wd wp Пошук:

Пахары

Пахары (саманазва: पहाड़ी, літаральна «жыхары пагоркаў») — індаарыйскі народ у Гімалаях. Жывуць на поўначы поўначы Індыі і ў Непале. Агульная колькасць (2022 г.) — каля 9 млн чалавек.

Паходжанне

Слова пахары можа азначаць любога горца, незалежна ад яго этнічнай прыналежнасці. Але звычайна так называюць толькі горцаў індаарыйскага паходжання, якія моўна адрозніваюцца ад суседдзей, што гутараць на дардскіх і сіна-тыбецкіх мовах. Назва пахары прыйшла звонку. Самі пахары часцей карыстаюцца назвамі сваёй мясцовасці і, асабліва ў Кумаоне і Непале, назвамі сваёй рэлігійнай або каставай групы.

Лічыцца, што пахары паходзяць ад розных груп індаарыйцаў, якія з ведычнага перыяда да позняга сярэднявечча па розных прычынах мігрыравалі ў Гімалаі. Тым не меней, яны маюць пэўнае культурнае і лінгвістычнае падабенства.

Культура

Асноўны традыцыйны занятак — сельская гаспадарка. Распаўсюджана земляробства на штучна тэрасаваных схілах. Вырошчваюць рыс, ячмень, проса, тытунь, садавіну, гародніну, опіумны мак і г. д. Трымаюць буйвалаў, кароў, коз, авечак. Асаблівасцю пахары з’яўляецца тое, што зямля звычайна належыць прадстаўнікам вышэйшых каст брахманаў і кшатрыяў. Яны самі апрацоўваюць палеткі, прыцягваюць да працы прадстаўнікоў ніжэйшых каст толькі ў выключных абставінах. Тым не меней, землеўласнікі шчыльна звязаны з ніжэйшымі кастамі гандляроў і рамеснікаў, сем’і якіх выступаюць у якасці іх кліентаў. Нават у нашы дні разлікі часта адбываюцца не на аснове грашова-рынкавых адносін, а дзякуючы абмену паслугамі. Пры гэтым ніжэйшыя касты часцей трапляюць у пазыковую залежнасць. Жанчыны працуюць нароўні з мужчынамі. Апошнія бяруць на сябе найбольш складаныя клопаты — апрацоўку глебы плугам, будаўніцтва тэрас і каналаў, вырубку лесу і інш.

Пахары жывуць у адносна невяліких вёсках з насельніцтвам меней за 350 чалавек. Вёскі будуюць на адкрытых схілах гор у месцах з надзейнымі крыніцамі пітной вады. Узводзяць чатырохкутныя выцягнутыя хаціны з камянёў і гліны. Жытло часта мае болей за 1 паверх. Дахі крыюць каменнай або драўлянай дахоўкай. Для абароны ад землятрусаў сцены ўмацоўваюць тоўстымі бярвеннямі. Характэрная ўнутраная асаблівасць — вялікія гасцёўні тыбары. У іх прымаюць наведвальнікаў. Астатнія пакоі адчынены толькі для чальцоў сям’і. Землеўласнікі часцяком будуюць маленькія хаціны чаан каля палеткаў або ў якасці летняга жытла, якое знаходзіцца вышэй ў гарах, і такім чынам абмінаюць спякоту.

Грамадства падзялена на замкнёныя касты. Яны маюць пэўную прафесійную спецыялізацыю, але з-за вялікай колькасці прадстаўнікоў вышэйшых каст (у некаторых раёнах кшатрыі складаюць ад 75% да 90% насельніцтва) іх рэчаісная спецыялізацыя не магчыма. Касты падзяляюцца на экзагамныя роды, дзе адлік сваяцтва вядзецца выключна па мужчынскай лініі. Роды ўключаюць пашыраныя сем’і. Апошнія ўтвараюцца з прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў. Часцяком браты пасля смерці бацькі працягваюць жыць разам з-за недахопу зямлі або з-за патрэбы ва ўзаемнай дапамозе. Сярод заходніх пахары сустракаецца паліандрыя, калі некалькі братоў жэняцца на адной жанчыне. Нярэдкія выпадкі палігініі, калі некалькі сясцёр выбіраюць аднаго мужа.

У адрозненні ад іншых рэгіёнаў Паўднёвай Азіі пасагі амаль не распаўсюджаны. Затое сярод прадстаўнікоў пэўных каст практыкуецца выкуп за нявесту. Хаця галоўным у сям’і лічыцца мужчына, жанчыны пахары маюць дастаткова высокі сацыяльны статус, карыстаюцца правамі на развод і шлюб у выніку ўдоўства. Дзяцей кормяць матчыным малаком да 3, а часам і да 5 гадоў. З-за пашыранасці дзіцячай працы пахары часта абмяжоўваюцца толькі пачатковай адукацыяй.

Прадстаўнікі ніжэйшых каст пахары вядомы як выдатныя разьбяры, ювеліры і музыкі. Народныя святы звязаны з культавым штогадовым цыклам.

Мовы

Пахары размаўляюць на заходняй і ўсходняй пахарыйскіх мовах. Яны ў сваю чаргу падзяляюцца на шматлікія дыялекты. Пісьмовасць часцей на аснове дэванагары.

Рэлігія

Большасць вернікаў спавядае індуізм. Акрамя агульнага індуісцкага пантэона, часцяком шануюць мясцовых багоў, якія абвяшчаюцца аватарамі Шывы, Дургі, Лакшмі, Брахмы і г. д. Распаўсюджаны хатні культ продкаў. Асаблівая пашана надаецца героям «Махабхараты». Яны разглядаюцца як продкі вышэйшых каст. Так, заходнія пахары тлумачаць паліандрыю як звычай, які існаваў у іх з часоў Пандаваў. Разам з брахманамі — служкамі храмаў, існуюць прадракальнікі, астролагі, экзарцысты і лекары, што могуць належыць да любой касты.

Іслам распаўсюджаны значна радзей, чым індуізм. Прычым, многія мусульмане — прыхільнікі суфізму.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Народы Індыі
Катэгорыя·Народы Азіі
Катэгорыя·Народы Непала
Катэгорыя·Індаеўрапейскія народы