wd wp Пошук:

Гродскі суд

Будынак гродскага суда ў Мінску

Гро́дскі суд, замкавы судсуд пры мясцовай адміністрацыі ў землях ВКЛ. Назва ад замка («грода»), звычайнага месца функцыянавання такога суда. Адным з першых нарматыўных дакументаў, які датычыў становішча гродскага суда, быў прывілей Ягайлы (20 лютага 1387). У XVI стагоддзі парадак дзейнасці гродскага суда ўдакладнялі і рэгламентавалі Статуты ВКЛ.

Спачатку ў гродскім судзе разглядаліся амаль усе мясцовыя справы, але пазней, са з’яўленнем іншых судоў (земскага і інш.), у кампетэнцыі гродскага засталіся толькі «гарачыя справы» — аб нападах на дамы шляхты, забойствах, цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджаннях, падпалах, разбоях, згвалтаваннях, атручваннях, а таксама грамадзянскія справы аб вяртанні збеглых прыгонных сялян і чэлядзі нявольнай. Асноўнай задачай гродскага суда было ажыццяўленне правасуддзя адносна асоб, злоўленых «з ліцом» (на месцы ўчынку), а таксама затрыманых на працягу 24 гадзін пасля здзяйснення злачынства. Гродскі суд таксама сведчыў грамадзянска-прававыя дагаворы, забяспечваў судовыя доказы і г.д.

Калі злачынец-шляхціц паспяваў на працягу 24 гадзін схавацца ў сваім домаўладанні, яго належала выклікаць спецыяльнай позвай у суд на чарговае судовае пасяджэнне, але не пазней чым праз 4 тыдні. Калі тэрмін быў прапушчаны, зацікаўлены бок мог звярнуцца ў земскі суд.

Судовыя функцыі ў гродскім судзе выконвалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі — ваявода, стараста, дзяржаўца, якія, паводле Статуту 1529 года, павінны былі разглядаць справы з удзелам шляхты. Калі гэтыя службовыя асобы не былі на месцы, або адмаўляліся ад удзелу ў судовым працэсе, іх функцыі ў судзе выконвалі іх намеснікі. У такім выпадку суд здзяйсняўся калегіяй, у якую ўваходзілі падваявода, падстараста, замкавы суддзя, пісарчук; апошнія два прызначаліся ваяводам або старастам з ліку асоб са шляхты мясцовага паходжання, знаёмых з правам. Такім чынам, суд мог дзейнічаць у двух складах — вышэйшым і ніжэйшым. Вышэйшы гродскі суд (у склад якога абавязкова ўваходзіў ваявода ці стараста) выконваў і функцыі суда другой інстанцыі, г.зн. апеляцыйнай інстанцыі ў адносінах да ніжэйшага складу гэтага суда.

З цягам часу ўсе судовыя справы пачалі рэгістравацца ў спецыяльных судовых кнігах, якія закон абавязваў дбайна захоўваць. Пры кожным гродскім судзе Статутам 1588 года патрабавалася наяўнасць належнага, добра ўмацаванага судовага двара, а таксама турмы і ката.

Гл. таксама

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без нумароў старонак
Катэгорыя·Суды
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Катэгорыя·Права Вялікага Княства Літоўскага