Сярге́й Уладзімі́равіч Баляно́к (руск.: Сергей Владимирович Баленок; нар. 31 мая 1954, пасёлак Боярка, Кіеўская вобласць, Украіна) — беларускі графік і мастак, адзін з найвялікшых ілюстратараў 20 стагоддзя.[1]
У 1976—1980 гады вучыўся ва Украінскім паліграфічным інстытуце імя І. Фёдарава ў Львове ў Юрыя Чарышнікава. Пасля заканчэння вучобы пераехаў у Мінск.[2] Служыў у арміі.[3] У 1987 годзе скончыў Творчыя акадэмічныя майстэрні Акадэміі мастацтваў СССР(руск.) бел..[4][5]
З 1980 па 1995 гады працаваў мастацкім рэдактарам у мінскіх выдавецтвах, ілюстраваў кнігі, афармляў зборнікі фантастыкі.[6] З 1986 па 1992 гады — галоўны мастацкі рэдактар выдавецтва «Эрыдан» (Мінск). 1993 год — галоўны мастацкі рэдактар выдавецтва «Беларусь» (Мінск). З 1993 па 1995 гады — дырэктар прыватнага выдавецтва «Balenok & Co». З 1995 года — вольны мастак. З 2011 года займае пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка выставачнага аддзела Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.[7][8][9][10]
Сябра Саюза мастакоў БССР і Беларускага саюза мастакоў (1988—2004 гады). Удзельнік выставаў з 1976 года: персанальныя ў 1987, 2004, 2006, 2010, 2011, 2012,[11] 2014, 2015, 2017, 2018, 2019 гадах (Мінск);[12] у 1992 годзе — Гданьск (Польшча); у 1995 годзе — Эйндхавен (Нідэрланды); у 1998 годзе — Капенгаген (Данія); у 2017 годзе — Раўне-на-Корашкем(руск.) бел. (Славенія).[13][8]
Працуе ў кніжнай і станковай графіцы (пераважна ў тэхніцы Афорту), станковым жывапісе. Яго творы аздаблялі кнігі Айзека Азімава, Рэя Брэдберы, Роберта Шэклі, Курта Вонегута.[1][14] За выключэннем аздаблення выданняў Жуля Верна, не працуе на заказ.[6][15]
На думку мастака, мастацтва не павінна банальна рэпрадуктаваць навакольны свет, яго задача — самому дзеяць новыя светы.[16] У яго атрымліваецца адлюстроўваць эмоцыі, настроі, адчуванні, пачуцці любога нармальнага чалавека.[17]
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, музеі графікі горада Вінтэртур (Швейцарыя), мастацкіх музеях гарадоў: Полацк, Нью-Брансуік (ЗША), Рыміні (Італія), Кракаў (Польшча), Дзьёр (Венгрыя), Эйндхавен (Нідэрланды), Мюнхен (Германія),[6] а таксама ў прыватных беларускіх (Аляксандар Іваноў) і замежных калекцыях.[18][19][20]
Творы мастака «захопліваюць як высокай эстэтычнасцю, так і лёгкай іроніяй звычайных, але ўбачаных у незвычайным ракурсе вобразаў», – запрашала зайсці на выставу мастака ў 2017 годзе газета «Новы Час».[21] «Працы Баленка адметныя філасафічнасцю, і, нягледзячы на „чорна-белы“ стыль, напоўненыя яркім святлом перажыванняў, глыбокіх роздумаў аўтара», — паведамляла Беларускае Радыё Рацыя ад уражанняў ад выставы мастака ў Полацкай мастацкай галерэі ў 2016 годзе.[22]
Аліса Міхайлава ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь 1» з чарговай выставы Баленка падкрэсліла, што ў працах мастака арганічна прысутнічаюць рысы абстракцыі, сюррэалізму і рэалізму.[23] Арт-крытык Ларыса Фінкельштэйн у 2014 годзе вызначыла жывапісныя творы мастака як «вельмі нечаканыя і лірычныя, у якіх прысутнічае вольны рух колеру».[24] Беларускі мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч на адкрыцці персанальнай выставы, прысвечанай да 60-годдзя гравюрыста, пахваліла яго словамі: «Гэта сапраўды цудоўны мастак. Я шмат гадоў знаёма з яго творчасцю, і ён для мяне заўжды непрадказальны».[25] «Аўтар валодае рэдкай для сучаснага творцы якасцю — уменнем здзіўляць», — давала ацэнку творчасці Каміла Янушкевіч на старонках часопіса «Мастацтва» па выніках выставы мастака ў 2014 годзе.[26]
Андрэй Адамовіч назіраў у творах ноткі апакаліпсісу.[27] Мастацтвазнавец Алеся Раманюк назвала творы Сяргея Балянка «найзмрачнейшымі сярод усіх бачаных, бо яны паказваюць нейкі гіблы паралельны свет, у існаванне якога верыць не хочацца, нават калі ён плён фантазій аўтара».[27]
Жанаты, мае двух дзяцей.[28]