wd wp Пошук:

Жыткавіцкі раён

Жыткавіцкі раён — раён у складзе Гомельскай вобласці. Мяжуе з Петрыкаўскім, Лельчыцкім раёнамі Гомельскай вобласці, Столінскім і Лунінецкім Брэсцкай вобласці, а таксама Любанскім і Салігорскім Мінскай вобласці. Яго працягласць з поўначы на поўдзень 82,5 км, з захаду на ўсход — 71,5 км. Плошча 2 916,27 км².

Гісторыя

Жыткавіцкі раён у 1940 годзе

Утвораны 17 ліпеня 1924 г. з адміністрацыйным цэнтрам у мястэчку Жыткавічы Мазырскай акругі. 20 жніўня 1924 года падзелены на 8 сельсаветаў: Браніслаўскі, Бялёўскі, Вятчынскі, Жыткавіцкі, Людзяневіцкі, Ляхавіцкі, Руднянскі, Юркевіцкі. 8 кастрычніка 1924 года да раёна далучаны Дзякавіцкі і Князь-Азёрскі сельсаветы Старобінскага раёна Слуцкай акругі. 21 жніўня 1925 года абодва сельсавета зноў уключаны ў склад Старобінскага раёна. 5 красавіка 1935 года Дзякавіцкі сельсавет вернуты Жыткавіцкаму раёну. З 20 лютага 1938 г. па 8 студзеня 1954 г. уваходзіў у склад Палескай вобласці БССР.

У 1954 г. раён увайшоў у склад Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 г. былі скасаваны Бялёўскі, Вятчынскі, Жыткавіцкі, Ляхавіцкі сельсаветы, створаны Марохараўскі сельскі савет[3]. Сучасныя межы раён набыў у першай палове 60-х гг. XX ст., калі праводзілася ўзбуйненне раёнаў і абласцей БССР. У 1960 г. да раёна былі далучаны Ленінскі сельсавет Ленінскага раёна Брэсцкай вобласці[4] і Мілевіцкі сельсавет Старобінскага раёна Мінскай вобласці[5], а ў 1962 г. — сельсаветы ліквідаванага Тураўскага раёна (Азяранскі, Верасніцкі, Перароўскі, Рычоўскі) і г.п. Тураў[6]. 28 студзеня 1991 г. з часткі Марохараўскага сельсавета быў створаны Чырвоненскі сельсавет. 20 студзеня 1995 г. горад Жыткавічы і Жыткавіцкі раён былі аб’яднаны ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. 26 верасня 2006 г. Браніслаўскі сельсавет быў скасаваны[7].

Геаграфія

56 % тэрыторыі займае лес з перавагай хваёвых і чорнаальховых драўняных парод, 14 % — рэкі, азёры і штучныя вадаёмы, балоты, 24,1 % — сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Праз тэрыторыю раёна працякае галоўная водная артэрыя беларускага Палесся — рака Прыпяць з прытокамі Случ, Сцвіга, Скрыпіца, Навуць. На тэрыторыі раёна знаходзіцца шмат азёр: Чырвонае (самае буйное возера Палесся), Белае, Найда, Вусцечына і іншыя. У раёне размешчаны нацыянальны парк «Прыпяцкі», частка ландшафтнага заказніка «Сярэдняя Прыпяць», тры біялагічных заказніка («Залюціцкі», «Мілевіцкі» і «Тураўскі луг»), а таксама Жыткавіцкі і Ленінскі паляўнічыя заказнікі.

Геалогія

У тэктанічных адносінах цэнтральная частка раёна прымеркавана да Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, паўночная і паўднёвая — да Прыпяцкага прагіну. Зверху залягаюць пароды чацвярцічнага ўзросту магутнасцю 10—15 м, месцамі да 60—70 м, ніжэй неагенавыя і палеагенавыя 10—70 м, мелавыя адклады трапляюцца на поўначы і поўдні раёна, каменнавугальныя і дэвонскія пашыраны больш, але таксама толькі на поўначы (700—1000 м) і поўдні (да 2000 м). На ўсходзе раёна ў адкладах верхняга дэвону вылучаюцца дзве саляносныя тоўшчы. У падэшве платформавага чахла верхнепратэразойскія адклады магутнасцю да 450 м. Пад платформавым чахлом на глыбіні 11—150 м на выступе і 1000—4000 м і больш ва ўпадзіне залягаюць пароды крышталічнага фундамента. 15 радовішчаў торфу з агульнымі запасамі 126 млн т (найбуйнейшыя Булеў Мох і часткова Межч, Ржышча-Ліпкі, Смалярня, Рудня-Грэбень), 3 радовішчы глін для грубай керамікі з агульнымі запасамі 587 тыс. м³, Жыткавіцкае радовішча будаўнічага каменю, Жыткавіцкае радовішча бурага вугалю, Тураўскае радовішча гаручых сланцаў, Бярэзінскае, Дзедаўскае, Людзяневіцкае радовішчы кааліну з агульнымі запасамі 17,7 млн т.

Насельніцтва

У раёне налічваецца 109 населеных пунктаў, з іх 2 горада — Жыткавічы і Тураў. Усяго ў раёне (на студзень 2013 г.) Пражывае 38,3 тыс. чалавек. У горадзе Жыткавічы пражывае 15,8 тыс., горадзе Тураў — 2,8 тыс., у сельскай мясцовасці — 19700 чалавек.

1971 — 60,0 тыс. 2008 — 43,7 тыс. 2014 — 37,7 тыс. Адукацыя і культура

На тэрыторыі раёна працуюць 21 сярэдняя і 7 базавых школ. Сетка ўстаноў культуры Жыкавіцкага раёна ўключае 52 клубных і 39 бібліятэчных устаноў, 3 школы мастацтваў, 1 дзіцячую музычную школу, Тураўскі краязнаўчы музей. Культурнае абслугоўванне маланаселеных пунктаў раёна забяспечваюць 2 аўтаклуба.

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Літаратура

Зноскі

  1. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  2. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  3. Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938-1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  4. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 20 января 1960 г. Об упразднении некоторых районов Республики Беларусь
  5. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 11 апреля 1960 г. О передаче Милевичского сельского Совета из состава Старобинского района Минской области в состав Житковичского района Гомельской области
  6. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 17 апреля 1962 г. Об упразднении некоторых районов Республики Беларусь
  7. Решение Гомельского областного Совета депутатов от 26 сентября 2006 г. № 295 Об изменении административно-территориального устройства районов Гомельской области Архівавана 12 ліпеня 2021.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю прыроды Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе
Катэгорыя·Жыткавіцкі раён