грэцыі Македонія была прынята ў ААН у 1993 годзе пад назвай Былая югаслаўская Рэспубліка Македонія (БЮРМ). Грэцыя настойвала на тым, каб назва Македоніі была зменена, каб пазбегнуць блытаніны з грэчаскай правінцыяй — гістарычнай вобласцю Македонія, якая мяжуе з аднайменнай незалежнай рэспублікай[2]. Больш за дваццаць гадоў ішла спрэчка, Грэцыя дабівалася неабходнасці змянення назвы краіны-суседкі і выступала супраць яе ўступлення ў Еўрасаюз і НАТА. 17 чэрвеня 2018 года Грэцыя і Македонія падпісалі пагадненне аб перайменаванні былой югаслаўскай рэспублікі ў Рэспубліку Паўночная Македонія[3]. 11 студзеня 2019 года македонскія парламентарыі адобрылі ўнясенне адпаведных паправак у Канстытуцыю.
Асноўны артыкул: Гісторыя Македоніі Тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Македонія ў розныя гістарычныя перыяды належыла розным дзяржавам і імперыям — Паёніі, Старажытнай Македоніі (чыю назву ўспадкаваў увесь геаграфічны рэгіён), Рымскай і Візантыйскай імперыям, сярэднявечнаму Балгарскаму царству, Сербскаму царству, Асманскай імперыі. У 864, калі тэрыторыя знаходзілася ў складзе Балгарскага царства, хрысціянства было прынята дзяржаўнай рэлігіяй. Сучасныя македонцы этнічна блізкія да балгараў. У XIV ст. гэтыя землі былі заваяваныя Асманскай імперыяй.
У 1878 Расія вызваліла Балгарыю і заключыла з Турцыяй Сан-Стэфанскі мір, паводле якога з’яўлялася дзяржава Балгарыя, а часткі Македоніі, населеныя паўднёвымі славянамі, уваходзілі ў межы Балгарыі. Аднак гэта было нявыгадна вялікім сілам у Еўропе і за Сан-Стэфанскай дамовай рушыла ўслед Берлінская, разрэзаўшая Балгарыю на дзве часткі — Княства Балгарыя і Усходнюю Румелію. Македонія з яе паўднёваславянскім насельніцтвам ізноў перайшла да турак.
У 1912 пачалася першая Балканская вайна. Балгарскія і саюзныя балканскія хрысціянскія войскі разграмілі Турцыю і Македонія ізноў стала балгарскай. Аднак амаль адразу жа пачалася вайна паміж саюзнікамі — Балгарыяй і астатнімі балканскімі хрысціянскімі народамі, у выніку якой Балгарыя страціла Македонію.
У выніку Балканскіх войн 1912 і 1913 і падзення Асманскай імперыі Македонія была падзеленая паміж Сербіяй пад назвай Južna Srbija («Паўднёвая Сербія»), Грэцыяй (Эгейская Македонія) і Балгарыяй (Пірынскі край). Пасля Першай Сусветнай вайны Сербія ўступіла ў ізноў створанае Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. У 1929 каралеўства атрымала новае імя — Югаславія і было падзелена на правінцыі — бановіны. Тэрыторыя сучаснай Рэспублікі Македоніі стала Вардарскай правінцыяй (Vardarska banovina).
У 1941 Югаславію захапілі Краіны Восі. Тэрыторыя Вардарскай бановіны была падзеленая паміж Балгарыяй і Албаніяй. Частка македонскіх славян падтрымлівала рух супраціву, які ўзначаліў Ціта, які пасля стаў прэзідэнтам Югаславіі. Паслу заканчэння Другой Сусветнай вайны была ўтворана Федэратыўная Народная Рэспубліка Югаславія з шасці рэспублік, у тым ліку Народнай Рэспублікі Македоніі. Пры перайменаванні аб’яднання ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславію у 1963 Македонія таксама была перайменавана ў Сацыялістычную Рэспубліку Македонію.
2 мая 1992 Еўрапейскі саюз пагадзіўся прызнаць Македонію толькі ў тым выпадку, калі будзе знойдзена прымальная для ўсіх назва новай дзяржавы. У красавіку 1993 Македонія была прынята ў ААН, але пад назвай Былая югаслаўская Рэспубліка Македонія.
Асноўны артыкул: Дзяржаўны лад і палітыка Македоніі Македонія — дэмакратычная парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. Канстытуцыя Македоніі была прынята 17 лістапада 1991. У 1992 і 2001 у Канстытуцыю ўносіліся папраўкі.
Асноўны артыкул: Прэзідэнт Македоніі Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які абіраецца на 5-гадовы тэрмін у ходзе ўсеагульных выбараў і можа знаходзіцца на пасадзе толькі два тэрміны запар. Прэзідэнт прадстаўляе краіну за мяжой, адказвае за правядзенне знешняй палітыкі, з’яўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі, валодае правам вета на законапраекты, зацверджаныя парламентам у першым чытанні, вылучае кандыдатуру прэм’ер-міністра, аб’яўляе памілаванне, прызначае паслоў, прапануе кандыдатуры двух членаў Рэспубліканскага судовага савета і Савета па міжэтнічных адносінах, прызначае членаў Савета бяспекі.
Асноўныя артыкулы: Сход Паўночнай Македоніі і Прэм’ер-міністр Паўночнай Македоніі Вышэйшы заканадаўчы орган краіны — аднапалатны Сход, які складаецца з 120 дэпутатаў (85 з іх абіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем, 35 праходзяць па партыйных спісах). Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў — 4 гады. Выбарчым правам надзелены ўсе грамадзяне краіны, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту. Парламент распрацоўвае і ўхваляе канстытуцыю, прымае законы, сцвярджае падаткі і бюджэт, ратыфікуе міжнародныя дагаворы і пагадненні, прызначае рэферэндумы, сцвярджае і ссоўвае ўрад, прызначае і ссоўвае суддзяў, аб’яўляе амністыю.
Вышэйшы орган выканаўчай улады — урад. Складаецца з прэм’ер-міністра, якому прэзідэнт даручае сфарміраваць кабінет, і міністраў, прапанаваных прэм’ер-міністрам. Пасля гэтага ўрад абіраецца парламентам і нясе перад ім адказнасць.
15 лістапада 2004 г. ў адстаўку падаў прэм’ер-міністр Македоніі Мурлы Костаў.
Па меркаванню назіральнікаў, гэта звязана з вынікамі нядаўняга рэферэндума з нагоды адмены закона, які пашырае права албанскай меншасці. У выніку рэферэндуму закон застаўся ў сіле, што можа прывесці да ўсталявання кантролю этнічных албанцаў над шматлікімі раёнамі Македоніі і ўзмацніць сепаратысцкія настроі.
Мурлы Костаў абвінаваціў свайго партнёра па ўрадавай кааліцыі — партыю «Албанскі саюз за інтэграцыю» (якая ўзначаліла антыўрадавае паўстанне 2001 г.) — у адстойванні групавых інтарэсаў і карупцыі.
Колер | Партыя | Месцаў |
---|---|---|
УМРА–ДПМНА | 57 | |
Сацыял-дэмакратычны саюз | 37 | |
Дэмакратычны саюз за інтэграцыю | 17 | |
Дэмакратычная партыя албанцаў | 7 | |
Дэмакратычны саюз | 2 | |
Дэмакратычнае аднаўленне | 1 | |
Нацыянал-дэмакратычнае адраджэнне | 1 | |
Грамадзянскі выбар | 1 | |
Усяго месцаў | 123 |
Дыпламатычныя дачыненні ўрады ўстанавілі 20 студзеня 1993. З 3 красавіка 2002 года македонскі пасол у Расіі атрымаў акрэдытацыю ў Беларусі па сумяшчальніцтве[4].
Грамадзяне Беларусі могуць карыстацца безвізавым ўездам у Рэспубліку Македонію на тэрмін да 90 дзён пры наяўнасці афіцыйнага ці гасцявога запрашэння альбо турыстычнага ваўчара[5].
На 2004—2005 год ва Узброеных сілах Рэспублікі Македонія налічваецца 10890 чалавек. УС Македоніі ўдзельнічалі ў Іракскай вайне.
27 сакавіка 2020 года Паўночная Македонія ўступіла ў НАТА.
Асноўны артыкул: Адміністрацыйны падзел Паўночнай Македоніі
Асноўны артыкул: Геаграфія Паўночнай Македоніі Геаграфічная вобласць Македонія падзеленая цяпер паміж трыма краінамі — яе паўднёвая частка, амаль палова ўсёй тэрыторыі, Эгейская Македонія, уваходзіць у склад Грэцыі; усходнія землі — Пірынская Македонія — прыналежаць Балгарыі, а Рэспубліка Македонія раскінулася на поўначы і захадзе, у даліне ракі Вардар.
На большай частцы тэрыторыі размяшчаюцца хрыбты сярэдневысокіх горных сістэм Скопска Чорная Гара, Пінд (вышэйшы пункт — г. Кораб (2753 м) і Пірын, падзеленых шырокімі міжгорнымі катлаванамі. Адзін ад іншага горныя хрыбты адлучаюць даліны рэк Вардар і Струміца, якія працякаюць праз усю краіну. На паўднёвым захадзе размешчаныя часткова належныя Македоніі буйныя азёры Ахрыдскае і Прэспа, а на паўднёвым усходзе — буйнае Дойранскае возера. На рэчцы Длабоцы знаходзіцца самы высокі ў Македоніі вадаспад вышынёй 136 м — Корабскі вадаспад.
Рэгіён сейсмічна актыўны, землетрасенні даволі моцныя. У выніку апошняга, якое адбылося ў 1963, быў моцна разбураны горад Скоп’е.
У Македоніі клімат пераходзіць ад умеранага да субтрапічнага. Сярэдняя тэмпература студзеня — 11-12 °C, ліпеня — 21-23 °C. Гадавая колькасць ападкаў 500—700 мм.
Па дадзеных на ліпень 2004 г, насельніцтва рэспублікі складае 2,071,210 чалавек.
Асаблівасцю дэмаграфічнай сітуацыі ў Македоніі з’яўляецца перавышэнне нараджальнасці албанскай часткі насельніцтва над славянскай, што характэрна наогул для мусульманскіх меншасцей у шматлікіх дзяржавах свету. Аднак у апошнія гады нараджальнасць албанцаў падае хутчэйшымі тэмпамі: у 2005 колькасць парадзіх-албанак склала 30,8 % ад агульнага ліку жанчын, якія нарадзілі дзяцей, тады як у 2001 дадзены паказчык дасягаў амаль 40 %.
Сталіцай рэспублікі і самым буйным яе горадам з’яўляецца Скоп’е (насельніцтва 600 тыс.). Іншыя буйныя гарады — Бітала, Куманава, Прылеп і Цетава (насельніцтва 50 — 100 тыс.).
68 % насельніцтва гаворыць на македонскай мове паўднёваславянскай групы моў. 25 % насельніцтва гаворыць на албанскай мове, 3 % — на турэцкай, 2 % — на серба-харвацкай.
Большасць жыхароў краіны (каля 67 %) належыць да некананічнай Македонскай праваслаўнай царквы (адзіны выпадак у свеце, калі большасць насельніцтва належыць на некананічнай праваслаўнай юрысдыкцыі). У 1967 г., царква абвясціла сваю незалежнасць ад Сербскай праваслаўнай царквы, але яе аўтакефалія не прызнаецца іншымі праваслаўнымі цэрквамі. Мусульмане складаюць 30 % ад агульнай колькасці вернікаў, прыхільнікаў іншых канфесій — 3 %. Усяго ў Македоніі 1200 праваслаўных цэркваў і манастыроў і 425 мячэцяў.
Падрабязней гл. таксама: Алкалоід, кампанія У Македоніі здабываюць храміты, медныя, свінцова-цынкавыя і жалезныя руды, марганец. Ёсць прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі, машынабудаўнічыя, хіміка-фармацэўтычныя, лёгкай і харчовай прамысловасці.
Асноўны артыкул: Культура Паўночнай Македоніі
Асноўны артыкул: Кінематограф Паўночнай Македоніі Вытворчасць фільмаў у Македоніі пачалася ў 1905 годзе са з’яўленнем піянераў кінематографа на Балканах братоў Манакі, якія здымалі, у асноўным, кароткія дакументальныя фільмы, засяроджваючы ўвагу на традыцыях, паўсядзённым жыцці, а таксама значных падзеях, як, напрыклад, візіт у Македонію султана Мехмеда V у 1911 годзе. На працягу 1920-х гадоў у буйных гарадах было адкрыта некалькі кінатэатраў, першым з якіх быў «Апалон», адкрыты ў Скоп’е ў 1925 годзе. Пасля Другой сусветнай вайны і абвяшчэння Народнай Рэспублікі Македоніі ў складзе Югаславіі македонскі кінематограф пачаў станавіцца больш значным, але да 1980-х гадоў прытрымліваўся югаслаўскай ідэалагічнай хвалі. Асноўнымі тэмамі фільмаў у гэты перыяд былі вызваленне ад войскаў Нацысцкай Германіі ў Другой сусветнай вайне, грамадзянская вайна ў Грэцыі, камуністычныя партызаны і паўстанні супраць Асманскай імперыі. Першым мастацкім фільмам у Македоніі стала стужка «Фросіна» 1952 года, а першай каляровай карцінай стала «Міс Стоўн», знятая ў 1958 годзе. У 1979 годзе ў Бітале быў заснаваны міжнародны кінафестываль братоў Манакі, які праводзіцца да цяперашняга часу.
У 1980-я гады ў македонскім кіно ўвага пачынае надавацца асабістым драмам і дылемам сучаснага жыцця. У 1994 годзе рэжысёр Мілча Манчэўскі прыносіць міжнароднае прызнанне кінематографу сваёй краіны фільмам «Перад дажджом», які атрымаў намінацыю на прэмію «Оскар» за найлепшы фільм на замежнай мове, а таксама здабыў шмат міжнародных узнагарод, у тым ліку Залатога ільва на Венецынскім кінафестывалі. Гэты фільм засяроджваецца на тэме этнічных хваляванняў падчас Баснійскай вайны, якая дасягнула свайго гвалтоўнага піку. Пасля гэтага многія македонскія фільмы ў 1990-х і 2000-х гадах атрымлівалі міжнародную аўдыторыю. Асаблівага поспеху дасягнулі фільмы «Пыл» Мілчы Манчэўскага, часткова зняты ў Нью-Ёрку, «Ілюзія» рэжысёра Светазара Рыстоўскага і «Сакрэтная кніга» сумеснай французска-македонскай вытворчасці. Італьянска-македонская стужка «Бал-Кан-Кан» з’яўляецца самай касавай у краіне з 500 тысячамі гледачоў.
Асноўны артыкул: Македонская кухня