wd wp Пошук:

Лішайнікі

Ліша́йнікі[1] (Lichenes) — група ніжэйшых раслін, утвораных сімбіёзам грыба (мікабіёнт) і водарасці (фікабіёнт).

Больш за 400 родаў, каля 20 тыс. відаў; на Беларусі 38 сямействаў, 114 родаў, каля 500 відаў[2]. Найбольш пашыраны: алекторыя, анаптыхія, апеграфа, артонія, бацыдыя, буэлія, гіпагімнія, графіс, калаплака, калема, кладонія, ксанторыя, лабарыя, леканора, лецыдзея, меланелія, пармелія, пармеліёпсіс, пельтыгера, пертузарыя, пірэнула, рамаліна, рызакарпан, стэрэакаўлан, уснея, фісцыя, цэтрарыя, эвернія і інш.

Растуць на дрэвах, камянях, глебе.

Шматгадовыя (узрост бывае да тысяч гадоў) расліны шэрага, бурага, аранжавага, чорнага і іншых колераў. Вегетатыўнае цела — слаявіна, або талом, утворана перапляценнем грыбных гіфаў і клеткамі водарасці. У складзе лішайнікаў часцей аднаклетачныя (26 родаў) і некалькі відаў ніткаватых водарасцей. Яны складаюць 10—15 % ад усяго аб’ёму слаявіны. Па анатамічнай будове вылучаюць гамеамерную слаявіну (водарасці ў ёй размешчаны амаль раўнамерна) і гетэрамерную (водарасці ўтвараюць 1-2 адасобленыя слаі пад верхняй коркай слаявіны). Па форме бываюць накіпныя, або коркавыя (аспіцылія, леканора), ліставатыя (ксанторыя, пельтыгера) і кусцістыя (кладонія, уснея). Размнажаюцца вегетатыўным спосабам і спорамі. Першымі засяляюць неўрадлівыя глебы і назапашваюць арганічныя рэчывы.

3 лішайнікаў атрымліваюць лішайнікавыя кіслоты, антыбіётыкі, лакмус, фарбы і інш. На поўначы ісландскі лішайнік, кладонія — асноўны корм паўночных аленяў.

Адчувальныя да забруджвання атмасферы (гл. ліхенаіндыкацыя).

Вывучае лішайнікі ліхеналогія.

Зноскі

  1. Беларусь, 1995
  2. БелЭн, 1999

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Поліфілетычныя групы
Катэгорыя·Артыкулы са спасылкамі на Вікіслоўнік
Катэгорыя·Лішайнікі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Грыбы паводле алфавіта