Гібрыдная вайна (англ.: hybrid warfare) — від варожых дзеянняў, пры якім нападаючы бок не звяртаецца да класічнага ваеннага ўварвання, а душыць свайго апанента, выкарыстоўваючы спалучэнне схаваных аперацый, дыверсій, кібервайны, а таксама аказваючы падтрымку паўстанцам, якія дзейнічаюць на тэрыторыі праціўніка[1]. Пры гэтым ваенныя дзеянні могуць наогул не весціся, і з фармальнага пункту гледжання гібрыдная вайна можа працякаць у мірны час[2].
Нападаючы бок ажыццяўляе стратэгічную каардынацыю названых дзеянняў, захоўваючы пры гэтым магчымасць праўдападобнага адмаўлення сваёй уцягнутасці ў канфлікт. Класічнымі прыкладамі гібрыдных ваенных дзеянняў у канцы XX—пачатку XXI стагоддзяў называюць дзеянні СССР у пачатковы перыяд Афганскай вайны (1979—1989), а таксама дзеянні ЗША, Пакістана, КНР і іншых дзяржаў па падтрымцы афганскіх маджахедаў[1]. Гібрыднай вайне можа папярэднічаць так званая асіметрычная вайна, якая можа перарастаць у гібрыдную па меры росту навыкаў паўстанцаў. Так, Н. Папеску лічыць, што ў 2000 годзе дзеянні «Хезбалы» супраць ізраільскай арміі ўжо былі варыянтам гібрыднай вайны[1].
Сустракаецца і іншае вызначэнне гібрыднай вайны як вайны, якая спалучае рэгулярныя («сіметрычныя») баявыя дзеянні з элементамі асіметрычных войнаў. Напрыклад, Дж. МакКуен[3] вызначае гібрыдную вайну як «камбінацыю сіметрычнай і асіметрычнай войнаў». Праблема з такім вызначэннем відавочная: МакКуен вымушаны прызнаць, што пры такім вызначэнні «ўсе войны — патэнцыйна гібрыдныя».
Ф. Хофман прапануе ўдакладненне[4]: у гібрыдных войнах асіметрычны кампанент мае вырашальнае аператыўнае значэнне на поле бою, у адрозненне ад звычайных войнаў, дзе роля асіметрычных гульцоў (напрыклад, партызан) складаецца ў адцягненні сіл праціўніка на падтрыманне бяспекі ўдалечыні ад поля бою. У далейшым, каб пазбегнуць блытаніны, Хофман прапанаваў выкарыстоўваць для войнаў, дзе мэтай асіметрычнай кампаненты з’яўляецца адцягванне сіл праціўніка ад асноўнага иэатра вайны і стварэнне цяжкасцяў у кіраванні войскамі, тэрмін «камбінаваная вайна»[5]. П. Мансур не падтрымлівае ідэю такога падзелу[6].
Фактычна, пад вызначэннем «гібрыдная вайна», могуць мець на ўвазе любыя недружалюбныя дзеянні адной краіны ў дачыненні да іншай, без відавочных дзеянняў узброеных сіл[7]. Звычайна гэтым тэрмінам карыстаецца «слабы бок», каб пры няяўным ужыванні або пры адсутнасці доказаў наяўнасці узброеных сіл праціўніка, усё-ткі паказаць, што недружалюбныя дзеянні з’яўляюцца вайной. Гэта фактычна выводзіць дадзены тэрмін з юрыдычнай і палітычнай плоскасці, якія патрабуюць дакладных і фактычных доказаў або пратакалявання міжнароднымі арганізацыямі, маніторынгавымі місіямі наяўнасці дзеянняў узброеных сіл, таго ці іншага боку, і робіць дадзены тэрмін прапагандысцкім.
Прырода гібрыдных войнаў дазваляе нападніку расцягваць варожыя дзеянні на працяглы час, выпрабоўваючы стратэгічнае цярпенне ворага — звычайна час гуляе на карысць боку, які выкарыстоўвае метады гібрыднай вайны[8]. Асабліва моцна гэты эфект адчуваецца ў выпадку рэгулярнай арміі, уцягнутай у гібрыдную вайну на чужой тэрыторыі. Лоўрэнс Аравійскі адзначаў у сувязі з арабскім паўстаннем «канчатковая перамога выглядала несумненнай, калі толькі вайна працягнецца дастаткова доўга».
Гібрыдныя войны вядомыя з глыбокай старажытнасці, хоць тэхналогіі былі іншымі[9]: так, Папеску адносіць да метадаў гібрыдных войнаў у старажытнасці атручэнне калодзежаў і подкуп абаронцаў з тым, каб яны адкрылі вароты крэпасці[1].
Больш цікавы гістарычны прыклад прыводзіць Мансур[10]. У Пелапанескую вайну ў V стагоддзі да н.э. слабым месцам спартанцаў былі рабы-ілоты, якія патрабавалі падтрымання значных сіл у Лаканіцы і Месеніі для прадухілення паўстанняў. Стратэгічнае рашэнне афінян па захопе Піласа часткова дыктавалася спробай падняць паўстанне ілотаў і перайсці да гібрыднай вайны. Уцёкі ілотаў у Пілас і асцярогі паўстання вымусілі спартанцаў перайсці да перамоваў.
Аўтары зборніка пад рэдакцыяй Мюрэя і Мансура разбіраюць дзевяць прыкладаў гібрыдных войнаў з антычнасці да другой паловы XX стагоддзя:
Тэрмін «гібрыдная вайна» часта выкарыстоўваюць у дачыненні да дзеянняў Расіі у сувязі з далучэннем Крыма і канфліктам на ўсходзе Украіны[11][12][13][14][15][16].