Узбро́еныя Сі́лы Рэспу́блікі Белару́сь (УС РБ) — структурны элемент ваеннай арганізацыі дзяржавы, які прызначаны для забеспячэння ваеннай бяспекi i ўзброенай абароны Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці[5]. Узброеныя Сілы падпарадкоўваюцца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і цэнтральным органам ваеннага кіравання (Міністэрства абароны РБ і Генеральны штаб узброеных сіл). Колькасны склад: 121 тысяча чалавек (паводле рэформы 2011), з іх 102 тысячы ваеннаслужачых і 19 тысяч грамадзянскага персаналу (пачатак 2012 — 62 тысяч чалавек, з іх 48 тысяч вайскоўцаў і 14 тысяч грамадзянскага персаналу[6]).
Складаюцца з 2 асноўных відаў: Сухапутных войскаў і Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны; таксама ў склад УС уваходзяць Спецыяльныя войскі, Тыл узброеных сіл, Узбройванне ўзброеных сіл, воінскія часці забеспячэння, абслугоўвання і аховы цэнтральных органаў ваеннага кіравання, а таксама ВНУ і арганізацыі Міністэрства абароны.
УС РБ сфарміраваны на базе Беларускай ваеннай акругі УС СССР пасля абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці, для чаго 20 верасня 1991 года было прынята пастанова Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь «Аб стварэнні Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь»[7]. Савету Міністаў Рэспублікі Беларусь былі падпарадкаваны мясцовыя органы ваеннага кіравання рэспублікі, чыгуначныя войскі, сістэма грамадзянскай абароны, дыслацыраваныя на тэрыторыі рэспублікі. Вышэйшаму органу выканаўчай улады даручалася вызначыць парадак перадыслакацыі ў межах Беларусі, увод і вывад з яе тэрыторыі часцей і злучэнняў Узброенных сіл СССР, пагранічных, чыгуначных і будаўнічых войскаў, размешчаных на тэрыторыі рэспублікі, а таксама матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, якія належалі ім. З асенняга прызыву 1991 года пачалося праходжанне ваенных збораў і абавязковай тэрміновай воінскай службы грамадзянамі Беларусі на тэрыторыі рэспублікі. 20 сакавіка 1992 года было афіцыйна абвешчана аб стварэнні Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Пачатак непасрэднаму стварэнню ўласных узброенных сіл паклала пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 мая 1992 года «Аб перапарадкаванні фарміравання Узброенных Сіл, якія дыслацыруюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрству абароны». Была скасавана Беларуская ваенная акруга. Усе яе часці і падраздзяленні, а таксама часці цэнтральнага падпарадкавання, не ўваходзячыя ў склад стратэгічных сіл СНД, перайшлі ў распараджэнне новастворанага міністэртва[8]. 3 лістапада 1992 года быў прыняты закон «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь»[9]. У 1992—1996 гадах былі скарочаны або перафарміраваны 250 воінскіх частак. У гэты час завершана ракетна-ядзерная дэмілітарызацыя Беларусі[10].
Узброеныя сілы ў канцы 2000-х гг. дзейнічалi і развівалicя згодна з Канцэпцыяй нацыянальнай бяспекі (зацверджана ўказам Прэзідэнта РБ № 390 ад 17 ліпеня 2001), Ваеннай дактрынай Рэспублікі Беларусь (зацверджана законам РБ ад 3 студзеня 2002) і Канцэпцыяй будаўніцтва Узброеных сіл да 2010 года; у 2001—2005 гг. была праведзеная ваенная рэформа. Выдаткі на абарону складаюць 1,49 % ад ВУП (2006); 78 % выдзеленых фінансавых сродкаў выдаткоўваецца на ўтрыманне і 22 % ― на развіццё (2006).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17.11.2000 г. № 600. была зацверджана Эмблема Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
У 2001 годзе ВПС і войскі СПА Беларусі аб’яднаны ў адзіны вiд войскаў[11].
У 2002 годзе на Барысаўскім ваенным палігоне ў ходзе аператыўна-тактычнага вучэння «Бярэзіна-2002» упершыню былі адпрацаваны практычныя дзеянні тэрытарыяльных войскаў.
11 мая 2006 года Прэзідэнт Беларусі А. Лукашэнка падпісаў Указ № 312 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні транспартнага забеспячэння Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь», па якім на базе чыгуначных, аўтамабільных і дарожных войскаў былі створаны транспартныя войскі Беларусі.
2 жніўня 2007 на аснове ПДВ і спецназу ГРУ створаны Сілы спецыяльных аперацый.
У 2009 зацверджана новая ваенная ўніформа[10].
2 жніўня 2010 А. Лукашэнка падпісаў указ аб направке ў Ліван групы з 9 беларускіх вайскоўцаў для ўдзелу ў міратворчай мicii[12]. У гэтым жа годзе першыя міратворцы з Беларусі прыбылі ў Ліванскую Рэспублікі. Нягледзячы на заяўлены памер кантынгенту ў дзевяць чалавек, у краіну была накіраваная група толькі з пяці міратворцаў[13].
1 ліпеня 2016 г. была ўведзена альтэрнатыўная служба. Да яе прыцягваюцца грамадзяне, якія прыдатныя да тэрміновай службе ва ўзброеных сілах, але ня могуць яе праходзіць па рэлігійных меркаваннях. Дадзеная катэгорыя прызыўнікоў накіроўваецца на грамадска карысную дзейнасць[14].
20 ліпеня 2016 года ўступіла ў сілу новая ваенная дактрына. У новай версіі дактрыны прапісана, што некаторыя дзяржавы ў еўрапейскім рэгіёне «спрабуюць справакаваць унутраныя ўзброеныя канфлікты з ужываннем як ваеннай сілы, так і тэрарыстычных і дыверсійных сіл». Па гэтай прычыне быў распрацаваны план дзеянняў супраць гібрыднай вайны і каляровай рэвалюцыі. Пры распрацоўцы дактрыны i наступных зменаў у тактыцы ўлічваўся вопыт Украіны ў Данбаскiм і Расіі ў Сірыйскiм канфліктах. Вялікае значэнне атрымала падрыхтоўка да баявых дзеянняў ва ўмовах населенага пункта[15][16][17].
У цяперашні час ва Узброеных Сілах два вiда УС — Сухапутныя войскі, Ваенна-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны. Таксама непасрэдна генеральнаму штабу падпарадкоўваецца род войскаў — Сілы спецыяльных аперацый (ССА). Існуюць таксама спецыяльныя войскі (службы), органы тылу.
Колькасць Узброеных Сіл на 1 сакавіка 2016 года — 64 932 пасады. З іх 14 502 афіцэра, 6850 прапаршчыкаў 25 671 салдат і сяржантаў, 3502 курсанта, а таксама 16 407 асоб грамадзянскага персаналу.
Баявы склад мірнага часу — тры авіяцыйныя базы, дзве радыётэхнічныя і чатыры зенітныя ракетныя брыгады, тры зенітных ракетных палка, чатыры механізаваных брыгады, адна ракетная, адна рэактыўна-артылерыйская і тры артылерыйскія брыгады, адна дэсантна-штурмавая брыгада, адна паветрана-дэсантная брыгада і адна брыгада спецыяльнага прызначэння[18].
Узброеныя Сілы актыўна ўдзельнічаюць у розных вучэннях, як унутры краіны («Нёман—2001», «Бярэзіна—2002», «Чыстае неба—2003», «Шчыт Саюза—2006», «Захад—2009», «Захад—2013», «Шчыт Саюза—2015», «Славянскае братэрства—2017»), так і за яе межамі («Баявая садружнасць»).
Асноўны артыкул: Воінскі абавязак у Беларусі Ваенная служба ў краіне можа быць па прызыву, кантракце або ў рэзерве. Першая з’яўляецца абавязковай для грамадзян мужчынскага полу, прызнаных ва ўстаноўленым парадку прыдатнымі да яе праходжання. Ва Узброеных сілах могуць служыць прыдатныя па стане здароўя і фізічнаму развіццю да яе выканання, незалежна ад паходжання, сацыяльнага і маёмаснага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, роду і характару заняткаў, палітычных і іншых перакананняў. Прызыўнікі набіраюцца ва ўзросце 18—27 гадоў. Тэрмін іх службы залежыць ад наяўнай адукацыі. Так, для асоб, якія не маюць вышэйшай адукацыі, ён складае 18 месяцаў, з вышэйшым — 12, а ваенным — 6. Воінская служба даступная і для грамадзян жаночага полу, якія адказваюць устаноўленым патрабаванням і якія атрымалі падрыхтоўку па неабходных спецыяльнасцях.
Вайскоўцы і рэзервісты, якія ўпершыню прызваныя або паступілі на ваенную службу, службу ў рэзерве, або грамадзяне, якія не праходзілі ваенную службу, службу ў рэзерве і ўпершыню прызваныя на зборы, а таксама грамадзяне, якія навучаюцца на ваенных кафедрах або факультэтах па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў і афіцэраў запасу, прыносяць прысягу перад дзяржаўным сцягам і баявым сцягам сваёй воінскай часці. Грамадзяне могуць самастойна выбіраць, на якой з двух дзяржаўных моў, — рускай або беларускай, — яны будуць прамаўляць змест прысягі. Ваеннаслужачы да прынясення не можа прыцягвацца да выканання баявых задач[19].
Асноўны артыкул: Сухапутныя войскі Рэспублікі Беларусь Сухапутныя войскі непасрэдна кіруюцца Камандаваннем СВ (сфарміравана 21.12.2001 на базе ўпраўлення 5 гв. ак у Бабруйску) і арганізацыйна падзяляюцца на два аператыўныя (аперацыйныя) камандаванні: Заходняе і Паўночна-Заходняе; таксама дзейнічаюць асобныя часці і арганізацыі, падпарадкаваныя непасрэдна камандаванню Сухапутных войскаў[20].
У склад Заходняга камандавання ўваходзяць (2008): 2 механізаваныя брыгады, 1 артылерыйская і 1 зенітная ракетная брыгады, а таксама іншыя часці і падраздзяленні[21]. У склад Паўночна-Заходняга камандавання ўваходзяць (2008): 1 механізаваныя брыгады, 1 артылерыйская і 1 зенітная ракетная брыгады, а таксама іншыя часці і падраздзяленні[22].
Асноўны артыкул: Ваенна-паветраныя сілы і войскі ППА Рэспублікі Беларусь Ваенна-паветраныя сілы і супрацьпаветраныя войскі (утв. 8.11.2001) непасрэдна кіруюцца Камандаваннем ВПС і войск ППА і арганізацыйна падзяляюцца на два аператыўна-тактычныя камандаванні: Заходняе і Паўночна-Заходняе; апроч таго, непасрэдна камандаванню падпарадкоўваюцца авіяцыйныыя часці непасрэднага падпарадкавання (4 авіяцыйныя базы)[23], воінскія часці забеспячэння, абслугоўвання і аховы[24], воінскія часці тылавога і тэхнічнага забеспячэння і палігоны.
У склад Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ўваходзяць: Упраўленне, Камандны пункт і Пункты навядзення, 1 знішчальная авіябаза, 4 зенітныя ракетныя брыгады і 2 ракетныя палкі, а таксама іншыя часці і падраздзяленні[25]. У склад Паўночна-Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ўваходзяць: Упраўленне, Камандны пункт і Пункты навядзення, 1 знішчальная авіябаза, 2 зенітныя ракетныя брыгады і 2 ракетныя палкі, а таксама іншыя часці і падраздзяленні[26].
Асноўны артыкул: Сілы спецыяльных аперацый УС РБ Сілы спецыяльных аперацый — род войскаў непасрэдна падначалены генеральнаму штабу ВС Беларусі, скарочанае найменне — ССА УС РБ.
Асноўны артыкул: Транспартныя войскі Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь 11 мая 2006 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 312 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні транспартнага забеспячэння Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь». Дакумент прыняты ў мэтах стварэння адзінай сістэмы транспартнага забеспячэння Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Беларусі. Згодна з Указам на базе існуючых чыгуначных, аўтамабільных і дарожных войскаў былі створаны транспартныя войскі Беларусі.
Асноўны артыкул: Тэрытарыяльныя войскі Беларусі Ва ўмовах скарачэння колькасці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і зніжэння ўзроўню ўзбраенняў, адным з найбольш эканамічных шляхоў кампенсацыі сіл і сродкаў, падтрымання абараназдольнасці дзяржавы на належным узроўні з’яўляецца арганізацыя тэрытарыяльнай абароны дзяржавы.
Для вырашэння задач па тэрытарыяльнай абароне ствараюцца тэрытарыяльныя войскі (ТэрВ), якія з’яўляецца рэзервовым кампанентам Узброеных Сіл і будуць разгортвацца ў пагражальны перыяд або з пачаткам вайны.
Колькасць войскаў тэрытарыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь — 120 тысяч чалавек, што ўдвая больш, чым служыць у рэгулярных ВС РБ. Камплектаванне фарміраванняў ТэрВ вырабляецца з жыхароў адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, здольных да ваеннай службы. Войскі тэрытарыяльнай абароны ўключаюць воінскія фарміраванні ў выглядзе асобных стралковых батальёнаў і асобных стралковых рот.
Задачы тэрытарыяльнай абароны:
З 1993 года Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца членам Міжнароднага савета ваеннага спорту (СІЗМ)[32], а прымаюць удзел у Сусветных ваенных гульнях пачынаючы з 1995 года. За гэты час вайскоўцамі-спартсменамі да 2020 года было заваявана 87 медалёў у 15 відах спорту, у тым ліку 14 залатых, 23 сярэбраныя і 50 бронзавых[33][34]. Найбольш удала беларускія армейцы выступаюць у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы (22 медалі), дзюдо (15) і кулявой стральбе (11).
Беларускія вайскоўцы паказваюць высокія вынікі і на розных міжнародных армейскіх спаборніцтвах.
Так, на спаборніцтвах «Армейскія міжнародныя гульні-2017» у агульнакамандным заліку зборная каманда Узброеных Сіл Беларусі заняла чацвёртае месца, пакінуўшы ззаду вайсковыя каманды з 24 краін свету. Каманды беларускіх вайскоўцаў спаборнічалі ў 13 з 28 конкурсаў, заняўшы 11 прызавых месцаў. Першае месца зборнай Узброеных Сіл Беларусі прынесла перамога ў конкурсе «Воін Садружнасці«. Другія месцы былі атрыманы ў конкурсах «Майстры артылерыйскага агню», «Інжынерная формула» і «Бяспечны маршрут» (спаборніцтва каманд інжынерных войскаў), «Ключы ад неба», «Чыстае неба» (спаборніцтвы каманд ВПС і войскаў СПА) «Палявая кухня», «Верны сябар» (спаборніцтва кінолагаў). Трэцяе месца заваявана на «Снайперскай мяжы». Яшчэ два трэціх месцы заняты ў конкурсах «Ваенна-медыцынская эстафета» і «Бяспечнае асяроддзе». Чацвёртае месца занята ў конкурсе «Танкавы біятлон». Чацвёртай з 7 краін-удзельніц Беларусь стала і ў конкурсе «Выдатнікі вайсковай разведкі». Характэрна, што ў адрозненне ад каманд іншых краін беларуская зборная амаль на 50% складалася з вайскоўцаў тэрміновай ваеннай службы[35].
У 2018 годзе каманда міратворцаў з Беларусі атрымала першае месца сярод 138 каманд з 37 краін на міжнародных спаборніцтвах пешых патрулёў «Кембрыян патрол» у Вялікабрытаніі[36].
У 2020 годзе на VI Армейскіх міжнародных гульнях «Армі-2020» беларуская зборная заняла 2-е месца ў агульным заліку. Камандзе УС Беларусі ўдалося ўзяць 1-е месца і ў конкурсе сувязістаў «Упэўнены прыём» і спаборніцтве экіпажаў машын інжынернага ўзбраення «Інжынерная формула». Вайскоўцы занялі 2-е месца ў спаборніцтвах «Бяспечнае асяроддзе» — экіпажаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, «Ваеннае ралі» — экіпажаў на ваеннай аўтамабільнай тэхніцы, «Верны сябар» — спецыялістаў службовай сабакагадоўлі, «Палявая кухня», «Дэсантны ўзвод», спаборніцтве мінамётных разлікаў «Майстры артылерыйскага агню», «Авіядартс», «Сувораўскі націск» — экіпажаў баявых машын пяхоты, «Аварыйны раён» — аварыйна-выратавальных фарміраванняў, «Сакалінае паляванне» — разлікаў комплексаў з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. Бронзу каманда атрымала ў конкурсах: «Воін Свету» — спаборніцтве ваенна-прафесійнага майстэрства, «Ваенна-медыцынская эстафета», «Дарожны патруль» — спаборніцтве супрацоўнікаў ваеннай аўтамабільнай інспекцыі, а таксама «Чыстае неба» — падраздзяленняў СПА «Выдатнік вайсковай разведкі» і «Танкавы біятлон»[37].
Асноўны артыкул: Міжнароднае ваеннае супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь Пытаннямі ўзаемадзеяння з іншымі дзяржавамі займаецца Дэпартамент міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва МА РБ.
Ваеннай дактрынай 2016 года прыярытэтнымі напрамкамі ў міжнародным ваенным супрацоўніцтве названы Саюзная дзяржава з Расіяй, АДКБ і СНД[38]. З расійскім бокам вядуцца работы па падтрыманні неабходнага ваеннага патэнцыялу дзвюх дзяржаў, арганізацыі і ажыццяўленні сумесных мер па прадухіленні ваеннай пагрозы і адбіцці магчымай агрэсіі на агульнай абароннай прасторы, рэгулярна праводзяцца сумесныя вучэнні як у фармаце Саюзнай дзяржавы, так і АДКБ[39]. Апошняе беларускае ваеннае і палітычнае кіраўніцтва ўспрымае ў якасці гаранта не толькі ўласнай, але таксама міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі[40].
Паралельна, нягледзячы на складаныя палітычныя ўзаемаадносіны з краінамі Захаду, падтрымліваюцца партнёрскія кантакты з НАТА[38]. Найбольш актыўнае супрацоўніцтва выбудавана з ваеннымі ведамствамі Германіі, Літвы, Польшчы і Турцыі[41]. Па міратворчым накірунку ключавым партнёрам Беларусі выступае Італія[42].
Значным для краіны з’яўляецца работа ў ваенна-тэхнічнай галіне. Дзяржава наладзіла актыўны экспарт прадукцыі свайго ваенна-прамысловага комплексу за мяжу. У той жа час замежныя ўзброеныя сілы перыядычна карыстаюцца паслугамі беларускіх ваенных спецыялістаў. Дапамогу ад ваенных дарадцаў рэспублікі атрымлівалі розныя дзяржавы Афрыкі, Блізкага Усходу і Лацінскай Амерыкі.
Састарэнне тэхнікі Значная частка беларускага ўзбраення з’яўляецца савецкай спадчынай. З цягам часу яна састарваецца, зніжаецца яе патэнцыял і баявыя магчымасці для сучаснага выкарыстання. Існуюць тры шляхі вырашэння гэтага пытання: мадэрнізацыя, закупка новай замежнай і стварэнне ўласных узораў узбраенняў. Аднак з-за невялікага фінансавання Узброеных Сіл гэтыя працэсы ідуць павольна. У дадатак, першы шлях падвяргаецца крытыцы, паколькі нават глыбока мадэрнізаваная савецкая тэхніка ўсё яшчэ будзе саступаць сучасным узорам[43].
Дзедаўшчына У беларускім войску ў той ці іншай ступені ўсё яшчэ захоўваецца т. зв. «дзедаўшчына». На падобную з’яву афіцэрскі склад можа як наогул не звяртаць увагу, так і ўпарта змагацца. Міністэрства абароны таксама рэагуе на дадзеную праблему, прымаючы комплекс мер па супрацьдзеянні «дзедаўшчыне» ў войску. За такія правіны, асабліва з прычыненнем фізічнай шкоды, салдат можа панесці крымінальнае пакаранне аж да пазбаўлення волі. У падраздзяленнях захаваўся класічны, яшчэ з савецкіх часоў, выгляд падзелу і іерархіі вайскоўцаў тэрміновай службы, дзе галоўную ролю адыгрывае тэрмін службы салдата. Кожная воінская часць мае свае асаблівасці і характар «дзедаўшчыны», але ва ўсіх іх прынята, каб маладыя байцы выконвалі ўсю асноўную працу за старэйшыя заклікі, наводзілі парадак у памяшканнях і на спальных месцах. Некаторы час таму былі распаўсюджаныя грашовыя паборы і фізічны гвалт, аднак падобнае яшчэ можа мець месца і на сучасным этапе. Варта адзначыць, што найбольшай жорсткасцю праяўляецца «дзедаўшчына» ў інжынерных падраздзяленнях сухапутных сіл. Найбольш спрыяльнай сітуацыяй застаецца ў транспартных войсках[44].
Самагубствы Гл. таксама: Гібель Аляксандра Коржыча У 1995 годзе ў выніку суіцыдаў у беларускім войску загінулі 42 чалавекі. У 2016 годзе гэта лічба склала 4[45], а ў 2017 — 3[46]. У сярэднім Беларусі ў год адбываецца тры-пяць суіцыдаў сярод вайскоўцаў[47]. Самагубствы ў арміі ўсё яшчэ застаюцца актуальнай праблемай у Беларусі.