wd wp Пошук:

Трэнас

«Трэнас» (грэч.: thrēnos — плач, лямант), «Лямант адзінай святой апостальскай Усходняй царквы з тлумачэннем догматаў веры» — палемічны антыкаталіцкі і антыуніяцкі праваслаўны твор Мялеція Сматрыцкага. Напісаны ў 1608 г. на польскай мове, выдадзены ў 1610 г. (надрукаваны гатычным шрыфтам) пад псеўданімам Тэафіла Арталога (Багалюба Праўдаслова — грэч.) у брацкай друкарні Віленскага Святадухаўскага брацтва. Уключае эпіграму на герб Вішнявецкіх, прысвячэнне М. К. Вішнявецкаму, прадмову да чытача, 10 самастойных раздзелаў і праваслаўны Катэхізіс.

Найб. арыгінальнымі лічацца 1-ы і 2-і раздзелы, дзе змешчаны «Плач» і «Напамін» Усходняй царквы, якія сімвалізавалі прыгнечаную радзіму, ад імя якой аўтар заклікаў народы беларускіх і украінскіх ваяводств да аб’яднання супраць каталіцызму. Зняпраўдзіў усе «12 адшчапенстваў», несправядліва прыпісаных праваслаўю каталіцкімі і уніяцкімі пісьменнікамі. Прааналізаваўшы кожнае з «адшчапенстваў» паасобку і аргументавана давёў, што адказнасць за разбурэнне царкоўнае лучнасці нясе Рым, а не Канстанцінопаль[1]. У мастацкую тканіну «Трэнаса» ўключаны ўрыўкі з кананічных плачаў Бібліі і здабыткі вуснапаэтычнай творчасці беларусаў і ўкраінцаў. Мова твора макаранічная, насычана прыказкамі, прымаўкамі, разгорнутымі параўнаннямі. Для большай аўтарытэтнасці Сматрыцкі звярнуўся да сведчанняў 143 антычных і сярэдневяковых аўтараў, спіс якіх змешчаны ў прадмове.

У творе распавядаецца пра буйнейшыя шляхецкія і княжацкія роды, якія да 1610 г. пакінулі праваслаўе: князі — Слуцкія, Заслаўскія, Збаражскія, Вішнявецкія, Сангушкі, Чартарыйскія, Пронскія, Ружанскія, Саламярэцкія, Крашынскія, Масальскія, Горскія, Сакалінскія, Лукомскія, Пузыны, а таксама шляхецкія сем’і — Хадкевічы, Глябовічы, Кішкі, Сапегі, Дарагастайскія, Войны, Валовічы, Зяновічы, Пацы, Халецкія, Тышкевічы, Корсакі, Храптовічы, Трызны, Гарнастаі, Бокія, Мышковы, Госцы, Сямашкі, Гулевічы, Ярмолінскія, Каліноўскія, Кірдзеі, Загароўскія, Мялешкі, Багавіцінавічы, Паўтовічы, Сасноўскія, Скуміны, Пацеі і інш.[2]

За выданне «Трэнаса» рэдактар брацкай друкарні Лявонцій Карповіч на 2 гады быў зняволены, амаль на 10 гадоў зачынена друкарня, канфіскаваны 36 экзэмпляраў твора, за яго куплю ці продаж пагражаў штраф 5 тыс. злотых. На «Трэнас» Сматрыцкага адразу ж адказалі «Перасцярогай на фэны і лямант Тэафіла Арталога…» (1610) П. Скарга і «Парэгорыяй» (1612) І. Марахоўскі. У сярэдзіне XVII ст. з’явіліся наследаванні «Трэнасу» — «Плач зняважанай Польшчы» (1639) у рукапісным зборніку С. Дамяновіча і «Жалобны голас маці да сыноў» (1657). Пераклад «Трэнасу» на беларускую мову зрабіў у 1990 г. У. Кароткі. Твор захаваўся ў буйнейшых бібліятэках Санкт-Пецярбурга, Масквы, Кіева, Вільнюса.

Зноскі

  1. Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / [укладанне, прадмова і каментар І. Саверчанкі]. — Мн.: Кнігазбор, 2007. — 605 с., [4] л. іл. — С. 360. — (Беларускі кнігазбор. Серыя 1. Мастацкая літаратура). — ISBN 985-6824-43-5.
  2. Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.)… — С. 352.

Публікацыі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Літаратурныя творы паводле алфавіта
Катэгорыя·Беларуская літаратура XVII стагоддзя