wd wp Пошук:

Азярычына

Азяры́чына[1] (трансліт.: Aziaryčyna, руск.: Озеричино) — аграгарадок у Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці, на правым беразе ракі Пціч (прыток Прыпяці). Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 35 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 33 км ад Мінска, 13 км ад чыгуначнай станцыі Рудзенск на лініі МінскАсіповічы.

Назва

Назва паходзіць ад возера, ля якога заснаванае паселішча. Гэтае возера цяпер ёсць адным з балот у полі[2]. Паводле краязнаўцаў Змітра і Юрася Санькоў, гэта балота Га́лае, якое месціцца на поўдзень ад цэнтральнай часткі вёскі[3].

Гісторыя

Раннія часы. Вялікае Княства Літоўскае

Герб «Задора» роду Кезгайлаў, першых вядомых уладальнікаў Азярычына

Азярычына адносіцца да старажытных паселішчаў. Тэрыторыя, на якой месціцца вёска, пачала засяляцца ў эпоху мезаліту. У канцы XIX ст. краязнавец Аляксандр Ельскі знайшоў ва ўрочышчах Вадзяное балота і Буднікава гара свідраваныя сякеры[2], старажытныя прылады перадавалі сяляне Генрыху Вайсенгофу з Русаковічаў, артэфакты цяпер захоўваюцца ў фондах Варшаўскага археалагічнага музея[4]. Таксама матэрыялы эпохі мезаліту былі знойдзеныя ў 2017 годзе даследчыцай Аленай Касюк[4].

У XV стагоддзі Азярычына — ўласнасць магнацкага роду Кезгайлаў, уваходзіла ў склад так званага «Бакштанскага графства»[2]. Паселішча ўваходзіла ў склад Менскага павета Віленскага, з 1566 года Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

У 1447 годзе Станіслаў Кезгайла, стольнік або чашнік літоўскі, праз сваю рэлігійнасць аддае частку бакштанскіх маёнткаў разам з местам Ігуменам і 2000 сялянамі ва ўласнасць біскупам віленскім. Гэтая перадача ўключала Азярычына, а таксама суседнія вёскі і маёнткі: Узляны, Пярэжыр, Лешніцу, Такарню і інш[2].

Нявызначанасць межаў Азярычына стала прычынай пастаяннага гвалту і судовых працэсаў паміж уласнікамі ваколіц. Гэта выклікала размежаванне маёнткаў у 1569 годзе, унесенае ў акт менскага гродскага суда 5 красавіка 1571 года. У 1636 годзе адбылася спрэчка пра межы з маёнткамі Цітва, якія былі ва ўласнасці Швыкоўскіх. Вяліся фармальныя баі і ўзаемнае рабаванне, пакуль кароль Уладзіслаў Ваза універсалам 23 чэрвеня 1636 года не адправіў асобную камісію на месца для вырашэння спрэчкі. У 1639 годзе ўзніклі памежныя спрэчкі з маёнткам Русаковічы з боку Дудзічаў, якія перайшлі ў крымінальны працэс у 1642—1643 гадах[2].

У складзе Расійскай імперыі

План Азярычына 1867 года

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. Азярычына, як уласнасць Віленскага біскупства, было нацыяналізаванае, а пазней перададзеная ва ўласнасць генерала Івана Шэвіча, сербска-расійскага паходжання. Паводле Аляксандра Ельскага, уласнікі ніколі не жылі ў Азярычыне, а маёнтак здаваўся ў арэнду мясцовым[2].

У 1813 годзе на грошы грамадзяніна Клімантовіча на месцы старой была пабудаваная новая драўляная ўніяцкая царква, якая належала да парафіі Узляны[2].

Царква ў Азярычыне, 1910—1915 гады
Царква ў Азярычыне, 1910—1915 гады

Паводле спіса землеўладальнікаў Мінскай губерні 1889 года, буйнымі землеўладальнікамі ў вёсцы ёсць 88 сялян, праваслаўныя, надзел складае 210 дзесяцін. Землеўласнікамі маёнтка Азярычына, надзелам 1045 дзесяцін, валодаюць Шэвічы Іван і Сяргей Ягоравічы, дваране, праваслаўныя[5].

Паводле перапісу 1897 года працуе царква, школа царкоўнай граматы, лаўка, піцейны дом, хлебазапасны магазін, у маёнтку Шэвіча быў вадзяны млын. У пачатку XX ст. у Дудзіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні.

У канцы XIX стагоддзя да маёнтка Азярычын Шэвічаў адносіўся таксама засценак Робэрт, які меў 1 двор. Месціўся Робэрт пры вайскова-камунікацыйным гасцінцы паміж Дудзічамі і Узлянамі[6].

У перыяд Рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Азярычыне адбываецца сялянскае хваляванне. 30 лістапада 1905 года 25 сялян вёскі Азярычына на падводах прыбылі да сенажацяў уладальніка маёнтка Азярычына, тайнага саветніка І. Я. Шэвіча, захапілі стагі сена, нягледзячы на пратэст арандатара маёнтка барысаўскага мешчаніна Разенталя і рабочых маёнтка. У гэты ж дзень сяляне пачалі забіраць сена з маёнтка: усяго яны вывезлі да 4000 пудоў сена, пагражалі прыспелым на дапамогу ўраднікам, паліцэйскім, дзясяцкім і валасному старшыні. У снежні, пасля накіравання ў Ігуменскі павет сябра губернскай установы Радзевіча, аграрны рух у Азярычыне быў падаўлены. Воінская каманда арыштавала агітатара селяніна Кудзіна. У выніку судовага пасяджэння быў абвінавачаны 21 чалавек.

У 1912 годзе створанае земскае народнае вучылішча.

Найноўшы час

Азярычына, 2021 г.

У Першую сусветную вайну ў лютым — снежні 1918 года была пад акупацыяй войскаў Германскай імперыі.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі ўвайшла ў склад Беларускай ССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 года вёска была пад акупацыяй Польшчы.

За савецкім часам ад Азярычына аддзеленая вялікая частка вёскі, з яе створаны пасёлак Ленінскі.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі створаная працоўная школа 1-й ступені (каля 130 вучняў у 1922 годзе). З 21 жніўня 1925 года да 16 ліпеня 1954 года цэнтр Азярычынскага сельсавета Самахвалавіцкага раёна Менскай акругі (да 26 ліпеня 1930), з 18 студзеня 1931 года ў Пухавіцкім раёне, з 12 лютага 1935 года ў Рудзенскім раёне, з 6 ліпеня 1935 года ў Смілавіцкім раёне, з 11 лютага 1938 года ў Рудзенскім раёне, з 20 лютага 1938 года ў Менскай вобласці. У пачатку 1930-х гадоў створаны калгас «Дэкада абароны», працавала кузня.

У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года акупаваная нацысцкай Германіяй. Дзейнічала савецкае падполле, савецкая партызанская брыгада «Беларусь». У 1943 годзе ў Азярычыне месціўся партызанскі склад боепрыпасаў. У часе карных нямецкіх аперацый у ліпені 1943 года і сакавіку 1944 года былі спалены 93 дамы, забітыя 5 чалавек[7]. 4 ліпеня 1944 года вёска вызваленая часцямі 1-га Беларускага фронта. Пасля вайны вёска была адноўленая.

З 16 ліпеня 1954 года ў Цітвянскім сельсавеце, з 20 студзеня 1960 года ў Пухавіцкім раёне, з 31 сакавіка 1977 года ў Узлянскім сельсавеце. У 1960 годзе мела статус пасёлка.

24 лістапада 1966 года да вёскі далучаная тэрыторыя пасёлка Вялікая Лука. У 1969 годзе цэнтр калгаса «Перамога», былі сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, медыцынскі пункт, аддзяленне сувязі.

Да 28 мая 2013 года ў Вузлянскім сельсавеце. Пасля скасавання Узлянскага сельсавета ўключаная ў Навапольскі сельсавет[8].

У 2019 годзе была выдадзеная краязнаўчая кніга «Слаўнае сяло Азярычына: Свет нашых продкаў» аўтарства братоў Змітра і Юрася Санько.

Насельніцтва

Інфраструктура

Аддзяленне сувязі

Спіс вуліц

Цераз вёску ідзе дарога Н9350.

Славутасці

Страчаная спадчына

Помнікі

Мемарыяльны крыж у гонар першага згадвання вёскі, 2021 г.

Паданні

З Азярычынам звязанае паданне пра ўрочышча Журава Магіла, запісанае ў канцы XIX ст. Аляксандрам Ельскім.

Паводле Ельскага, урочышча месціцца пры гасцінцы паміж вёскамі Русаковічы і фальваркам Крысцінполь. Гэта даволі значны насып, на якім расце вялізная сасна. Народнае паданне, запісанае Ельскім, кажа, што калісьці ў вёсцы Азярычын быў памор быдла, і паводле забабонаў мясцовы азярыцкі жыхар, нейкі Жур, прывёз падлу на мяжу Русаковічаў, хацеў яе там закапаць, каб выратаваць сваю вёску і перавесці памор на суседзяў. Жыхары Русаковічаў былі папярэджаныя пра гэта, чакалі яго, і калі Жур прыйшоў, закапалі яго жыўцом разам з канём і прывезеным быдлам, а над той магілай зрабілі насып[11].

Сучасны краязнавец Максім Ляшко мяркуе, што гэтае ўрочышча месціцца на могілках вёскі Вераб’ёўка, ці суседніх пагорках[12].

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары

Гл. таксама

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Азяры́чын, м.
  2. 1 2 3 4 5 6 7 Jelski A., 1886, с. 788
  3. Слаўнае сяло Азярычына, 2019, с. 25
  4. 1 2 Слаўнае сяло Азярычына, 2019, с. 16
  5. Список землевладельцев Минской губернии. Мн., 1889
  6. Jelski A., 1888, с. 647
  7. Беларускія вёскі, знішчаныя ў гады Вялікай Айчыннай вайны Архівавана 6 сакавіка 2016.//db.narb.by (руск.)
  8. Рашэнне менскага абласнога савета дэпутатаў ад 28 мая 2013 Архівавана 11 снежня 2013. (руск.)
  9. Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса (нявызн.) (недаступная спасылка). Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2019.
  10. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл.
  11. Jelski A., 1895, с. 896
  12. Санько, 2021, с. 10

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Навапольскі сельсавет
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Населеныя пункты Пухавіцкага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі
Катэгорыя·Аграгарадкі Мінскай вобласці
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Азярычына