wd wp Пошук:

Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей

Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей — музей у г. Мсціславе Магілёўскай вобласці. Размешчаны па адрасе вул. Калініна, 49

Музей налічвае (2008) больш за 12 тыс. экспанатаў асноўнага фонду і 8 тыс. навукова-дапаможнага[1]. Адзіны ў Магілеўскай вобласці гісторыка-археалагічны музей, значная частка яго экспанатаў была атрымана падчас археалагічных раскопак Л. В. Аляксеева, М. А. Ткачова, А. А. Трусава[2]. Агульная плошча экспазіцый 265 м². У музеі 3 залы: 2 экспазіцыйная плошчаю 251,5 м² і выставачная плошчаю 37,6 м²[1]. Асноўнымі формамі культурна-адукацыйнай дзейнасці з’яўляюцца экскурсіі, інтэрактыўныя музейныя заняткі, выстаўкі, навуковыя канферэнцыі. З 2007 г. Мсціслаўскі раённы музей прымае ўдзел у арганізацыі і правядзенні свята сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст. Мсціслаў»[3].

У вёсцы Малая Багацькаўка размешчаны філіял музея Літаратурны музей Максіма Гарэцкага, дзе прадстаўлены дзве экспазіцыі «Жыццё і дзейнасць М. Гарэцкага» і этнаграфічна-бытавая[3].

Гісторыя

Створаны паводле загада Упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама ад 6 чэрвеня 1988 г., пастановы бюро Магілёўскага абкама КПБ і выканаўчага камітэта абласнога Савета народных дэпутатаў ад 30 студзеня 1987 г., а таксама загада Міністэрства культуры ад 30 сакавіка 1988 г. Адкрыты для наведвальнікаў у маі 1995 г. у будынку былой пошты, узведзеным ў канцы XIX ст. Музеем кіравалі С. М. Клімаў, У. Л. Гасянкоў, У. В. Шылянкоў[1], цяперашні дырэктар — Людміла Сяргееўна Кірыенка.

Экспазіцыі

Дэманстрацыйная плошча музейных зал складае 290 м², на якіх размешчаны 2 пастаянныя і 4 часавыя экспазіцыі. Агульная колькасць музейных прадметаў на 2009 год складае 20 359, з іх асноўнага фонду 12 152, дапаможнага — 8 207, у т.л. рэдкая нумізматычная калекцыя.

Пастаянная экспазіцыя займае тры залы: «Духоўныя крыніцы зямлі Мсціслаўскай», «З гісторыі Мсціслаўшчыны ад старажытнасці да канца XVIII ст.» «Павятовы горад Мсціслаў»[удакладніць], якія адлюстроўваюць асноўныя вехі гісторыка-культурнага развіцця рэгіёна[2].

Найбольш цікавай калекцыяй з’яўляецца «Археалогія», сярод яе экспанатаў вылучаюцца: пісала XII—XIII стст., крыж-энкалпіён і шкляныя бранзалеты XII—XIII стст., клінападобныя каменныя шліфаваныя тапары бронзавага веку, самшытавыя грэбні XIII ст., шкляная пячатка з выявай герба князя Ціханавецкага XVII ст., манета комтура крыжакоў (1477—1489), касцяныя накладкі з геаметрычным і раслінным арнаментам XIV—XV стст., кафля з расліным, геральдычным, геаметрычным, сюжэтным арнаментам XVII ст., нідэрландскі залаты дукат 1652 г., срэбныя манеты Расійскай Імперыі 1848 г. і інш[2].

Мсціслаў — імя старажытнае

Шышак канца XIV — пачатку XV ст.

У археалагічнай экспазіцыі «Мсціслаў — імя старажытнае»[удакладніць] змяшчаецца большасць знаходак з раскопак Мсціслаўскага замчышча, пасада і вакольнага горада. Матэрыялы асвятляюць асноўныя этапы станаўлення феадальнага Мсціслава, развіццё рамёстваў, адлюстроўваюць эстэтычныя ўяўленні і мастацкі густ гараджан. Сярод шматлікіх экспанатаў прадстаўлены тыглі (посуд для плаўкі волава, свінца), дробныя пацеркі, шкляныя бранзалеты, праслы шарападобнай формы, самшытавыя грабяні з Каўказа, касцяныя пласціны ад накладкі калчана для стрэл з вельмі тонкай разьбой XIII ст., гліняныя грузілы для рыбалоўных сетак, наканечнікі стрэл XIII — XVI стст., каменныя, жалезныя, чыгунныя ядры XV — XVII стст., баявыя сякеры XV — XVIII стст. Заслугоўваюць увагі бронзавыя нагрудныя крыжы — энкалпіёны, што складаюцца з 2 палавінак, на якіх змешчаны выявы Хрыста і Маці Божай з немаўлём, крыж XII ст. з надпісам «Багародзіца дапамагай», пярсцёнак-сігнет з пячаткай, жалезная булава, муляж берасцяной граматы XIII ст. (арыгінал знаходзіцца ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі), дзе размова ідзе пра закупку пшаніцы па 4,5 грыўны і названы нейкі Сямён[1].

Салад канца XV ст.

Вялікую навуковую каштоўнасць уяўляюць экспануемыя рыцарскія шлемы — рускі «шышак» канца XIV — пачатку XV ст. і унікальны заходнееўрапейскі «салад» канца XV ст[1]. Гэтыя знаходкі былі вылаўлены ў рацэ Віхра ў Мсціславе мясцовымі жыхарамі і паднесены ў падарунак музею. Паводле меркавання навукоўцаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, шлемы патрапілі на Мсціслаўшчыну з поля бою Грунвальдскай бітвы[3].

Укрыжаванне з кармеліцкага касцёла

У музеі захоўваюцца рэлігійныя рарытэты: нагрудныя крыжы, крыжы-распяцці, каталіцкія медальёны XVI — XVII стст., царкоўнае начынне, драўляная скульптура Ісуса Хрыста XVII ст. Беларускую іканапісную школу прадстаўляе выстаўка абразоў XIX ст. (57 экспанатаў)[1].

Сацыяльна-эканамічнае развіццё Мсціслава ў XII — XX стст.

У экспазіцыі «Сацыяльна-эканамічнае развіццё Мсціслава ў XII — XX стст.»[удакладніць] дэманструюцца калекцыя мсціслаўскага шкла, мсціслаўскай керамікі, мсціслаўскай кафлі XVI — XVIII стст., прылады працы, прадметы быту, посуд, мэбля XIX — XX ст., калекцыя манет XIV — XX ст. Ганчарная вытворчасць прадстаўлена посудам XV — XIX стст., які ўмоўна можна падзяліць на кухонны, сталовы, дэкаратыўны, посуд для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў, а таксама для рознага гаспадарчага ўжытку[1].

Мсціслаўскі цэнтр шкловытворчасці сфарміраваўся ў першай палове XVII ст. Шкловыдзімальшчыкі спецыялізаваліся на вырабе кілішкаў, бакалаў, збаноў, кубкаў, бутэлек і інш. Шкляныя вырабы музея вылучаюцца шырокім выкарыстаннем рыфлення, роспісу каляровымі эмалямі, афармленнем паддонаў у выглядзе шкляной ленты, дэкаратыўным спалучэннем керамічных пластычных аздабленняў. Майстэрства вырабу паліхромнай кафлі прынесла славу мсціслаўскім умельцам у XVI ст. Найбольш вядомыя творы мсціслаўца Сцяпана Іванова па мянушцы Палубес, які працаваў у Маскоўскай дзяржаве. У калекцыі музея захоўваецца кафля XVI — XVIII стст., з геральдычным, геаметрычным, раслінным або сюжэтным арнаментам. Кавальскія рамесніцкія вырабы адрозніваюцца эстэтычнай дасканаласцю і высокамастацкай апрацоўкай металу. Сярод іх у экспазіцыі прадстаўлены зброя, амуніцыя конніка, рэчы гаспадарча-бытавога прызначэння, калекцыя ключоў, прылады працы і розныя інструменты[1].

Іншыя калекцыі і экспазіцыі

Пэўную цікавасць уяўляюць калекцыі «Жывапіс» і «Пісьмовыя крыніцы», а таксама куток «Этнаграфія і быт», цэнтральнае месца ў якім займае ткацкі станок. Вызваленню Мсціслаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечана экспазіцыя «У памяці народнай»[1].

Навукова-даследчая праца

У музеі вядзецца навукова-даследчая праца па наступных тэмах: Святы дабраверны князь Расціслаў Мсціслававіч, князі Мсціслаўскія на службе маскоўскай, прывілеі на магдэбургскае права Мсціславу Уладзіславу Вазы; мсціслаўскія, смаленскія, аршанскія палкі ў бітве пад Грунвальдам; мсціслаўскае самакіраванне ў другой палове 70-х гадоў XIX стагоддзя; мсціслаўскі павет ў канцы XIX — пачатку XX стагоддзя; у памяці народнай (1941—1945); яўрэі ў Мсціславе; Праваслаўе на Мсціслаўшчыне[3].

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 МСЦІСЛАЎСКІ РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-АРХЕАЛАГІЧНЫ МУЗЕЙ
  2. 1 2 3 Афіцыйная старонка Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея
  3. 1 2 3 4 Мстиславский районный историко-археологический музей. Ekskursii.by

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Мсціслаўскі раённы гісторыка-археалагічны музей
Катэгорыя·Вуліца Калініна (Мсціслаў)
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы да аб’яднання
Катэгорыя·Музеі Магілёўскай вобласці
Катэгорыя·Артыкулы, у якіх трэба ўдакладніць крыніцы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Культура Мсціслава
Катэгорыя·Мсціслаў
Катэгорыя·Музеі паводле алфавіта