wd wp Пошук:

Мялецій Сматрыцкі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сматрыцкі.

Мяле́цій Сматры́цкі, свецкае імя Максім (каля 1577, с. Смотрыч, цяпер Хмяльніцкая вобласць Украіны — 27 снежня 1633, Дзермань; Псеўданімы: Теофил Ортолог) — філолаг, грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, пісьменнік-палеміст, полацкі праваслаўны архіепіскап1620), архімандрыт манастыра ў Дзермані, сын пісьменніка-палеміста і педагога Герасіма Сматрыцкага.

Жыццё і дзейнасць

Адукацыю атрымаў у гэтак званай Астрожскай акадэміі. Лічыў сябе вучнем Кірылы Лукарыса — вучонага грэка, пазней канстанцінопальскага патрыярха. Пазней пры падтрымцы кіеўскага ваяводы Канстанціна-Васіля Канстанцінавіча Астрожскага вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Вільні, якую, хутчэй за ўсё, не скончыў з невядомых прычын. Працягнуў навучанне ў пратэстанцкіх акадэміях Германіі (Лейпцыга, Вітэнберга), з 1601 года суправаджаючы як дарэктар маладога праваслаўнага князя Багдана Саламярэцкага[3]. Потым жыў у маёнтку Саламярэцкіх каля Менска. Уступіў у Віленскае праваслаўнае брацтва пры Траецкім манастыры, дзе зблізіўся з заснавальнікам манастыра Лявонціям Карповічам.

Падчас Брэсцкай царкоўнай уніі, легітымнасць якой не прызнаў, Максім Герасімавіч меў 19 гадоў. Царкоўная і пісьменніцкая кар’ера Максіма Герасімавіча развівалася ў кантэксце рэлігійнай, культурнай і нацыянальнай палемікі, якая бударажыла Рэч Паспалітую ў пачатку XVII стагоддзя. Максім Герасімавіч апынуўся ў цэнтры грамадска-палітычнага жыцця. У 16081623 гадах быў адным з вядомых прыхільнікаў абнаўлення праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай; пасля пераходу на Унію ў 1627 годзе выступаў за рэформу ўніяцкай царквы. Дасягненні і паразы Максіма Герасімавіча сведчылі пра тую дылему, якую змушаная была пераадолець русінская духоўная і свецкая культурная эліта ў Рэчы Паспалітай у перыяд кіравання Жыгімонта Вазы.

У 1608 г. супраць твораў Іпація Пацея «Ерасі…» і «Гармонія…» Максім Герасімавіч выдаў «Антыграфі…». У 1610 г. друкарня Віленскага брацтва святога Духу выдала пад псеўданімам Тэафіла Арталога палемічны твор Максіма Герасімавіча «Трэнас, то бок Лямант усходняй царквы» на польскай мове, якою ён карыстаўся ва ўсіх сваіх апублікаваных палемічных творах. Аўтар у вобразе маці-царквы, якая плача і мучыцца, выступіў у абарону праваслаўя супраць усяго заходняга хрысціянства. Твор выклікаў шырокі грамадска-палітычны рэзананс. Хоць аўтар пазбягаў палітычнай заангажаванасці, кніга выклікала трывогу Жыгімонта Вазы, які загадаў кнігу спаліць, а кнігадрукара і аўтара арыштаваць. «Трэнас» атрымаў вострую крытыку (Пётр Скарга, «На плач і лямант Тэафіла Арталога», горад Кракаў, 1610 год; Ілля Марахоўскі, «Парэгорыя», 1612 год), але і аб’яднаў прыхільнікаў і абаронцаў праваслаўя. Выдавец кнігі (Лявонцій Карповіч) быў пасаджаны ў турму; ананімны аўтар пазбег пакарання.

У 1616 г. друкарня Віленскага праваслаўнага брацтва ў Еўі, куды яна была перанесена пасля зачынення ў Вільні ў сувязі з выданнем «Трэнаса», надрукавала «Евангелле вучыцельнае» з прадмовай Максіма Герасімавіча. У 1637 годзе мітрапаліт Пётр Магіла выдаў яго выпраўленую версію, замаўчаўшы імя тлумачальніка, верагодна, у сувязі са скандалам, выкліканым пераходам Максіма Герасімавіча на Унію.

«Грамматіки Славенския правилное синтагмы»[4] (Еўе 1619)

Паміж 1617 і 1618 гадамі Максім Герасімавіч стаў манахам у віленскім манастыры Святога Духа пад імем «Мялецій». Працаваў у брацкай школе манастыра, быў рэктарам кіеўскай брацкай школы (16181620). Вынікам педагагічнай дзейнасці стала «Граматыка славенска, правільней сінтагма» (Еўе, 16181619). У «Граматыцы» аўтар аспрэчваў папрок Пятра Скаргі ў адрас царкоўнаславянскай мовы, што на гэтай мове немагчыма развіваць навукі, і сцвярджаў яе роўнасць грэчаскай і лацінскай мовам. «Граматыка» Мялеція стала важным фактарам развіцця ўсходнеславянскай духоўнай культуры, неаднаразова перавыдавалася і да XIX стагоддзя была ў праваслаўным свеце найбольш аўтарытэтным і ўжываным падручнікам па славянскім мовазнаўстве; двойчы выдавалася ў горадзе Маскве; урыўкі з яе Ілля Капіевіч надрукаваў у Галандыі. Міхаіл Ламаносаў назваў яе «брамай вучонасці». У XVIII — 1-й палове XIX стагоддзя «Граматыка» стала ўзорам для сербскай, харвацкай, румынскай і балгарскай граматык.

«Граматыка» Сматрыцкага. Выданне 1721 года. Масква

У 1620 годзе Мялецій быў дэлегаваны на сустрэчу з іерусалімскім патрыярхам Феафанам, які, вяртаючыся з горада Масквы, дзе пасвяціў патрыярха Філарэта, правёў некалькі месяцаў ва ўсходніх землях Рэчы Паспалітай. У горадзе Кіеве Феафан пасвяціў 7 новых праваслаўных епіскапаў, у тым ліку архіепіскапам полацкім і епіскапам віцебскім і мсціслаўскім — Мялеція, наўзамен тых, якія перайшлі на Унію.

Неўзабаве Мялецій быў абраны архімандрытам віленскага праваслаўнага манастыра на месца нядаўна памерлага Лявонція Карповіча. На пахаванні Лявонція Мялецій прамовіў «Казанье на честный погреб Леонтия Карповича», апублікаванае на старабеларускай мове (горад Вільня, 1620 год) і на польскай (горад Вільня, 1621 год). У новапасвечанай праваслаўнай іерархіі Мялецій займаў цяпер другое па значэнні месца пасля мітрапаліта Іова Барэцкага. У бліжэйшыя пасля гэтага гады Мялецій выступаў як галоўны абаронца праваслаўнай царквы ў палеміцы пра легальнасць новапасвечанай іерархіі, што аспрэчвалася ўніяцкім і каталіцкім бокам («Апраўданне нявіннасці», 1621 год; «Абарона апраўдання», 1621 год; «Юстификация нявіннасці», 1623 год; і іншыя).

У той жа час погляды і дзейнасць Мялеція давалі падставы ўніяцкім колам лічыць, што ён блізкі да далучэння да іх. Абодва бакі: уніяцкі і праваслаўны — хацелі мець Мялеція ў сваім лагеры і дамагаліся гэтага, але ніводны, як уяўляецца, не быў цалкам упэўнена ў лаяльнасці Мялеція.

У 16241625 гадах, пасля расправы віцяблянаў над полацкім уніяцкім архібіскупам Іасафатам Кунцэвічам, Мялецій здзейсніў паломніцтва па Святых мясцінах на Блізкім Усходзе, падчас якога наведаў гарады Іерусалім і Канстанцінопаль. У горад Вільню ён ужо не вярнуўся. Апошні перыяд жыцця правёў у Дзермані як архімандрыт мясцовага манастыра, які знаходзіўся ва ўладаннях брацлаўскага ваяводы Аляксандра Заслаўскага, які нядаўна прыняў каталіцтва. Аляксандр Заслаўскі разам з мітрапалітам Іосіфам Вельямінам Руцкім схілялі Мялеція да пераходу на Унію. У 1627 годзе Мялецій таемна, а пасля Сабору 1628 года галосна прыняў Унію. Змены ў светапоглядзе знайшлі адлюстраванне ў палемічным творы «Апалогія» (1628 год), які быў асуджаны праваслаўным Саборам у жніўні 1628 года у горадзе Кіеве: кнігу разарвалі і выкінулі, уніяцкі архімандрыт манастыра ў Дубна Касьян Саковіч за яе друк быў пракляты, а Мялеція вымусілі пісьмова зрачыся яе. З мэтай дыскрэдытацыі Мялеція ў вачах уніятаў адрачэнне было надрукаванае на старабеларускай і польскай мовах. У серыі твораў, напісаных у Дзермані ў наступныя два гады («Пратэстацыя супраць сабору», 1628 год; «Паранезіс», 1629 года і «Экзетэзіс», 1629 года), Мялецій палемізаваў як з ідэолагамі праваслаўя, так і са сваімі ўласнымі творамі, напісанымі ў перыяд да яго прыналежнасці.

Папства, верагодна, з-за недастатковага даверу да Мялеція, не магло вырашыць, як з ім паступіць і марудзіла з прызначэннем яго біскупам. Тым часам гэта пытанне стаяла яшчэ перад Кіеўскім саборам 1628 года, калі Мялецій быў таемным уніятам. Кангрэгацыя прапаганды веры 8.4.1628 прасіла мітрапаліта Іосіфа Вельяміна Руцкага пацвердзіць шчырасць прыняцця Уніі Мялеціем і яго лаяльнасць Папству, што Іосіф Вельямін Руцкі зрабіў лістом да Рыму ад 9.1.1629. Папа Урбан VIII 5.5.1631 прызначыў Мялеція архібіскупам.

У апошнія свае гады Мялецій пацярпеў шмат расчараванняў, найбольшае з іх няўдалы прымірэнчы ўніяцка-праваслаўны сабор у горадзе Львове ў 1629 годзе.

Апошні рукапіс Мялеція, які захаваўся — гэта вялікі ліст да Папы Урбана VIII, напісаны з Дзермані 16.2.1630, дзе Мялецій піша пра ціск як адзіны сродак вырашэння веравызнаўчых канфліктаў на Русі (вядома, яе рэчыпаспалітаўскай часткі). Мялецій лічыў, што кароль і духоўныя ўлады павінны схіліць шляхту да ліквідацыі праваслаўных цэркваў і манастыроў у сваіх уладаннях. Адначасова Мялецій пераконваў папу ў неабходнасці забараніць русінам пераходзіць на лацінскі абрад з уніяцкага.

Ацэнкі

Біёграфы Мялеція Сматрыцкага, у залежнасці ад іх веравызнання і нацыянальнай прыналежнасці, паказвалі яго жыццё як гісторыю здрады або як паспяховы шлях да праўды. Для адных перамена Мялеціям веры была здрадай Русі і асіміляцыяй польскімі і заходнімі палітычнымі і культурнымі каштоўнасцямі. Для іншых азначала прызнанне ім больш высокага ўзроўня гэтых каштоўнасцей. Але дзейнасць Мялеція цяжка змясціць у гэтыя схемы, яго галоўным клопатам было ўзмацненне русінскай царквы, культуры і самога русінскага народа ў Рэчы Паспалітай, яго свецкай і духоўнай эліты, абарона яго своеасаблівасці.

Творы

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Смотрицький Мелетій // Енциклопедія історії УкраїниНаукова думка, 2003. — Т. 9. — С. 676. — ISBN 966-00-0632-2
  2. http://history.franko.lviv.ua/IIIs_4.htm
  3. Багдан Багданавіч Саламярэцкі — з 5 гадоў навучаўся ў Л. Зізанія, потым у М. Сматрыцкага. Пазней з-за псіхічнай хваробы быў пад апекай мужоў сваіх сёстраў.
  4. Грамматики славенския правилное Синтагма // LIETUVOS MOKSLŲ AKADEMIJOS VRUBLEVSKIŲ BIBLIOTEKA

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (22):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Дунаявецкім раёне
Катэгорыя·Пахаваныя ва Украіне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Філолагі Украіны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1633 годзе
Катэгорыя·Польскамоўныя пісьменнікі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1577 годзе
Катэгорыя·Публіцысты Украіны
Катэгорыя·Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Архіепіскапы полацкія, віцебскія і мсціслаўскія
Катэгорыя·Епіскапы полацкія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі ў Ровенскай вобласці
Катэгорыя·Памерлі 27 снежня
Катэгорыя·Вучоныя Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных